18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 17)

18

— Мой тата ў школе таксама кепска рос,— буркнуў Граня.— Затое цяпер ён самы высокі ў нашай сям'і.

— Хіба гэта так важна? — узняла бровы Неаніла, пасля звярнулася да Карыны:

— Я рада, што ты знайшла свайго сябра. Думаю, цяпер вы хутка трапіце дадому, бо ў маёй краіне ёсць дарога, якая вядзе проста ў Краіну Людзей. Але спачатку я хацела б, каб вы ў мяне павячэралі.

Карына і Граня не сталі адмаўляцца ад запрашэння і разам з маленькай феяй накіраваліся да альтанкі, у якой на століку ўжо стаялі талеркі з апетытнымі кавалачкамі смажанага мяса, гароднінай і садавінай.

Калі яны павячэралі, Неаніла правяла Карыну і Граню да варотаў замка і паказала на адну з дарог:

— Па гэтай дарозе трапіць у вашу краіну значна прасцей, чым вярнуцца назад. Таму падумайце, перш чым развітацца: можа, пагасцюеце ў мяне хаця б некалькі дзён?

Дзякуй, але нас ужо дома даўно чакаюць і хвалююцца,— уздыхнула Карына, якой, папраўдзе, вельмі хацелася пагасціць у Неанілы.

У гэты момант да іх падбег Галоўны Канструктар.

— Ваша Вялікасць! — звярнуўся ён да феі, узняўшы рукі.— Гэтыя канструктары-самавукі мяне зусім не слухаюцца! Яны разбіраюць у Вашым садзе чыгунку і хочуць будаваць новую! Але хіба можа ў самавукаў нешта атрымацца?! Вось пабачыце, Ваша Вялікасць...

— Ах, прабач, ты мне надакучыў,— перабіла яго маленькая фея, дастала з кішэні бліскучы пруцік і дакранулася ім да Галоўнага Канструктара.

— Ай! — усклікнуў Галоўны Канструктар і паваліўся на зямлю.

Неаніла яшчэ раз дакранулася да яго чароўным пруцікам, і Галоўны Канструктар зрабіўся зусім маленькім. Фея падняла яго, пакруціла ў руках і працягнула Карыне:

— Вазьмі на памяць. Цяпер гэта звычайная пластмасавая цацка.

— Дзякуй,— сказала Карына. Затым дастала з кішэні маленькае люстэрка.— А гэта Табе на памяць.

Калі замак застаўся далека ззаду, Карына задумліва прамовіла:

— Ёй, відаць, тут так адзінока.

— Калі б я ўмеў чараваць гэтак жа, як яна, мне б ніколі не было адзінока. Я знайшоў бы чым заняцца,— летуценна прамовіў Граня.

Карына уздыхнула, але нічога не сказала. Наперадзе паказаўся лес.

— Во будзе цікава, калі мы зноў апынемся ў ведзьмаў! — прамармытаў Граня.

Карына маўчала. У яе вачах было столькі суму, што, здавалася, яна вось-вось заплача.

Лес сустрэў іх цішынёй і змрокам. Сонца ўжо схавалася за даляглядам, і на небе вісеў бледны, яшчэ белаваты месяц.

— Паглядзі! — раптам усклікнула Карына і паказала Граню руку. Залатая нітка, завязаная Урсулай на яе запясці, ператварылася ў звычайную шаўковую.

Граня зірнуў на сваю руку і ўбачыў такую ж шаўковую нітку.

— Цяпер ведзьмы могуць ператварыць нас у каго заўгодна,— занепакоіўся ён.

— Толькі наўрад ці яны стануць тут нас шукаць. Асабліва Аўга, пасля таго як Ганеста забрала ў яе пярсцёнак,— супакоіла Граню Карына.

Хутка дарога вывела іх на ўзлесак, за якім пачыналася поле. За полем шматлікімі агнямі свяціліся вокны і вуліцы вячэрняга горада.

— Слухай, гэта ж Мінск! — радасна закрычаў Граня.— Мінск! Мы дома!

