Андре Моруа – Навелы (страница 26)
– Асаблівых планаў у мяне няма. Хочаце, паабедаем разам?
Яна кіўнула ў знак згоды, працягнула руку, якую ён пацалаваў, і ў момант знікла.
Застаўшыся адна, яна доўга блукала па вуліцы, ані не спяшалася дадому. Усхваляваная, шчаслівая, яна дзівілася, што так прагна хапаецца за жыццё.
«Напэўна, – разважала яна, – Антуан не пажадаў бы, каб у мае гады я адмовілася ад кахання… Ён бы мне параіў выйсці замуж яшчэ раз… Я сама, калі б памерла…»
Усё гэта было правільна, але яна ўжо набыла прывычку хадзіць у жалобе, і, пасля такога кароткага ўдаўства, нялёгка было абвясціць сябрам і радні рашэнне цалкам процілеглае. Што скажа Амелія? Асудзіць, не іначай. Але хіба можна ўвесь век жыць для другіх? Шлюб павінен быць вельмі сціплы, без ніякага шуму, толькі самае неабходнае. Яна ўявіла сабе плацце, якое надзене ў гэты ўрачысты дзень: шэрае, з белым адкрытым каўнерыкам і яшчэ трошкі белага ў поясе, каб было прыгажэй.
Лёс
– Лёс? – сказаў Бландэль. – Не, я не веру ў лёс… ці, больш дакладна, не веру ў тым сэнсе, які надавалі гэтаму слову ў старажытнасці… Я не веру, што нейкая варожая сіла, схаваўшыся за ўсыпанай зоркамі заслонай, вышуквае людзей і рыхтуе ім гібель… Я не веру, што нейкі пякельны механізм, сканструяваны багамі, заўсёды абкружае нас сваімі хітра-мудрымі і жорсткімі спружынамі, якія мы накручваем і прыводзім у рух… Не… Наадварот, я веру, што сусвет абыякавы да ўчынкаў людзей і кожны з нас можа, у пэўнай меры, каваць свой уласны лёс… Такая вера супакойвае… Аднак…
Ён спыніўся і хвілінку падумаў:
– Аднак бывае такі дзіўны збег акалічнасцей… такія цудоўныя супадзенні… спалучэнні падзей, калі ўсё адно да аднаго, зубец да зубца, шасцярня да шасцярні, так дапасавана і з такой няўхільнасцю прыводзіць да катастрофы, што спасылка на выпадковасць не кожнага можа задаволіць. О, я добра ведаю, што з мільярдаў фактаў, сведкамі якіх мы былі, знойдзецца некалькі незвычайных… Тым не менш д'ябальская злашчаснасць гэтых здарэнняў нярэдка можа здзівіць людзей самых далёкіх ад забабоннасці.
Слухайце… Аднойчы ў Ню-Ёрку… Але гэта доўгая гісторыя.
Ён уздыхнуў, адпіў глыток кавы, потым, калі ўсе мы прыціхлі, пачаў расказваць:
– Вы, можа, памятаеце, што я жыў у Амерыцы праз некалькі год пасля сканчэння першай сусветнай вайны. Гэта быў перыяд пратэкцыянізму, абмежаванняў і так званага «прасперыці». Жыццё ў Ню-Ёрку здавалася мне лёгкім, мітуслівым і даволі-такі нудным. Завяліся ў мяне і сябры, былі сярод іх нават людзі выдатныя: маладыя прафесары, якія потым, пры прэзідэнце Рузвельце, сталі асобамі магутнымі; маладыя актрысы, што цяпер зіхацяць на Брадвеі, а пачыналі беднымі прыгажунямі; маладыя журналісты, якія здзіўлялі смеласцю сваіх ідэй, а сёння выйшлі ў людзі і лічацца кансерватарамі…
Мы арганізавалі невялічкі гурток і кожны вечар збіраліся то ў бары на 52-й вуліцы, куды нас прываблівалі кухня і адмысловы італійскі вермут, то на кватэры каго-небудзь з нас. Мы пілі многа. А напіўшыся, пачыналі гульню ў любоў проста так, без ніякіх пачуццяў, альбо слухалі мурынскі джаз, і не скажу, што былі шчаслівыя.
