18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 27)

18

Яна не адказвала. Праходзячы пад ліхтаром, я разгледзеў яе лепш. Яна была не проста прыгожая, а рэдкай красы жанчына. А вы ведаеце, які я ў той час быў сентыментальны. Вострае спачуванне, рамантычныя абставіны, лёгкае ап'яненне, злосць на Мірыям – усё гэта спрыяла таму, што, дайшоўшы да канца моста, я нічым, апроч гэтай невядомай, больш не цікавіўся. Мы мінулі паставога, які глянуў на нас з падазронасцю. Я баяўся, каб мая спадарожніца не зрабіла новага глупства, але яна не супраціўлялася, ішла побач і толькі ціхенька плакала… Вы, напэўна, думаеце, што я мог бы тут жа здаць яе палісмену і вызваліць сябе ад усякай адказнасці? Так то яно так, але ж я не ведаў, а можа, у гэтай даведзенай да адчаю істоты былі сур'ёзныя прычыны пазбягаць паліцыі… А потым, я павінен прызнацца, што прыгода гэта абудзіла ва мне цікавасць і хацелася зрабіць нешта добрае.

Перабраўшыся цераз мост, я крыху супакоіўся, але тут яшчэ адзін клопат. Куды мне дзець гэтую маладую жанчыну? Пакінуць яе на вуліцы? Яна ізноў пабяжыць тапіцца. Завесці ў мой гатэль? Гэта немагчыма. Правілы ў амерыканскіх лепшых гатэлях былі тады вельмі строгія, і ліфцёр не прапусціў бы мяне з ёю наверх. Была ў яе кватэра? Сям'я? Я паспрабаваў распытаць. Але з яе нельга было выцягнуць нічога талковага. Яна толькі дрыжала і ўсхліпвала.

Нарэшце я спытаў:

– Вось што… Я не магу вас кінуць у такім становішчы… Куды вас праводзіць? Ёсць у вас дом? Бацькі?

Яна маўчала, і я зразумеў, што няма.

– Пакой?

Яна адмоўна кіўнула.

У гэты момант мы праходзілі паўз ярка асветленыя дзверы з шыльдай «Гатэль Берагавы. Нумары ад аднаго даляра і вышэй». Гэты гатэль не быў падобны на раскошныя гатэлі Паркавага авеню, аднак паказаўся мне прыстойным, чыстым, і чаму б не перабыць тут некалькі гадзін?

– Слухайце, у вашым становішчы вы не можаце нічога растлумачыць. Мне таксама пара дадому. Перш за ўсё, вам трэба адпачыць, сагрэцца і выспацца. Вазьміце нумар у гэтым гатэлі. Я заплачу наперад і вас часова пакіну. Адпачывайце, засніце, а заўтра я прыйду вас праведаць. У Ню-Ёрку ў мяне многа сяброў у розных колах грамадства, і я амаль упэўнены, што, ведаючы вашу бяду, змагу вам дапамагчы… Пры ўсіх вашых пакутах вы ж можаце адкласці рашэнне на адну ноч. І хто ведае? Можа, тое, што ў гэтым тумане і змроку здавалася вам жахлівым тупіком, заўтра раніцай будзе выглядаць зусім іначай… Вы згодны?.. Вы абяцаеце, калі я вас уладкую ў гатэлі, адгэтуль нікуды не выходзіць і чакаць мяне?

Яна згадзілася, моўчкі кіўнуўшы галавой.

– У вас ёсць грошы? – нясмела запытаў я.

Яна сціснулася, як пабіты сабака.

– Няма… Ну, гэта не мае значэння. На жаль, у мяне самога на гэты раз мала, усяго адзін даляр. Але гэтага нам якраз хопіць. Вы бачыце: «Ад аднаго даляра і вышэй». Я заплачу за нумар, а заўтра раніцай прыйду і ўладжу ўсё астатняе… Так што, калі хочаце есці альбо яшчэ чаго, не саромейцеся, заказвайце. Я потым разлічуся. Вы згодны? Так і быць.

Я пазваніў у гатэль. Ніхто не адазваўся. Я пазваніў яшчэ раз і яшчэ раз. Нарэшце пачуліся крокі, заляпалі шлапакі, бразнула засаўка, і паказаўся калідорны – рослы, кучаравы дзядзька, які праціраў кулакамі заспаныя вочы. Ён дрэнна гаварыў па-ангельску і зусім не размаўляў на вядомых мне мовах (па-французску і па-італійску), так што мне было вельмі цяжка ўбіць яму што-небудзь у галаву.

