Андре Моруа – Навелы (страница 3)
Бліснула сталовае серабро… Марсена заўважыў скураныя каробкі, і гаспадыня адразу ж дастала тоўсты альбом у белым саф'яне.
– Вось дзённік Пандоры… А вось пісьмы, перавязаныя ёю ўласнаручна ружовай стужкай.
Яна азірнулася:
– Ну вось… Дзе ж вас пасадзіць? Вунь той дубовы стол вам будзе зручны… Ён прасторны… Падыходзіць? Добра… Мілер, пастаўце два кандэлябры каля пана Марсена, справа і злева… Замкніце сейф, і мы пакінем маладога чалавека, няхай працуе.
– А ці магу я застацца тут на ўсю ноч? Часу мала, а хочацца прачытаць усё.
– Дарагі пан Марсена, ніколі не трэба спяшацца. Калі ёсць жаданне, зрабіць паспееце. Абед вам прынясуць сюды, і ніхто вашага спакою не парушыць. Заўтра раніцай вам пададуць снеданне ў ваш пакой, потым яшчэ можаце працаваць. А першай гадзіне палуднаваць будзеце разам са мной… Вас задавальняе такі расклад?
– Цудоўна, лэдзі Спенсэр-Свіфт… І выказаць не магу, як я вам…
– І не выказвайце. Спакойнай ночы!
Эрвэ застаўся ў падвале адзін. Выняў з партфеля аўтаручку, паперу, прымасціўся каля вялізнага стала і з асалодай разгарнуў белы альбом. Почырк быў дробны і невыразны, старая лэдзі сказала праўду. Відаць, Пандора знарок пісала так, каб цяжка было прачытаць. Альбом мог трапіць у рукі яе мужа, і асцярожнасць тут была дарэчы. Марсена прывык разбіраць рукапісы з пропускамі і скарачэннямі. Ён лёгка расшыфраваў радкі, накрэмзаныя Пандорай. Тон запісак адразу ж яго развесяліў. Было ў іх тоне нешта дзіцячае.
Адчувалася, што піша вельмі маладая жанчына. Многія словы былі падкрэслены – адзнака палкасці альбо нецярплівасці. Дзённік пачынаўся з 1811 года, праз некалькі тыдняў пасля шлюбу.
25 кастрычніка 1811. – Сёння адчуваю сябе стомленай, хворай і не магу сесці на каня. Уільям на паляванні з сабакамі. Рабіць мне няма чаго, пачну пісаць дзённік. Гэты альбом мне прэзентаваў мой мілы, мілы тата, і я страшэнна шкадую, што разлучылася з ім. Баюся, што мой муж мяне ніколі не зразумее. Уільям не злы чалавек, але ён не ведае, што жанчыне патрэбна пяшчота. Мабыць, ён не цікавіцца мною. Ён больш гаворыць пра палітыку, аб сваіх конях, аб сваіх арандатарах, чым аб сваёй жонцы. Як я помню, ён ні разу не вымавіў слова «кахаю» ад самага нашага вяселля. Ах! Праўда! На другі дзень ён сказаў Брыгіце: «Мая жонка закахалася ў мяне па вушы». Я і вокам не маргнула.
Эрвэ перагарнуў шмат старонак, поўных скаргаў і насмешак. Пандора была цяжарная і без радасці чакала дзіцяці. Гэта яшчэ больш звязвала яе з чалавекам, да якога яна не адчувала ніякай прыхільнасці. З яе наіўных заметак паступова вырысоўваўся брыдкі вобраз сэра Ўільяма. Яго эгаізм, фанабэрыя, пошласць былі занатаваны бязлітаснай сведкай, у душы якой нарастаў да яго люты гнеў. Зусім іначай, далікатна і цёпла, апісвала яна свайго суседа, лорда Пітэрсана. У процілегласць агіднаму сэру Ўільяму той выглядаў на рэдкасць прывабна.
