Андре Моруа – Навелы (страница 30)
Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваімі цяжкімі вачамі, пад якімі віселі пухлыя мяшкі; ён пакручваў у пальцах аловак і нейк дзіўна прыціскаў яго да ніжняй губы.
– Лепш за ўсё вам падыдзе, – прамовіў ён павучальным тонам, – транзітная віза ў Лімб.[3]
– Калі гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.
– Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.
– А ад каго залежыць?
– Ад ККК… Камісіі Каматознасцей і Каталепсій.
– О госпадзі! А дзе яна знаходзіцца?
– Невялічкі асобны будынак у паўднёва-заходнім канцы поля.
Ён зірнуў на гадзіннік:
– Але вы не паспееце туды да закрыцця.
– Што ж мне рабіць?
– Вярнуцца ў горад… Прыйсці заўтра.
– У мяне сіл няма.
– Ну так, ну так… Усе вы на гэта спасылаецеся… І будзеце хадзіць дзесяць дзён, дваццаць дзён… Наступны!..
І вось я зноў апынуўся на балоцістай сумнай пляцоўцы, якую агортвалі адразу ноч і туман. Ізноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вільготнай цемры прахадную будку. Ізноў трамвай са скрогатам даставіў мяне ў душны пакой, у якім мігаценне светлавой рэкламы і грукат электрычкі не давалі заснуць. Гэта была жудасная ноч. Абліты потам, я задыхаўся. На світанні ўзяў чамадан і паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явіўшыся ў такі нялюдскі час, пападу адным з першых. Аднак іншыя пасажыры разважалі гэтак жа, і яшчэ ніколі я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргі. Выстаяўшы гадзіны тры і дабраўшыся да будкі, я сказаў вартаўніку тонам бывалага пасажыра:
– Вы мяне ўжо бачылі.
– На які рэйс?
– На аб'яднаны.
Ён мяне прапусціў. Цяпер мне трэба было знайсці кантору ККК. «Паўночна-заходні канец поля», – даў адрас Франк… Я прабаваў арыентавацца, як умеў… Сонца хавалася ў тумане, але расплывістая пляма цьмянага святла паказвала, дзе яно прыблізна знаходзіцца. Я перайшоў цераз імшыстую нізіну, дзе сярод чахлага трысця і нізкарослага хмызняку варушыліся слімакі і жабы. Нарэшце я заўважыў адзінокі будынак з чырвонай цэглы, на якім выдзяляліся тры белыя літары «ККК». Дом быў невялікі, звычайны, службовы, накшталт тых, што будуе ведамства мастоў і дарог на французскіх станцыях. З адчаем убачыў я, што, нават і ў гэтым глухім кутку, перад дзвярамі варушыліся сотні наведвальнікаў; некаторыя з іх горка плакалі.
Не буду апісваць гэта новае чаканне. Я так стаміўся, што не меў сілы ні скардзіцца, ні пакутаваць. Калі надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакітнай уніформе. Яна не была прыгожай ні з твару, ні з фігуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзій; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэдніка, увіхалася спрытна і шпарка. Відаць, яна не належала да той катэгорыі служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды і ўскладняючы становішча.
– Вы гаворыце, што бачылі пана Франка?.. У вас ёсць накіраванне ад яго?
– Ёсць. Калі ласка.
– Добра… Пагляджу… Значыць, вы просіце візу на часовы прытулак… Колькі часу, думаеце, спатрэбіцца вам, каб… я не кажу, забыць, а каб аслабіць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?
– Не ведаю… У маім узросце…
– У вас няма ўзросту… Дзесяць год хопіць?
Яна ў момант запоўніла друкаваныя бланкі, дала іх мне падпісаць, потым праводзіла мяне да вельмі старога чалавека, які сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.
– Пан камісар, – далажыла яна. – Гэта пропуск на пэўны тэрмін па просьбе пана Франка… Усё ў парадку.
Дзядок падпісаў, не чытаючы, і паставіў штэмпель з датай.
– А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, – спагадліва параіла дзяўчына. – Зараз пятнаццаць гадзін. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.
«Хутчэй бегчы…» Нішто сабе парада! Я ледзьве цягнуў збалелыя ногі. Знадворку туман згусціўся яшчэ больш. Я хутка згубіў сцежку, заблытаўся ў калючым трысці і ўпаў. Падняўся ўвесь у гразі, калоцячыся ад холаду, і ў такім нервовым напружанні, што патраціў некалькі гадзін, пакуль адшукаў будынак Б. Там было ўсё замкнёна.
– Вам трэба вярнуцца ў горад і прыйсці заўтра, – сказаў швейцар.
Але я так стаміўся, што, карыстаючыся цемрай і туманам, ціхенька зайшоў за будынак і правёў ноч у нейкіх кустах пад перакуленай ваганеткай. Я прачнуўся ў дрыжыках, увесь пранізаны болем. Ад самага пачатку майго злашчаснага вандравання па канторах і канцылярыях толькі цяпер упершыню выбліснула сонца. Мне здалося, што яно стаіць надта высока, і я з трывогай зірнуў на гадзіннік. Было ўжо за поўдзень. Ніякага сумнення, што я заснуў толькі пад раніцу і страшэнна заспаў. Я паспешна абышоў будынак і ўбачыў чараду мужчын і жанчын такой даўжыні, што вартаўнікі былі вымушаны падзяліць яе на групы.
