Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 14)
Валадарка Краіны Ведзьмаў доўга круціла насоўку ў руках і нарэшце вярнула Карыне.
— Калі ў вас да мяне больш няма ніякіх спраў, можаце вяртацца дадому. I старайцеся больш не трапляцца на вочы ведзьмам. Вам пашчасціла, што вы змаглі знайсці мяне, хоць я і не разумею, як вам гэта ўдалося. Не чакайце, пакуль зменіцца мой настрой, і хутчэй вяртайцеся ў сваю краіну.
— А мой брат? — разгублена спытала Карына.— Хіба Вы не дапаможаце яму?
— Думаю, твайму брату ўжо не баліць нага,— спакойным і нават крыху абыякавым голасам адказала Ганеста.
Карына не ўтрымалася і радасна запляскала ў далоні. Затым яна доўга дзякавала Валадарцы Краіны Ведзьмаў — так доўга, што тая мусіла перапыніць яе хвалебную прамову.
— Вось самая кароткая дарога ў вашу краіну,— сказала Ганеста, паказваючы на сцяжынку, якой, як здалося Карыне і Граню, нядаўна яшчэ не было.— Ідзіце па ёй і нікуды не зварочвайце.
Развітаўшыся з Валадаркай Краіны Ведзьмаў, падарожнікі заспяшаліся дадому. Цяпер ісці было радасна і легка. I лес ужо не здаваўся такім змрочным, як раней.
Ад некуль з'явіўся прыгожы пярэсты матылёк, які доўга кружыўся над іх галовамі. Пасля матылёк паляцеў наперад і апусціўся на куст чорных парэчак, што рос пры сцяжынцы.
— Глядзі, якія буйныя парэчкі! — радасна ўсклікнуў Граня, калі падарожнікі наблізіліся да куста.
— Ніколі не бачыла, каб парэчкі раслі ў лесе,— задумліва сказала Карына.
— Ты раней і лесу, у якім жывуць ведзьмы, ніколі не бачыла,— ухмыльнуўся Граня.
Парэчкі аказаліся вельмі салодкімі, і калі падарожнікі пракусвалі чарговую ягадку, яна выпускала халодную кропельку чырвонага соку.
Увесь час, пакуль дзеці ласаваліся ягадамі, матылёк кружыўся над імі, а як толькі яны рушылі далей, ён, быццам ад парыву ветру, кінуўся ўніз, за парэчкавы куст.
Тут жа з-за куста паказалася Аўга. Старая Ведзьма выйшла на сцежку і доўга пазірала ўслед дзецям, злосна бліскаючы вачыма.
Сонца вісела над самымі галовамі падарожнікаў, і Карына сказала:
— Добра, калі мы да вечара паспеем вярнуцца дадому.
— Хутчэй бы,— прамармытаў Граня і пазяхнуў.— Так спаць захацелася, быццам тыдзень не спаў.
— I мне,— прызналася Карына,— Вочы проста самі зліпаюцца.
Далей падарожнікі ішлі моўчкі, а іх павекі рабіліся ўсё цяжэйшыя. Нарэшце дрымота і зусім авалодала імі. Яны пляліся, нічога не заўважаючы перад сабою. I калі раптам наперадзе па абодва бакі ад сцежкі, якая вяла іх дадому, аддзяліліся дзве маленькія сцяжынкі, Граня падпарадкаваўся нейкай невядомай сіле і збочыў на тую, што бегла ўлева, а Карына павярнула направа.
22. ПЛАСТМАСАВЫ ЧАЛАВЕЧАК
— Прабачце, вы не маглі б мне дапамагчы? Пачуўшы гэтыя словы, Карына схамянулася і паглядзелапа баках. Лес даўно скончыўся, вакол была ўзгорыстая мясцовасць з рэдкімі дрэвамі і кустамі.
— Вы не маглі б мне дапамагчы? — зноў пачула дзяўчынка і толькі цяпер заўважыла ў некалькіх кроках ад сябе дзіўнага чалавечка. Чалавечак быў цацачны, зроблены з пластмасы, ростам з паўметра. Праўда, ён меў толькі адну нагу і рухаўся на кастылях, якімі служылі галінкі кустарніка — з іх нават не было абарвана лісце.
