Андре Моруа – Навелы (страница 2)
Старая дама ўсміхнулася:
– А калі я вам знайду нешта свежае, прыгоду Байрана абсалютна невядомую?..
Эрвэ Марсена міжвольна зрабіў рэзкі рух, як паляўнічы, што раптам угледзеў у кустах аленя альбо дзіка, ці як біржавы спекулянт, нарваўшыся на акцыі, цана якіх павінна падскочыць.
– Прыгода Байрана абсалютна невядомая? Гэта была б сенсацыя, лэдзі Хемптан, пасля ўсіх пошукаў.
– Ну, можа, я перабольшыла, сказаўшы «абсалютна невядомая»… Імя ўжо называлі. Я маю на ўвазе лэдзі Спенсэр-Свіфт.
Эрвэ скрывіўся:
– А! Тая самая… Ведаю… Але ж пра яе сувязь з Байранам нічога пэўнага, нічога дакладнага.
– Дарагі пан Марсена, а вам часта трапляе ў рукі што-небудзь пэўнае ў такіх справах?
– Вельмі часта, лэдзі Хемптан. У большасці выпадкаў ёсць пісьмы, ёсць сведчанні. Безумоўна, пісьмы могуць ашукваць, а сведчанні выклікаць падазрэнне, іх трэба разглядаць крытычна.
Лэдзі Хемптан, павярнуўшыся да свайго суседа, навяла на яго старамодны ларнет.
– А што вы скажаце, калі я прынясу вам дзённік лэдзі Спенсэр-Свіфт (яе імя Пандора) таго часу, калі яна сустракалася з Байранам? І ў дадатак яго пісьмы да яе.
Малады француз аж пачырванеў ад радасці.
– Я скажу, як індусы: лэдзі Хемптан, вы мой бацька і мая маці. Вы закладаеце падмурак пад маю кнігу… Няўжо ў вас сапраўды ёсць гэтыя дакументы? Прабачце за такое пытанне?.. Гэта так дзіўна, так нечакана!..
– Не, – адказала яна. – Я ведаю, што такія дакументы захаваліся, але ў мяне іх няма… Яны належаць цяперашняй лэдзі Спенсэр-Свіфт, Вікторыі, маёй сяброўцы; мы вучыліся разам у пансіёне. Яна іх нікому дагэтуль не паказвала.
– Тады чаму яна даверыць іх мне?
– Таму што я яе папрашу… Вы яшчэ слаба ведаеце наш край, пан Марсена. Ён повен таямніц і непрадбачанага. На гарышчах і ў падвалах нашых сельскіх замкаў схавана нямала скарбаў. Гаспадарам яны не ў галаве. І трэба дайсці да галечы, прадаць дом ці пусціць маёмасць з малатка, каб гэтыя архівы з'явіліся на свет. Спатрэбіўся здагадлівы і ўчэпісты амерыканец, каб славутыя паперы Босуэла вылезлі з кракетнай скрынкі, дзе яны пакрываліся пылам.
– Вы думаеце, што здагадлівы і ўчэпісты француз можа мець гэтакі ж поспех без дзесяткаў тысяч даляраў, якія той заплаціў за паперы Босуэла?
– Вікторыя Спенсэр-Свіфт не цікавіцца далярамі. Ёй, як і мне, больш за восемдзесят. Ёй хапае і сваіх прыбыткаў. Не, адзінае, што яе можа прымусіць, гэта – прыхільнасць да вас, – вядома, калі вы здолееце абудзіць сімпатыю, а таксама надзея, што вы створыце прывабны партрэт прабабкі яе мужа.
– Лорд Спенсэр-Свіфт памёр?
– Не лорд, а баранет… Сэр Аляксандр Спенсэр-Свіфт – апошні ў родзе носьбіт гэтага тытулу. Вікторыя і цяпер яшчэ жыве ў тым доме, дзе пабываў Байран… Гэта ў графстве Глостэр, цудоўная сядзіба часоў Елізаветы. Хочаце пашукаць шчасця і паехаць туды?
– З прыемнасцю… калі мяне запросяць.
– Гэта я бяру на сябе. Сёння ж вечарам напішу Вікторыі. Яна вас абавязкова прыме. І не палохайцеся, калі тон запрашэння будзе грубаваты. Прывілея нашага старэчага веку, лічыць Вікторыя, у тым, што можна гаварыць пра ўсё так, як думаеш. Перад кім цырымоніцца? І навошта?
