реклама
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 16)

18

Квадратныя насы, круглыя насы, іржавыя насы, насы лапатай, прадаўгаватыя абцякальныя формы, плоскія паверхні яшчэ «даабцякальных» выпускаў. Сёння шмат уцэненага тавару. Дапатопныя пачвары з мяккай абіўкай — іх лёгка ператварыць у грузавікі. Двухколыя трайлеры — на восях яркае сонца выразна высвечвае ржу. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Матор перабраны, зусім спраўны.

Госпадзі! Ты толькі зірні. Да якога стану давялі машыну.

«Кадзілакі», «ласалі», «б'юікі», «плімуты», «пакарды», «шаўрале», «форды», «панціякі». Рад за радам, фары пабліскваюць на сонцы. Добрыя ўжываныя машыны.

Ты іх апрацоўвай, Джо. Эх, каб займець тысячы такіх драндулетаў! Ты іх толькі разахвоць, астатняе ўжо мая справа.

У Каліфорнію едзеце? Вось якраз тое, што вам патрэбна. З выгляду з'ездзілася, але прабяжыць яшчэ тысячы міль.

Выстраіліся адна да адной. Добрыя ўжываныя машыны. За бясцэнак. Матор перабраны, зусім спраўны.

Раздзел восьмы

Неба між зорак зрабілася шэрым, ушчэрбны месяц здаваўся бязважкім і празрыстым. Том Джоўд і прапаведнік шпарка крочылі па дарозе, праўдзівей — па каляінах, пракладзеных праз баваўнянае поле коламі і гусеніцамі трактароў. Толькі няўстойлівы стан неба выдаваў набліжэнне досвітку — на захадзе яно злівалася з зямлёй, на ўсходзе яго аддзяляла ад зямлі ледзь прыкметная лінія. Абодва ішлі моўчкі, уцягваючы праз ноздры пыл, які ўзнімалі ў паветры іх чаравікі.

— Спадзяюся, ты добра ведаеш дарогу? — сказаў Джым Кейсі. — А то развіднее, і акажацца, што мы забрылі к чорту на балота.

Баваўнянае поле ажывала разам з жыццём, якое паступова абуджалася, — раннія птушкі перапырхвалі з месца на месца ў пошуках корму, патрывожаныя трусы паспешліва ўцякалі па камякаватай зямлі. Прыглушаныя пылам гукі крокаў і пахрустванне сухіх камякоў пад нагамі падарожнікаў зліваліся з таемнымі шолахамі блізкага ўжо світання.

Том сказаў:

— Я з заплюшчанымі вачамі дайду куды трэба. Уся штука ў тым, каб не думаць пра дарогу. Проста забыцца, што яна існуе, і тады я дайду цюцельку ў цюцельку. Я ж тут як-ніяк нарадзіўся. Малым бегаў па гэтых мясцінах. Тут павінна быць дрэва — ага, вунь яно, бачыш? Ужо разглядзець можна. Бацька на ім мёртвага каёта некалі павесіў. Доўга вісеў, поўсць як расплавілася, а потым адпала. Зусім высах. Эх, можа, мама там ужо снеданне гатуе! У жываце бурчыць.

— У мяне таксама, — сказаў Кейсі. — Хочаш табакі пажаваць? Голад не так чуваць. Дарэмна мы пусціліся ў дарогу ў такую рань. Пры святле лепш ісці. —Ён змоўк і адгрыз кавалак жавальнага тытуню. — Так добра спалася.

— Гэты вар'ят М'юлі мяне падняў, — сказаў Том. — Я з перапуду як ускочу! Пабудзіў і кажа: «Бывай, Том, мне пара. Трэба сюды-туды наведацца. А вы, кажа, таксама збірайцеся, каб, як разднее, вас ужо тут не было». Баязлівы зрабіўся, як суслік, ад такога жыцця. Нібыта за ім індзейцы гоняцца. Па-твойму, ён крануўся з розуму?