— А чым я магу вам дапамагчы? — спытала Карына, пранікаючыся шкадобай да гэтага небаракі.
— Разумееце, я згубіў гайку, якая мацавала маю правую нагу. Гайка была ўжо старая, і разьба на ёй сцерлася. На адной назе мне цяжка яе шукаць.
— А дзе вы яе згубілі? Далека? — спытала дзяўчынка.
— Недзе вунь там, каля каштана, у траве,— паказаў рукой Пластмасавы Чалавечак.
Дзяўчынка накіравалася да дрэва, Пластмасавы Чалавечак, абапіраючыся на самаробныя кастылі, на адной назе паскакаў за ёй.
— Гэтыя пластмасавыя гайкі і балты, на жаль, вельмі хутка зношваюцца і часта губляюцца,— сумна гаварыў ён.— Ды і, увогуле, можна было што-небудзь прыдумаць, каб абысціся без іх. З імі так нязручна. Ох, ужо гэтыя канструктары!
— Вы хочаце сказаць, што вас зрабілі канструктары? — здзівілася Карына.
— Вядома, а хто ж яшчэ? Спачатку ўсе мы былі звычайнымі цацкамі, але пасля нашай феі захацелася нас ажывіць.
— Дзіўнае жаданне для феі,— паціснула плячыма Карына.
— Ну, для нашай феі гэта якраз самы звычайны занятак — ажыўляць пластмасавыя цацкі,— з горкай усмешкай сказаў Пластмасавы Чалавечак.
— Пачакайце! — раптам усклікнула дзяўчынка.— А як называецца ваша краіна?
— Так і называецца — Краіна Пластмасавых Чалавечкаў.
— Значыць... значыць, я заблудзілася! — разгублена прамовіла Карына.— Мы ішлі, і я задрамала. А Граня? Вы не бачылі на гэтай дарозе хлопчыка?
— Не, не бачыў,— пакруціў галавою Пластмасавы Чалавечак.— Я даўно тут стаю і нікога не бачыў. Прызнацца, тут рэдка хто ходзіць.
У гэты момант па дарозе прамчаўся пластмасавы аўтамабіль.
— Ну вось, прамаргаў,— нахмурыўся Чалавечак.— Па гэтай дарозе машыны і так ездзяць гады ў рады. Цяпер давядзецца пешшу дабірацца да горада. Калі, вядома, знойдзецца гайка,— дадаў ён, уздыхнуўшы.
— Не хвалюйцеся, я пастараюся знайсці яе,— паабяцала Карына.— А вы жывяце ў горадзе?
— Не, я жыву вунь у тым доміку.— Пластмасавы Чалавечак кіўнуў на цацачны домік, які стаяў на адным з узгоркаў.— Але ў мяне скончыліся запасныя гайкі, а іх можна купіць толькі ў горадзе.
Карына апусцілася на калені і пачала ўважліва разглядаць зямлю вакол дрэва. Першае, што яна знайшла, была пластмасавая нага.
— Гэта ваша нага? — спытала дзяўчынка. Пластмасавы Чалавечак кіўнуў:
— Хай пакуль паляжыць, усё роўна без гайкі карысці ад яе ніякай.
Карына прапоўзала па траве хвілін пяць і нарэшце радасна ўсклікнула:
— Знайшла!
Яна ўскочыла з каленяў і працягнула Пластмасаваму Чалавечку маленькую гаечку.
— Вось дзякуй! — узрадаваўся Чалавечак.— Падай, калі ласка, маю нагу.
Прымацаваўшы нагу да тулава, Пластмасавы Чалавечак прытопнуў і сказаў:
— От і добра. Да горада як-небудзь дабяруся. А вы куды ідзяце?
Карына паціснула плячыма:
— Я сама не ведаю, што цяпер рабіць. Відаць, мне застаецца спадзявацца толькі на дапамогу валадаркі вашай краіны. Вы не падкажаце, як мне яе знайсці?
