18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 28)

18

Луіза зірнула на Фоку і засмяялася, але, каб не пакрыўдзіць мамачку Тарэзу і яе сына, тут жа прыкрыла рот рукой.

— Але я яшчэ ніколі не думала аб замужжы...— стараючыся быць сур'ёзнай, сказала Луіза.— Я не ўяўляю сабе... і наогул...

— Дзіцятка мае, думаць цяпер за цябе будзе мой сын.

— Але мне толькі чатырнаццаць гадоў! — усклікнула Луіза.

— Чатырнаццаць? — мамачка Тарэза яшчэ раз здзіўлена агледзела дзяўчынку з ног да галавы.— Вось як? Што ж, значыць, нам трэба пагаварыць з тваімі бацькамі.

— У мяне няма бацькоў,— ціха сказала Луіза.

— А хто ёсць? — асцярожна спытала мамачка Тарэза.

— Брат.

— Цудоўна! — усклікнула мамачка Тарэза.

— Што — цудоўна? — не зразумела дзяўчынка.

— З братам тваім мы дамовімся. Пакуль табе не споўніцца васемнаццаць гадоў, ты пажывеш у нас. Пасля...

— Але я не хачу жыць у вас! — перабіла жанчыну Луіза.

— Дурненькая, ты сама не ведаеш, што ты гаворыш. Ты сама адмаўляешся ад свайго шчасця.

— Ага, ад шчасця,— паспешна заківаў галавой Фока.— Ты толькі слухай маю мамачку, і ўсё будзе добра.

— Ды не хачу я нікога слухаць! — крыкнула Луіза. Тарэза махнула рукой.

— Дзе твой брат?

— Не ведаю,— змахлявала дзяўчынка,— яго няма дома.    

— Калі вернецца, перадай яму, што хутка ён будзе апранацца ў лепшых мадэльераў горада і жыць,— мамачка Тарэза  акінула позіркам домік Луізы,— жыць ён будзе ў прыгожым I багатым асабняку. Я ведаю, як трэба размаўляць з мужчынамі.

— Не сумнявайся, яна ўсё ведае,— заківаў галавой Фока, але Луіза толькі паморшчылася, зірнуўшы на яго.

Раздзел пяты

ВЫПРАБАВАННЕ ВОДАМАБІЛЯ

Луіза яшчэ не паспела апамятацца пасля нечаканага візіту мамачкі Тарэзы і яе сыночка, як у дом заляцеў шчаслівы, увесь перапэцканы аўтамабільным маслам Гардзей.

— Атрымалася! — закрычаў ён.— У мяне атрымалася! Уяўляеш?!

— Што атрымалася? — не зразумела Луіза.

— Я стварыў машыну, якой не патрэбен бензін! Я нарэшце стварыў яе!

— Гардзейка, ты малайчына! — радасна сказала Луіза.— Я верыла. Усе смяяліся, а я верыла, што ў цябе атрымаецца.

— Мы зараз жа павінны выпрабаваць яе! Мы аб'едзем на ёй увесь горад!

— Пачакай, Гардзейка! Зірні на сябе: табе трэба пераапрануцца.

— Так-так,— сумеўся брат.— Сёння ў мяне свята, і я павінен апрануцца адпаведна.

Праз некалькі хвілін ён ужо стаяў перад сястрой памыты, прычасаны, у новых джынсах і кашулі. Твар яго зіхацеў, нібы люстэрка, якое злавіла сонечны "зайчык".

— Можна пачынаць! — урачыста прамовіў Гардзей, і яны накіраваліся ў гараж.

— Як ты лічыш, што гэта? — спытаў Гардзей у сястры і кіўнуў галавой у бок машыны.

— Як што — аўтамабіль.

— Не зусім. Правільней яго будзе называць водамабілем. Я так лічу. Я стварыў машыну, якая працуе не на бензіне, а на чыстай вадзе, уяўляеш?!

— Здорава!

Дзіва што,— задаволена ўсміхнуўся Гардзей.— Але не гэта галоўнае. Сядай у водамабіль, ты зараз яшчэ нешта незвычайнае ўбачыш.

Луіза асцярожна забралася ў машыну, Гардзей упэўнена палез за ёй.

— Вось, глядзі,— сказаў ён, паказваючы на невялікую скрынку, уманціраваную ў прыборную панель.— Гэта камп'ютэр, які будзе замест мяне кіраваць водамабілем. Ён дакладна вызначае шчыльнасць руху на дарогах, рэгіструе пробкі, выбірае аптымальны шлях.