— А хто яго ведае. Ты ж бачыў, як учора машына прыкаціла на наш агеньчык. Развернуты дом бачыў? Тут нядобрыя справы творацца. Не без таго — М'юлі трохі крануўся. Шнырыць, крадучыся, па наваколлі, як каёт, — мімаволі чокнешся. Яшчэ заб'е каго і дачакаецца, што яго сабакамі зацкуюць. Можаш лічыць гэта прароцтвам. Чым далей, тым ён усё горшы робіцца. Кажаш, адмовіўся з намі ісці?

— Наадрэз, — адказаў Джоўд. — Па-мойму, ён людзей стаў баяцца. Яшчэ дзіва, што ён да нас падышоў. Да світання будзем у дзядзькі Джона. — Колькі часу яны ішлі моўчкі, і запозненыя совы праляталі ў іх над галавой, спяшаліся да свірнаў, да дуплаў, да сваіх гнёздаў на цыстэрнах для вады, каб паспець схавацца ад дзённага святла. Неба на ўсходзе пасвятлела, і ўжо можна было разглядзець кусты бавоўніку абапал дарогі і яшчэ шэрую зямлю пад нагамі. — Проста розуму не дабяру, як яны там у дзядзькі Джона ўсе размясціліся, дзе спяць. У яго ўсяго адзін пакой з летняй кухняй і хляўчук. Цяпер там, пэўна, і не павернешся.

Прапаведнік сказаў:

— Я не памятаю, ці была ў Джона сям'я. Па-мойму, ён жыў адзін. Я мала што помню пра яго.

— Самы адзінокі чалавек на свеце, — сказаў Джоўд. — Вар'ят неймаверны — накшталт М'юлі, толькі, бадай што, яшчэ ў сім-тым горшы. Дзе толькі ты яго не ўбачыш — то ён у Шоўні аб'явіцца п'яны, то да адной удавы завітае за дваццаць міль ад дому, а то раптам пачне капацца ў сябе на ўчастку ноччу з ліхтаром. Зусім ачмурэў. Ніхто не думаў, што ён так доўга пражыве. У такіх адзінокіх людзей век кароткі. Дзядзька Джон старэйшы за майго бацьку. Год ад году толькі больш жылісты робіцца і наравісты. Ён круцейшы норавам, чым нават дзед.

— Глядзі, віднее ўжо, — сказаў прапаведнік. — Як срэбра. А што, у Джона ніколі жонкі не было?

— Была. І вось слухай, да чаго давяла яго ўпартасць. Бацька расказваў. Узяў дзядзька сабе маладую жонку. Пражыў з ёю месяцы чатыры. Яна зацяжарала. Неяк ноччу ёй зрабілася дрэнна, нешта ўсярэдзіне забалела, і просіць яна Джона: «Прывядзі доктара», а ён сядзіць сабе і не шманае. «У цябе, кажа, проста расстройства жывата. Аб'елася. Выпі чаго-небудзь болесуцішальнага. Набіла жывот, вось і баліць». Раніцай пачала трызніць і сканала да чатырох дня.

— Што з ёю было? — папытаўся Кейсі. — З'ела што-небудзь?

— Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкі ап… апендзік. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры і цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга ні з кім ні слова не прамовіў. Ходзіць, як сляпы, і ўсё малітвы пад нос сабе мармыча. Толькі праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусім перамяніўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькі ў каго з малых глісты завядуцца ці там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лічыў, што жонка па яго віне памерла. Дзівак. Увесь час выкупляў сваю віну — то малым падарункі нясе, то каму-небудзь на ганак мукі мех падкіне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамі ўсё ходзіць і ходзіць адзін. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае.

— Няшчасны чалавек, — сказаў прапаведнік. — Няшчасны і адзінокі. А ў царкву ён часта пасля смерці жонкі хадзіў?

— Не, не хадзіў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзіноты. А малыя проста ў захапленні ад яго былі. Бывала, ціхенька прыйдзе да нас ноччу, і мы раніцай адразу здагадваліся, што ён прыходзіў, бо кожнаму ўсуне ў ложак пачак жавальнай гумкі — прачнемся, а гумка збоку ляжыць на пасцелі. Мы яго за госпада бога лічылі.