– Гэта дзяўчына, – тлумачыў я, – толькі пераначуе. Багажу пры ёй няма. Заўтра раніцай я вярнуся; усе яе выдаткі я аплачу… Магу вам пакінуць у заклад гадзіннік ці яшчэ што… але, думаю, абыдзецца і так… Падазронага тут абсалютна нічога няма, вы самі бачыце… Я ж з ёю не застаюся. Зараз я толькі прашу даць ёй нумар на адну ноч, і вось вам даляр. Вы мяне зразумелі? Мы дамовіліся? Усё ў парадку?..

Я пачаў ужо злавацца на гэтага без'языкага тупіцу. Трэба было паўтараць па некалькі разоў адно і тое ж… Нарэшце ён узяў даляр і адышоў убок, каб прапусціць дзяўчыну. Я не ведаў, чым яе ўцешыць на развітанне. Пад «заслону» трэба было сказаць нешта цёплае, ласкавае, але слоў такіх я не знаходзіў.

– Ну, дык да заўтра… І пастарайцеся заснуць, – прамовіў я паспешліва і працягнуў руку.

Яна схапіла яе і, ажывіўшыся, упершыню загаварыла:

– Вы харошы чалавек.

І хоць, апроч гэтых трох слоў, я ад яе нічога не чуў, у маіх вушах і цяпер яшчэ гучыць яе нізкі пявучы голас. Застаўшыся адзін, я тут жа ўспомніў, што, аддаўшы незнаёмай свой апошні даляр, не маю за што паехаць ні на таксі, ні нават на аўтобусе і да свайго гатэля павінен дабірацца пеша. Дзе ж я быў? 60-я вуліца? 62-я? А папасці мне трэба было ў Ніжні горад, гэта больш за гадзіну хады ў слоту і непагадзь. Але я быў так задаволены сваім мужным учынкам, што рушыў у дарогу ў вясёлым настроі, насвістваючы на бязлюдных вуліцах старадаўнія салдацкія мелодыі. Мабыць, упершыню Мэдзісан-авеню слухала ў гэтую ноч «Бравага артылерыста».

На другі дзень раніцай, калі я прачнуўся, спачатку ў мяне было ўражанне, што ўчарашняя дзіўная прыгода мне проста прыснілася. Пасля некаторай развагі, я прыпомніў усе дэталі начнога здарэння і вырашыў, перш чым адправіцца на работу, заехаць у «Гатэль Берагавы», завезці крыху грошай гэтай таямнічай дзяўчыне і, калі яна шчыра пра ўсё раскажа, заняцца яе справай. Сярод палітычных дзеячаў Ню-Ёрка ў мяне было нямала сяброў… І хто яго ведае? Пачуццё ўдзячнасці…

Гатэль я адшукаў лёгка, каля самага моста. Дзённае святло пазбавіла яго ранейшага крыху падазронага выгляду, як мне тады здалося. За сталом сядзела жанчына, абкладзеная ключамі.

– Выбачайце, – звярнуўся я да яе, – хацеў бы даведацца, як тая маладая асоба, якую я прывёў сюды мінулай ноччу…

Яна зірнула на мяне са здзіўленнем:

– Маладая асоба?

Я растлумачыў і расказаў пра сваю прыгоду. Відаць было, што факты гэтыя для яе навіна.

– Прыблізна гадзіны ў дзве ночы… Вы ж ёй далі нумар… Зусім маладзенькая дзяўчына, без багажу…

– Але ж ніякай адзнакі ў кнігах…

– Як жа так, нарэшце! У вас тут дзяжурыў калідорны, ён нават па-ангельску не ўмее, чарнавалосы, кучаравы.

– А, Стэпан… Ну і што?

– Ён нас прымаў. Паклічце яго.

Яна націснула кнопку, і праз некалькі хвілін з'явіўся калідорны. Убачыўшы мяне, ён вытрашчыў вочы.

– Вы мяне пазналі? – запытаў я.

– Пазнаў, – буркнуў ён злосна.

– Гэтай ноччу я прыходзіў сюды разам з маладой дзяўчынай. Дзе яна?

