Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 16)
— Вы хто? — звярнулася Неаніла да пластмасавых чалавечкаў.
Адзін з чалавечкаў зрабіў крок наперад і, працягнуўшы феі вялікія скруткі паперы, сказаў:
— Баюся, мы яшчэ не маем права называцца канструктарамі, бо ўсё, што мы прыдумалі, пакуль можна ўбачыць толькі на гэтых чарцяжах. Але мы спадзяемся, яны Вас зацікавяць. Тут мадэлі цягнікоў, аўтамабіляў і нават пластмасавых людзей. Яны больш надзейныя і даўгавечныя, чым тыя, што робяць Вашы канструктары.
— Гэта змова! — замітусіўся Галоўны Канструктар.— Гэта змова! Што цяпер будзе?
Неаніла не ўзяла чарцяжы, аднак сказала:
— Добра, пойдзем у замак, і там вы мне ўсё раскажаце.
— Не верце ім, Ваша Вялікасць! — заенчыў Галоўны Канструктар.— Гэта вядомыя махляры і няздары, якія толькі і думаюць аб тым, каб заняць у замку месца Вашых лепшых у свеце канструктараў.
— Дазволь мне самой вырашаць, каму верыць, а каму не,— холадна прамовіла маленькая фея і павярнулася, каб ісці ў замак.
У прыгожай летняй альтанцы канструктары-самавукі расклалі на круглым століку свае чарцяжы.
— Вось,— сказалі яны,— тубусе распісана. Можаце паглядзець самі.
— Але я нічога не кемлю ў чарцяжах,— прызналася маленькая фея.
— Затое я кемлю! — крыкнуў Галоўны Канструктар, які спрабаваў дацягнуцца падбародкам да століка, але ў яго нічога не атрымлівалася.— Я кемлю і бачу, што гэтыя чарцяжы нікуды не вартыя.
— Замаўчы! — паківала пальчыкам на Галоўнага Канструктара Неаніла і звярнулася да канструктараў-самавукаў.— Можа, вашы чарцяжы і добрыя, толькі я хацела б праверыць здольнасці кожнага з вас у канкрэтнай справе.
— Тады няхай яны адрамантуюць Твой верталёт,— прапанавала Карына.
— Правільна,— пагадзілася Неаніла,— адрамантуйце мой верталёт — гэта будзе для вас першым выпрабаваннем.
Канструктары-самавукі вельмі ўзрадаваліся магчымасці паказаць свой спрыт у такой адказнай справе.
Праз паўгадзіны яны вярнуліся ў альтанку і даклалі:
— Вінтавая вось была замацавана вельмі кепска і не стаяла на сваім месцы. Мы ліквідавйлі непаладку, аднак сама па сабе машына вельмі недасканалая. У нас ёсць схемы, па іх можна будаваць верталёты, якія лётаюць не толькі ўперад, але ўбок і нават назад.
— Лухта! — усклікнуў Галоўны Канструктар.— Такога не можа быць!..
— Скажыце,— перабіваючы Галоўнага Канструктара, звярнулася да майстроў-самавукаў Карына,— на верталёце, які вы толькі што рамантавалі, цяпер можна лётаць?
— Можна, хоць ён і не вельмі надзейны і разлічаны на кароткія адлегласці,— адказалі тыя.
— Ты дазволіш мне пашукаць на ім Граню? — спытала ў Неанілы Карына.
— Ну, вядома,— пяшчотна сказала маленькая фея.— Я буду рада, калі ты знойдзеш свайго сябра.
25. ЗНОЎ У КРАІНЕ ВЕДЗЬМАЎ
Верталёт ляцеў над дарогай, па якой нядаўна ішла Карына. За штурвалам сядзеў адзін з канструктараў-самавукаў.
— Дзіўна,— сказала дзяўчынка, разглядаючы кабіну,— мне здавалася, што ў верталётах павінна быць шмат розных кнопачак і правадкоў, а тут, апроч штурвала, нічога няма. Як гэта ён ляціць?
— Пра гэта лепш спытаць у нашай феі,— адказаў Майстар-Самавучка.— Яна ажыўляе нас і робіць так, каб маглі рухацца пластмасавыя цягнікі, машыны, верталёты.
— Значыць, ад вас, канструктараў, тут мала што залежыць? — расчаравана спытала Карына.
— Яшчэ як залежыць! — не пагадзіўся пластмасавы верталётчык.— Хіба машына можа ехаць, калі ў ёй адвальваюцца колы? Тут ніякая фея не дапаможа.
Карына мусіла пагадзіцца: і як ёй прыйшло ў галаву задаць такое недарэчнае пытанне?!
Тым часам наперадзе паказаўся лес.
