Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 17)
Небакрай на ўсходзе азарыўся чырванню, на зямлі заскакалі і гучна зацвыркалі птушкі.
— Глянь, — сказаў Джоўд. — Вунь, наперадзе. Дзядзькава цыстэрна. Ветрака не відаць, а цыстэрна вунь стаіць. Бачыш на фоне неба? — Ён пайшоў шпарчэй. — Толькі б дома былі ўсе.
З-за ўзгорка выступілі абрысы вадзяной цыстэрны. Ад паспешлівых крокаў Джоўда клубы пылу ўзнімаліся яму да самых калень.
— Хоць бы мама…
Завіднеліся ўжо распоркі цыстэрны, дом — маленькі, падобны да скрыні, нейкі голы, нефарбаваны, і свіран — нізенькі, пахілы. З бляшанага коміна ішоў дым. Двор быў увесь беспарадкава застаўлены: зваленая ў кучу мэбля, крылы і механізм ветрака, ложкі, сталы, крэслы…
— Э! Яны ладзяцца ехаць! — выгукнуў Джоўд.
На двары стаяў грузавік з высокімі бартамі — нейкі дзіўны з выгляду грузавік: пярэдняя частка ў яго была, як у лімузіна, а ззаду верх быў зняты, і кузаў прыстасаваны для перавозкі грузаў. Падышоўшы бліжэй, падарожнікі пачулі стук, і, калі над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца і яго промні ўпалі на машыну, яны ўбачылі чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору і апускаючыся, пабліскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбінах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабіліся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалі пад адлюстраваным святлом.
— Не гавары моцна, — сказаў Джоўд. — Непрыкметна падкрадзёмся, — і так пашыбаваў, што клубы пылу падымаліся цяпер яму да пояса.
Яны апынуліся на краі баваўнянага поля. Увайшлі ў двор. Зямля тут была цвёрдая, утаптаная, як ток, і толькі дзе-нідзе на ёй прабівалася трава. Джоўд пайшоў цішэй, нібы баючыся чаго. Гледзячы на яго, і прапаведнік збавіў крок. Потым Том паволі пасунуўся наперад і нерашуча збочыў да машыны — шасціцыліндравага легкавога «гудзона», верх якога быў рассечаны на дзве паловы простым, відаць, зубілам. Стары Том Джоўд стаяў у кузаве і прыбіваў верхнія планкі бартоў. Твар яго з пасівелай шчэццю нізка схіліўся над дошкай, з рота тырчаў пучок цвікоў. Ён прыставіў цвік і з грукатам увагнаў яго малатком у дрэва. У доме бразнула канфорка пліты, пачуўся дзіцячы плач. Джоўд падышоў да машыны і прыхіліўся да борта. Бацька глянуў на яго невідушчымі вачыма. Тады паставіў другі цвік і ўбіў у дошку. Галубы чародкай узляцелі з цыстэрны, зрабілі вакол яе круг, вярнуліся на месца і, важна ступаючы, падышлі да самага краю, глянулі ўніз — белыя галубы, блакітнаватыя, шэрыя, з вясёлкавым адлівам на крылах.
Джоўд абхапіў пальцамі ніжнюю планку борта. Глянуў на пастарэлага, з сівізною, чалавека, што стаяў на грузавіку. Лізнуў губы і ціха прамовіў:
— Тата…
— Ну чаго там? — буркнуў стары Том, не вымаючы цвікоў з рота. На ім былі заплямлены капялюш з чорнага фетру з шырокімі абвіслымі палямі і сіняя кашуля пад камізэлькай без гузікаў; штаны падпярэзваў шырокі рэмень з вялікай меднай спражкай — і скура, і метал блішчэлі ад заўсёднай носкі; чаравікі былі патрэсканыя, падэшвы растаптаныя і загнутыя ўгору — шмат гадоў пахадзілі ў спёку, у слоту, па пыле. Пад рукавамі кашулі, якая шчыльна абцягвала яго плечы, напяліся мускулы. Жывот і сцёгны яго былі худыя, а ногі — кароткія, масіўныя і моцныя. Абрамлены шчаціннем твар звужаўся да вытырклага валявога падбародка, калючая шэрсць на якім яшчэ не паспела зусім пасівець, што надавала яму большую цвёрдасць і рашучасць. Скулы ў старога Тома былі цёмныя, як пяньковае валакно, скура разбягалася ад куточкаў вачэй праменьчыкамі маршчынак, бо ён жмурыў вочы, цёмна-карыя, як карычневая кававая гушча; прыглядаючыся да чаго-небудзь, ён выцягваў шыю, бо гэтыя некалі зоркія вочы пачыналі ўжо здаваць. Губы, што сціскалі доўгія цвікі, былі тонкія і чырвоныя.