– Пайшла, – вызверыўся калідорны. – Я яе выгнаў.

– Што? – ускіпеў я. – Вы яе выгналі? Як вы пасмелі! Я заплаціў… Вы не мелі права…

Ён выцягнуў з кішэні паперку і, шпурнуўшы яе мне ў твар, замармытаў:

– А гэта? Маеце права?.. Фальшывы даляр даваць?

– Фальшывы даляр?!.

Я падняў паперку і аслупянеў. Гэта нават не была фальшыўка. Гэта быў адзін з тых білецікаў, дзе на адным баку намаляваны даляр, а на другім – пералік тавараў – рэклама, якую некаторыя крамы раздаюць прахожым на вуліцы. Напэўна, я не разгледзеў яго мінулай ноччу, тым больш, што сагнуты папалам, ён вельмі нагадваў даляр, і ў мяне не было прычыны сумнявацца. А можа, гэты нягоднік яго падмяніў? Але пайсці на такое дробнае жульніцтва было б занадта подла, а гнеў калідорнага быў натуральны… Не… Значыць, работа Мірыям і яе сяброў. Пажартавалі, называецца!.. І гэта няшчасная…

– Куды яна пайшла? – закрычаў я. – Яе трэба абавязкова знайсці. Разумееце, мадам, чалавек гіне!.. Трэба ратаваць жыццё…

Я паўтарыў свой расказ аб начным здарэнні, але на гэты раз касірка мне, відаць, не паверыла.

– Нарэшце не цяжка ўявіць, мадам, што гэта – памылка, жахлівае непаразуменне… Што яна падумае? Яна была ў вялікім адчаі, калі я яе сустрэў… І вось прывёў яе сюды, пакінуў з гэтым фальшывым білетам, і ваш калідорны яе выгнаў, вытурыў… Ах! Разбіла ёй сэрца людская лютасць! У тым стане, у якім яна была, усё магчыма… нават самагубства…

Дарэмныя спрэчкі. Трэба было дзейнічаць. Я памчаўся ў Цэнтральны паліцэйскі ўчастак, дзе ў мяне быў знаёмы адзін высокапастаўлены кіраўнік – Мелвенэй. Ён выслухаў маё паведамленне з раўнадушнасцю чыноўніка, які ўсё ведае і да ўсяго прывык, але мігам падняў па трывозе паліцэйскія машыны ў квартале блізкім да моста. Вы ведаеце – у Ню-Ёрку безліч радыёфікаваных аўтамабіляў з узброенымі дэтэктывамі, якія трымаюць сталую сувязь з цэнтрам. Адказы паступалі адмоўныя. Гэтай жанчыны ніхто не бачыў.

– Зрэшты, гэта нічога не даказвае, – растлумачыў Мелвенэй. – Мною раскрыта нямала бясшумных самагубстваў. Заўтра ў нас будуць весткі ад рачной паліцыі.

Я адразу ж паехаў да Мірыям. Яна яшчэ спала. Пабудзіў і пачаў упікаць. Яна доўга смяялася.

– Праўда, гэта я. Але выпадкова… Раскрыўшы сумачку, каб ад шчырага сэрца даць вам тое, што вы прасілі, я заўважыла рэкламны білет, які мне падсунулі ў краме і які я чамусьці захавала. Я ўявіла сабе вашу разгубленасць, калі шафёр адмовіцца ўзяць гэту пустышку. Я лічыла, што жарт мой зусім бяскрыўдны, паколькі ў сваім гатэлі вы маглі пазычыць грошай у швейцара… Мне і ў галаву не прыходзіла, што вы надумаецеся сярод ночы выконваць ролю вандроўнага рыцара.

Праз тры дні Мелвенэй паведаміў мне па тэлефоне, што труп няшчаснай знойдзены ў водах Іст-Рывера. Следства так нічога і не выявіла. Ні адна з зарэгістраваных жанчын, што бясследна прапалі ў Ню-Ёрку і наваколлі, не была на яе падобна. Ніхто яе не апазнаў. Ні адна сям'я, ні адзін мужчына не прад'явілі прэтэнзій. Я і цяпер не разумею, як магла дзяўчына такой рэдкай прыгажосці расстацца са светам, не пакінуўшы пасля сябе ні жалю, ні смутку.