Владимир Шитик – Апошняя арбіта (страница 15)
П. К. і С. В. зрабілі ўжо тры выхады на паверхню. Кожны раз яны вяртаюцца знясіленыя, маўклівыя. Пасядзяць нерухома гадзіну, другую, перакусяць і зноў за работу.
Ці паспеюць? Няўжо мы не вырвемся? Не, быць таго не можа... Я вельмі хачу жыць, я баюся згарэць або захлынуцца газамі. А колькі мы расказалі б, каб вярнуліся на Зямлю, пра Марс, пра Юпітэр.
Чаму мяне не бяруць з сабой на паверхню? У адзіноце не магу ні чытаць, ні глядзець кінафільмы, работа валіцца з рук. Як хочацца ўбачыць тату, маці.
3 красавіка. Крыху сорамна чытаць мінулы запіс. Хіба астатнім не было страшна? А яны не раскісалі, знайшлі ў сабе сілы, каб працаваць нават тады, калі раптам здалося, што ўсё гэта — марная трата сіл. У разлікі, напэўна, укралася памылка, або мы недакладна ведаем будову Юпітэра. «Набат» нечакана зноў пачаў адхіляцца ўбок ад той крывой, якую разлічылі электронныя машыны. Я бачыў, як пабялеў Павел Канстанцінавіч, якім упартым агнём загарэліся ягоныя вочы, як спахмурнеў Сцяпан Васільевіч, калі я паказаў ім карту нашага шляху. Яны не сталі нават адпачываць, а вярнуліся ў космас, поўны метанавай атруты. Яны ўвесь час працавалі і перамаглі! Вось гэта людзі!
Дзюза запрацавала трыццаць шэсць гадзін таму назад. Але ўсё роўна пра адпачынак не было чаго думаць. Мы знаходзіліся за паўмільёна кіламетраў ад Юпітэра, або ад таго, што называюць Юпітэрам. Бо, як сцвярджаюць прыборы, там, акрамя газаў, нічога няма. Аднак і тых газаў хапіла, каб трымаць нас на добрым ланцужку. Суткі працавалі дзюзы на поўную магутнасць, і за гэтыя суткі мы змаглі толькі павярнуць нос карабля ў бок ад Юпітэра. Потым пачалі рухацца — сантыметрамі, метрамі. Дрыжэлі нават перагародкі. Але мы вырваліся!
5 красавіка. Небяспека засталася ззаду. На шкле тэлескопа злосны Юпітэр, як і некалі, здаецца касматым клубком. Нас аддзяляюць ад яго ўжо мільёны кіламетраў, і гэта самае радаснае, што я магу запісаць.
Але няшчасці не мінаюць. Сёння раніцай С. В. сказаў нам:
— Гаручага для ядзерных рухавікоў засталося столькі, што яго хопіць або вярнуцца адсюль дамоў, або даляцець і зрабіць пасадку на Плутоне. Астатняе патрачана ў барацьбе з Юпітэрам. Што будзем рабіць?
Як і мінулы раз, рашаць павінен быў кожны самастойна, і рашэнне прымалася толькі аднагалосна. Я маўчаў, бо разумеў, што гаварыць можна толькі тады, калі цвёрда ў чым-небудзь упэўнен. Але мне вельмі хацелася, каб мае старэйшыя таварышы вынайшлі які-небудзь спосаб ляцець далей.
— Паліва знойдзем на Плутоне,— упэўнена сказаў П. К.— Будзем шукаць і знойдзем,— паўтарыў ён.— Можна нават паспрабаваць штучна падрыхтаваць ядзернае рэчыва. Што з таго, калі на гэта спатрэбіцца год — другі. У нас павінна хапіць запасаў ежы і кіслароду.
— Так,— прамовіў Бурмакоў і звярнуўся да мяне: — А ты, Віця, што думаеш?
— Згодзен з вамі! — адказаў я.
— Хітрун! — першы раз пасля Марса засмяяўся Бурмакоў.— Хітрун Значыць, не хочаш нікога з нас пакрыўдзіць? Ну што ж, сябры, ляцім далей, што б там ні здарылася!