— О, гэта якраз недалёка адсюль,— сказаў Пластмасавы Чалавечак.— Толькі раз ужо мы з вамі сустрэліся, у мяне да вас будзе адна просьба. Калі вам удасца трапіць у замак Неанілы... Разумееце, нас, простых цацак, туды не пускаюць. I толькі вы можаце...— Пластмасавы Чалавечак хваляваўся, таму рабіў частыя паузы.— Разумееце, яе канструктары... Некалі яны былі такімі ж, як і мы, звычайнымі пластмасавымі цацкамі. Але, заняўшы высокія пасады пры двары Яе Вялікасці, яны, карыстаючыся наіўнасцю і дабрынёй нашай феі, захапілі амаль усю ўладу ў краіне. Можа, нас гэта і не вельмі б хвалявала, каб... Ну, карацей, вы самі бачыце, што яны прыдумалі не вельмі ўдалыя мадэлі цацачных людзей, якія фея Неаніла пасля ажыўляе. У дамах, якія яны праектуюць, альбо працякаюць дахі, альбо не расчыняюцца дзверы. У іх машын часта адвальваюцца колы, а іх цягнікі часта сыходзяць з рэек. На шчасце, пасажыры з-за гэтага не вельмі церпяць, бо ўсе яны пластмасавыя. Самае ж нязручнае для нас — усе гэтыя гайкі і балты, на якіх трымаюцца нашы ногі, рукі і галовы.
— Але аб чым я павінна папрасіць фею Неанілу? — нецярпліва спытала Карына.
— Разумееце, у нашай краіне ёсць і іншыя канструктары. Яны жывуць за тым узгоркам, на якім стаіць мой дом. Мы даўно сябруем, таму я ведаю, што гавару. Яны, праўда, самавукі, не заканчвалі ніякіх акадэмій, але затое змаглі прыдумаць зусім новую мадэль пластмасавых людзей — больш даўгавечную і рухомую і без ніводнага болціка. Калі ласка, раскажыце феі пра іх.
— А што, гэтыя канструктары-самавукі таксама не маюць доступу ў замак? — спытала Карына.
— Ну, вядома! — усклікнуў Пластмасавы Чалавечак.— Прыдворныя каструктары нізавошта не дапусцяць іх да феі. На нас яны зарабляюць вялікія грошы. А тое, што прапануюць мае сябры, патрабуе значна меншых затрат на вытворчасць пластмасавых людзей. Да таго ж, калі б фея даведалася, што прыдворныя канструктары невукі, махляры і абібокі, яна, хутчэй за ўсё, іх выгнала б. Вось чаму яны робяць усё, каб у замак не трапілі мае сябры.
— Добра,— паабяцала Карына,— калі я сустрэнуся з феяй Неанілай, я абавязкова раскажу ёй пра вашых сяброў. Але, мне здаецца, будзе лепш, калі яны самі растлумачаць ёй, чым іх мадэлі пластмасавых людзей лепшыя. Таму перадайце ім, каб яны чакалі каля замка, пакуль фея іх не пакліча да сябе.
— Ах, я проста не ведаю, як вам дзякаваць! — усклікнуў Пластмасавы Чалавечак.
— Вы мне таксама дапаможаце, калі пакажаце дарогу да замка,— сказала Карына.
— Яна перад вамі,— раскінуў рукі Пластмасавы Чалавечак.— Вы якраз ішлі ў бок замка.
Карына развіталася з Пластмасавым Чалавечкам, а ён усё стаяў і махаў ёй услед, пакуль дзяўчынка не схавалася за узгоркам.
23. НЕАНІЛА АБЯЦАЕ ДАПАМОГУ
Каля варотаў замка стаялі два пластмасавыя афіцэры з пластмасавымі стрэльбамі на плячы.
— Стой! Ты да каго? — звярнуўся да Карыны адзін з іх, у званні капітана, зрабіўшы некалькі крокаў насустрач,— зрэшты, не зусім упэўненых, як-ніяк, дзяўчынка была ў некалькі разоў вышэйшая за кожнага з іх.
— Да феі Неанілы,— спакойна адказала Карына, паблажліва ўсміхаючыся і перасільваючы жаданне ўзяць афіцэра за плечы і падняць, каб лепш разгледзець.