реклама
Бургер менюБургер меню

Юлия Макаревич – Ашуканае сэрца (страница 2)

18

Гарадскія будынкі купаліся ў яркім сонцы, Алесю нават падалося, што гэта праз самі будынка цячэ святло. Ён адчуў подых ветру на сваёй шчацэ.

– Як ты сюды патрапіў? Не месца табе тут, – незадаволены шэпт накіраваўся пад скуру, ударыў па нервах.

– Я… – у горле перасохла. Жанчына, якая звярнулася да яго, была ярчэйшая за сонца і цяплейшая за летні вечар. Высокая і ладная, яна заспакаяльна ўсміхнулася і паправіла пышныя, падобныя на залатое павуцінне, валасы. Алесь застыў, уражаны здагадкай. Ён трапіў у горад багоў, уварваўся сюды, як у сваю хату.

– Лепш ідзі туды, адкуль прыйшоў, – перасцерагла выдатная незнаёмка. Ад яе пахла пшаніцай і роднай зямлёй, працай і любоўю.

– Не пайду, – нечакана ўпарта адазваўся Алесь. Па спіне прабеглі дрыжыкі, але Алесь узяў сябе ў рукі. – Я шукаю сваю нарачоную, Ванду. Не пайду, пакуль не знайду.

Жанчына матнула галавой. Алесь залюбаваўся перапляценнем залатых нітак на яе галаве. Яна ж апякунка любові і жыцця, запознена ўспомніў Алесь. А Ванда для яго – вясновая ворыва і засеянае поле.

– Купальскай ноччу дарога і сюды прывесці можа, – зноў паправіла распушчаныя валасы, а потым, быццам нешта ўзгадаўшы, ажывілася. – Табе, малойца, да Мокаш трэба. Яна ўсе лёсы ведае. Яна і пакажа табе шлях.

Алесь распрастаў плечы.

– А як да яе дайсці?

Жанчына паглядзела на яго, як на вясковага дурня, які ўварваўся ў панскі палац.

– Падымешся на гару і там знойдзеш пячору. У ёй Мокаш і сядзіць, прадзе лёс. Ты глядзі, дачакайся трэцяга дажджу, перш чым гаварыць з ёй, бо іначай зблытаюцца ніткі, чыесьці лёсы перамяшаюцца, хто ведае, да чаго гэта можа прывесці.

Алесь пакланіўся незнаёмцы. Яму хацелася пераканацца ў сваіх высновах, і ён няўцямна зірнуў на жанчыну. Тая з цікавасцю паглядзела на яго.

– Падкажы, як зваць цябе, каб я ведаў каму дзякую.

– Лада, – жанчына больш не ўсміхалася, але Алесь зразумеў, чаму побач з ёй было так спакойна, як побач з роднай маці, яна ж і ёсць маці ўсяго існага.

– Дапамагу табе яшчэ ў адным. За павагу тваю да мяне аднясе цябе да той гары цмок, – сказала, і адразу ж наляцеў моцны вецер, такі, што не відаць было больш ні Лады, ні горада. Вецер супакоіўся, а побач з Алесем прызямліўся крылаты змей. Алесь у страху адхінуўся. Гэты змей меў шырокае тулава, а крылы як у бусла, толькі скураныя. Шыя была тонкая і доўгая. Дакладна, гэта і ёсць цмок, пра якога казала Лада. Галава ў яго змяіная, але з аленевымі цёмнымі вачыма. Цмок наблізіўся, нахіляючы галаву. Алесь глыбока ўздыхнуў і працягнуў руку, каб пагладзіць незвычайнае стварэнне. Той сам пацягнуўся насустрач і пацёрся галавой аб яго далонь. Луска жывёлы была цёплай і аксамітавай. Цмок павярнуў галаву і паказаў Алесю, што яму трэба сесці на спіну. Алесь памарудзіў, але залез на цмока пад яго нецярплівае варушэнне галавой. Цмок з крахтаннем падняўся ўверх, вышэй і вышэй, пакуль не аддаліўся ад дахаў дамоў. Здавалася, што змей вось-вось скіне яго на адным з віражоў. Алесь мацней схапіўся за цмока, але ўжо хутка адпусціў адну руку. У вушах свістала ад ветру, а сэрца напаўнялася захапленнем. Ён смела глядзеў наперад і нават выпрастаўся. Аблокі і сіняе-сіняе неба, якія здаваліся такімі далёкімі там, унізе, цяпер былі зусім побач, але ў той жа час рукой не дакрануцца. Прахалодным паветрам было не надыхацца, а за гарызонт ніяк не зазірнуць. Цмок рэзка нахіліўся, і Алесь ледзь не сарваўся, у апошні момант утрымаўшыся за луску. Палёт скончыўся занадта рана, Алесю хацелася ляцець далей, вышэй і хутчэй, але цмок, па загадзе, даставіў яго да падножжа гары і незадаволеным буркатаннем пачаў зганяць вершніка са сваёй спіны. Алесь спешыўся і пакланіўся, а затым зноў пагладзіў цмока па скураным крыле. Той зноў пракрахцеў, а потым рэзка ўзняўся ў паветра, ледзь не збіўшы Алеся з ног.

