18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 29)

18

— Прэч адгэтуль! — ледзь не плакала дзяўчынка.

— Вы толькі зірніце на гэты іх водамабіль,— насмешліва сказаў матацыкліст, які штурхануў Гардзея.— Дык у ім жа нават руля няма. Яны, мабыць, у сю дарогу пхалі гэтую развалюху!

— А цяпер стаміліся і захацелі, каб мы ім дапамаглі,— дадаў другі матацыкліст.

— Вось зараз мы ім і дапаможам,— сказаў са здзекам трэці.— Ану, давайце перакулім гэтую старызну, каб не замінала на дарозе.

I хлопцы дружна ўзяліся за справу.

Упяцёх яны лёгка перакулілі водамабіль. Машына спачатку цяжка павярнулася на бок, а затым легла дагары коламі.

— Вось так яна глядзіцца значна лепей,— задаволена сказалі хлопцы.

Збоку яны былі як браты-блізняты — амаль аднолькавага росту, апранутыя ў аднолькавага колеру курткі і штаны. Ды і твары іх у вячэрнім змроку таксама выглядалі аднолькава — злыя і самазадаволеныя.

— Як вы можаце! Вы не маеце права! — ускочыў Гардзей і кінуўся на хлопцаў.

Але адзін з іх моцна пхнуў яго. У Гардзея зляцелі акуляры.

— Акуляры! Мае акуляры! — крыкнуў Гардзей. Пад нагой матацыкліста трэснула шкло.

— Ну, я вам зараз пакажу!

Гардзей усхапіўся і пачаў чапляцца рукамі за вопратку то аднаго, то другога хлопца, спрабуючы адагнаць іх ад перакуленага водамабіля.

— Ідзіце адгэтуль! — крычаў ён з такой злосцю і нянавісцю, як, напэўна, яшчэ не крычаў ніколі ў жыцці.— Ідзіце адгэтуль, кажу!

Але яго словы выклікалі адно смех. Гардзея ніхто не баяўся. Яго знешні выгляд быў не з тых, калі не шкодзіць спачатку добра падумаць, перш чым нагрубіяніць альбо сказаць пра яго нешта насмешлівае.

Хлопцы рагаталі і штурхалі Гардзея адзін аднаму, быццам гулялі з мячыкам.

— Адпусціце яго! — упрошвала іх Луіза, але тыя, здавалася, нават не чулі яе.

Невядома, як бы ўсё гэта скончылася, калі б Гардзей не злаўчыўся і не стукнуў кулаком аднаму з хлопцаў у падбародак. Той ад нечаканасці ўзмахнуў рукамі, быццам збіраўся ўзляцець у паветра, і ўпаў. Аднак ён тут жа ўскочыў на ногі, выхапіў з кішэні курткі сцізорык, рассёк ім паветра і прашыпеў:

— Ну, цяпер трымайся.

— Гардзей, уцякайма, яны заб'юць цябе! — спалохана закрычала Луіза.

Яна падбегла да разгубленага брата, схапіла яго за руку і пацягнула за сабой.

— Хапайце іх, хапайце! — закрычаў нехта, і гэтыя словы дапамаглі Гардзею апамятацца.

Брат з сястрой пусціліся наўцёкі. Луіза трымала Гардзея за руку, а ён усё задыхана мармытаў:

— Мае акуляры. Я кепска бачу. Яны пабілі мае акуляры!

— Хутчэй, хутчэй, Гардзейка! — крычала Луіза.— Яны наганяюць нас!

Але куды бегчы? Вакол быў густы цёмны лес. Праўда, крыху наперадзе, амаль каля самай дарогі, пачыналася высокая цагляная агароджа. Няўжо нехта можа жыць у гэтай глухамані?

Аднак іншага выйсця, апроч як паспрабаваць трапіць за гэтую агароджу, у Луізы і Гардзея не было.

— Давай, Гардзейка, давай,— прасіла Луіза,— тут недзе павінны быць вароты.

— Я кепска бачу,— раз-пораз паўтараў брат.— Без акуляраў я кепска бачу.

— Хутчэй, Гардзей! Не можа быць, каб тут не было варотаў!    Здавалася, яны цэлую вечнасць бягуць узбоч бясконцай цаглянай агароджы.