26 снежня 1811. – Учора, у першы дзень каляд, лорд Пітэрсан прынёс мне ў падарунак цудоўнага шчанючочка. Як заўсёды, я сядзела адна, але прыняла лорда П., паколькі ён значна за мяне старэйшы. Ён мне расказваў пра літаратуру і мастацтва. Мне хацелася запісаць яго бліскучыя думкі. Мне так прыемна было яго слухаць. У яго фенаменальная памяць. Ён чытаў мне вершы Вальтэра Скота і лорда Байрана. Якая асалода, век бы слухала! Адчуваю, што, каб я жыла з такім чалавекам, як лорд Пітэрсан, у мяне быў бы вялікі прагрэс. Але ён у гадах, а я выйшла замуж да канца сваіх дзён. Наглытаешся смутку, бедная Пандора!
Працяг дзённіка сведчыў, што на яе зрабіла моцнае ўражанне паэма Байрана «Паломніцтва Чайльд-Гарольда». У гэтым яна прызналася мужу, і той адказаў так: «Байран? Дык я ж яго добра ведаю. Я сустрэў яго тады, калі ён, як і я, вандраваў па свеце. Мы правялі разам вясёлыя ночы ў Італіі… Вярнуўшыся, ён запрашаў мяне да сябе ў Ньюстэдскае абацтва, дзе ён трымае трупу німфаў, пра якіх я мог бы расказаць шмат пікантных анекдотаў, але гэта не для нявінных вушэй маёй жоначкі… Ха-ха-ха!»
Потым у белым альбоме можна было прасачыць, з якім спрытам і як настырна схіляла Пандора сэра Ўільяма, каб той запрасіў Байрана ў Уайндхорст. Муж абараняўся: «А што мы будзем рабіць з ім? – гаварыў ён. – Нудзіцца пачне. Са мной на паляванне ён не пойдзе – нага кульгавая. Звяроў страляць не прывык». Жонка не здавалася: «Ну, тады я зраблю яму кампанію». Сэр Уільям абурыўся: «Вы, вы ў кампаніі з гэтым бабнікам, з гэтым донжуанам!.. Вы што, думаеце, я пакіну сваю жонку адну з Байранам?.. Не маю ніякага жадання пускаць гэтага шалапута, гэтага браканьера на сваю тэрыторыю».
Аднак трыумфальны поспех Байрана ў Лондане падзейнічаў на сельскага джэнтльмена, і праз некаторы час ён пачаў ганарыцца гэтым сяброўствам, нават выхваляўся перад суседзямі. Нараджэнне дзіцяці ўмацавала пазіцыі лэдзі Спенсэр-Свіфт. А чаму б не папрасіць Байрана быць хросным яе дачушкі? Гучнае імя казытала самалюбства мужа. Сэр Уільям здаўся: «Я напішу яму, але ж ён не згодзіцца. Яму хапае па горла жанчын і работы». Аднак Байран згадзіўся. Ён любіў кантрасты і дысанансы. Тое, што сатанінскага паэта надумаліся выбраць хросным, ды яшчэ каго – маленькай дзяўчынкі, яго вабіла і спакушала.
Эрвэ Марсена так захапіўся чытаннем, што яго не бралі ні голад, ні смага, ні сон. Але руплівы Мілер не забыў наведаць яго ў суправаджэнні лакея з падносам.
– Лэдзі Спенсэр-Свіфт вітае вас і пытаецца, можа, ёсць якая патрэба, сэр?
– Ніякай. Скажыце ёй, што гэта так цікава, што я, відаць, прабуду тут усю ноч.
Дварэцкі зірнуў на яго з прыхаваным нездавальненнем.
– Усю ноч, сэр? Сапраўды? Тады мне прыйдзецца прыслаць сюды запасныя свечкі.
Эрвэ хутчэй пакаштаваў, чым з'еў свой абед, да прыкрасці ангельскі, і прагна ўзяўся за альбом. Прыезд Байрана апісваўся з хваляваннем. Імклівыя дробненькія літары ледзь-ледзь удавалася разабраць.
«Сёння раніцай аб адзінаццатай гадзіне прыехаў лорд Б. Які ён прыгожы і бледны! Ён выглядае няшчасным. Саромеецца сваёй кароткай нагі. Гэта можна заўважыць, бо ён не ходзіць, а бегае, каб калецтва не кідалася ў вочы. Як ён памыляецца! Гэты недахоп робіць яго яшчэ больш цікавым. Проста дзіўна, што Ўільям асцерагаў мяне і казаў, што з жанчынамі ён смелы да нахабства. Але ж мне ён ні слова. Час ад часу кідаў на мяне позірк употай, аднойчы я злавіла гэты позірк у люстры. А калі завязалася гутарка, то звяртаўся да Ўільяма ці да лорда Пітэрсана, а да мяне ні разу. Чаму?»