— Хіба гэта магчыма? — няўпэўнена спытала Луіза.

— Яшчэ як магчыма! — засмяяўся Гардзей.— Паехалі.

Ён націснуў зялёную кнопку, размешчаную ў ніжнім правым кутку прыборнай панелі, на якой адразу загарэлася некалькі рознакаляровых лямпачак, і машына сапраўды кранулася з месца, набіраючы хуткасць. Гардзей сядзеў на мяккім сядзенні, закінуўшы рукі за галаву, і нават не спрабаваў кіраваць. Зрэшты, гэта было і немагчыма, паколькі руль у водамабілі адсутнічаў.

Імчацца па горадзе на машыне без руля — задавальненне, якое немагчыма пераказаць. Праўда, спачатку, як толькі дзіва-тэхніка даганяла які-небудзь "мерседэс" ці "жыгулі", Луіза сціскала кулачкі і пішчала ад страху, але хутка прывыкла і сама пачала "кіраваць" водамабілем.

— Зменшыць хуткасць! — уладарным голасам казала яна ў маленькі мікрафончык, замацаваны на камп'ютэры, калі іх машына занадта разганялася. I тая паслухмяна змяншала хуткасць.

— Абагнаць! — камандавала дзяўчынка, і водамабіль сапраўды даваў улева і абганяў чарговую машыну.

Гардзей моўчкі сядзеў побач і шчасліва ўсміхаўся.

Хутка яны апынуліся на другім канцы горада. Тут рух быў не такі ажыўлены, як у цэнтры, і водамабіль ішоў роўна, не змяншаючы хуткасць і не павялічваючы яе.

Мінула яшчэ некалькі хвілін, і Луіза з Гардзеем ужо мчаліся па звілістай лясной дарозе.

— Можа, будзем вяртацца? — час ад часу няўпэўнена пытаўся ў сястры Гардзей, але па яго го ласе няцяжка было здагадацца, што ехаць назад хлопцу самому зусім не хочацца.

— Зараз,— адказвала Луіза.— Вунь за той павароткай развернемся.

Але як толькі яны даязджалі да павароткі, дзяўчынка прасіла:

— Давай даедзем вунь да таго дрэва і будзем разварочвацца.

Раптам матор пачаў барахліць і нечакана наогул заглух. Гардзей, засмучаны, выйшаў з машыны. Луіза паспяшалася за ім.

— Што-небудзь сур'ёзнае? — спытала яна.— Мы зможам даехаць дадому?

— Не ведаю,— паціснуў плячыма Гардзей.— Трэба паглядзець. Вось толькі ў мяне з сабой няма ніякіх інструментаў.

Тым часам на зямлю апусціўся вячэрні змрок, і корпацца ў машыне было ўсё цяжэй.

Гардзей зрабіўся зусім змрочны. Луіза трымалася наводдаль, каб не замінаць брату.

Здалёк пачуўся шум матораў. У іх бок імчалася некалькі матацыклаў.

— Ура! — крыкнула Луіза.— Зараз нам дапамогуць!

Гардзей выцер рукі бруднай прамасленай анучкай і пачаў махаць ёй, просячы матацыклістаў спыніцца. Іх было пяцёра. Яны сапраўды спыніліся. Знялі шлемы. I чамусьці ад разу не спадабаліся Луізе. Выгляд у іх быў высакамерны, а ў паходцы — тая цвёрдасць і ўпэўненасць, якая многіх прымушала паспешна саступіць ім дарогу, далей ад ліха.

— У нас вось... вода... водамабіль сапсаваўся,— крыху вінавата прамовіў Гардзей.

— Хто-хто сапсаваўся? — перапытаў адзін з матацыклістаў. Як і астатнім чатыром, на выгляд яму было не больш за дваццць гадоў.

— Водамабіль,— ціха паўтарыў Гардзей.

― Вода...— хлопец не дагаварыў і зарагатаў.— А ён што ў цябе, толькі па вадзе ездзіць? Ці, можа, па лужынах?

Матацыклісты падтрымалі таварыша дружным смехам. А той адштурхнуў Гардзея і накіраваўся да машыны. Ад нечаканасці Гардзей згубіў раўнавагу і ўпаў. Зноў пачуўся рогат.

— Што вы робіце? Як вам не сорамна?! — закрычала Луіза.

— О, якая прыгажуня! — усклікнуў адзін з хлопцаў.— Паехалі з намі!