Луіза баялася азірнуцца: раптам яна ўбачыць занесеную над сабой руку з нажом?! Тады ім ужо не ўратавацца.

А за спінай усё бліжэй чуліся пагрозлівыя крыкі і свіст. Усё мацней ад страху стукала ў грудзях сэрца.

— Трымай іх! — чуліся задыханыя галасы.

— Не дай ім уцячы!

— Ды нікуды яны ад нас не падзенуцца!

— Хапай жа, хапай яго!

Але вось нарэшце паказаліся выратавальныя вароты. Луіза і Гардзей налеглі на іх з усіх сіл — дубовыя вароты, пакрытыя мохам і нейкай агіднай сліззю, не адчыніліся.

— Гэта канец,— прашаптала Луіза і бездапаможна апусціла рукі.

— Гэй! — закрычаў Гардзей.— Там ёсць хто-небудзь? Дапамажыце!

Але за варотамі нічога не было чутно. Злавесная цемра разлівалася ў паветры, змрочна глядзелі на тое, што адбывалася вакол, дрэвы.

— Дапамажыце! — ужо безнадзейна закрычаў Гардзей.

Раптам вароты самі па сабе пачалі адчыняцца. Іншым разам Луіза і Гардзей вельмі б здзівіліся гэтаму, аднак цяпер іх думкі былі занятыя толькі адным — як бы ўратавацца.

Луіза з братам кінуліся па сцяжынцы, якая вяла ў глыб саду, і вароты тут жа зачыніліся перад самым носам праследавальнікаў.

— Д'яблавы дзеці, як яны здолелі адчыніць іх?!

— Паглядзі лепш, там павінна быць клямка.

— Ды няма тут ніякай клямкі.

— Ну і ну!

— А, ведаеце, чыя гэта сядзіба?

— Ну?

— Нейкага багатага дзівака, якога некалькі гадоў ужо ніхто не бачыў.

— Ён што, з'ехаў адсюль?

— Не ведаю. Але кажуць, што гэта праклятае месца, і ўсе яго стараюцца абыходзіць.

— Ага, наслухаўся бабуліных казак.

Праследавальнікі яшчэ некалькі хвілін пакруціліся каля варотаў і неахвотна пайшлі назад.

— Мы ўратаваліся,— радасна сказала Луіза.

— Мая машына,— уздыхнуў Гардзей.— Яны, відаць, зусім разаб'юць яе альбо падпаляць.

— Ты збярэш другую, лепшую,— абняла яго за плечы сястра.— I яна, магчыма, будзе працаваць на энергіі сонца. У цябе ж залатыя рукі!

Раздзел шосты

ДОМ, ДЗЕ АДБЫВАЮЦЦА ЦУДЫ

Чым бліжэй падыходзілі Луіза і Гардзей да вялікага двухпавярховага дома-асабняка, тым больш трывожна рабілася ў іх на душы. Здавалася, праз цёмныя вокны на іх глядзяць тысячы нябачных вачэй. Але разам з тым цікаўнасць настойліва падштурхоўвала іх наперад.

Луіза першая паднялася па прыступках ганка. Гардзей, праўдзе. Значыць, падумала Луіза, будзільнік нехта заводзіць, а гэта ў сваю чаргу азначае, што тут нехта жыве. Бо навошта заводзіць будзільнік, калі ты не жывеш у гэтым доме?

Луіза і Гардзей пачалі ўважліва разглядаць пакой. На сцяне вісела некалькі карцін. Невялікі столік, накрыты квяцістым настольнікам, які звісаў амаль да самай падлогі, некалькі крэслаў, вялізны, амаль на ўвесь пакой, мяккі дыван на падлозе — вось, бадай, і ўсё, што разгледзелі Луіза і Гардзей. Мэбля была зроблена пад даўніну, і гэта надавала пакою, асабліва ў паўцемры, урачысты і велічны выгляд.

Адзінае акно было шчыльна завешана чорнай шторай. У сцяне, супрацьлеглай ад увахода, знаходзіліся яшчэ адны дзверы, крыху прачыненыя.

— Не дыхай мне ў самае вуха! — раптам пачуўся нечы шэпт.

На яго тут жа зашыкаў нехта другі:

— Цішэй ты!