18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 18)

18

Іншыя на яе месцы, магчыма, засмуціліся б, толькі не Чыта. Галоўнае — дом, а ён на месцы, нікуды не знік. Адно што спыніўся пасярод дарогі — ні прайсці ні праехаць.

Малпачка саскочыла з ганка, з усяе моцы ўперлася ў вугал доміка, і домік — балазе было з горкі — пакаціўся. Спачатку павольна, затым усё хутчэй і хутчэй. Наскочыўшы колам на камень, домік рэзка павярнуў убок, з дарогі, Чыта ўжо не піхала яго, а сама ледзь паспявала за ім.

Пэўна, не размінуўся б домік з якім-небудзь дрэвам, каб не сустрэўся на яго шляху малады арэшнік. З кустоў ён выехаў прыструнены і, быццам для прыліку, пракаціўшыся некалькі метраў, спыніўся акурат перад высокай старой сасной.

Так Малпачка Чыта пачала жыць у Белавежскай пушчы.

ПРЫСТОЙНАЯ КАМПАНІЯ

Чыта паправіла цёмныя акуляры і выйшла з доміка. Раз ужо яна трапіла сюды, трэба паглядзець, што гэта за лес і ці знойдзецца тут для яе прыстойная кампанія. Аднойчы яна чула, як гаспадар выгаворваў свайму сыну: "I што ў цябе за галава такая! Табе чатырнаццаць гадоў, а ў ёй розуму менш, чым у галаве нашай Малпачкі. Няўжо ты не можаш знайсці сабе прыстойную кампанію? Не раўняйся на таго, у каго няма чаму павучыцца".

З падслуханай размовы Чыта зрабіла для сябе дзве высновы. Першая: яна разумнейшая за сына гаспадара, хоць ён вучыцца ў школе, а яна не. Другая: прыстойная кампанія на дарозе не валяецца. Дый на каго Чыце раўняцца, калі яна пераканана, што ўсе павінны раўняцца на яе? А чаму б і не! Яна праз дзень сама засцілае свой ложак — раз! Ведае столькі літар, што можа прачытаць амаль што любое слова — два! Раз у тыдзень сама, без прымусу, чысціць зубы — тры!.. Адным словам, калі б прэзідэнтам Амерыкі можна было выбіраць мартышку — Чыта была б першай канкурэнткай. А можа, нават і адзінай.

Малпачка адышлася недалёка ад свайго доміка і агледзелася. Папраўдзе, яна думала, джунглі — гэта такія зараснікі, што калі залезеш на дрэва, то за лісцем не ўбачыш травы, а калі злезеш на зямлю, за лісцем не ўбачыш неба. Але навокал быў такі прастор, хоць у баскетбол гуляй (пра баскетбол Чыта падумала невыпадкова — яна страх як любіла глядзець гэтую гульню па тэлевізары).

— Ну, што ж,— уголас прамовіла Малпачка,— з двух адно: або гэта не джунглі, або джунглі бываюць не толькі такія, як паказваюць па тэлевізары.

I тут яна ўбачыла Зайца. Ён ішоў проста на яе і з такім смакам грыз вялую морквіну, што нічога не бачыў перад сабою.

Чыта паправіла акуляры і, заклаўшы рукі за спіну (так у тэлевізары часта рабілі босы, калі размаўлялі са сваімі падначаленымі), спытала:

— Скажыце, вы адсюль будзеце?

Ад нечаканасці Заяц аж падскочыў і спалохана ўтаропіўся на Чыту.

— М-м-м... ага,— кіўнуў ён.

— О'кэй. Мяне завуць Чыта,— прадставілася Малпачка.—

Я падарожнічаю па свеце і выпадкова апынулася ў вашых краях. Скажыце, гэта джунглі?

Заяц доўга спрабаваў зразумець, што ад яго хочуць, і нарэшце адказаў наўздагад:

— Не, гэта дрэвы.

— Няўжо? — чмыхнула Чыта.— А я думала, тут пні такія высокія. Не,— зазначыла яна,— прыстойная кампанія, і праўда, на дарозе не валяецца.