Праз некалькі дзён Эрвэ Марсена праязджаў на сваёй невялічкай машыне паўз маляўнічыя вёскі графства Глостэр. Лета, як заўсёды, было дажджлівае. Дрэвы і кветкі лапушыліся і буялі ад вільгаці. Нават у самым маленькім доміку праз вокны відаць былі пышныя букеты. Будынкі, складзеныя з мясцовага залацістага каменю, вельмі прыгожага, і цяпер выглядалі гэтак жа, як у часы Шэкспіра. Эрвэ, надзвычай чулы да феерычных краявідаў Ангельшчыны, быў зачараваны паркам Уайндхорст, дзе знаходзілася сядзіба лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён ехаў пакручастымі алеямі, паўз зялёныя лужкі з акуратна падстрыжанай травой, густой як шчотка, сярод якіх узвышаліся магутныя дубы. Вакол сажалкі раслі хвашчы і папараць. Нарэшце перад ім паказаўся вялізны асабняк, увіты дзікім вінаградам. Сэрца яго закалацілася. Ён спыніўся каля пад'езда і пазваніў. Ніхто не адгукнуўся. Пачакаўшы хвілін пяць, ён заўважыў, што дзвярная ручка паддаецца, адчыніў дзверы і ўвайшоў. У змрочным холе ні душы. На крэслах ляжалі плашчы і шалі. Аднак з суседняга пакоя даносіўся манатонны голас, нібы нехта вымаўляў завучаны тэкст. Эрвэ падышоў бліжэй і ўбачыў доўгую галерэю, сцены якой былі ўпрыгожаны вялікімі партрэтамі. Група турыстаў акружала важнага дварэцкага ў фраку з цёмна-шэрай камізэлькай і ў паласатых штанах.
– Вось гэта, – тлумачыў дварэцкі, паказваючы на партрэт, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса гэтак жа, як і побач партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.
Наведвальнікі зашапталіся:
– Тая самая…
Дварэцкі, ледзь прыкметна кіўнуўшы ў знак разумення і згоды, заставаўся велічным і сур'ёзным.
– Так, – пацвердзіў ён ціха, – тая самая, што была палюбоўніцай лорда Байрана. У яе гонар ён напісаў славуты санет «Да Пандоры».
Двое з групы турыстаў прадэкламавалі пачатак санета.
Дварэцкі адобрыў лёгкім кіўком галавы:
– Вы не памыліліся… А цяпер мы набліжаемся да сэра Роберта Спенсэр-Свіфта, сына папярэдняга (1808–1872). Партрэт работы Джона Мілеса.
Нахіліўшыся да слухачоў, як пастух да авечак, ён дадаў канфідэнцыяльна:
– Сэр Роберт нарадзіўся за чатыры гады да прыезду лорда Байрана ў Уайндхорст.
Маладзенькая дзяўчына запытала:
– А чаго Байран прыязджаў сюды?
– Таму што ён быў другам сэра Ўільяма.
– Вунь яно што! – згадзілася дзяўчына.
Эрвэ Марсена адстаў ад групы, каб больш уважна разгледзець абодва партрэты. У мужа быў шырокі твар, чырвоны ад добрага віна і свежага паветра. Ён здаваўся фанабэрыстым і сярдзітым. Жонка была ўвасабленнем спакойнай нявіннасці, прыгажосці амаль нябеснай. Аднак, прыгледзеўшыся, можна было ўгадаць за чыстым позіркам вачэй прытоеную пачуццёвасць і гарэзлівасць, нават даволі жорсткую. Малады чалавек яшчэ быў у сваіх марах, калі група турыстаў пратупала назад. Дварэцкі, нахіліўшыся над яго вухам, ветліва прашаптаў:
– Прабачце, сэр, ці ёсць у вас білет? Вы з'явіліся пазней за ўсіх… Яны ўжо ўсё аплацілі… Так што, калі вы жадаеце…
– Я не турыст. Лэдзі Спенсэр-Свіфт мела ласку запрасіць мяне сюды правесці пару вольных дзён і азнаёміцца з паперамі, якія мяне цікавяць.
– Прашу прабачэння, сэр. Значыць, вы і ёсць той малады француз, рэкамендаваны лэдзі Хемптан? Хвіліначку, сэр… Я праводжу гэтых людзей, потым падымуся папярэдзіць яе міласць. Пакой вам падрыхтаваны, сэр. Багаж у машыне?