Нейк раз вечарам уся наша кампанія абедала ў Мірыям Джэнінгс, якая жыла па той бок Іст-Рывера на Лонг Айлендзе ў арыгінальным доме ружовага колеру. У нашым гуртку яна адна была багатая і магла прыняць разам усіх… Вы ведаеце Мірыям Джэнінгс па галівудскіх фільмах. Вы ёю захапляецеся, і не без падставы. Гэта – вялікая актрыса. Але мала хто ведае, што гэта кіназорка была ў свой час проста жанчынай…
Яна была з тых, каго амерыканцы называюць «школьнымі нявестамі». Дачка святара, яна выхоўвалася на шчодрую дапамогу ў адным з лепшых каледжаў і вырасла дзяўчынай прыстойнай і пікантнай. Скончыўшы школу, яна выйшла замуж за Джэнінгса, старога мільянера, які да гэтага разоў пяць разводзіўся, і да такой ступені быў нудны, што ніяк не мог падабраць сабе жонку без папярэдняга кантракта на вялікую суму, але, і пры гэтай умове, больш двух гадоў ні адна з яго жонак не вытрымлівала. Учынак Мірыям быў дзіўны, і не скажу, каб пахвальны, але яна ўсё як след прадумала і добра сыграла сваю ролю. Разлік яе быў такі: цярпець два гады брыдкага, а можа, і агіднага мужа, каб заваяваць сабе незалежнасць на ўсё астатняе жыццё. Яна развялася з Джэнінгсам пасля цікавага падарожжа ў Італію. Гэта было зроблена без шуму, без сваркі, і стары дзівак, каб адзначыць разлуку, наладзіў пышны банкет, на які былі запрошаны ўсе шэсць жонак… Але, як кажа Рэдыярд Кіплінг, гэта ўжо другая гісторыя.
Дык вось, уявіце сабе вечарынку ў Мірыям: срэбныя кандэлябры… свечкі – ружовыя і блакітныя… святло мяккае… закускі далікатныя, амаль эўрапейскія… шампанскага ўдосталь… Жанчыны бялявыя, і ўсе крыху пад чаркай… Пасля абеду селі гуляць у покер. Я ў карты невялікі мастак. А ў гэты вечар мне асабліва не шанцавала. Я быў па вушы закаханы ў Мірыям, і ёй падабалася дражніць мяне, распальваць маю рэўнасць. Пад поўнач у мяне не было ўжо ні цэнта, і, калі я ўбачыў Мірыям каля Эрнеста Франца, музычнага крытыка, да якога яна ледзь не тулілася, прымушаючы гэтага педанта піць віно, я раптам заявіў, што стаміўся, што заўтра раніцай у мяне работа і што я іду спаць.
Уся кампанія шумна запратэставала. Каля майго паліто і капелюша завязалася сапраўдная бойка. Мяне нізашто не адпускалі. Мірыям села мне на калені і пачала абдымаць. Але я, змарыўшыся за вечар, ад свайго не адступаў. Тон спрэчак, спачатку вясёлы, стаў нарэшце прыкры, і скончылася тым, што я нагаварыў ім грубасцей. Няньчыцца са мной ім надакучыла. Я аплаціў свой пройгрыш, нейкую фантастычна завышаную суму, і збіраўся ўжо ўцячы, але, праверыўшы кішэні, пераканаўся яшчэ раз, што ў мяне няма грошай нават на таксі. Пачаў накрапваць дождж. Дом Мірыям быў вельмі далёка ад майго гатэля, апроч таго, я дрэнна сябе адчуваў пасля шматлікіх кактэйляў і шампанскага. І я адважыўся прасіць у гэтых п'яных вар'ятаў, ці не дасць мне хто з іх адзін даляр. Зразумела, яны зноў прычапіліся да мяне, прабуючы затрымаць. Усе са смехам адмовілі, абяцаючы даставіць мяне ў сваёй машыне, калі я іх пачакаю да шасці гадзін раніцы. Мяне ўжо разбірала злосць, але тут Мірыям дастала з сумачкі адзін даляр і падала мне:
– Вазьміце, мой мілы, я адна ў вас сяброўка без эгаізму… Я хачу вас мець пры сабе і таму даю сродак збегчы… Спакойнай ночы.
