реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 2)

18

— Сяргей Антонавіч, за табой план аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў,— Янушкевіч закрыў папку, пасунуў яе ў бок Пугацэвіча.— Падумай вось над чым. Хаця кражы зроблены быццам бы прафесійна, не выключана, што дзейнічалі пачаткоўцы. Сякія-такія дэталі пракідаюцца. Напрыклад, іх паводзіны ў Канапацкіх. Прыгледзься і да тых, хто ў нас на прыкмеце.— Янушкевіч павярнуўся да следчага: — Ты, Вадзім Аляксандравіч, маеш што сказаць? Не? Нішто, хутка і табе будзе працы.

— Дазвольце, таварыш падпалкоўнік? — У Шульжыка з’явілася яшчэ адна ідэя.— Трэба ўзяцца за Лебедзева — раскажа, дзе маркі ўзяў.

— Стрэлянага вераб’я на мякіне не правядзеш,— усміхнуўся Пугацэвіч.— Адмовіцца, а доказаў у нас няма. Ты спачатку папрацуй вакол яго і, калі што знойдзеш, тады ўжо бярыся.

— Правільна,— падтрымаў Пугацэвіча начальнік аддзела.— Бяры, Сяргей Антонавіч, у дапамогу сабе ўсіх, каго палічыш патрэбным. Акрамя лейтэнанта Гарбаценкі. Каб Лебедзеў не адкруціўся, калі падставы ўзяцца за яго будуць, прыцягнем да справы Пегаса.

Пугацэвіч здзіўлена паглядзеў на падпалкоўніка.

— Лебедзеў са сваімі дружбакамі, такімі ж абібокамі, Грыгаровічам і Самсонавым, штовечар балююць дзе-небудзь у кафэ ці рэстаране. Праўда, папярэдняя праверка супрацоўнікамі райаддзела не ўстанавіла, каб Лебедзеў або хто з гэтых хлопцаў неяк сутыкаліся з пацярпеўшымі. Аднак маркі ў яго былі, і недзе ж ён іх браў. Вось і даручым нашаму маладому і новаму ў горадзе калегу прыгледзецца да гэтай групы. Паэзія вымагае ад паэта быць псіхолагам, от хай і праявіць свае здольнасці,— падпалкоўнік дапытліва паглядзеў на мяне.

— Так бы і сказалі, а то Пегас…— Мне чамусьці стала крыўдна. Вершы не прадмет для кпінаў.

— 3 крылатым канём пойдзеш як з пропускам,— Пётр Пятровіч не жартаваў, і я насцярожыўся.— Прататыпаў для творчасці не абяцаю. Сам ведаеш, нам не тыповым, а выключэннем з правілаў даводзіцца займацца. Як вось гэтая троіца. Яны часта пачынаюць гуляць з кафэ «Прыемнага апетыту», нібы сапраўды апетыт на далейшае нагульваюць. Установа ціхая, утульная. Самае месца для паэта. Падумай, Павел, сабе,— ён крыху расслабіўся, аднак вочы глядзелі жорстка,— сядзіш за асобным столікам, у высокай шкляной вазачцы палымнеюць гваздзікі, у кубачку дыміцца пахучая кава. А ты сярод гэтага хараства засяроджана пра трапную рыфму мысліш. Га? — Не чакаючы, што я адкажу, ён дадаў: — Малайчына рэдактар, не напісаў, што аўтар вершаў Павел Гарбаценка выпускнік менавіта юрфака. Так што пры выпадку можаш на філфак спаслацца. Цяпер жа, маўляў, на вольным хлебе ў класікі меціш, над кнігай горбішся.

Таварышы маўчалі, з цікавасцю паглядаючы на мяне. Пра вершы я нікому тут не расказваў, адкуль толькі Пётр Пятровіч дазнаўся? А яго задуму ўлавіў. Ды, як некалі сцвярджала мая аднакурсніца Насцечка Мелехавец, дух бунтарства ўва мне нарадзіўся ці не раней за мяне. I я заўпарціўся:

— Афіцыянткам расказваць, ці што?

