Андре Моруа – Навелы (страница 4)
«Я спужалася і сказала яму: «Лорд Б., я вас люблю, але ў мяне ёсць дзіця, і гэта звязвае мяне з яго бацькам. Я магу быць вам толькі сяброўкай. Але вы мне вельмі патрэбны. Памажыце мне». Ён быў на рэдкасць добры і здагадлівы. З тае хвіліны, як ён са мной, увесь яго смутак нібы растаў. Думаю, што мая прысутнасць яго лечыць».
Малады француз не стрымаў усмешкі. Ён добра вывучыў Байрана і ніяк не мог уявіць, каб той расцягнуў надоўга платанічныя залёты да гэтай юнай спакусніцы. Ён быццам чуў яго голас: «Калі яна ўбіла сабе ў галаву, што я ёй кавалер і буду гадзінамі трымаць яе за ручку, дэкламуючы вершы, яна, ох, як памыляецца! Дайшло да таго, што пара канчаць».
Потым ён падумаў, што, напэўна, знойдзе праўдзівы дакумент аб душэўным стане Байрана сярод пісем, якія таксама даверыла яму лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён паспешна развязаў стужку. Так, пісьмы Байрана. Эрвэ адразу пазнаў яго гарачую руку. Але ў пакеце былі і другія паперы, напісаныя тым жа почыркам, што і дзённік. Некаторыя з іх ён прачытаў. Гэта былі чарнавікі пісем Пандоры.
Знаёмячыся з перапіскай, ён са здавальненнем пераканаўся, што здагадка яго апраўдалася. Байрану хутка надакучыла гульня ў платанізм. Ён запытаў, ці можа ён сустрэцца з Пандорай уночы, калі ў замку ўсе спяць. Яна супраціўлялася, але слаба. Эрвэ падумаў: «Калі тое, што напісана ў чарнавіку, было яму паслана, Байран, напэўна, палічыў перамогу блізкай. Яна прастадушна прызналася: «Гэта немагчыма, бо я не ведаю, дзе вас убачыць, каб нас ніхто не заўважыў».
Ён ізноў узяўся за альбом. Пандора адзначыла, што, каб абменьвацца пісьмамі, яна пачала пасылаць Байрану кнігі з дамашняй бібліятэкі. Надзейны спосаб: нават на вачах у «строгага мужа» можна было перадаць «абранаму рыцару» кнігу з запісачкай. «А ёй было ўсяго дваццаць год!» – дзівіўся Эрвэ.
«Сёння Ўільям памчаўся з сабакамі на паляванне. Я засталася адна з лордам Б. на цэлы дзень, але пад наглядам слуг. Ён быў вельмі мілы. Нехта расказаў яму пра падвал, і яму захацелася там пабываць. Спусціцца разам з ім я не адважылася, але ўпрасіла місіс Д., гувернантку, паказаць яму склеп. Вярнуўшыся, ён сказаў мне з таямнічым выглядам: «Гэты склеп аднойчы будзе для мяне той мясцінай, аб якой я буду ўспамінаць з найбольшым хваляваннем». Што гэта значыць? Баюся зразумець, а галоўнае, без страху згадзіцца з думкай, што прычынай гэтага хвалявання буду я».
Пісьмы і альбом дазволілі ўявіць далейшыя прыгоды. Аднаго разу Пандора згадзілася прызначыць яму спатканне ў падвале глыбокай ноччу, у той час, калі яе муж гучна хроп у спальні, а слугі адпачывалі на трэцім паверсе. Ён спяшаўся, быў патрабавальны. Яна прасіла літасці, маліла, каб ён яе не крыўдзіў. «Лорд Байран, – гаварыла яна, – я ў вашых руках. Вы можаце рабіць са мной усё, што хочаце. Ніхто не сочыць за намі, ніхто нас не пачуе. А сама я не маю сілы абараняцца. Я прабавала, але супраць волі любоў прывяла мяне сюды. Ад вас аднаго я чакаю ратунку. Калі вы скарыстаеце сваю ўладу нада мной, я паддамся, але памру ад сораму і пакут».