– У мяне толькі чамаданчык.
Лэдзі Спенсэр-Свіфт у тыя дні, калі пускала ў свой замак чужаземцаў, бо гэтыя візіты давалі ёй права не плаціць падаткаў, самотна бавіла час у салоне на другім паверсе. Дварэцкі прывёў француза туды. Эрвэ Марсена ўбачыў старую даму, паважную і не такую ўжо грозную. Жартаўлівая непасрэднасць змякчала яе фанабэрыю.
– Я не знаходжу слоў, каб выказаць вам сваю падзяку, – прамовіў ён. – Прыняць незнаёмага…
– Нонсэнс! – адказала яна. – Для мяне вы знаёмы. Вас адрэкамендавала мая лепшая сяброўка, і я чытала вашы кнігі. Я даўно шукаю чалавека, які з належным тактам апісаў бы гэту гісторыю. Мабыць, вы якраз той.
– Спадзяюся, мадам… Але цяжка паверыць, што пасля многіх выдатных ангельскіх біёграфаў мне ўдалося выявіць паперы, якія яшчэ нідзе не публікаваліся.
– Яно здарылася так, – сказала лэдзі Вікторыя, – што, пакуль мой муж быў жывы, ён і блізка нікога не падпускаў да дзённіка маёй прабабкі. Небарака Аляксандр на гэты конт трымаўся старамодных звычаяў.
– А што, хіба ў гэтых паперах ёсць нешта… страшнае?
– Пра гэта нічога не ведаю. Я іх не чытала. Не… Почырк такі дробненькі, што ў мяне баляць вочы, апроч таго, мы ўсе добра ведаем, пра што піша жанчына ў дваццаць год, ды яшчэ закаханая.
– Але можа быць так, лэдзі Спенсэр-Свіфт, што я знайду ў гэтых паперах доказы… сувязі Байрана з прабабкай вашага мужа. У такім выпадку ці дазволена будзе мне гаварыць пра ўсё?
Яна глянула на яго са здзіўленнем, нават з пагардай:
– А як жа. Іначай я б вас не запрашала.
– О, вы сама велікадушнасць!.. Ёсць столькі фамілій, што гатовы абараняць дабрачыннасць сваіх продкаў, нягледзячы на яўныя факты, аж да трыццатага пакалення.
– Нонсэнс! Сэр Уільям быў дубіна, ён не разумеў сваёй жонкі і, апроч таго, здраджваў ёй з усімі навакольнымі дзяўчатамі. Ёй папаўся лорд Байран. Гэта быў не толькі вялікі паэт, а мужчына прыгожы, як анёл, і разумны, як д'ябал. Не дзіва, што яна выбрала лепшага. Хто яе асудзіць?
Эрвэ адчуў, што спрачацца не варта. Аднак не мог стрымацца, каб не сказаць:
– Прабачце, лэдзі Спенсэр-Свіфт, вы ж не чыталі папер, то як жа вы ведаеце, што лорд Байран быў тут не як госць мужа, а выступаў у іншай ролі.
– Фамільнае паданне, – прамовіла яна строга. – Мой муж чуў ад бацькі, а той ад свайго бацькі. Зрэшты, доказы знойдуцца, бо, паўтараю яшчэ раз, паперы будуць у вас. Зараз я іх вам пакажу, і вы мне скажаце, як вам лепш працаваць.
Яна паклікала свайго магутнага дварэцкага:
– Мілер, адамкніце чырвоны склеп, прынясіце свечкі і дайце мне ключы ад сейфа. Я туды спушчуся з панам Марсена.
Тэатральнасць афармлення рабіла ўражанне. Склеп, які знаходзіўся ў сутарэнні, абабіты чырвоным шоўкам, не меў электрычнага асвятлення, як іншыя пакоі замка. Ад свечак распаўзаліся цені і дрыжалі ў кутках. Да бакавой сцяны быў прысунуты вялізны сейф, стылізаваны пад сярэдневяковы куфар. Насупраць красавалася шырокая канапа. Старая дама, велічна спусціўшыся ўніз пад руку з французам, узяла ключы і, пакруціўшы імі ў трох адмысловых шчылінах, набрала сакрэтную лічбу. Пасля чаго Мілер расчыніў насцеж цяжкія акованыя жалезам дзверцы.