Тым часам Заяц зусім ачомаўся і з цікавасцю разглядаў госцю.

— А ты, відаць, і праўда, здалёк ідзеш,— нарэшце сказаў ён.

— "Ты"! Падумаць толькі, якая фамільярнасць! — буркнула Чыта, абураная тым, што даўгавухі не бачыць у ёй свецкую паненку. А яна яшчэ звярталася да яго на "вы"!

— I як ты ўцяміў, што я здалёк іду? — ганарыста спытала яна.— Напэўна, у мяне выгляд не якой-небудзь правінцыялкі, а сталічнай асобы?

— Проста сярод нас няма нікога... з такім хвастом... і носам, як у цябе,— прызнаўся Заяц.

— Ты хочаш сказаць, што тут не жывуць малпы? — насцярожылася Чыта.— А хто ж тады тут жыве?

— Ну, Вавёрка, Бусел, Сарока, Воўк, Зубр, Ліса...

— I ні адной малпы?! — прастагнала Чыта.— Няўжо я тут не знайду сабе прыстойную кампанію?

— Чаму не знойдзеш? — здзівіўся Заяц.— Хоць бы Вавёрка — хіба кепская кампанія?

— I чым жа яна такая адметная? — недаверліва спытала Чыта.

— О, Вавёрка спрытна лазіць па дрэвах і ўмее скакаць з ад наго дрэва на другое! — з зайздрасцю прамовіў Заяц.

— Ну, гэтага мала, каб я пасябравала з ёю,— напышліва сказала Чыта.— Вось калі яна цікавіцца тым, што робіцца ў свеце, калі з ёй можна абмеркаваць апошнія навіны...

— Усе навіны нам прыносіць Сарока. Яна ведае, дзе, калі, з кім і што здарылася. I нават часам тое, што яшчэ павінна здарыцца.

— Хм, пахвальна,— пакруціла галавой Чыта.— А яна любіць падарожнічаць? На мора альбо ў горы?

— Падарожнічае ў нас Бусел,— патлумачыў Заяц.— Кожную восень ён ляціць з пушчы і вяртаецца толькі ўвесну. Калі б не ён, мы б і не ведалі, што наша пушча самая лепшая ў свеце!

— Пахвальна,— сказала Чыта,— я таксама люблю доўгія вандроўкі. Толькі ў свеце зусім мала мясцін, дзе можна добра адпачыць! Дзе няма гэтых... гэтых людзей, для якіх ты ніколі не будзеш роўняй. А так хочацца нечага, нечага... Ах, нечага незвычайнага! Хочацца трапіць на які-небудзь бязлюдны востраў, дзе было б усё: рэкі, горы, джунглі, гарады, машыны... Хоць ты наўрад ці гэта зразумееш.

Заяц цяжка ўздыхнуў і не стаў пярэчыць. Вядома, адкуль ён мог зразумець, раз ніколі не паказваў вушэй далей сваей пушчы!

— Ну, а гэты... як ты яго назваў? Бусел? Ён разбіраецца ў модзе? — спытала Чыта.— Ён ведае, якія акуляры ці капялюшыкі гэтай вясной носяць у Парыжы?

— Капялюшыкі? У Пар... У Парыжы? Думаю, не вельмі,— крыху разгублена адказаў Заяц.— Ён і боты заўсёды адны і тыя носіць — чырвоныя. Вось Ліса — тая ведае. Яна кожны дзень, перад тым як выйсці з хаты, дзесяць бантоў перамерае. На любую пагоду ў яе свой бант.

— Пахвальна,— сказала Чыта.— Такая пераборлівая паненка павінна мець галаву на плячах. Прызнайся, яна сярод вас самая разумная і вы ўсе ходзіце да яе раіцца?

— Не,— пачухаў патыліцу Заяц,— калі што якое, мы ідзём да Зубра. Ён хоць нідзе не бывае і за модай не гоніцца, але і слабейшага ў крыўду не дасць, і кепскага ніколі не параіць.

— Та-а-ак,— задумліва працяТнула Чыта,— і за модай не гоніцца, і нідзе не бывае. О'кэй. Адным словам, прыстойная кампанія на дарозе не валяецца.