Да позняй ночы Эрвэ Марсена вывучаў, як з кожным днём Пандора ўсё больш паддавалася чарам паэта. Яму стала ясна, што маладая жанчына, шчырая і непрактычная, не магла зразумець, у чым прычына такіх мала байранічных паводзін госця. Байран прыехаў у Ўайндхорст з цвёрдым намерам быць стрыманым, па-першае, таму што не лічыў геройствам спакушаць жонку гаспадара і, нарэшце, таму што бачыў наіўнасць і кволасць Пандоры і не жадаў прычыняць ёй боль. Чалавек у душы сентыментальны, сваю пяшчотнасць ён прыкрываў цынізмам.
Вось чаму ён нават не намякнуў ёй пра каханне. Потым падзеі разгарнуліся. Сэр Уільям напомніў Байрану пра Ньюстэдскае абацтва і гуляшчых німфаў, якія там жылі. Адну з іх вельмі ўпадабаў сельскі джэнтльмен і выказаў жаданне пабачыцца з ёю яшчэ раз. «Слухайце, Байран, а чаму б вам не запрасіць мяне ў Ньюстэд?.. Без жонкі, вядома!» Байран груба спыніў яго: «Як вам не сорамна! Маладажон, называецца… А калі ваша жонка ўздумае вам за гэта адпомсціць?» Сэр Уільям зарагатаў: «Мая жонка? Ха-ха-ха! Але ж мая жонка праведніца і, між іншым, мяне абажае».
Пандора, пільна прыслухоўваючыся, улавіла сэнс іхняй гутаркі і запісала яе ў альбом з гнеўнымі каментарыямі: «Яна мяне абажае! Ну і дурань! Няўжо мне суджана пражыць свой век з гэтым бугаём? І чаму, сапраўды, не адплаціць яму тым жа? Гэта сцэна давяла мяне да такога шаленства, што, каб лорд Байран паспрабаваў дзе-небудзь у парку пацалаваць мяне, здаецца, я б не пярэчыла».
Даўно мінула поўнач. Усхваляваны Эрвэ прабягаў вачамі старонкі дзённіка. У змрочным склепе дагаралі свечкі, і пры цьмяным святле яму, як жывыя, ўяўляліся постаці нябожчыкаў. Ён бачыў барвовае аблічча гаспадара і чуў яго нахабны рогат. Ён бачыў, як на прыгожым твары Пандоры ўсё выразней адлюстроўвалася яе закаханасць. І ў цёмным кутку бачыў гордага Байрана, які з насмешкай глядзеў на гэту дрэнна дапасаваную пару.
Запахла чадам, і адна свечка пагасла. Эрвэ запаліў новыя і з яшчэ большай энергіяй узяўся за чытанне. Цяпер ён прысутнічаў пры спробах Пандоры вырваць Байрана з задуменнасці і зблізіцца з ім, прычым рабілася гэта смела і занадта хітра для такой маладзенькай жанчыны. Пакрыўджаная яго абыякавасцю, яна шукала розных подступаў. Каб сустракацца без сведак, яна дамовілася гуляць з ім на більярдзе.
«У гэты вечар я яму сказала: «Лорд Байран, калі жанчына любіць мужчыну і гэты мужчына не звяртае на яе ўвагі, што ёй тады рабіць?» «А вось што…» – адказаў ён і абняў мяне моцна-моцна і…» Адно слова там было закрэслена, але Эрвэ, за тонкімі кратамі рысак, даволі лёгка мог прачытаць «пацалаваў».
Эрвэ Марсена свабодна ўздыхнуў. Ён проста не верыў свайму шчасцю. «Мне гэта сніцца ці што? – гаварыў ён сабе. – Здзейснілася тое, аб чым я мог толькі марыць». Ён устаў і прайшоўся па склепе, абмацаў вялізны сейф, канапу, сцены, каб упэўніцца, што гэта рэальнасць, а не міраж. Ніякага сумнення, усё вакол яго было матэрыяльнае і альбом сапраўдны. Ён ізноў сеў за стол.