IV
Суровы, нешматслоўны, як кожны, на чыю долю выпала нямала цяжкага, Бурмакоў быў тым не менш прываблівым чалавекам. Яго душэўная сіла выклікала ў Паўла і Віці жаданне быць падобнымі да свайго камандзіра. I напэўна таму замкнёнасць Бурмакова з часам перадалася і ім. Яны рэдка гаварылі пра асабістыя перажыванні, не ўспаміналі мінулае. Абодвум здавалася, што гэта будзе непрыемна Бурмакову, у асабістым жыцці якога было бадай што больш трагічнага, чым шчаслівага. Яны бераглі спакой камандзіра, не ведаючы, які душэўны боль прычыняюць яму гэтым. Заняты доўгія гады толькі навукай, ён не ўмеў гаварыць пра інтымнае, хоць, як і кожны чалавек, меў патрэбу ў такіх размовах.
I цяпер Бурмакоў з усёй сілы клапаціўся пра Паўла і Віцю, непакоіўся, калі не бачыў на іх тварах усмешкі, сумаваў, калі сумавалі яны, гатоў быў весяліцца, калі было весела ім. Ён быў шчаслівы, калі выпадаў не заняты працай час, калі можна было ўсім разам пасядзець у бібліятэцы, паглядзець кінафільм, паслухаць канцэрт, пачытаць.
Пасля напружаных дзён касманаўты цяпер збіраліся часцей. Хацелася адпачыць, а можа, проста гэта была туга па Зямлі. Яны ляцелі наперад і думалі аб тым часе, калі вернуцца дадому. Ці хутка будзе гэта?
У той вечар яны, як звычайна, сядзелі ў бібліятэцы. На кінаэкране дэманстраваўся канцэрт. I, відаць, у гэты момант не аднаму Віцю ўспомнілася Радзіма. Ён не вытрымаў і сказаў пра гэта.
Бурмакоў перавёў на экран адлюстраваыне той часткі неба, дзе знаходзілася Зямля. Маленькая блакітная зорачка, да якой імкнуліся іх думы, нічым не адрознівалася ад іншых зорак. Людзі моўчкі глядзелі на экран, і кожны за гэтай далёкай бліскучай зорачкай бачыў нешта сваё, дарагое і незабыўнае.
Віця адчуў сябе вінаватым, што ў яго таварышаў сапсаваўся настрой, і папрасіў:
— Цікава было б зірнуць на Плутон.
Бурмакоў шчоўкнуў кнопкамі. Экран хліпнуў і засвяціўся новым кутком Сусвету. Няяркі, невялікі Плутон паказаўся з далёкага зоркавага россыпу.
— Ён амаль з намі побач,— сказаў Бурмакоў.
— Няўжо ён новы ў Сонечнай сістэме? — спытаўся Віця, радуючыся, што і Павел і Бурмакоў раптам ажывіліся.
— Гэта табе лепш Павел Канстанцінавіч раскажа, я і сам не надта разбіраюся ў такіх астранамічных таямніцах.
— Сцяпан Васільевіч,— шчыра сказаў Павел.— Мы ж па вашых падручніках вучыліся і нічога асабліва новага я не скажу. У канцы мінулага стагоддзя самай далёкай, апошняй планетай у сонечнай сістэме лічыўся Нептун. Аднак ужо тады астраномы заўважылі, што тэарэтычная арбіта яго не адпавядае сапраўднай. Прыйшлі да вываду, што на Нептун дзейнічае нейкая іншая невядомая планета. Але якая? I дзе яна? Да гэтага часу матэматыкі ўмелі, ведаючы арбіту і масу планеты, вызначыць тыя ўздзеянні, якія яна можа рабіць на суседнія. У гэтым жа выпадку трэба было рашаць задачу з адваротнай умовай. Пошукі пачаліся ў 1878 годзе. Астраномы назіралі ў тэлескопы, матэматыкі рабілі разлікі, стараючыся адгадаць магчымую арбіту невядомага нябеснага цела.
