18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 28)

18

Мірыям і я, абое мы, прысутнічалі на пахаванні няшчаснай. Мы адчувалі, яна і я, што нейкім чынам адказваем за гэта, хоць непасрэднай віны за намі і не было. Мірыям дазволіла ў адносінах да свайго сябра нявінны жарт. А я прабаваў, можа, і з пэўным разлікам, але без ліхіх думак, выратаваць гэту дзяўчыну. Сістэма перадач фатальнай машыны, прыведзеная намі ў рух, з няўхільнай дакладнасцю прывяла няшчасную да гібелі. Суладжанасць выключная: адзін даляр, які мне дала Мірыям… адзін даляр за нумар у гатэлі… адзін даляр, які выратаваў бы жыццё і, магчыма, перайначыў бы маё…

– Будуць гаварыць, – сказала Мірыям, калі мы пакідалі могільнік, – будуць гаварыць…

– Што?

– Нічога. Я так…

І я падумаў тады, што яна ўспомніла пра бязлітасны лёс і пра кароткае наша жыццё ў гэтым дзіўным свеце.

Падарожжа ў нябыт

Гэта шалёная мітусня ў апошнія нашы хвіліны мне нагадвае выраз А.Жыда ў яго «Дзённіку», дзе ён кажа, што смерць падобна на ад'езд. Параўнанне смерці з ад'ездам дало мне ідэю гэтага апавядання.

Я болей не мог ні варушыцца, ні гаварыць. Маё цела, мой язык, мае павекі не падпарадкоўваліся маёй волі, і, хоць вочы мае былі расплюшчаны, я нічога не бачыў, апроч светлай імглы, у якой скакалі бліскучыя кропкі, як пылінкі ў промені сонца. Я адчуваў, што маё існаванне канчаецца. Аднак я нешта яшчэ чуў. Гучанне слоў да мяне даплывала невыразна, гэта быў хутчэй шэпт, чым гутарка, але галасы я пазнаваў. Я ведаў, што каля майго ложка былі доктар Галцье, які лячыў нас (свой вясковы акцэнт ён змякчаў, як мог), другі доктар, аўтарытэтны тон якога біў, як молатам, па маіх напятых нервах, і Данаціна, мая жонка. Яна стрымлівала рыданні і, задыхаючыся, пытала ў дактароў:

– Ён пры памяці?

– Не, мадам, – адказаў незнаёмы доктар. – Напэўна, не. Ён нават больш не трызніць. Каматозны стан. Гадзіна альбо некалькі хвілін, і ўсё.

– А можа, – нясмела прапанаваў Галцье грубаватым голасам, – як вы думаеце, можа, зрабіць укол?..

– Навошта мучыць няшчаснага? – запярэчыў кансультант. – У яго ўзросце, дарагі калега, падобны шок не дасць вынікаў… Пеніцылін быў нашай апошняй надзеяй. Але ён не даў належнага эфекту. Ніякіх іншых сродкаў, на жаль, няма.

– А можа, як вы думаеце, – пачціва прамовіў Галцье, – арганізм пацыента – фактар не менш важны, чым яго ўзрост? Месяц назад я аглядаў яго, перад самым запаленнем лёгкіх… Сэрца ў яго і ціск, як у маладога.

– Толькі на выгляд, – заўважыў прафесар. – Толькі на выгляд… Хочацца гэтаму верыць… Але ўзрост ёсць узрост.

– Ды не, прафесар! – ледзь не крыкнула Данаціна. – Мой муж быў малады, зусім малады.

– Ён лічыў сябе маладым, мадам, а ілюзіі – гэта самае небяспечнае… Вы павінны адпачыць, мадам. Я абсалютна ўпэўнены, што ён вас не бачыць. Сядзелка вас пакліча, калі што…

Рыданне Данаціны, яе крык разарвалі на момант імглістую заслону, і мне здалося, што здалёку бліснулі яе вочы, як агеньчык на беразе ахутанай туманам ракі. І тут жа згаслі… Галасы змоўклі, і я застаўся адзін у магільнай цішыні. Колькі часу прайшло? Не ведаю. Туга сціскала мяне ўсё мацней і мацней, і, калі стала зусім нясцерпнай, я раптам надумаўся падняцца. Некалькі разоў прабаваў паклікаць сядзелку, але яна не прыйшла. І тады я закрычаў: «Данаціна».