Чаканне. Павольнае прасоўванне наперад. Бой гадзінніка, як удары нажа ў сэрца. Раз… Два… Чаканне перад ліфтам… Тры… Чатыры… Ніякіх надзей. Назад у горад. Кашмарная ноч… Ранішняя беганіна. Чаканне каля агароджы. Чаканне перад будынкам Б. Чаканне перад ліфтам. Марудны пад'ём да калідора трыццаць чацвёртага паверха… 1451… 3452… 3454. Павольнае перасоўванне з крэсла ў крэсла… «Наступны!» Нарэшце я зноў пападаю ў кантору пана Франка.
– А! Гэта вы! Прынеслі візу?
– Прынёс, – адказваю я, падаючы ў крэсла ад слабасці. – Вось яна.
Спачатку ён глянуў з задавальненнем і добразычліва, потым з прыкрасцю вытрашчыў на мяне вочы:
– Чаму ж вы не прыйшлі ўчора? Ваша віза несапраўдная.
– Як несапраўдная? Чаму?
– Тэрмін годнасці віз ККК – адны суткі. А чаму? Не ў маёй кампетэнцыі. Такое правіла. Хутчэй бяжыце да іх у кантору і папрасіце прадоўжыць тэрмін. Яны вам зробяць адразу… Наступны!
Ад гэтых слоў я наліўся гневам. З нянавісцю ўявіў свае бясконцыя бадзянні, гразішчу, слоту, марную мітусню і, без усякай павагі да навакольнага камфорту, забыўшы пра дваццаць асоб, што слухалі мяне ў пярэдняй, закрычаў не сваім голасам:
– Даволі, хопіць! Хопіць ганяць мяне па вашых канцылярыях, з чаргі ў чаргу, ад бюракрата да бюракрата! Хопіць вашых паперак! Наздзекаваліся! Намучылі! Хопіць! Хопіць! Хопіць!.. Калі выехаць адсюль так цяжка, я не паеду.
Я стукнуў кулаком па стале пана Франка; ён, мабыць, спужаўся, і не без падставы, бо я ашалеў ад злосці.
– Я не паеду! Я не паеду!
Франк паклікаў сакратара, яны схапілі мяне за плечы і выпхнулі з канторы. На шум з'явіліся два здаравенныя вартаўнікі, сціснулі мне рукі і вывалаклі з будынка. Вырваўшыся на волю, я пачаў бегаць па пляцоўцы і крычаць:
– Я не паеду!
Навокал сабралася шмат пасажыраў. Некаторыя прабавалі мяне ўгаварыць, але я нікога не слухаў.
– Я не паеду!
Раптам перада мной адкрыўся нейкі прасвет. Я кінуўся туды. Свежы салёны вецер павеяў мне ў твар. Два агеньчыкі выбліснулі ў тумане. Дзе яны? На якім беразе. Чуцён быў глухі грукат марскога прыбою.
– Я не паеду.
Агні набліжаліся. Што гэта? Агні ці чалавечыя вочы? Гэта былі вочы, мілыя шэрыя вочы, поўныя болю і смутку, вочы маёй жонкі Данаціны.
– Я не паеду, – прамовіў я слабым голасам.
– Доктар, – закрычала яна, – ён пачаў гаварыць!
– Значыць, хвароба адступіла, – пачуўся грубаваты голас доктара Галцье.
Апошнія пасмы туману чапляліся за фіранкі. Прывычныя контуры мэблі выразна вырысоўваліся ў дзённым святле. На сценах зазіхацелі жывымі колерамі знаёмыя карціны, і над самым маім тварам, блізка-блізка, блішчалі ў слязах вочы Данаціны, гордыя і поўныя любві.
Мурашкі
У каробачцы паміж дзвюма шклянымі пласцінкамі, абклеенымі з бакоў паперай, варушылася і працавала цэлае племя дробненькіх карычневых пачвар. Прадавец насыпаў мурашкам трошкі пяску, і яны пракапалі ў ім хады, адусюль накіраваныя ў адзін пункт. Там, у самым цэнтры, амаль нерухома сядзела крыху большая мурашка. Гэта была Каралева, і ўсе астатнія з пашанай кармілі яе.
– З імі няма ніякага клопату, – сказаў прадавец. – Даволі раз у месяц пакласці ім кроплю мёду ў гэтую дзірачку… Толькі адну кроплю… А мурашкі ўжо самі перанясуць яе і падзеляць.
– Усяго адну кроплю ў месяц? – здзівілася маладая жанчына. – Няўжо адной кроплі мёду хопіць гэтым істотам на цэлы месяц?
На ёй быў вялікі капялюш з белай саломкі і муслінавая сукенка ў кветачкі, без рукавоў. Прадавец маркотна паглядзеў на яе.
– Адной кроплі хопіць, – паўтарыў ён.
– Цудоўна, цудоўна! – усклікнула ў захапленні маладая жанчына.
І купіла празрысты мурашнік.
– Дружа мой, вы яшчэ не бачылі маіх мурашак?
Беленькая ручка з наманікюранымі пальчыкамі трымала шкляную каробачку з жывымі істотамі. Мужчына, які сядзеў каля маладой жанчыны, любаваўся яе плячамі і зграбнай шыйкай.
– Як з вамі цікава, дарагая… Вы ўносіце ў жыццё навізну і разнастайнасць… Учора вечарам Бах… Сёння мурашкі…