Всеволод Нестайко – Тарэадоры з Васюкоўкі (страница 32)
«Вось яно што! Дык яны, атрымліваецца, нямецкія піянеры, а не нашы».
Мы ідзём па востраве і падыходзім да будана. Каля будана стаіць Кукуруза і калупае ў носе.
— Знаёмцеся. Губернатар вострава Пераэкзаменоўкі Рабінзон Васільевіч Кукуруза, — кажу я, як мне здаецца, па-нямецку, а сам думаю: «Цьфу! Чаго гэта я яго губернатарам ахрысціў? Што ён, капіталіст, ці што? Ён жа наш савецкі Рабінзон. Трэба было, мабыць, сказаць — старшыня сельсавета. Але ж які тут сельсавет, калі ён на востраве адзін!»
Між тым Кукуруза кажа:
— Калі ласка.
І мы ўваходзім у будан. Уваходзім у будан і спыняемся ў вялікім светлым пакоі, дзе ўсё белае, як у бальніцы. Пасярэдзіне на белым стале стаіць бліскучая нікеліраваная каструля.
— Каструля, — паясняе Кукуруза. — На транзістарах. Сама варыць. Без агню.
«Ты глянь. Вось чортаў Кукуруза! Так-такі навыдумляў усяго... на транзістарах».
— Дер Штуль? — пытае раптам Валька.
— Дер Бляйштіфт, — адказваю я, і сам здзіўляюся, як складна атрымліваецца. Яна ж запытала: «Слухайце, а як жа з вашай сакрэтнай справай?» — а я адказаў: «Усё ў парадку. Не хвалюйцеся».
Якая цудоўная нямецкая мова! Адно слова скажаш, і ўсё зразумела. Трэба будзе на наступны год папрасіцца ў школе ў нямецкую групу. Абавязкова. Выдатнікам там стаць — раз плюнуць. Цяпер я разумею, чаму ўсе яны: і Валька, і Ігар, і Сашка — выдатнікі.
І тут раптам бачу: за спіной Валькі стаіць у капітанскай форме... Кныш. А каля яго — голы, у масцы і ластах, Бурміла.
«Вермахт... Падарунак ад немцаў... Дваццаць жалезных... Сягоння ноччу...» — успамінаю я, і ўсё ў мяне ўсярэдзіне пайшло, паехала ўніз.
А Кныш падыходзіць да мяне і грозна кажа:
— Даме заўсёды трэба даваць месца! — і з усяе сілы штурхае мяне ў грудзі.
— Толькі так! — чуецца голас Бурмілы.
І я лячу, лячу, лячу — некуды ў бяздонне. Гоп — і прачынаюся.
Чорт ведае што прыснілася.
І адразу я ўспомніў, што мне трэба ехаць ноччу ў плаўні. Калі «сягоння ноччу» — дык сягоння ноччу... І так мне зрабілася маркотна, што і перадаць не магу.
Маці не было — пайшла ў поле. Бацька з раніцы на рабоце. Нідзе нікога. А тут яшчэ гэты сон... Не мог я сядзець у самоце. Да людзей мяне пацягнула. На вуліцу. Як добра, што ёсць усё-такі на свеце людзі!
Вунь галапузая суседская дзятва ў брудным раўчуку караблікі пускае, а ўсё роўна, глянеш на іх — і лягчэй.
Зазірнуў я ў двор да Рэняў. Дзед Варава сядзіць на прызбе і мянташыць касу.
«Эх, нічога вы, дзед, не ведаеце, дзе зараз ваш даражэнькі ўнук Ява, — падумалася мне. — Калі б вы ведалі, не сядзелі б так спакойна. А сёння ноччу невядома што яго чакае! Сапраўдная ваенная аперацыя. Можа, і страляць давядзецца. Эх!»
Праскочыў я паўз адчыненую фортку, каб не заўважыў мяне дзед (а то яшчэ, чаго добрага, распытваць пачне!).
Іду вуліцай.
«А можа, не прыедзе Кныш? Захварэе ці яшчэ што-небудзь. Усякае ж бывае. Але — не, наўрад. Такія не хварэюць».
Насустрач Галіна Сідараўна.
— Добры дзень! — прывітаўся я ціхенька, а ў душы: «Бывайце, Галіна Сідараўна! Можа, і не пабачымся больш...»
Іду далей.
І раптам...
— Чаго гэта ты нос павесіў? Зноў нешта ўтварыў? — пачуў я неспадзявана. Каля калодзежа з вядром стаяла Грабянючка і пазірала на мяне насмешліва. — І чаго ты адзін? А дзе ж твой двоечнік? Можа, пасварыліся?
Мабыць, трэба было сказаць ёй штосьці рэзкае і ўедлівае: «Не твая парасячая справа», але мне не захацелася так вось гаварыць, і я проста адказаў:
— Ён у Пясках, у цёткі.
— А ты, бедненькі, ходзіш і плачаш.
І зноў я ўстрымаўся ад абавязковага ў такіх выпадках: «Сама ты плачаш. Вытры лепей пад носам», а шчыра прызнаўся:
— Не плачу, але сумую.