Мая жонка не адазвалася.

«Пайду яе шукаць», – вырашыў я.

Як я здагадаўся, што магу варушыцца, апусціць на дол свае худыя ногі, хадзіць? Помню толькі, што быў перакананы ў гэтым, і не без падставы, бо падняўся лёгка і пайшоў праз густы малочны туман адразу да адзежнай шафы. Але не паспеў я дакрануцца да яе дзверцаў, як, дзіўная рэч, намацаў на сваім целе вопратку. Я пазнаў варсістае паліто, купленае ў Лондане для падарожжаў у ліхое надвор'е. Нахіліўшыся, я ўбачыў, што абуты і стаю не на паркетнай падлозе, а на нейкім няроўным бруку. Якім чынам я, будучы непрытомным, як лунацік, злез з ложка, адзеўся, абуўся і пакінуў дом? Я быў занадта ўсхваляваны, каб паглыбляцца ў роздум. Але самае дзівоснае было тое, што я не паміраў, нават не быў хворы. І што гэта за горад? Парыж? Малочны туман з жаўтаватым адценнем хутчэй уласцівы Лондану. Засланяючы рукамі твар, каб не наткнуцца на нябачную перашкоду, я зрабіў некалькі крокаў, прабуючы дабрацца да якой-небудзь сцяны. Здалёку раз-пораз даносілася велічнае завыванне параходных сірэн. Вецер быў моцны і салёны, нібы дзьмуў з акіяна. Што гэта за порт?

– Гэй! Там! Зважай, куды ідзеш!..

– Даруйце! – адказаў я. – Я нічога не бачу… Дзе я знаходжуся?

Чалавек трымаў вялікі электрычны ліхтар. Ён павярнуў святло спачатку на мяне, потым на сябе, і я заўважыў, што ён апрануты ў форму, але з выгляду ён не быў падобен ні на французскага агента паліцыі, ні на ангельскага палісмена. Яго куртка хутчэй нагадвала форму пілотаў амерыканскіх ліній. Ён узяў мяне моцна, але не груба за плячо і павярнуў налева.

– Ідзіце прама ў гэтым кірунку, – сказаў ён, – і выйдзеце на пляцоўку.

Я зразумеў, што ён гаворыць пра аэрапорт. Дзіўна было толькі тое, што ён ані не сумняваўся ў маім жаданні папасці туды, а я нават не запытаў сябе, чаго і куды мне ляцець, ледзь-ледзь падняўшыся з пасцелі пасля такой страшнай хваробы. «Дзякуй, капітан», – прамовіў я механічна і пайшоў паказанай мне дарогай.

Ці то туман рассейваўся, ці то мае вочы сталі прывыкаць? Не ведаю. Але я мала-памалу пачаў адрозніваць сілуэты людзей. Усе ішлі ў тым жа напрамку, што і я. Паступова натоўп павялічваўся, і ў хуткім часе ўтварылася нешта падобнае на працэсію. Мы як мага прыспешвалі крок, бо здагадваліся інстынктыўна, не разважаючы (калі меркаваць па маіх адчуваннях), што павінны з'явіцца неадкладна. Але рухацца наперад было ўсё цяжэй, і дарога рабілася як быццам вузейшая…

– Не штурхайцеся! – сярдзіта прамовіла нейкая старая жанчына.

– Я не штурхаюся, мяне самога штурхаюць, – пачаў я апраўдвацца.

– У чаргу, станавіцеся ў чаргу, як усе людзі!..

Я рашуча спыніўся, чамадан выпаў з маіх рук (я толькі цяпер заўважыў, што пры мне быў чамадан) і ўпёрся ў ногі чалавеку, які ішоў следам. Я павярнуўся. Смуга распаўзлася, і адразу пасвятлела. Я выразна ўбачыў твар абуранага негра, маладога, прыгожага, у ружовай кашулі з адкрытым каўняром.

– Прабачце, пане, – сказаў ён з горкай іроніяй, тэатральна мне пакланіўшыся, – прабачце, што я маімі чорнымі нагамі зачапіў ваш белы чамадан.