І яна дакранулася губамі да маёй шчакі. Я паспешна схапіў даляр, пацалаваў Мірыям і выскачыў пад шалёныя крыкі і дружны рогат.
Густая імжака ляпілася мне на твар і на рукі. Пустыя вуліцы. Нізкія змрочныя дамы. Увесь квартал нібы вымецены таямнічай варожай сілай. Я не ведаю нічога больш вясёлага, як Ню-Ёрк Пятага авеню, з яго лёгкімі палацамі на цудоўных абрусах белага святла. Але, калі адысці ад галоўных вуліц, аблічча гэтага горада мяняецца са страшэннай хуткасцю. Ці то гангстэрскія фільмы далучылі ў нашым уяўленні да гэтых дэкарацый раптоўныя лютыя драмы? Не ведаю, але, як толькі я пакідаю рухомыя агні Брадвея альбо ціхую пышнасць Цэнтральнага парка, мяне ахоплівае туга.
Я ведаў, што не знайду таксі, пакуль не перабяруся цераз Іст-Рывер, і накіраваўся на вялізны жалезны мост… Забыў яго назву… Здаецца, Квінсбара-Брыдж… Пяць гадзін назад, праязджаючы там, я быў уражаны кіпучым рухам на мосце, грукатам аўтамабіляў, чырвонымі і белымі агнямі ліхтароў.
Цяпер мясціна была бязлюдная, і толькі косыя лініі высокіх металічных ферм разразалі туман сваімі чорнымі ромбамі.
Я прайшоў ужо амаль палову моста, нікога не сустрэўшы, як раптам у тумане, з правага боку ад мяне, хутчэй угадаў, чым убачыў, жаночую постаць. Яна схілілася над парапетам – і гэта было небяспечна ці, ва ўсякім разе, дзіўна. Я адразу ж падумаў, як зрабілі б і вы на маім месцы, пра безліч выпадкаў самагубства, вядомых нам, і падышоў да жанчыны. Яна рэзка павярнулася, пачуўшы мае крокі, і, убачыўшы мяне побач, кінулася на парапет з такой рашучасцю, што я інстынктыўна схапіў яе за руку і пацягнуў да сябе.
Перада мной стаяла вельмі прыгожая дзяўчына, без капелюша, са збітымі, вільготнымі валасамі і тварам, залітым слязьмі. Не памятаю, у якім яна была адзенні. Аднак у мяне тады не склалася ўражання, што яна з бедных. Мне нават здаецца, што на шыі ў яе была ліса ці якое іншае футра. Не… Гэта не ад беднасці – яе прыгнаў сюды страх. Яна ляскала зубамі, і губы яе дрыжалі.
– Што вам ад мяне трэба? – закрычала яна. – Пакіньце мяне! Не прыставайце да мяне!
Цяпер я быў упэўнены, што магу стаць удзельнікам адной з банальных драм: прахожы перашкаджае жанчыне ўтапіцца. Такая роля мяне вельмі бянтэжыла. Кактэйлі Мірыям не прасвятлілі маіх думак і не прыдалі цвёрдасці маім учынкам. Не ведаю, што я гаварыў гэтай няшчаснай, мабыць, якое-небудзь глупства. Зрэшты, гэта не мае значэння. Жанчыне, якую я трымаў за руку, патрэбен быў жывы чалавечы голас і трошкі сілы, каб адцягнуць яе ад парапета. А гэта ў мяне было.
Праз хвіліну, па-ранейшаму трымаючы яе за руку, я ішоў разам з ёю па кладках моста і няскладна паўтараў:
– Ну, што гэта з вамі?.. Што гэта з вамі?.. Што здарылася?.. Вас кінуў мужчына?.. Магу вас запэўніць, што паміраць праз гэта не варта… Каб вы толькі ведалі, колькі разоў я сам у нядобрую часіну жадаў знікнуць… Нават толькі што я б не дорага даў за жыццё, а цяпер вельмі рад, што апынуўся тут, каля вас.