Алесь падняў галаву ўверх і ўбачыў, што гара знікала ў вышыні аблокаў. Цяжка ўздыхнуў і пайшоў па серпантыне ўверх, да той самай пячоры. Дробныя камяні спускаліся з крутой дарогі і разбіваліся недзн ўнізе. Дарога станавілася вузейшай, пакуль зусім не знікла. Цяпер трэба было забірацца па самой скале, усё вышэй і вышэй, да сваёй мэты. Сонца з добрага сябра ператварылася ў бязлітаснага ворага, апальвала стомленыя рукі. Алесь думаў толькі аб Вандзе, стараўся не заўважаць перамены ў настроі надвор'я. Калі ў цябе ёсць мэта, то яна абавязкова да чагосьці прывядзе, а на дарозе цябе не спыніць сама смерць, не тое што надвор'е.

– Не лаеш мяне, хоць я суровы да цябе. Такі добры ці дурны? – прамовіў малады голас, а перад Алесем зноў з'явілася сцяжынка, але цяпер на ёй стаяў высокі светлавалосы юнак у бліскучай вопратцы. Калі б вясна была чалавекам, то цяпер перад ім была вясна ў цялесным вобразе. Само зменлівае і гуллівае сонца глядзела на Алеся.

– Не гневайся, Дажбог. Толькі калі ёсць нешта, што даражэй за ўсё на свеце, то нічый гнеў не страшны.

Юнак нахіліў галаву на бок, як птушка. Ён і сам быў падобны да маленькай птушачкі, якая пралятае ўсюды і з цікаўнасцю глядзіць на людзей.

– І што ж цябе гоніць наперад, хлопча?

– Нявесту шукаю, хачу ў Мокаш дарогу да яе даведацца.

Бог сонца вытанчана махнуў рукой.

– Каханне. Калі ёсць у гэтым свеце нешта большае за зло і дабрао, мацнейшае за смерць і жыццё, то яно самае. Ніхто не павінен яму супрацьстаяць – ні бог, ні нячысцік. А калі хто вырашыць, што вышэй за яго стаіць, той пракляты будзе на стагоддзі. Ідзі, хлопча, – і адышоў з дарогі.

Алесь падняў нагу, каб зрабіць шырокі і ўпэўнены крок, як на сцежцы зноў з'явіўся Дажбог, быццам засумаваўшы за гэтае імгненне. Юнак гарэзна ўсміхнуўся.

– Праспявай мне, хлопча. У нас тут новых песень рэдка паслухаеш, а ты ж іх дакладна шмат ведаеш.

Алесь здзіўлена паглядзеў на Дажбога. Да чаго сонцу песні, хіба яно абыякае і жорсткае?

– Ды што ж мне праспяваць?

Той бесклапотна паціснуў плячыма, маўляў, сам прыдумай, калі хочаш прайсці далей і адшукаць сваю Ванду.

Алесь яшчэ раз глянуў на дзецюка, пракашляўся, ды заспяваў. Разважыў, што паколькі сёння Купальская ноч, то і спяваць дакладна будзе пра свята. Песню старую, пра дзяўчыну, што кветкі для вянка збірае. Голас у Алеся быў моцны і яркі, усе дзяўчаты ў вёсцы заслухоўваліся, калі ён песню запяваў. Але Дажбог скрывіўся і падняў руку ўверх, спыняючы Алеся.