— Там дзяўчаты прыгожыя, ведаю, спецыяльна заглядаў, так што вазьмі грэх на душу, пахваліся.— Пётр Пятровіч адкінуўся на спінку мяккага крэсла-круцёлкі.— I табе гонар, і той, каму паложана, дазнаецца пра цябе.

— Не клюне,— заданне мне ўвогуле спадабалася, але ўпэўненасці, што будзе так, як задумаў Янушкевіч, я не меў.

— Усё можа быць,— засяроджаны на сваіх думках, гаварыў павольна падпалкоўнік.— Ды ёсць у Лебедзева адна рыса — цягне яго да славутых людзей. То з артыстам спрабаваў пасябраваць, то з футбалістам… Павінен і на паэта клюнуць!

Вось так, Павел Сцяпанавіч, вяртайся ў лірыку, кажу я сабе і ўважліва слухаю падпалкоўніка — перш чым адпусціць мяне, ён дэталёва абгаварыў сітуацыі, якія маглі ўзнікнуць пры выкананні задання. Аднак гэта ўжо зусім не паэтычная тэхналогія.

2

Кража ў Канапацкіх непакоіла Пугацэвіча больш за другую не толькі памерам. Неяк не ўпісвалася яна ў стэрэатып кватэрных краж, якімі даводзілася яму займацца раней. Была яна дзёрзкая. Злодзеі нібы выхваляліся сваёй няўлоўнасцю, беспакаранасцю. Спачатку па-гаспадарску старанна абчысцілі шафы і шуфляды. А тады спакойна, як у сваёй хаце, расклалі ў кухні на стале нажы і відэльцы, паставілі бакалы, пляшку каньяку, выцягнулі з халадзільніка закуску. Выпіўшы, памылі, працерлі посуд, прыборы і пакінулі ўсё гэта на стале. Інтэлігенты, нічога не скажаш. Няйначай, надумалі яшчэ і паназаляцца.

Калі верыць сталовым прыборам, балявалі трое. Пугацэвіч шкадаваў, што не выязджаў туды з аператыўнай групай. Сам, магчыма, заўважыў бы нешта такое, што прапусцілі тады. Хаця, па шчырасці, наракаць на працу калег падстаў не было. Пратаколы агляду, першых допытаў былі падрабязныя. Тым не меней, узяўшы справу ў свае рукі, Сяргей Антонавіч вырашыў з’ездзіць да Канапацкіх. 3 дня кражы мінула больш трох тыдняў, людзі, напэўна, перажылі ўжо шок, выкліканы ёю, і цяпер, паспакайнеўшы, маглі сёе-тое ўспомніць дадаткова.

Канапацкі дома быў адзін. Пугацэвіча сустрэў ветліва, аднак без асаблівай прыязнасці. Адчувалася, што ён ужо не надта верыў у здольнасць міліцыі раскрыць гэта злачынства.

Прычына халоднасці гаспадара была зразумелай. Пугацэвічу таксама было ніякавата. Кепска, калі ты не можаш апраўдаць спадзяванні чалавека, які ў тваіх афіцыйных паперах значыцца як пацярпеўшы. Асабліва чалавека добрага і табе сімпатычнага. Ідучы сюды, Сяргей Антонавіч ведаў, што Канапацкі не хапуга, сваімі магчымасцямі не злоўжывае, лішняга не прывозіць, і гэта адно ўжо станоўча характарызавала яго. А цяпер і з выгляду ён спадабаўся Сяргею Антонавічу. Пажылы, аднак моцны яшчэ — дзіва ж, на міжнародных перавозках, якія доўжацца не адзін дзень, слабак не здужае. Паглядаў ён уважліва, крыху нахіліўшы ўлева вялікую галаву з коратка падстрыжанымі пасівелымі валасамі. Уся яго ладная, падцягнутая пастава сведчыла, што ён былы вайсковец, які ніколі, ні пры якіх абставінах не дазволіць сабе ніякай расхлябанасці. Таму пачынаць размову аказалася больш складана, чым разлічваў Пугацэвіч, збіраючыся сюды.

— Прабачце, Леў Сідаравіч, але мушу вас патрывожыць зноў.

— Каб гэта што дало...

