Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 13)
— Скажыце, а вы добра ведаеце гэты лес?
— Ха! Ці добра я ведаю гэты лес! Ды я магу лётаць па ім з заплюшчанымі вачыма!
— Тады вы, можа, пакажаце мне сцежку, якая вядзе да дома валадаркі Краіны Ведзьмаў?
— Да дома Ганесты вядуць усе сцежкі, якія ёсць у гэтым лесе, але не кожны, хто ходзіць па іх, можа патрапіць да яе,— напышліва сказала Старая Варона.
— Дзіўна,— нясмела заўважыла Карына.
— Нічога дзіўнага,— не пагадзілася Старая Варона.— Проста Ганеста іх так заблытала, кааб абы-хто не сноўдаўся каля яе дома. А ў цябе якая справа да яе? — насцярожылася яна.
Карына расказала сваю сумную гісторыю ад пачатку да канца.
— Гэта ўсё штучкі Аўгі,— упэўнена прамовіла Старая Варона, як толькі дзяўчынка замоўкла.— Яе даўно трэба як след правучыць за шкадлівасць. Так і быць, я пакажу табе дом Ганесты. Ідзі за мной.
I з гэтымі словамі Старая Варона зляцела з бярозы.
20. ВАЛАДАРКА КРАІНЫ ВЕДЗЬМАЎ ГНЕВАЕЦЦА
Варона ляцела крыху наперадзе. Карына ледзь паспявала за ёй. Яна то выходзіла на сцежку, то збочвала з яе і прадзіралася скрозь кустоўе, аб якое падзерла ўсе ногі.
Нарэшце Старая Варона апусцілася на вершаліну невысокай елкі і сказала:
— Далей ідзі адна. Толькі нікуды не зварочвай.
Карына падзякавала Вароне за дапамогу, пралезла праз густы алешнік і апынулася на шырокай паляне, пасярод якой стаяў вялікі драўляны дом з двума двухпавярховымі вежамі па баках. Ніжнія паверхі вежаў служылі дадатковымі ўваходамі ў дом, а на другіх паверхах выступалі прасторныя балконы. Да параднага ўвахода вёў ганак, над якім узвышаліся драўляныя калоны.
На ганку ляжаў вялікі Чорны Кот і, здавалася, спаў. Але як толькі Карына хацела прайсці міма яго, Чорны Кот расплюшчыў вочы і незадаволена сказаў:
— Ну вось, ходзяць-ходзяць тут усялякія і робяць выгляд, быццам не заўважаюць, што каля дзвярэй знаходзіцца Верны Вартаўнік валадаркі Краіны Ведзьмаў.
— Прабачце,— вінаватым голасам прамовіла Карына.— Прызнацца, мне нават у галаву не прыйшло, што вы можаце быць Вартаўніком валадаркі Краіны Ведзьмаў.
— Ну, вядома,— з крыўдай у голасе прамармытаў Чорны Кот,— ты падумала, ляжыць тут на ганку бяздомны кот і чакае, пакуль яму кінуць абгрызеную костачку.
— Не,— засмяялася Карына,— на бяздомнага ката вы не падобны. Хутчэй на любімага ката гаспадыні гэтага дома.
— Хм,— задаволена замурлыкаў Чорны Кот,— так яно і ёсць. Калі табе патрэбна Ганеста, то мусіш пачакаць, пакуль я паведамлю ёй пра твой візіт.
Карына згодна кіўнула, і Чорны Кот знік за дзвярыма. Праз хвіліну ён вярнуўся і сказаў:
— Валадарка Краіны Ведзьмаў чакае цябе.
I зноў улёгся на ганку і тут жа заплюшчыў вочы.
Карына думала, што ўбачыць старую бабульку, такую ж агідную і змрочную, як і Аўга, аднак Ганеста аказалася яшчэ даволі маладою жанчынай і з твару даволі прывабнай. Праўда, з яго ніколі не сыходзіла строгасць. Нават калі Ганеста ўсміхалася, вочы яе заставаліся халоднымі.
Валадарка Краіны Ведзьмаў была апранута ва ўсё чорнае, і на плечы яе спадалі доўгія чорныя валасы. Ганеста сядзела ў крэсле, трымаючы на каленях... Карына не магла паверыць: на каленях ляжаў той самы Чорны Кот, Верны Вартаўнік Ведзьмы, які, як ёй здавалася, застаўся на ганку!
"Відаць, у яе некалькі катоў",— падумала Карына, але Чорны Кот нечакана падміргнуў ёй, нібы старой знаёмай, і цяпер яна магла спрачацца на што заўгодна: гэта быў Верны Вартаўнік валадаркі Краіны Ведзьмаў!
— Што цябе прывяло сюды? — спытала Ганеста і пагладзіла Чорнага Ката.
Карына пачціва пакланілася Ведзьме і расказала, якая бяда прымусіла яе і Граню адправіцца ў такое небяспечнае падарожжа.
