Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 31)
Пан Сміт. Чуеш, звоняць.
Пані Сміт. Напэўна, там нехта прыйшоў. Пайду пагляджу. (Ідзе глядзець. Адчыняе дзверы і вяртаецца.) Нікога. (Сядае.)
Пан Марцін. А вось я вам яшчэ раскажу адзін прыклад...
Пан Сміт. Чуеш, звоняць.
Пані Сміт. Напэўна, там нехта прыйшоў. Пайду пагляджу. (Ідзе глядзець. Адчыняе дзверы і вяртаецца.) Нікога. (Сядае на сваё месца.)
Пан Марцін (забыў, на чым спыніўся). Э-э...
Пані Марцін. Ты казаў, што дасі нам яшчэ адзін прыклад.
Пан Марцін. Ах, сапраўды...
Пан Сміт. Чуеш, звоняць.
Пані Сміт. Я болей не пайду адчыняць.
Пан Сміт. Так, але, напэўна, там нехта прыйшоў!
Пані Сміт. Першы раз нікога не было, другі раз таксама. Дык чаму ты думаеш, што зараз там нехта будзе?
Пан Сміт. Таму, што званілі.
Пані Марцін. Гэта не прычына.
Пан Марцін. Як гэта? Калі чуеш, што звоняць у дзверы, гэта значыць, што каля дзвярэй нехта ёсць і ён звоніць, каб яму адчынілі.
Пані Марцін. Не заўсёды. Вы ж бачылі толькі што.
Пан Марцін. Але часцей за ўсё — ёсць.
Пан Сміт. Вось я — калі я іду да кагось, я званю, каб увайсці. I лічу, што ўсе так робяць і што заўсёды, калі звоняць, нехта там ёсць.
Пані Сміт. Гэта так толькі тэарэтычна. А ў сапраўднасці ўсё якраз наадварот. Ты ж зараз бачыў.
Пані Марцін. Ваша жонка мае рацыю.
Пан Марцін. Ох, гэтыя жанчыны! Вы заўсёды абараняеце адна адну.
Пані Сміт. Ну добра, я пайду адчыню. Каб ты не казаў, што я ўпартая. Але сам убачыш — там нікога няма. (Ідзе адчыняць. Адчыняе дзверы і зачыняе.) Бачыш, нікога няма. (Вяртаецца на сваё месца.) Ах, гэтыя мужчыны, заўсёды хочуць мець рацыю, а самі ніколі яе не маюць.
Пан Сміт. Чуеце, звоняць. Напэўна, там нехта прыйшоў.
Пані Сміт (у прыступе гневу). Не пасылай мяне больш адчыняць. Ты ж бачыў — гэта дарэмна. Эксперымент даводзіць нам, што, калі ад дзвярэй чуецца званок, там ніколі нікога няма.
Пані Марцін. Ніколі.
Пан Марцін. Гэта не пэўная выснова.
Пан Сміт. Яна нават памылковая. У большасці выпадкаў, калі мы чуем званок ад дзвярэй, там нехта ёсць.
Пані Сміт. А гэты ўсё стаіць на сваім.
Пані Марцін. I мой муж — таксама, такі ўпарты.
Пан Сміт. Нехта ёсць.
Пан Марцін. Гэта ж вельмі верагодна.
Пані Сміт (свайму мужу). Няма.
Пан Сміт. Ёсць.
Пані Сміт. А я табе кажу — няма. Ва ўсякім выпадку, ты мяне больш не прымусіш турбавацца дзеля нічога. Калі табе так карціць — ідзі сам і паглядзі.
Пан Сміт. I пайду.
Пан Сміт (адчыняе). О! How do you do! (Кідае позірк на пані Сміт і на мужа і жонку Марцінаў. Тыя ўсе здзіўленыя.) Гэта капітан пажарнай службы!
Сцэна VIII
Пажарнік (на ім, натуральна, велізарная бліскучая каска і уніформа). Дзень добіры, панове. (Усе яшчэ трошкі здзіўленыя. Пані Сміт сярдзіта адварочвае галаву і не адказвае на прывітанне.) Дзень добры, пані Сміт. Нешта ў вас сярдзіты выгляд.
Пані Сміт. O!
Пан Сміт. Усё ў тым, ведаеце... мая жонка трошкі крыўдзіцца, таму што памылілася.
Пан Марцін. Тут, пане капітане, паміж панам і пані Сміт узнікла дыскусія.
Пані Сміт (пану Марціну). Вас гэта не датычыць! (Пану Сміту.) Прашу цябе, не ўблытвай пабочных у нашы сямейныя сваркі.
Пан Сміт. О, дарагая, тут няма нічога сур’ёзнага. Пан капітан стары сябар нашага дома. Яго маці заляцалася да мяне, і яго бацьку я таксама ведаў. Я думаў нават аддаць за яго дачку, калі яна ў мяне будзе. Але ён памёр тым часам.
Пан Марцін. Ну, тут не яго віна і не ваша.
Пажарнік. Ну дык пра што гаворка?
Пані Сміт. Мой муж сцвярджаў, што...
Пан Сміт. Не, гэта яна сцвярджала.
Пані Марцін. Не, гэта ён сцвярджаў.
Пажарнік. Ды не нервуйцеся вы. Ну распавядайце, пані Сміт.
Пані Сміт. Ну дык вось. Мне так няёмка вам шчыра распавядаць пра ўсё гэта. Але пажарнік таксама спавядальнік...
Пажарнік. Ну дык?
Пані Сміт. Мы спрачаліся, таму што мой муж казаў, што, калі чуеш званок ад дзвярэй, там нехта заўсёды ёсць.
Пан Марцін. Гэта можна лёгка дапусціць.
Пані Сміт. Ая казала, што кожны раз, калі звоняць, там нікога няма.
Пані Марцін. Гэта толькі здаецца дзіўным.
Пані Сміт. Але гэта даведзена — не толькі тэарэтычна, але і фактамі.
Пан Сміт. Якраз не! Пажарнік жа тут. Ён пазваніў, я адчыніў — ён быў там.
Пані Марцін. Калі?
Пан Марцін. Але адразу ж.