— Але міналі доўгія гады,— Павел перавёў тэлескоп на Нептун,— а гэтая планета па-ранейшаму заставалася крайняй з вядомых чалавеку планет Сонечнай сістэмы. Толькі ў 1930 годзе на фотаздымках месца, якое вылічылі матэматыкі, была заўважана невядомая зорка. Неўзабаве пацвердзілася, што адкрыта новая планета. Яе назвалі Плутон — па традыцыі далі імя міфічнага бога. Некалькі дзесяцігоддзяў прайшло з таго часу, а людзі вельмі мала ведаюць пра гэтую планету, да якой мы цяпер набліжаемся. У 1950 годзе было праведзена вымярэнне дыяметра Плутона. Ён складае 0,46 зямнога дыяметра, або 5870 кіламетраў. Такім чынам, Плутон — невялікая планета. Ён крыху большы за Меркурый і меншы за Марс. Тым больш дзіўна, што, паводле вылічэння, яго маса роўна зямной. Гэта значыць, што сярэдняя шчыльнасць Плутона надзвычай высокая — каля 50 грамаў на кубічны сантыметр, а гэта ў шэсць разоў шчыльней за жалеза.
— Праўда, нашы звесткі аб Плутоне даволі прыблізныя,— Павел памаўчаў, пільна ўглядаючыся ў экран тэлескопа, на якім зноў блішчэў Плутон.— Мы ведаем, што ён знаходзіцца на сярэдняй адлегласці ад Сонца, роўнай сарака астранамічным адзінкам, або шасці мільярдам кіламетраў. Гэта апошняя арбіта планет Сонечнай сістэмы. Бляск Плутона мяняецца, што можна растлумачыць вярчэннем яго вакол восі. Суткі на ім па сваёй працягласці роўны 6 зямным дням 9 гадзінам 21 мінуце і 30 секундам. Гэта так званыя аб’ектыўныя дадзеныя. Аналіз іх паказвае, што Плутон не падобен на астатнія вялікія планеты Сонечнай сістэмы. Па-першае, плоскасць яго арбіты нахілена да плоскасцей арбіт іншых планет пад вялікім вуглом — 17 градусаў, а гэта не ўласціва ўсім іншым планетам Сонечнай сістэмы. Па-другое, суткі на планетах-гігантах роўны 10—15 гадзінам, а на Плутоне, як я гаварыў ужо, яны ў многа разоў большыя. У Плутона вялікая маса. Ён складаецца з надзвычай шчыльнага рэчыва, таму, магчыма, нам будзе там цяжэй хадзіць. Але не гэта галоўнае. Першае, што мы зробім, апусціўшыся на Плутон,— гэта паглядзім на ягонае неба. Яно павінна выглядаць аднастайнай чорнай безданню, усеянай зоркамі. Сузор’і там такія ж, як і на Зямлі. Сонца здаецца яркай зоркай. Яно дае Плутону цяпла ў дзве з паловай тысячы разоў менш, чым Зямлі, і тым не менш асвятляе яго паверхню ў дзвесце разоў больш моцна, чым Зямлю поўны Месяц. Без тэлескопа мы ўбачым адтуль яшчэ толькі надзвычай яркі Нептун, а таксама Сатурн, Уран і, магчыма, Юпітэр. Атмасферы на Плутоне, відавочна, няма, ва ўсякім выпадку, калі і ёсць, то яна павінна быць у дзесяць разоў радзейшая, чым на Зямлі.
— Ну і карціну вы намалявалі, Павел Канстанцінавіч,— усміхнуўся Бурмакоў.— Чаго добрага, захочацца назад павярнуць.
— Ага,— уздыхнуў Віця,— вельмі сумна. Адна толькі надзея, што мы зноў, як і з Марсам, памыляемся.
У караблі было цёпла, па-хатняму ўтульна. I толькі зеленаваты экран, да якога Бурмакоў падключыў электронны тэлескоп, напамінаў пра бясконцую бездань, што праглынула маленькі карабель.
V
Мінула некалькі месяцаў. Жыццё людзей на караблі цякло павольна, без прыгод і здарэнняў. Космас нібы злітаваўся і пасля тых выпрабаванняў прызнаў за людзьмі права паглыбіцца ў яго нетры. Нарэшце прыйшоў момант тармажэння. Аўтаматы працавалі дакладна. Бурмакоў і Павел амаль зусім не кантралявалі іх і самі гадзінамі не адрываліся ад тэлескопа. Але не Плутон быў аб’ектам іх назіранняў. Яны ў акулярах тэлескопа, а Віця на картах галоўнай лічыльнай машыны шукалі пазаплутонавую планету. Не верылася, не хацелася верыць, што яе няма. Яна павінна была быць. Інакш…