Яна расплакалася. Байран, расчулены слязамі маладой жанчыны, праявіў дабрату. «Тое, што вы ад мяне патрабуеце, – сказаў ён, – вышэй чалавечых сіл, але ў мяне хопіць любві, каб прымусіць сябе адмовіцца ад вас». Яны сядзелі на канапе, абняўшыся, даволі доўга, потым Пандора вярнулася ў свой пакой. Назаўтра Байран паведаміў, што яго выклікае ў Лондан выдавец Морэй, і пакінуў Уайндхорст. Старонкі дзённіка за гэты дзень былі асабліва забаўныя.
«Дурань! Дурань! – пісала яна. – Усё скончана, усё страчана. І цяпер мне суджана ніколі не ведаць любві. І як гэта ён не зразумеў, што не магла ж я сама кінуцца яму на шыю. Не магла ж такая жанчына, як я, маладая і добра выхаваная, прыставаць нахабна, як тыя бессаромныя распусніцы, з якімі ён раней меў справу. Я павінна была плакаць. А яму, як мужчыну спрактыкаванаму, трэба было ўцешыць мяне, супакоіць і дабіцца, каб я аддалася любві, якую так моцна адчувала. Паехаўшы, ён растаптаў усе мае надзеі. Я яму гэтага век не дарую».
Пасля начнога спаткання былі яшчэ пісьмы: адно ад яго і адно ад яе. Байран пісаў стрымана, мабыць, думаў пра мужа, які мог выпадкова прачытаць пісьмо. Чарнавік Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённіку яна яшчэ сям-там успамінала Байрана ў сувязі з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападаліся іранічныя намёкі, якія выразна сведчылі, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.
Праз акенца ў сцяне бледнае святло прасачылася ў склеп. Пачало днець. Эрвэ, нібы ачнуўшыся пасля трансу, доўга аглядаўся. І вось ён ізноў у дваццатым стагоддзі. Якую цудоўную гісторыю перажыў ён за гэтую ноч! З якой прыемнасцю ён яе апіша! Работа і бяссонніца стамілі яго. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, патушыў свечкі і падняўся ў свой пакой.
Званок паклікаў на позняе снеданне. Эрвэ знайшоў у холе руплівага дварэцкага, і той праводзіў яго ў салон, дзе маладога чалавека чакала ўжо лэдзі Спенсэр-Свіфт.
– Добры дзень, пан Марсена, – прамовіла яна моцным мужчынскім голасам. – Мне далажылі, што вы мала спалі. Ну, як вам працавалася?
– Выдатна. Я ўсё прачытаў і зрабіў выпісак дваццаць старонак. Нечуваная гісторыя… Я не магу вам выказаць…
Яна мяне спыніла.
– А што, праўда? Я ж вам гаварыла. Мне заўсёды здавалася, гледзячы на партрэт, што гэтая малютка Пандора створана для кахання.
– Так, яна была створана для кахання. Але пікантнасць падзей у тым, што яна ніколі не была палюбоўніцай лорда Байрана.
Твар лэдзі Спенсэр-Свіфт наліўся чырванню.
– Што? – запытала яна.
Француз, прыхапіўшы з сабой выпіскі, расказаў гаспадыні ўсю гісторыю і паспрабаваў тут жа прааналізаваць характары двух галоўных персанажаў.
– Вось так, – закончыў ён, – першы і апошні раз у сваім жыцці лорд Байран уступіў дэману спагады, і гэтай слабасці прабабка вашага мужа ніколі не магла яму дараваць.
Лэдзі Спенсэр-Свіфт слухала француза не перабіваючы, але тут не вытрымала:
– Нонсэнс! – абурылася яна. – Вы дрэнна чыталі ці дрэнна зразумелі… Не была палюбоўніцай лорда Байрана! Але ж увесь свет ведае, што яна была. Няма ніводнай сям'і ў нашым графстве, куды не дайшла б гэта гісторыя… Не была палюбоўніцай лорда Байрана!.. Я ў засмучэнні, пан Марсена, і, калі такое ваша апошняе слова, я не магу дазволіць вам карыстацца дакументамі… Падумаць толькі!.. Вы збіраецеся расказаць у Францыі і ў нашай краіне, што ніякага фізічнага збліжэння між імі не было! Ды вы што? Пандора ў труне перавернецца, пане мой!