Карына спынілася, дастала з кішэні пластмасавага чалавечка і некалькі хвілін трымала яго на раскрытай далоні, быццам чакала, што ён вось-вось замахае рукамі і пачне крычаць: "Адпусціце мяне! Я Галоўны Канструктар Яе Вялікасці феі Неанілы! Вы не маеце права насіць мяне ў кішэні!"

Але пластмасавы чалавечак маўчаў.

Тады Карына сціснула яго ў далоні і кінулася даганяць Граню. Хутка яны зноў ішлі побач.

Граня нешта сказаў дзяўчынцы, і яна звонка засмяялася. Гэты смех падхапіла рэха і панесла назад — ляснымі сцежкамі, таямнічымі і нябачнымі, што вядуць у дзіўныя і загадкавыя краіны, якія не знойдзеш на карце.

ПРА МАЛПАЧКУ ЧЫТУ І ЯЕ СЯБРОЎ

ЯК МАЛПАЧКА СТАЛА ПАДАРУНКАМ, I ШТО З ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ

Гэта быў самы звычайны дзень, падобны на ўсе іншыя нічым не прыкметныя дні, у якія зусім не верыцца ў што-небудзь неверагоднае. Адным словам, такі ж звычайны, як і сённяшні. Паглядзі ў акно: хіба за ім не ўсё тое, абыклае, што ты бачыў ужо тысячу разоў? Тыя ж дамы, дрэвы, дарога... Нават верабей на галінцы клёна — ну, прыгледзься, гэта ж той самы верабей, які прылятае сюды кожны божы дзень.

Праўда, тады была сярэдзіна красавіка, якраз пятнаццатае чысло, а сонца толькі-толькі расчухвалася за даляглядам, незадаволенае, што трэба ўставаць на некалькі хвілін раней, чым учора. Але што ў гэтым незвычайнага, такога, каб можна было падумаць: ах, ну і дзянёк, пэўна, сёння здарыцца нешта неверагоднае!

Ніхто так не падумаў. Нават той, хто бачыў, як польска-беларускую мяжу пераехаў легкавы аўтамабіль з амерыканскімі нумарамі і тут жа спыніўся. З яго выйшаў высокі пан гадоў сямідзесяці і ўсклікнуў: "Ах, зямля маіх продкаў!" I нават праслязіўся. Затым зноў сеў за руль і паехаў далей, паўтараючы: "Ах! Ох!" Праўда, невядома, на гэты раз прычынай яго "ахаў" і "охаў" былі беларускія краявіды ці калдобіны прасёлачнай дарогі, на якую пан неўзабаве звярнуў.

I ўсё ж, менавіта ў той дзень, дакладней, у тую раніцу пятнаццатага красавіка, адбылося адно неверагоднае здарэнне. Хочаце ведаць якое? Тады паспяшаемся за амерыканцам — яго машына яшчэ не прызвычаілася да беларускіх дарог і спуджана тармазіла перад кожнай калдобінай, як перад прорвай.

Але, па праўдзе кажучы, не машына павінна нас цікавіць, а тое, што хвастом цягнулася за ёю, пагрукваючы, падскокваючы і правальваючыся ў ямкі, якія, вядома ж, ніхто знарок тут не выкопваў — а раз іх ніхто не выкопваў, то іх не было каму і засыпаць.

Хвастом на самай справе быў прычэп, дакладней, невялікі драўляны домік на чатырох колах — з вокнамі, дзвярыма і нават трубой на даху. Усярэдзіне доміка мелася ўсё неабходнае для пражывання ў ім: стол, крэсла, канала, печка, халадзільнік, шафа, тэлевізар — і гэта, калі не лічыць усялякіх прыемных, а часам і вельмі неабходных дробязей. Па дакументах домік належаў амерыканскаму пану, але жыла ў ім і карысталася ўсімі яго выгодамі Малпачка па імені Чыта. Гэта была маладая мартышка з рудой шавялюрай і доўгім хвастом.

У тую раніцу пятнаццатага красавіка Чыта прачнулася ад таго, што канапа, на якой яна спала, ні з таго ні з сяго вырашыла яе скінуць. Яна нахілялася то ў адзін бок, то ў другі, то раптам падкідала Малпачку ўгору.