– Вы ж бачыце, я ненаўмысна.

– Даруйце мне, пане, я больш не буду, даруйце, – прамовіў ён здзекліва і пакланіўся з яшчэ большым нахабствам.

Тады я ўгледзеў, што перада мной выцягнулася даўжэзная калона – некалькі тысяч пасажыраў. Перад імі невыразна вырысоўваліся агароджа, будынкі, дыспетчарская вежа, ангары. Здалёку гулі і стракаталі маторы, час ад часу прарэзліва раўла сірэна. Моцны вецер разганяў нізкія навальнічныя хмары, і ў разрывах дзе-нідзе відаць было шэрае неба.

З гэтай хвіліны наш рух стаў страшэнна марудны. Жанчына, што ішла перада мной, азірнулася, і я ўбачыў яе гладкія, кранутыя сівізной, валасы і вочы ірландкі, прыгожыя і мяккія. Яна больш не гневалася і ўсміхалася мне, нібы казала: «Усё гэта вельмі цяжка, але мы з вамі людзі мужныя і будзем цярпець без нараканняў».

Пратупаўшы на месцы добрую гадзіну, яна захісталася:

– Я так рана ўстала сёння – сіл не хапае.

– А вы сядзьце на мой чамадан, – параіў я жанчыне.

Ставячы на зямлю чамадан, я раптам адчуў, што ён занадта лёгкі.

– Ах, божа мой! – спалохана крыкнуў я. – Ні аўтаручкі, ні тапачак! Я ж іх забыў пакласці…

І бягом кінуўся ў горад. Чаму я так спяшаўся? Хто мяне там чакаў? І куды было бегчы? Я не ведаў.

Як я адшукаў дарогу ў гэтым незнаёмым горадзе? І якім чынам я заняў нумар у невялічкай гасцініцы па суседству з аэрапортам? Вагоны электрычкі мчаліся паўз мае вокны з жалезным скрогатам; каляровыя агні рэклам рытмічна ўспыхвалі, мігацелі і пераліваліся. Сваю аўтаручку я знайшоў на стале, тапачкі пад ложкам. Я ўкінуў іх барзджэй у чамадан разам з кнігамі, брытвай, піжамай і пусціўся бегчы назад. Гіганцкі аўтобус спыніўся ўздоўж высокага тратуара, дзе пахаджала партовая паліцыя з рэвальверамі на белых паясах. Я ўскочыў у аўтобус. Праз дзесяць хвілін я вылез недалёка ад стракатай людской калоны перад агароджай пасадачнай пляцоўкі.

Яшчэ раз я павінен быў перацярпець мучэнне павольнага руху. Калі гадзіны праз дзве я наблізіўся крыху да агароджы, я зразумеў, чаму мы не маглі пасоўвацца хутчэй. На пляцоўку можна было папасці толькі праз будку, каля якой стаяў вартаўнік. Так што калона, метраў за сто ад будкі, выцягвалася ў шнур. Нарэшце перада мной аказалася ўсяго шэсць чалавек. Цяпер я мог разглядзець твар вартаўніка. Гэта быў адзін з тых непадкупных здаравякоў-тупіц, якімі карыстаецца любая ўлада… Тры… Два… Апошні… Вось і мая чарга. Я стаяў адзін перад дубінай-дзецюком.

– На які рэйс? – запытаў ён.

– А хіба тут некалькі рэйсаў?

– А то як жа, – адказаў ён спакойна. – Рэйс каталіцкі, рэйс англіканскі, рэйс прэсвітэрыянскі, рэйс баптысцкі, рэйс мармонскі…

– У вас што, рэйсы ў залежнасці ад веравызнання?

– Не затрымлівайце! Хутчэй! На які рэйс?

– А калі пасажыр атэіст? Хіба ў вас няма рэйсаў для няверуючых?

– Ёсць, – прамовіў, здзівіўшыся, вартаўнік, – але я вам не раю. Гэта – кароценькі маршрут, нядаўна адкрыты, дрэнна арганізаваны… Калі вы жадаеце пытанне веры звесці да мінімуму, прапаную ўнітарную лінію, аб'яднаны рэйс… чыста, дагледжана, мадэрн…