Ён занёс руку з малатком, збіраючыся ўвагнаць у дрэва яшчэ адзін цвік, і глянуў цераз борт грузавіка на Тома, глянуў зласліва, нездаволена, што яму перашкаджаюць працаваць. І раптам падбародак яго выпнуўся яшчэ больш, вочы ўтаропіліся на твар Тома, і мала-памалу мозг старога Тома Джоўда ўсвядоміў тое, што ўспрынялі яго вочы. Рука з малатком паволі апусцілася, другая выняла з рота цвікі, і ён здзіўлена прамовіў, нібы паведамляючы сабе жыццёвы факт:
— Гэта Томі… — І зноў паведаміў сам сабе: — Наш Томі вярнуўся дамоў. — Рот яго зноў раскрыўся, у вачах мільгануў спалох. — Томі, — ледзь не шэптам сказаў ён, — уцёк? Ты хаваешся? — Ён напружана чакаў адказу.
— Не, — адказаў Том. — Я даў падпіску. Мяне выпусцілі. Дакументы пры мне. — Ён схапіўся за ніжнія планкі борта.
Стары Том акуратна паклаў малаток на дно кузава і ўсунуў цвікі ў кішэню. Перакінуў нагу цераз борт і спрытна саскочыў з машыны, але, апынуўшыся побач з сынам, нерашуча замяўся.
— Томі, — сказаў ён, — мы едзем у Каліфорнію. Збіраліся напісаць табе пісьмо. — І дадаў, быццам не верачы вачам сваім: — Але ты вярнуўся. Можаш ехаць з намі. Паедзеш з намі! — У доме бразнулі накрыўкай кафейніка. Стары Том азірнуўся цераз плячо. — Зробім ім сюрпрыз, — сказаў ён, і вочы яго заблішчалі ад захаплення. — Маці ўсё мучыцца прадчуваннем, што больш цябе не ўбачыць. Вочы ў яе сталі сумныя, быццам у доме нябожчык. І ў Каліфорнію не вельмі хоча ехаць, бо тады, кажа, я ўжо яго ніколі больш не ўбачу. — На кухні зноў грукнулі нейкай накрыўкай. — Зробім ім сюрпрыз, — паўтарыў стары Том. — Увойдзем так, быццам ты ніколі з дому не адлучаўся. Паглядзім, што маці скажа. — Нарэшце ён дакрануўся да Тома, але толькі да яго пляча, баязліва, і зараз жа адхапіў руку. Ён зірнуў на Джыма Кейсі.
— Та, ты памятаеш нашага прапаведніка? — запытаўся Том. — Ён са мной прыйшоў.
— Ён таксама з турмы?
— Не, мы з ім у дарозе стрэліся. Ён даўно ўжо тут не быў.
Бацька паважна падаў прапаведніку руку.
— З добрым прыбыццём, сэр.
Кейсі сказаў:
— Я рады, што прыйшоў да вас. Як цудоўна, калі сын вяртаецца дадому. Цудоўнае відовішча!
— Дадому… — ціха прамовіў бацька.
— Да сваіх родных, — паспешліва паправіўся Кейсі. — Мы пераначавалі на старым месцы.
Бацька выпнуў падбародак і якую хвіліну пазіраў на дарогу. Потым павярнуўся да сына.
— Ну дык як мы гэта зробім? — усхвалявана загаварыў ён. — Можа, я зайду і скажу: «Вось тут прыйшлі двое, хацелі б паснедаць у нас». А што, калі ты зойдзеш адзін і будзеш стаяць, пакуль яна цябе не ўбачыць? Можа, так і зробім? — Твар яго радасна ззяў.
— Гэтак можна і напужаць, — сказаў Том. — Пужаць яе не трэба.
Дзве даўганогія аўчаркі з лагодным выглядам прыбеглі ў двор, але, ледзь толькі пачулі чужы пах, яны прадбачліва адступілі, насцярожыліся і паволі, у нерашучым чаканні, памахвалі хвастамі, напружыўшы зрок і нюх, гатовыя да любых варожых выпадаў незнаёмцаў, да небяспекі. Адна аўчарка, выцягнуўшы шыю, асцярожна пасунулася да Тома, падкралася да яго ног і шумна абнюхала іх. Потым адышла ўбок і, пазіраючы на старога Тома, стала чакаць яго знаку. Другі сабака, яшчэ шчанюк, не меў такой смеласці. Ён агледзеўся навокал, шукаючы, на што пераключыць сваю ўвагу без шкоды сваёй годнасці, убачыў рыжае кураня, якое тэпала міма, і наляцеў на яго. Пачулася пранізлівае кудахтанне разгневанай квактухі, у паветра паляцела рыжае пер'е, і курыца кінулася наўцёкі, лопаючы куртатымі крыламі. Шчанюк з гордасцю паглядзеў на людзей і разлёгся ў пыле, задаволена паляпваючы хвастом па зямлі.