Прапаведнік ішоў, апусціўшы галаву. Ён нічога не адказаў. У першых ранішніх промнях лоб яго нібы ззяў, а рукі, якімі ён размахваў пры хадзе, то высвечвала святло, то паглынаў паўзмрок.

Том таксама маўчаў, быццам засаромеўся сваёй залішняй шчырасці. Ён прыспешыў крок, і прапаведнік падладзіўся пад яго хаду. Цяпер у шэрым сутонні яны маглі бачыць крыху далей перад сабой. З радоў бавоўніку, паволі выгінаючыся, выпаўзла на дарогу змяя. Том адразу спыніўся і пачаў прыглядацца да яе.

— Такія на суслікаў палююць, — сказаў ён. — Няхай сабе паўзе.

Яны абышлі змяю і пакрочылі далей. Неба на ўсходзе злёгку паружавела, і амаль адразу над зямлёй разаслалася панылае святло золку. Сям-там зазелянеліся кусты бавоўніку, зямля набыла буры колер. З твараў людзей сышло шараватае адценне. Пры святле твар Джоўда здаўся цямнейшым.

— Цудоўная пара! — сказаў Том Джоўд ціха. — Хлапчуком я, бывала, падымаўся на золку і паходжваў адзін. Што гэта там наперадзе?

На дарозе ў гонар сучкі сабралася сабачая хеўра. Пяць сабак — нечыстакроўныя аўчаркі, шатландскія колі і іншыя сабакі, чыю пароду нельга вызначыць з прычыны свабоды нораваў у сабачым племені, — былі занятыя заляцаннем да сучкі. Кожны далікатна абнюхваў яе, потым цырымонна адыходзіў да куста здзеравянелай хадою, урачыста падымаў заднюю нагу, паліваў яго і вяртаўся назад. Падарожнікі спыніліся панаглядаць, і Джоўд раптам весела засмяяўся.

— О божа! Вось дык відовішча!

Сабакі сышліся ў кучку, поўсць у іх на хібах натапырылася, яны пачалі гыркаць, не кранаючыся з месца, чакаючы, хто першы пачне грызню. Раптам адзін сабака асядлаў сучку, і астатнія адступілі перад неабвержным фактам і сталі з цікавасцю назіраць, высунуўшы языкі, з якіх капала сліна.

— Вось дык відовішча, — паўтарыў Джоўд. — Гэта ж, здаецца, наш Стракаты. А я думаў, ён даўно ўжо здох. Стракаты, да мяне! — Джоўд зноў засмяяўся. — Чорт! Калі б мяне паклікалі ў такі момант, я таксама не пачуў бы. Прыгадаўся мне выпадак з Уілі Філі — быў ён тады яшчэ хлапчуком. А сарамлівы быў! Страшэнна сарамлівы. Дык аднаго дня загадалі яму завесці цялушку да Грэйузавага быка. Дома ў іх нікога не было, акрамя Элсі, дачкі Грэйуза, а Элсі сарамлівасцю пахваліцца не магла. Уілі стаіць перад ёю, а сам рота раскрыць не можа. Элсі кажа: «Я ведаю, чаго ты прыйшоў. Бык у хляве, на заднім двары». Ну, завялі яны туды цялушку, самі на паркан палезлі і цікуюць. Неўзабаве Ўілі пачаў ёрзаць на паркане. Элсі зірнула на яго і пытаецца, быццам ёй няўцям: «Што гэта з табой, Уілі?» А таго так разабрала, ледзь на паркане трымаецца. «Эх, кажа, вось бы мне гэтак!» А Элсі яму: «Ну дык чаго ты? Цялушка ж твая».

Прапаведнік ціха засмяяўся.

— Паверыш, — сказаў ён, — я вельмі рады, што больш ужо не прапаведнік: ніхто пры мне падобных гісторый не расказваў, а калі, здаралася, хто-небудзь і расказваў, дык я пасмяяцца не мог. І нават вылаяцца не мог. А цяпер магу аблаяць усё, што хачу і калі хачу, і ад сэрца ў мяне неяк адлягае.