Чыта прадзерла вочы і не адразу зразумела, што гэта не канапа яе ўзбунтавалася — проста домік усё яшчэ некуды ехаў, як і тады, калі яна клалася спаць.

Чыта супакоілася — яна любіла падарожжы. Малпачка датэпала да халадзільніка, дастала банан, вярнулася на канапу і пачала марыць, куды б ёй хацелася трапіць на гэты раз. На бераг мора? Ах, не! Там так шумна, і ні адной малпы, адны людзі, няма з кім словам перакінуцца. У горы? Хопіць, была ўжо аднойчы і ледзь не прастудзілася. Вось каб у якія-небудзь джунглі. Там і дрэваў шмат, і ёсць з кім пагаварыць.

Малпачка і не падазравала, што паўгода таму яе гаспадар атрымаў ліст з Беларусі ад свайго траюраднага брата, пра якога ведаў толькі з бацькавых слоў. I вось цяпер ён ехаў па зямлі сваіх продкаў, расчулены да слёз, ехаў у госці да траюраднага брата і вёз у падарунак... яе, Малпачку Чыту, разам з домікам на чатырох колах і ўсімі яго выгодамі. Сцены і дах доміка нехта размаляваў, не шкадуючы фарбаў. Атрымалася дзіўная карціна: проста на вершалінах зялёных пальмаў стаялі вялізныя сподкі з рознымі фруктамі — бананамі, апельсінамі, абрыкосамі. Над імі плылі воблакі мудрагелістай формы. Зрэшты, калі прыгледзецца, усе яны крыху нагадвалі маленькіх малпачкаў.

Спачатку машына трэслася між палёў, пасля нырнула ў лес — гэта пачыналася Белавежская пушча.

Чыта паспела з'есці тры бананы (як вядома, лепш за ўсё марыцца, калі ясі бананы ці яшчэ якую-небудзь смакату) і сабралася ісці па чацвёрты, але тут домік страсянуўся так, што ў вокнах зазвінелі шыбы, і спыніўся.

Чыта падышла да акна і адхінула фіранкі. За акном раслі дрэвы, на якіх пачалі прабівацца маладыя лісточкі. Дрэў было многа. Цэлы лес.

"Ага, мы ўсё ж прыехалі ў джунглі! — падумала Чыта.— Пахвальна, пахвальна".

Зразумела, цяпер ёй было не да бананаў. Бананамі абарыгенаў не здзівіш. А Чыце вельмі хацелася паказаць мясцовым малпам (а заадно і ўсім астатнім лясным жыхарам), што яна не раўня ім — жыве ў вялікім горадзе, у сваім доме, глядзіць тэлевізар, аб'ездзіла ўвесь свет, а тут — праездам.

Чыта палезла ў шафу і дастала цёмныя акуляры. З хвіліну пакрасавалася перад люстэркам, што вісела на сцяне, пасля чаго важна сышла па прыступках маленькага ганка.

Спачатку ёй падалося, што праз акуляры чамусьці відаць не ўсё, што павінна быць бачна. Чыта хуценька зняла іх, але і без акуляраў не ўбачыла машыны свайго гаспадара. Машына як скрозь зямлю правалілася!

Чыта села на ганачак і стала чакаць: можа, яна хутка вернецца? Можа, яна шукае, дзе развярнуцца? Але час ішоў, сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй, а машына не з'яўлялася.

А пасля Чыта захацела есці. Яна рашыла, што ўсё роўна дзе чакаць: у доміку ці на ганку, і паднялася ў домік. Калі сонца схавалася за дрэвамі і ў лесе пачало шарэць, Чыта зразумела: машына ўжо не вернецца. Раз яе, Малпачку, не кінуліся шукаць сярод дня, то ў прыцемках і пагатоў не кінуцца.

"Я ведала, гэта павінна было некалі здарыцца,— падумала Чыта.— Мой гаспадар ужо ў такім узросце, што яго самога пара вазіць у прычэпе, не дзіва, калі ён забыўся пра мяне".