— Дык пайшлі, — сказаў бацька. — Пайшлі, чаго чакаць. Хай яна ўбачыць цябе. А я пагляджу, які ў яе зробіцца твар. Гайда. Праз якую хвіліну яна пакліча ўсіх снедаць. Я даўно ўжо чуў, як яна пляснула саланіну на патэльню.
Ён пайшоў да дома па мяккім пыле. Ганка не было — адна прыступка, і адразу дзверы; каля іх стаяла калода, пасечаная і рыхлая — многа гадоў праслужыла. Драўляная абшыўка сцен крышылася, праедзеная пылам. У паветры патыхала паленым вярбовым голлем, а падышоўшы да самых дзвярэй, трое мужчын пачулі пах смажанага мяса, жытніх праснакоў і востры пах кавы, што клекатала ў кафейніку. Стары Том стаяў на парозе, загарадзіўшы сваім каржакаватым целам уваход.
— Ма, — сказаў ён, — тут двое падарожнікаў пытаюцца, ці не знойдзецца ў цябе чаго перакусіць.
Том пачуў матчын голас, памятны яму, — спакойны, стрыманы, працяжны, які гучаў прыязна і ціхмяна:
— Няхай зойдуць. Ежы хопіць. Скажы, каб рукі памылі. Хлеб гатовы. Зараз я мяса зніму. — І на пліце пачулася сярдзітае сквірчэнне сала.
Бацька ступіў з парога на кухню, Том зазірнуў туды і ўбачыў маці. Яна знімала з патэльні выгінастыя скваркі. Духоўка была адкрытая, і там відаць была шырокая патэльня з ужо гатовымі жытнімі праснакамі. Маці глянула праз дзверы на двор, але сонца свяціла Тому ў спіну, і маці ўбачыла толькі цёмны сілуэт, выразна акрэслены на яркім сонечным святле. Гаспадыня гасцінна кіўнула галавой і сказала:
— Заходзьце. Добра, што я сёння спякла многа хлеба.
Том стаяў, зазіраючы ў кухню. Маці была грузная, але не тлустая — проста пацяжэла ад родаў і працы. На ёй была свабодная сукенка — некалі ў рознакаляровыя кветачкі на шэрым полі, але цяпер кветачкі злінялі, і ад іх засталіся толькі светлыя плямкі. Сукенка спадала ёй да шчыкалатак, і яе моцныя, шырокія голыя ступні лёгка і жвава ступалі па падлозе. Рэдкія сівыя валасы з блакітнаватым адлівам былі сабраныя на патыліцы ў кволы жмуток. Моцныя, спярэшчаныя рабаціннем рукі былі адкрытыя да локцяў, кісці — поўныя і далікатныя, як у пухлявенькай дзяўчынкі. Яна глядзела на заліты сонцам двор, і на яе шырокім твары адбівалася не ласкавасць, а спакойная добразычлівасць. Цёмныя карыя вочы быццам зведалі ўсе чалавечыя бядоты і трагедыі, і, адолеўшы боль і пакуты, яна паднялася па іх, як па прыступках, да найвышэйшага спакою і разумення. Яна ўсведамляла, прызнавала і з радасцю прымала сваё становішча ў сям'і: яна была яе апорай, цвярдыняй, якой ніхто не мог авалодаць. І паколькі стары Том і дзеці не пранікаліся болем і страхам, пакуль боль і страх не апаноўвалі яе саму, яна не давала пачуццям гэтым авалодаць яе сэрцам. А калі здаралася што-небудзь радаснае, яны чакалі яе радасці, бо ў яе ўвайшло ў звычку выклікаць вясёлы смех, нават калі асаблівых прычын для весялосці не было. Але стрыманасць лепш за весялосць. Вытрымка — рэч больш надзейная. І высокае і сціплае становішча маці ў сям'і надало ёй годнасць і чыстую, ціхмяную душэўную прыгажосць. Яе роля сямейнай лекаркі надала яе рукам упэўненасць, цвёрдасць і размеранасць; яе роля сямейнага трацейскага суддзі зрабіла яе бесстаронняй і бездакорнай у сваіх прысудах, як багіня. Яна, відаць, ведала: калі яна пахіснецца, сямейныя ўстоі таксама пахіснуцца, а калі яна завагаецца або ўпадзе ў роспач, сям'я разваліцца, страціць волю да жыцця.