реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 30)

18

Пані Марцін. Гм-гм-гм.

Маўчанне.

Пан Марцін. Гм-гм-гм-гм.

Маўчанне.

Пані Марцін. О, вядома.

Маўчанне.

Пан Марцін. У нас ва ўсіх катар.

Маўчанне.

Пан Сміт. Аднак няхоладна.

Маўчанне.

Пані Сміт. I скразняку няма.

Маўчанне.

Пан Марцін. О, няма, на шчасце.

Маўчанне.

Пан Сміт. Ай-ай-ай-ай-ай.

Маўчанне.

Пан Марцін. Вы засмучаны нечым?

Маўчанне.

Пані Сміт. Не, ён нудзіцца.

Маўчанне.

Пані Марцін. О, пане, у вашым узросце! Не варта б вам.

Маўчанне.

Пан Сміт. Сэрца не мае ўзросту.

Маўчанне.

Пан Марцін. Гэта праўда.

Маўчанне.

Пані Сміт. Гавораць.

Маўчанне.

Пані Марцін. Але гавораць і наадварот.

Маўчанне.

Пан Сміт. Праўда якраз пасярэдзіне.

Маўчанне.

Пан Марцін. Пэўна.

Маўчанне.

Пані Сміт (да мужа і жонкі Марцінаў). Вы так многа вандравалі, у вас, напэўна, ёсць шмат цікавага нам расказаць.

Пан Марцін (жонцы). Скажы, дарагая, што ты сёння бачыла?

Пані Марцін. Не варта, вы мне не паверыце.

Пан Сміт. Мы не будзем сумнявацца ў вашай сумленнасці!

Пані Сміт. Вы б нас пакрыўдзілі, каб падумалі гэтак.

Пан Марцін (жонцы). Ты б іх пакрыўдзіла, дарагая, каб гэтак падумала...

Пані Марцін (велікадушна). Ну добра. Я прысутнічала сёння пры незвычайным здарэнні. Пры неверагоднай падзеі.

Пан Марцін. Кажы хутчэй, дарагая.

Пан Сміт. О, зараз пацешымся.

Пані Сміт. Ну дык што?

Пані Марцін. Дык вось, сёння, калі я ішла на рынак, каб купіць гародніны, якая ўсё даражэе і даражэе...

Пані Сміт. I што гэта ўрэшце будзе!

Пан Сміт. Не трэба перабіваць, дарагая, поскудзь.

Пані Марцін. Я ўбачыла на вуліцы, побач з кавярняй, аднаго пана, даволі-такі добра апранутага, гадоў пяцідзесяці, нават меней, які...

Пан Сміт. Які — што?

Пані Сміт. Які — што?

Пан Сміт (жонцы). Не трэба перабіваць, дарагая, гэта брыдка.

Пані Сміт. Дарагі, гэта ты першы перабіў, хам.

Пан Марцін. Цыц. (Жонцы.) Дык што ён рабіў, гэты пан?

Пані Марцін. Ну вось, зараз вы скажаце, што я выдумляю: ён паставіў адно калена на зямлю і гэтак стаяў, сагнуўшыся...

Пан Марцін, пан Сміт, пані Сміт. О!

Пані Марцін. Праўда-праўда, сагнуўшыся.

Пан Сміт. Не можа быць!

Пані Марцін. Але! Ён быў схілены. Я падышла бліжэй, каб пабачыць, што ён там робіць...

Пан Сміт. Ну і што?

Пані Марцін. Ён завязваў на чаравіку шнуркі, якія развязаліся.

Утраіх разам. Фантастычна!

Пан Сміт. Каб гэта былі не вы, я б не даў веры.

Пан Марцін. А чаму б і не? Калі ездзіш, яшчэ і не такія дзіўныя рэчы даводзіцца бачыць. Вось сёння, я сам бачыў,— у метро адзін пан сядзеў на лаўцы і спакойна чытаў газету.

Пані Сміт. Як гэта арыгінальна!

Пан Сміт. Мабыць, гэта быў той самы!