– Не падабаецца мне твая песня, чуў я яе. Не пушчу цябе далей.

Алесь нахмурыўся. Рукі самі сабой сціснуліся ў кулакі, а галава затуманілася.

– Перааменлівыя твае рашэнні, пан. Хіба ж можна так?

Даждьбог махнуў рукой і сеў проста на сцежку. Ён бесклапотна ўсміхнуўся і падміргнуў.

– Іншую песню праспявай.

Алесь запусціў руку ў валасы і гучна выдыхнуў. Гэтым разам спяваў пра рэчку. Ён яе Вандзе спяваў, тады яшчэ назбіраў ёй васількоў цэлае бярэмя і падарыў. Ванда міласціва ўсміхалася, і Алесь тады і вырашыў, што лепшай жонкі не знайсці, ды і бацька пра яе казаў, маўляў, добрая дзяўчына, разумная. Дажбог зноў скрывіўся. Алесь цяжка выдыхнуў.

– Калі і ў трэці раз песня мне не даспадобы будзе, то табе прыйдзецца шукаць іншую дарогу.

Алесь крыва ўсміхнуўся.

– Дык пракляты будзе той, хто вышэй кахання сябе паставіць?

– А што гэта за каханне такое, дзеля якога нават песню верную жаніх падабраць не змог?

Алесь задумаўся. І зацягнуў тую песню, што звычайна дзяўчатам у вёсцы спяваў. Вандзе і Паўлінцы так падабалася, што яны сябровак клікалі паслухаць, а затым і разам з Алесем запявалі. Дажбог гэтым разам да канца даслухаў.

– Калі ты так яе кахаеш, як песню праспяваў, то хай бы лепей ты яе і не знайшоў. Фальшыва, ілжыва спяваеш, – паківаў галавой Даждьбог, ды пайшоў са сцежкі. – Ідзі, калі такі упэўнены.

Алесь матнуў галавой. Вандзе гэтая песня падабалася, ніколі словы дрэннага не казала. Сцяжынка згортвалася, віхляла, блытала, як словы Дажбога. Алесь усё ніяк не мог зразумець, у чым жа песня не тая. Сцяжынка скончылася прама ля ўваходу ў пячору.

Алесь спыніўся, глыбока ўздыхнуў і зазірнуў у пячору.

Тая вітала тысячай бліскучых агнёў, мільёнам серабрыстых і залацістых нітак. Алесь прайшоў углыб, дзе камяні ззялі яшчэ ярчэй. Каля інкруставанага часцінкамі траў і кветак калаўрота сядзела Макаш. Цалкам сівая жанчына з вузлаватымі пальцамі перабірала адразу тысячы нітак і сплятала іх у адзін узор. Алесь хацеў быў паклікаць яе, але ўзгадаў настаўленне Лады, і выйшаў з пячоры прэч.

Ён глыбока ўдыхнуў, павярнуў галаву направа, каб паглядзець здалёк на горад і ўбачыў каля сябе высокага мужчыну. У плячах ён быў нават шырэйшы за Алеся.

– Чаго табе тут трэба?

Цяжкія нізкія хмары зацягнулі ўсё неба. Усё пацямнела, нібы зараз ноч, а не дзень. Такімі днямі ўся моладзь збіралася ў кагосьці дома і слухала казкі. Лепшыя казкі складала Паўлінка, а Ванда ёй падказвала. Разумелі яны адна адну з паўслова. Сяброўства ў іх было вернае і моцнае. Як жа ў вочы Паулінцы потым глядзець, калі Ванду тут пакінуць?

– Хачу папрасіць Мокаш аб дапамозе.

Мужчына навіс над Алесем.

– Не дапаможа, прэч.

Па спіне Алеся прабеглі дрыжыкі.

– Я дачакаюся яе адказу.

У небе бліснула маланка. Праз секунду загрымела.

– Я сказаў табе: ідзі адсюль.

Ён да Ванды пасватаўся пасля такой дажджлівай ночы. Прачнуўся і сказаў маці засылаць сватоў, быццам хто ў сне падказаў. Яна так узрадавалася, замітусілася, а Алесь нічога не адчуваў. Бацькі Ванды пагадзіліся, і нават тады Алесь адчуў хіба толькі палёгку.