Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 32)
Пані Сміт. Так. Але гэта ўжо толькі пасля чацвёртага званка мы там некага ўбачылі. А чацвёрты раз не ўлічваецца.
Пані Марцін. Ніколі. Лічацца толькі першыя тры разы.
Пан Сміт. Пане пажарнік, дазвольце я таксама задам вам у сваю чаргу некалькі пытанняў.
Пажарнік. Давайце.
Пан Сміт. Калі я адчыніў і ўбачыў вас, дык гэта вы тады званілі?
Пажарнік. Але, званіў я.
Пан Марцін. Вы стаялі каля дзвярэй? I званілі, каб зайсці?
Пажарнік. Я не адмаўляю гэтага.
Пан Сміт (да сваёй жонкі, пераможна). Бачыш? Я меў рацыю. Калі чуеш, што звоняць, гэта значыць, што нехта звоніць. Ты ж не можаш сказаць, што капітан не нехта.
Пані Сміт. Вядома, не. Я паўтараю: я вяду гутарку толькі пра першыя тры званкі, бо чацвёрты — не лічыцца.
Пані Марцін. А калі званілі першы раз, гэта былі вы?
Пажарнік. Не, гэта быў не я.
Пані Марцін. Вось бачыце. Званілі, а нікога не было.
Пан Марцін. Можа, гэта быў нехта іншы.
Пан Сміт. Вы доўга стаялі каля дзвярэй?
Пажарнік. Тры чвэрткі гадзіны.
Пан Сміт. I вы нікога не бачылі?
Пажарнік. Нікога. Я ў гэтым упэўнены.
Пані Марцін. А вы чулі, як званілі другі раз?
Пажарнік. Чуў, але гэта быў не я. I болей нікога таксама не было.
Пані Сміт. Перамога! Я мела рацыю.
Пан Сміт (жонцы). Не спяшайся. (Пажарніку.) А што вы рабілі каля дзвярэй?
Пажарнік. Нічога. Проста стаяў. Я думаў пра цэлую кучу розных спраў.
Пані Марцін (пажарніку). Але трэці раз... гэта не вы званілі?
Пажарнік. Так, трэці раз — я.
Пан Сміт. Але калі адчынілі, мы вас не бачылі.
Пажарнік. Гэта таму, што я схаваўся... каб пасмяяцца.
Пані Сміт. Не трэба смяяцца, пане капітане. Справа вельмі сумная.
Пан Марцін. Увогуле, мы так і не ведаем, ці ёсць хто, калі звоняць у дзверы, ці няма.
Пані Сміт. Ніколі нікога там няма.
Пан Сміт. Заўсёды нехта ёсць.
Пажарнік. Я вас прывяду да агульнай згоды. Кожны з вас крыху мае рацыю. Калі ў дзвярах чуецца званок, часам там нехта ёсць, а часам — нікога няма.
Пан Марцін. Гэта мне здаецца лагічным.
Пані Марцін. Я таксама лічу так.
Пажарнік. Усё даволі проста на самай справе. (Пану і пані Смітам.) Пацалуйцеся.
Пані Сміт. Мы толькі што ўжо цалаваліся.
Пан Марцін. Яны заўтра пацалуюцца. Часу ў іх шмат.
Пані Сміт. Пане капітане, калі ўжо вы дапамаглі нам усё высветліць, дык распалагайцеся, як вам выгодней. Здыміце сваю каску, сядайце.
Пажарнік. Прабачце, але доўга я не магу затрымлівацца. Каску я з задавальненнем здыму, а вось сесці часу не маю. (Сядае, не здымаючы каскі.) Прызнацца, я прыйшоў да вас па зусім іншай справе. Мяне прыслалі па службе.
Пані Сміт. I чым мы можам дапамагчы вам у вашай службе, пане капітане?
Пажарнік. Я вас вельмі прашу дараваць мне маю нетактоўнасць... (Вельмі збянтэжаны.) Э... (Паказвае пальцам на жонку і мужа Марцінаў.) Ці магу я... пры іх...
Пані Марцін. Не саромейцеся.
Пан Марцін. Мы старыя сябры. Яны нам заўсёды ўсё расказваюць.
Пан Сміт. Гаварыце.
Пажарнік. Ну, добра тады. У вас ёсць агонь?
Пані Сміт. Чаму вы ў нас гэта пытаецеся?
Пажарнік. Таму што... прабачце, але я маю загад тушыць у горадзе ўсе пажары.
Пані Марцін. Усе?
Пажарнік. Так, усе.
Пані Сміт (збянтэжана). Не ведаю... я не думаю. Хочаце, я пайду зірну?
Пан Сміт (прынюхваецца). Не павінна быць. Паленым не пахне.
Пажарнік (з прыкрасцю). Зусім нічога няма? Можа, хоць маленькі агеньчык у каміне ці штось смыліць там, на гары, ці ў сутарэнні? Прынамсі, якісь пачатачак пажару ёсць?
Пані Сміт. Слухайце, я не хачу засмучаць вас, але, па-мойму, цяпер у нас нічога такога няма. Я вам абяцаю, як толькі ў нас што будзе, я адразу вас папярэджу.
Пажарнік. Не прамініце, вы зробіце мне вялікую паслугу.
Пані Сміт. Абяцаем.
Пажарнік (жонцы і мужу Марцінам). А ў вас? Таксама нічога не гарыць?
Пані Марцін. Не, на жаль.
Пан Марцін (пажарніку). Справы ідуць даволі дрэнна!
Пажарнік. Вельмі дрэнна. Амаль нічога няма, адны дробязі: камінак, гумно. Нічога сур’ёзнага. I вырабкі няма. А калі няма вырабкі, дык і прэміяльныя зусім мізэрныя.
Пан Сміт. Кепскія справы. Паўсюль гэтак. I ў гандлі, і ў сельскай гаспадарцы, сёлета ў іх, як і ў вас з агнём,— кепскія справы.
Пан Марцін. Ні жыта няма, ні агню.
Пажарнік. I пажараў таксама няма.
Пані Сміт. Але цукар ёсць.
Пан Сміт. Гэта таму, што.яго прывозяць з-за мяжы.
Пані Марцін. А з пажарамі тут цяжэй. Вельмі вялікая пошліна!