— Вядома,— падхапіў Заяц.— Вось я, калі захачу паваляцца, шукаю, дзе памякчэй,— мох альбо густую траву. А на дарозе ці ў полі хвіліну паляжыш — потым гадзіну адмывацца будзеш.

Пахвальна,— уздыхнула Чыта. І, думаючы пра нешта свае, паўтарыла яшчэ некалькі разоў: — Пахвальна, пахвальна...

ЯК СУДЗІЛІ ЗАЙЦА

Чыце надакучыла глядзець тэлевізар. Усё, што Малпачка зразумела дзякуючы яму,— у краіне, куды яна трапіла, вельмі любяць назіраць, як трактары сюды-туды ездзяць па палях. Інакш навошта іх штодзень паказваць па тэлевізары?

Раптам Чыта пачула за акном трэск і аж падскочыла — можна было падумаць, што трактары ўжо дабраліся і да яе доміка.

Яна выскачыла на ганак, але замест трактароў убачыла Сароку, якая сядзела на сасне і трашчала так, быццам перакрыквалася з некім на другім краі пушчы.

Чыта счакала, пакуль Сарока замоўкне, і сказала з непрыхаванай іроніяй у голасе:

— Яшчэ хвіліна, і я аглухла б ад тваёй траскатні і не даведалася, з-за чаго ты падняла такі гвалт.

— Ты не паверыш! — Сарока зляцела з сасны на ганак.— Ты не паверыш! Заяц ішоў па лесе,— яна расказвала і пры гэтым траслася ад смеху,— і, як заўсёды, грыз вялую морквіну. Вечна галодны! Галодны і ні на што не годны, кхі-хі-хі! А калі ён што-небудзь грызе, то нічога і нікога не бачыць. А Вавёрка, кхі-хі-хі! Вавёрка на сасне перабірала леташнія шышкі. Хоць якія там шышкі — адны пустышкі! Адна шышка ўпала і...

— Стукнула Зайцу па галаве,— хіхікнула Чыта.

— Як, ты ўжо ведаеш гэтую гісторыю? — здзівілася Сарока.

— Не,— хмыкнула Чыта,— але, каб шышка праляцела міма, ты цяпер не трашчала б на ўвесь лес.

— Але ж ты не ведаеш, што было далей! — усклікнула Сарока і зноў стала душыцца смехам.

— Бедны Заяц ад страху страціў прытомнасць альбо падавіўся вялай морквінай,— выказала здагадку Чыта.

— Не,— пакруціла галавой Сарока.— З перапуду ён кінуўся наўцёкі і наскочыў на Лісу. Тая таксама падумала немаведама што і шуснула проста ў хмызняк. Быў у Лісы капялюш — ці то брат падарыў, ці то муж. А стала анучка з дзіркаю.

— I што далей? — нецярпліва спытала Чыта.

— А што далей? — не зразумела Сарока.— Нічога далей.

— Як? Хіба Ліса не збіраецца судзіцца з Зайцам?

— Судзіцца? Яна што, з глузду з'ехала? Пры сустрэчы дасць касому ў карак, вось і ўвесь суд!

— Задавальнення на адну хвіліну,— чмыхнула Чыта. З гэтага здарэння можна мець большую выгоду. Бачыў хто-небудзь, як усё было?

— Усе бачылі — і я, і Бусел, і Зубр.

— Кліч усіх сюды! — загадала Чыта.— Вінаватых, пацярпелых, сведкаў — усіх сюды. Я навучу вас, як трэба судзіцца.

Праз паўгадзіны каля доміка Чыты сабраліся жыхары пушчы. Апошнім прыйшоў Зубр. Ён усеўся крыху наводдаль і, паправіўшы акуляры, разгарнуў газету, абыякавы да ўсяго, што ад бывалася навокал.

— Ну, што ж,— урачыста прамовіла Чыта,— усе сабраліся. Можна пачынаць пасяджэнне суда. Пацярпелая,— звярнулася яна да Лісы,— раскажыце, як усё было.