реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 69)

18

Авель. Закрыйце рот, генерал.

Каін. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Адам. Сонца выкідае распаленыя газы, ніколі яшчэ на ім не было такіх вялікіх пратуберанцаў.

Авель. Мне ўсё роўна.

Адам. Прафесар Тэмпльскага універсітэта ў Філадэльфіі сцвярджае, што сонца збіраецца выкінуць частку матэрыі, што яно расколецца.

Авель. Ну й што?

Адам (раптоўна перастаючы калаціцца).Гэта быў бы канец Зямлі, смерць.

Авель павольна падымаецца і наступае на Адама. Адам памалу адступае.

Авель. Калі сонца выбухне, вы будзеце адказваць.

Адам. Пан прэзідэнт.

Ада. Супакойся, мілы.

Авель. Заткні зяпу!

Адам. На маю думку, пан прэзідэнт, сонца не выбухне. Яно стабільнае і будзе стабільнае яшчэ колькі мільярдаў год. Прафесар Тэмпльскага універсітэта — сусветна вядомы дурань.

Авель паціскае руку Адаму, пасля ідзе да Каіна.

Авель. Мне было б даспадобы не бачыць сярод маіх дарадцаў сусветна вядомых дурняў.

Каін. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Ада. Спакойна, мілы.

Авель. Сакратар.

Ева. Пан прэзідэнт.

Авель. Мне спатрэбяцца мае кроплі.

Ева. Вядома ж, пан прэзідэнт.

Авель і Ева сыходзяць.

Ада. Панове, запрашаю вас да нас на ленч.

Ада, Каін і Адам сыходзяць. Выходзіць, азіраючыся, Энох. Бярэ па чарзе кубы, крэслы, ранцы, кацёл, скрыню, лаўку і шпурляе ўсе гэтыя рэчы за кулісы. На сцэне застаюцца толькі бутэлька з-пад джыну, шалом, фуражка, тэлефон, газеты, часопісы мод і навушнікі. Энох сядае на авансцэне. Выходзіць Цыла, азіраецца.

Цыла. Дома быццам бы і не было.

Энох. Смерч павынішчыў усё, што было.

Цыла збірае газеты.

Энох. Тут няма ніякага сэнсу наводзіць парадак.

Цыла працягвае збіраць газеты.

Энох. Я будаваў гэты дом нам.

Цыла. Нам і нашаму дзіцяці.

Энох. Фабрыка, дзе я працаваў, таксама разбурана.

Цыла складае газеты акуратным стосам у глыбіні сцэны.

Цыла. Я праводзіла цябе да дзвярэй, калі ты ішоў на працу.

Энох. Стары Гізінгер увесь час цягаўся за табою.

Цыла. Ён не заляцаўся да мяне.

Энох. Малады таксама.

Цыла. Ён толькі раз-пораз забягаў.

Энох. Цяпер іх няма сярод жывых.

Цыла.Загінулі тысячы.

Энох. Мільёны.

Цыла сядае на падлогу, сашчапляе рукі на грудзях.

Цыла. Мы безабаронныя перад смерчам.

Энох. Усе безабаронныя перад ім.

Абое маўчаць.

Энох. Урад абвясціў, што свет не загінуў.

Цыла. Хлусня.

Энох. Ты ўпэўнена?

Цыла. Ты сам ведаеш гэта.

Энох. Ведаю.

Цыла. Мы ведаем гэта.

Абое маўчаць.

Энох. У нас ніколі ўжо не будзе дзяцей.

Цыла. Ні ў кога ўжо не будзе дзяцей.

Абое маўчаць.

Энох. Сонца аддало нас на волю лёсу.

Цыла. Мы думалі, што сонца ўжо ніколі нас не пакіне.

Энох. Зямля магла б быць шчасліваю.

Цыла. Калі б людзі былі больш справядлівымі.

Энох. Людзі ўсё рабілі не так, як трэба.

Цыла. Яны шмат што рабілі не належным чынам.

Абое маўчаць.

Энох. Гэта цяпер неістотна.

Цыла. Усё цяпер неістотна.

Абое маўчаць.