Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 27)
I яна зноў зашаптала:
— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы свой твар.
За такія грошы,— прамармытаў Фока,— я б і сам навучыўся размаўляць з духамі і расказваў бы, што з кім некалі адбудзецца.
Але Варажбітка не чула яго. Яна ўважліва глядзела ў кубачак, вочы яе рабіліся ўсё большымі, а губы шапталі незразумелыя словы:
— Шардома зандоры... атома чарборы...
Апошняя з кінутых Варажбіткай на стол карт раптам пачала рухацца сама па сабе.
Рукі старой затрэсліся, і яна зашыпела:
— Грошы, кідайце грошы!
Мамачка Тарэза дастала з сумачкі некалькі манетак і кінула іх на стол, заварожана пазіраючы на карту, якая рухалася да краю стала.
Нечакана кава ў кубачку пачала святлець і ператварылася ў люстэрка.
— Чорнае возера, дзякуй табе,— шаптала старая.— Чорная ноч, дзякуй табе.
Раптам у кубачку, быццам на экране тэлевізара, з'явіўся твар Луізы. Дзяўчына сядзела на лаўцы каля свайго дома і чытала кнігу.
— Божа, якая яна харошанькая! — усклікнула мамачка Тарэза.
— Я хачу ажаніцца з ёй! — запляскаў у далоні Фока.
— Цішэй вы! — зашыпела Варажбітка.— Вы замінаеце слухаць.
— Што слухаць? — здзіўлена спытала мамачка Тарэза.— Хіба ты што-небудзь чуеш?
— Яе імя...— закаціўшы вочы, прашаптала старая,— яе імя Луіза. Яна жыве... яна жыве... на вуліцы Сонечнай.
Але нечакана твар Луізы знік, і замест яго з'явіўся твар Фокі.
— Глядзі,— здзіўлена ўсклікнула мамачка Тарэза,— глядзі, Фокачка, гэта ж ты!
Фока заззяў ад радасці:
— Гы-гы-гы!
I тут яго твар у кубачку знік. Замест Фокі паказалася нейкая пачвара.
— Мама! — спалохана адскочыў ад стала Фока.— Хто гэта?
— Хто гэта? — паўтарыла сынава пытанне мамачка Тарэза. Але Варажбітка маўчала.
Раптам кава ў кубачку закіпела і пачала вылівацца з яго. Кава была пунсовага колеру, нібыта кроў.
— Што гэта такое? — закрычала мамачка Тарэза. Фока са страху палез пад стол.
Адна Варажбітка нерухома сядзела ў крэсле і моўчкі глядзела, як разліваецца па стале кава пунсовага колеру.
— Старая вядзьмарка! — не вытрымала мамачка Тарэза і сціснула кулакі.— Што ўсё гэта значыць?
Але Варажбітка адказала толькі тады, калі ў кубачку не засталося ні кроплі вадкасці.
— Забудзься на Луізу,— змрочна сказала яна Фоку, які спалохана высунуў галаву з-пад стала.
— Што ты плявузгаеш, старая вядзьмарка?! — ускіпела мамачка Тарэза.— Мой сын возьме яе ў жонкі!
— Забудзься на Луізу,— паўтарыла Варажбітка.— Яна не для цябе.
— Замаўчы! — не сунімалася мамачка Тарэза.— Якраз такі яна толькі для яго.
Фока разгублена лыпаў вачыма і не ведаў, што казаць.
— Не спяшайся насустрач сваей смерці,— паківала галавой Варажбітка.
— Што?! — громам пранёсся па пакоі голас мамачкі Тарэзы.— Старая вядзьмарка! Як ты магла такое ляпнуць?! Прайдзісветка! Фокачка, мы ідзём адсюль!