Пачуўшы пра штучкі адной са сваіх падданых, Валадарка Краіны Ведзьмаў так разгневалася, што Чорны Кот прадбачліва саскочыў з яе каленяў.
— Я ж забараніла ім бываць у Краіне Людзей! — закрычала яна.— Хто асмеліўся не паслухацца мяне?!
Ганеста рэзка паднялася з крэсла, падышла да дзвярэй, якія тут жа самі расчыніліся, і ўзняла ўгору рукі. У той жа момант усчалася такая бура, што нават задрыжэлі сцены дома. Дрэвы нахіліліся ад моцнага ветру, а некаторыя вецер выварочваў з карэннем, і яны з шумам і трэскам валіліся на зямлю.
Аднак праз хвіліну бура ўціхла, і Ганеста загадала Карыне:
— Ідзі за мною.
Карына паслухмяна выйшла з дому і ўгледзела на паляне шмат ведзьмаў. Сярод іх былі і старыя, і маладыя, але ўсе мурзатыя і апранутыя ў брудныя лахманы.
— Пакажы мне, каго з іх ты бачыла,— сказала Ганеста Карыне.
Дзяўчынка падышла бліжэй да ведзьмаў: усе яны былі падобныя адна на адну, і Карына баялася памыліцца. Яна падоўгу ўзіралася ў твар кожнай з іх і нарэшце тыцнула пальцам у старую, якая спадылба глядзела на Карыну.
— Што такое? Гэта няпраўда! Дзе ты магла мяне бачыць? — Ведзьма зрабіла выгляд, быццам вельмі здзівілася.— Ды хіба я магла...
Але Ганеста не дала ёй закончыць.
— Аўга! — грозна сказала яна.— Колькі разоў я цябе папярэджвала: мне надакучылі свае штучкі!
— Ды я, ды хіба можна... Як Вы маглі падумаць...— прабубніла Ведзьма, але, відаць, зразумела, што лепш не будзіць ліха.— Я больш не буду.
— Дзе хлопчык, які прыйшоў сюды разам з ёй? — Ганеста кіўнула ў бок Карыны.
— Дык гэта... Ён там...— прамармытала Аўга.
— Ён павінен быць тут, зараз жа! — загадала Ганеста і ўзмахнула рукой.
Старая Ведзьма закруцілася на месцы, як ваўчок, і, не перастаючы круціцца, у адно імгненне знікла з паляны. Прайшло не больш хвіліны, як яна вярнулася, і не адна, а разам з Гранем.
— Граня! — радасна ўсклікнула Карына.
Але хлопчык толькі здзіўлена лыпаў вачыма, азіраючыся па баках, і нічога не мог зразумець.
— Падыдзі да мяне,— загадала Ганеста Аўзе.
Старая Ведзьма пакорліва падышла, насцярожана пазіраючы ў вочы валадарцы.
— За тое, што ты не адзін раз парушала законы нашай краіны, я пазбаўляю цябе права насіць залаты пярсцёнак,— строгім і ў той жа час урачыстым голасам прамовіла Ганеста і працягнула руку.
— Ваша Вядзьмарская Вялікасць! — узмалілася Аўга.— Хіба можна — з-за нейкіх дзяцей! Яны яшчэ і не гэтага заслугоўваюць!.. Добра, калі Вы так хочаце, я больш не буду. I нагі маёй больш там не будзе! А калі я змахлюю, то хай...
— Пярсцёнак! — суха паўтарыла Ганеста.
Ведзьма замоўкла і нехаця зняла з пальца пярсцёнак з крышталікам, у якім пагойдвалася рыбіна вока, і працягнула Ганесце.
— А цяпер усе могуць вярнуцца па сваіх дамах,— ужо больш мяккім голасам прамовіла Ганеста.
— Ведзьмы, як па камандзе, закруціліся ваўчком і зніклі з паляны.
— Падыдзіце да мяне,— звярнулася Ганеста да Карыны і Грані.
Калі дзеці наблізіліся да Валадаркі Краіны Ведзьмаў, яна дакранулася да правай рукі Грані і сказала:
— Цяпер твая рука не будзе балець.
Граня памацаў плячо, затым патрос рукою і радасна ўсклікнуў:
— I праўда, не баліць!
Ганеста ўважліва паглядзела ў вочы Карыне і задумліва прамовіла:
— А вось зняць чары з твайго брата не так проста.
21. КУСТ ЧОРНЫХ ПАРЭЧАК
— Калі б у цябе была якая-небудзь яго рэч...— прадоўжыла Ганеста.
— Ёсць! — усклікнула Карына.— Ёсць!
I дзяўчынка дастала з кішэні акуратна адпрасаваную насоўку, якую, выпраўляючыся ў няблізкі свет, прадбачліва захапіла з сабой, і працягнула яе Ганесце.