– Чаму? Пандора ж ведае сябе больш, чым хто іншы. Яна сама напісала ў дзённіку, што спатканні іх былі самыя нявінныя.
– Гэты дзённік, – сярдзіта прамовіла лэдзі Спенсэр-Свіфт, – вернецца назад у сейф, і ходу яму адтуль не будзе. Дзе вы яго пакінулі?
– На стале ў падвале, лэдзі Спенсэр-Свіфт. Не было ключоў, а то я паклаў бы яго на месца.
– Паснедаўшы, мы туды зараз жа спусцімся і адновім усё, як было. Я не павінна была паказваць вам фамільны архіў. Небарака Аляксандр заўсёды быў супраць і меў рацыю… хоць у гэтым меў рацыю… Што датычыцца вас, пане мой, я вымушана прасіць вас захоўваць абсалютнае маўчанне наконт вашага… так сказаць… адкрыцця.
– Безумоўна, я не апублікую ні радка без вашага дазволу, лэдзі Спенсэр-Свіфт, ні за што на свеце я не пасмеў бы зрабіць вам прыкрасць. Аднак, павінен прызнацца, што не разумею…
– І не трэба, каб вы разумелі. Я прашу толькі аднаго – забыць.
Ён уздыхнуў:
– Няхай будзе так. Я адмаўляюся ад гэтых успамінаў… і ад маёй кнігі.
– Вельмі пахвальна і вельмі разумна. Меншага ад француза я і не чакала. А цяпер пагаворым аб іншым. Скажыце, пан Марсена, ці падабаецца вам ангельскі клімат?
Пасля снедання яны спусціліся ў склеп у суправаджэнні Мілера. Цяжкія дзверцы сейфа расчыніліся. Старая лэдзі ўласнаручна далучыла да скураных каробак і сярэбраных кафейнікаў белы альбом і пакет пажоўклых пісем, перавязаных ружовай стужкай. Пасля чаго Мілер замкнуў сейф.
– Тут ім ляжаць вечна, – весела прамовіла яна.
Калі яны вярнуліся, першая група турыстаў, вылезшы з аўтобуса, накіроўвалася ў хол купляць уваходныя білеты і паштоўкі. Мілер падрыхтаваўся разыграць сцэну з партрэтамі.
– Зойдзем на хвілінку, – прапанавала лэдзі Спенсэр-Свіфт свайму госцю.
Яна стала ў куток, далей ад турыстаў, але слухала вельмі ўважна.
– Вось гэта, – сказаў дварэцкі, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса, гэтак жа, як і партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.
Нейкая дзяўчына, каб лепш разгледзець, жвава высунулася наперад і з павагай прашаптала:
– Тая самая…
– Так, – адказаў ціха дварэцкі, – тая самая, што была палюбоўніцай лорда Байрана.
Старая лэдзі кінула на маладога француза пякучы позірк і з трыумфам прамовіла:
– Ага, чулі!..
Часовы прыпынак
– Самае дзіўна здарэнне ў маім жыцці? – запытала яна. – Вы паставілі мяне ў тупік. У маім жыцці было шмат усякіх здарэнняў і прыгод.
– І, мабыць, яшчэ будуць.
– О не! Я старэю, не лятаю арлом пад нябёсамі… Іначай кажучы, мне патрэбен спакой… Мяне цалкам задавальняе, калі я вечарам застаюся адна і магу перачытаць даўнейшыя лісты альбо паслухаць пласцінку.
– Быць не можа, каб ад вас адвярнуліся кавалеры… Ваш твар захаваў усю сваю прыгажосць, а сляды багатага вопыту і, магчыма, перажытых пакут нават надаюць яму нешта ўзвышанае… Гэта чаруе, прываблівае…