Раззлаваная мамачка Тарэза ўхапілася рукамі за край стала і з сілай перакуліла яго. Карты і грошы пасыпаліся на падлогу. Кубачак адскочыў да самай сцяны, але застаўся цэлы. Фока ўскочыў на ногі і першы кінуўся да дзвярэй. Мамачка Тарэза накіравалася следам.
— Пастойце,— крыкнула Варажбітка,— а як жа яшчэ пяцьдзесят залатых манет, якія вы павінны заплаціць пасля варажбы?!
— Пяцьдзесят залатых манет? — спынілася мамачка Тарэза, і злая усмешка прабегла па яе твары.— Дык ты ж ашуканка. Толькі вар'ят можа паверыць у твае казкі. Яшчэ дзякуй, што мы не забіраем у цябе тыя грошы, якія далі раней.
— Ага, столькі грошай далі! — падтакнуў Фока.
— Можаце забраць назад свае грошы! — Варажбітка, нібы яе хто ўкусіў, ускочыла з крэсла і кінула калючы позірк на гасцей.— Менш смецця будзе ў доме.
— Ах так! — сціснула зубы мамачка Тарэза.— Фокачка, збяры грошы!
Фока паслухмяна кінуўся падымаць раскіданыя па падлозе залатыя манеты, але раптам твар яго збялеў.
— Мамачка! — закрычаў ён.— Глядзі, мамачка, што гэтая зладзейка з імі зрабіла!
У яго руках залатыя манеты ператварыліся ў бляшаныя. Мамачка Тарэза цяжка задыхала і доўга не магла прамовіць ні слова.
— Што ж,— нарэшце сказала яна, звяртаючыся да Варажбіткі,— калі грошы для цябе смецце, не варта табе іх дарэмна даваць. Фокачка, мы ідзём адгэтуль!
— Ідзіце, ідзіце,— прабурчала Варажбітка.— А я пагляджу, чым усё скончыцца. Я пагляджу. Даўненька я не бачыла такога. Ідзіце, ідзіце, а я пагляджу, ідзіце на сваю пагібель. Так вам і трэба!
I Варажбітка глуха зарагатала.
Раздзел чацвёрты
ФОКА I ЛУІЗА
Луіза сядзела на лаўцы і чытала кнігу. Казка так захапіла яе, што яна не заўважыла, як праляцела некалькі гадзін.
— Прывітанне, Луіза,— нечакана пачула яна над галавой жаночы голас.
Луіза адарвалася ад кнігі. Маленькая і вельмі тоўстая цётачка глядзела на дзяўчынку з паблажлівай усмешкай. Побач з жанчынай стаяў такі ж невысокі і пухленькі хлопец і часта-часта лыпаў вачыма.
— Добры дзень,— сказала Луіза.
— Ну як? — мамачка Тарэза — а гэта, вядома ж, была яна — павярнулася да свайго сына.— Як табе нявеста?
— Гы-гы-гы,— здавалася, у Фокі адабрала мову. Нарэшце ён сказаў: —Тое, што трэба!
— I я так думаю,— пагадзілася з сынам мамачка Тарэза, агледзела Луізу з ног да галавы і зноў усміхнулася.
— Дзіцятка, я хачу сказаць, што табе вельмі пашанцавала.
— Чаму? — не магла нічога зразумець Луіза.
— Ты спадабалася майму сыну і мне таксама!
— Ну і што?
— Як — што? Ён хоча ажаніцца з табой!
— Ажаніцца?! — усклікнула Луіза.— Але... але я не хачу выходзіць замуж — ні за вашага сына, ні за чыйго іншага!
— Гэта яшчэ чаму? — здзівілася мамачка Тарэза.— Я, напрыклад, заўсёды хацела выйсці замуж! А пасля, паглядзі, які прыгажун у мяне сын!
Пры гэтых словах Фока пачырванеў і заўсміхаўся.
— Паглядзі, паглядзі на яго! — з захапленнем казала мамачка Тарэза.— Такога хлопца ты не знойдзеш ва ўсім горадзе!