— Усё,— сказаў Майстар-Самавучка,— там ужо іншая краіна.
— Табе забаронена туды ляцець? — з сумам у голасе спытала Карына.
— Можа, і не забаронена, не ведаю, але гэта вельмі небяспечна,— развёў пластмасавымі рукамі Майстар-Самавучка.
— Калі ласка,— папрасіла дзяўчынка,— мы далека не будзем залятаць, толькі крышачку — туды і назад.
Майстар-Самавучка ўздыхнуў, але не стаў больш пярэчыць. Верталёт паляцеў над вузенькай сцежкай — і так нізка, што ледзь не чапляў вершаліны дрэў.
— Думаю, нашай феі гэта не спадабаецца,— прамармытаў Майстар-Самавучка.
Раптам наперадзе паказалася бурная лясная рака. Праз раку вяла вузенькая кладачка з трох жэрдак — далека не кожны асмеліўся б перайсці па ёй на другі бераг.
— Дзіўна,— ледзь чутна прамовіла дзяўчынка,— няўжо я ішла па гэтай кладцы? Нічога не помню.
Рака засталася ззаду.
Нечакана сцежка, над якой яны ляцелі, злучылася з шырокай і прамой лясной дарогай, з якой у гэтым жа месцы злівалася яшчэ адна вузенькая сцежка.
— Стой! — закрычала Карына, нібы яны ехалі на аўтамабілі, а не ляцелі на верталёце.— Вось дарога, па якой мы павінны былі вярнуцца дадому. Значыць, я сышла з яе! А Граня альбо пайшоў па ёй далей, альбо павярнуў на тую сцяжынку.
— Што будзем рабіць? — спытаў Майстар-Самавучка.
— Калі Граня нікуды не зварочваў, то ён ужо, магчыма, дома. А калі ён звярнуў на тую сцежку... Давай паляцім над ёй!
Майстар-Самавучка паслухмяна развярнуў верталёт. Некалькі хвілін яны ляцелі над сцежкай, і раптам наперадзе зноў паказалася бурная рака з такой жа вузенькай кладкай з трох жэрдак.
— Ах! — усклікнула Карына.— Калі ён спрабаваў ісці па ёй...
Яна не дагаварыла.
— А цяпер што будзем рабіць? — спакойна пацікавіўся Майстар-Самавучка.
— Давай сядзем каля ракі,— папрасіла Карына.
— Гэта яшчэ больш небяспечна, чым проста ляцець над тэрыторыяй чужой краіны,— папярэдзіў пілот, аде, тым не менш, зрабіў так, як сказала дзяўчынка.
Карына вылезла з верталёта і агледзелася. Раптам яна заўважыла, што пад ніцай вярбой, якая расла каля самага берага, нехта ляжыць. Карына падышла бліжэй і радасна ўсклікнула:
— Граня!
Ад гучнага воклічу Граня абудзіўся, расплюшчыў вочы і недаўменна ўтаропіўся ў дзяўчынку, спрабуючы спрасонку зразумець, дзе ён і што з ім.
У наступны момант хлопчык усхапіўся на ногі і, паглядзеўшы па баках, расчаравана прамовіў:
— Ну вось, а мне снілася, што я ўжо дома, сяджу за сталом і ем смачныя аладкі са смятанай. I трэба было табе разбудзіць мяне якраз тады, калі я толькі што ўзяўся за шостую аладку,— уздыхнуў ён.
— Я разбудзіла цябе, каб ты мог не ў сне, а папраўдзе вярнуцца дадому,— сказала Карына.— Зірні, на чым мы зараз паляцім.
Убачыўшы верталёт, Граня недаверліва пакасіўся на Карыну:
— Слухай, а ты ўпэўнена, што разбудзіла мяне?
— Усё залежыць ад таго, што ты бачыш перад сабой — верталёт ці аладкі,— засмяялася дзяўчынка.
Калі яны падышлі да верталёта, Граня разгублена сказаў:
— Дык ён жа пластмасавы!
— Пачакай, ты яшчэ не так здзівішся, калі ўбачыш пілота,— паабяцала Карына.
Праз хвіліну верталёт падняўся ў паветра і зрабіў круты разварот. У той жа момант рака ўспыхнула блакітным полымем і знікла. Там, дзе яна толькі што цякла, з'явіліся дрэвы. Між імі стаяла старая Аўга і трасла кулаком у бок верталёта, які хутка знікаў з яе вачэй.
26. ВЯРТАННЕ
— Вось ён які, твой сябар,— сказала Неаніла, з цікавасцю разглядаючы Граню, калі дзеці вылезлі з верталёта.— Ростам такі ж, як і я.