Мае нязвыклыя адказы, мабыць, здзівілі і расчулілі Грабянючку. Яна глянула на мяне са шчырым спачуваннем і сказала:
— Дык чаму ж ты да школы не прыходзіш, на спортпляцоўку? Мы там заўсёды ў валейбол гуляем і ў іншае.
— Ды-ы... — невыразна працягнуў я. І мне раптам вельмі захацелася расказаць ёй і пра востраў, і пра Кныша з Бурмілам, і нават пра сон, які мне сягоння прысніўся.
Я ледзь утрымаўся. Калі б гэта была толькі мая таямніца, дык я, пэўна, расказаў бы. Але — Кукуруза! Ён бы ніколі мне не прабачыў. Як цяжка часам быць верным сябрам!
А яшчэ я неспадзявана падумаў: «А ці ўмее Грабянючка танцаваць казачок?» І хоць я не ведаў, але чамусьці вырашыў, што, мабыць, умее.
Пакуль мы гаварылі, яна апусціла вядро ў калодзеж і цяпер пачала выцягваць. Я спачатку назіраў, потым у душы махнуў рукой: «А! Кукуруза ж усё роўна не бачыць!» — і сказаў:
— Давай памагу.
Яна нічога не адказала, я ўзяўся таксама за ручку, і мы пачалі круціць удваіх. Мы круцілі так заўзята, што вядро гайдалася там, у глыбіні, стукалася аб бярвенні і чулася хлюпанне. Як вадаспад. Калі мы выцягнулі, вады было паўвядра. Мы глянулі адзін на аднаго і засмяяліся.
— Давай яшчэ.
Мне было вельмі весела вось так удваіх круціць корбу. Нашы рукі дакраналіся, мы штурхалі адзін аднаго, а адзін раз нават стукнуліся лбамі. І ўвесь час рагаталі. І стала шкада, калі вёдры ўжо былі поўныя. Яна ўзяла іх і пайшла павольна. Недзе ўнутры ў мяне варухнулася думка: трэба было б дапамагчы ёй, паднесці хоць да варот. Але на гэта ўжо ў мяне не хапіла пораху. І я толькі моўчкі глядзеў ёй услед. І думаў, што на бязлюдным востраве я ні за што на свеце не жыў бы. Нават за матацыкл з каляскаю.
«Бывай, Ганька! Можа, мы і не пабачымся болей. І ты ўсё жыццё будзеш успамінаць вось гэтую сустрэчу каля калодзежа... Ой! — успомніў я раптам. — Кукуруза ж скрыплікаў прасіў прывезці. А прадмаг вось-вось зачыніцца».
І тут нібыта кіем стукнулі мне па галаве: «Ну-ну! У мяне ж грошай ні капейкі. А скрыплікі дзевяць капеек сто грамаў. Што рабіць? Калі мама альбо тата прыедуць, дык прадмаг будзе зачынены».
Грабянючка ўжо ўваходзіла ў сваю фортку.
— Гр... Гр... Ганька! — паклікаў я, мабыць, упершыню назваўшы яе па імені.
Яна хітнулася і ажно выліла трохі вады ад нечаканасці.
— Ганька, — падбег я да яе, — чакай! Ведаеш, пазыч мне дзевяць капеек. Маці з работы прыйдзе, я адразу аддам.
— Навошта? — здзекліва глянула яна на мяне. — На цыгарэты? Так? На цыгарэты?
— На якія там цыгарэты! Вельмі трэба... Я на рыбалку на ноч іду. Кручкоў купіць, а то сельмаг зачыніцца.
— Толькі ў мяне дзевяці няма, у мяне цэлых пяцьдзесят. Маці на кніжку дала. Ох, якая цудоўная кніжка.
— Дык я здачу прынясу. Я хутка.
— Пачакай, я вынесу.
Карацей кажучы, скрыплікаў я купіў, Грабянючцы здачу аддаў, а калі маці прыйшла, і доўг вярнуў. Усё атрымалася добра. Нават не давялося доўга прасіць дзевяць капеек. Адразу дала. І на ноч адпусціла. Вось што значыць быць добрым і выконваць усё, што маці загадае!
Яшчэ і торбу прадуктамі напакаваў — нібыта на месяц ў падарожжа іду.
І калі зайшло сонца, я рушыў. Па дарозе ў сенцах намацаў доўгую вяроўчыну, якой маці бычка на выгане навязвае. «Хто ведае, можа, давядзецца звязваць, дык каб было чым», — падумаў я, адчуваючы пры гэтым халадок у жываце.
РАЗДЗЕЛ XIX. «Рукі ўгару!»
Кукуруза з вудачкай у руках тырчаў па пояс у вадзе каля берага. Тырчаў, мабыць, даўно, бо нават пасінеў, як гусіны пуп, і ляскаў зубамі.
— Нечага сказаць, спяшаўся ты, як свёкар рукі мыць, — сярдзіта прамармытаў ён, але я заўважыў, што ён хавае радасную ўсмешку. Ён усё ж баяўся, што я не прыеду, і ўзрадаваўся, калі ўбачыў мяне.
Кукуруза выйшаў з вады і пачаў размахваць рукамі і прысядаць, каб сагрэцца. Потым запытаў:
— Ну як там? Што новага? Як мой дзед? Яшчэ ў міліцыю не заявіў?