— Падзяляю вашу незадаволенасць, таму і прыйшоў,— Пугацэвіч выцягнуў цыгарэту, нерашуча пакамячыў яе. Ён раптам адчуў, што хвалюецца, што ўзяў бяду гэтага прыемнага яму чалавека блізка да сэрца.— Цяпер справай будзе займацца абласное ўпраўленне. У прыватнасці, даручана мне. I я хачу сам паслухаць вас, пабачыць, так сказаць, на месцы абстаноўку.

— Ну што ж, давайце,— у яго вачах з’явілася цікавасць да капітана міліцыі, які так рашуча абяцае помач. Захінуў доўгі паласаты халат, модны гадоў дзесяць таму назад, паказаў рукой на дзверы ў пакой: — Прашу…

Дом быў старой планіроўкі. Канапацкія займалі кватэру з трыма асобнымі пакоямі, доўгім і шырокім калідорам, прасторнай кухняй. У такой кватэры не адразу разбярэшся, дзе што. А злачынцы дзейнічалі беспамылкова, лезлі толькі туды, дзе было што ўзяць.

Гаспадар вадзіў па кватэры, расказваў, паказваў, і Пугацэвіч стараўся ўсё запомніць, пакідаючы вывады на пасля. Хаця адно адзначыў адразу: у гэтай хаце не гналіся за паказухай. Ні сервант, ні буфет, ні паліцы не былі застаўлены крышталём, каштоўнымі вазамі. На сценах не віселі дываны, што часта сустракаецца ў кватэрах людзей, якія дарываюцца да шалёных грошай. Канапацкія, відаць, наогул не надавалі рэчам вялікага значэння.

Слухаючы гаспадара, Пугацэвіч толькі зрэдку ўдакладняў што-небудзь, аднак так, каб Леў Сідаравіч не здагадваўся пра ход ягоных думак. Калі ў злачынстве ўдзельнічаў блізкі дому чалавек, такое падазрэнне міліцыі магло насцярожыць яго. Бо Канапацкія, што натуральна ў іх становішчы абрабаваных, напэўна, са знаёмымі і абмяркоўвалі, і будуць яшчэ абмяркоўваць не раз, скардзіцца на сваю бяду, дзяліцца спадзяваннямі і, вядома, крытыкаваць міліцыю, захады вышуку.

Пахадзіўшы па кватэры, Канапацкі з Пугацзвічам вярнуліся ў гасціную.

— Зрэшты, у нас усё на віду,— сказаў гаспадар,— усё пад рукой. Лішняга не мелі, каб хаваць, — ён гаварыў павольна. нібы спакойна, толькі раз-пораз нервова сціскаў пальцы. каб не паказаць, што яны дрыжаць.— Але і неабходнага набралася. Як у маленькай краме. Чалавек з цягам часу абрастае рэчамі…

А Пугацэвіч думаў, што сапраўды той, хто сумленна зарабляе нават немалыя грошы, не будзе з імі хавацца па закутках. Ён сам не бярэ чужога і ў думках не трымае, што могуць абрабаваць яго. I потым вось так, як Канапацкі, ніяк не можа зразумець, чаму менавіта да яго палезлі злодзеі. Ішло гэта ад нейкай жыццёван непрактычнасці, ці што. Пугацэвіч спачуваў такім людзям і перажываў, нібы быў вінаваты ў тым, што з імі здарылася.

— Вы каго-небудзь падазраяце? — Такое пытанне задавалі Канапацкаму раней, і таму яно павінна было прагучаць як дзяжурнае, пратакольнае. Але, нават паўтарыўшы свой колішні адмоўны адказ, ён потым будзе ўспамінаць яго, і, можа, праз колькі часу нешта ўсё-такі ўсплыве, мільгане здагадкай у галаве.

Леў Сідаравіч развёў рукамі.

— Паставім пытанне інакш.— Капітан памацаў па кішэнях, шукаючы запалкі. Не знайшоўшы, сунуў цыгарэту ў пачак.— Вось вы прыязджаеце з камандзіроўкі, прывозіце што-небудзь незвычайнае, прыгожае, як кажуць, імпартнае. Каму, напрыклад, вы паказвалі ў апошні час прывезеныя рэчы?

Гаспадар, перш чым адказаць, высунуў шуфлядку падсервантніка, пакорпаўся там і сярдзіта крэкнуў: