Владимир Шитик – Апошняя арбіта (страница 14)
Адказу не было.
Віця паспрабаваў пазваніць па ўнутраным тэлефоне. Бібліятэка маўчала. Не працавала і тэлевізійная ўстаноўка.
— Задача,— сказаў Бурмакоў.— Трэба залатаць прабоіну.
— А што з Паўлам Канстанцінавічам?
— Адно ведаю, здарылася бяда. Мы не можам узламаць дзверы, бо выйдуць са строю прыборы ў рубцы, і карабель загіне.
Глытаючы слёзы, Віця корпаўся ля тэлекамеры. Бурмакоў паглядзеў на яго, уздыхнуў і вярнуўся да рычагоў. Праца памагла хоць на імгненне забыць гора.
Марудна цягнуліся гадзіны. Калі перасталі выць сірэны, ніхто гэтага не заўважыў. Урэшце, што магло здарыцца больш страшнае? Новая сустрэча з метэарытам, астэроідам? Яны перасталі ўжо баяцца яе. Як там Павел? Гэта непакоіла больш за ўсё.
— Раней, чым праз дзесяць гадзін, мы не зможам выбрацца з карабля,— Бурмакоў кінуў на стол аловак, якім пісаў заданне лічыльнай машыне.
Дзесяць гадзін. Ён не сказаў, што гэта азначае. Але Віця ведаў і без яго. Яшчэ дзесяць гадзін Павел павінен знаходзіцца ў бібліятэцы, дзе пануе касмічны холад, абсалютны нуль, што ў долю секунды можа ператварыць жывога чалавека ў ільдзіну. Хлопчык яшчэ хутчэй запрацаваў пальцамі, мяняючы пашкоджаныя крышталікі.
Іх было шмат, тых крышталікаў, што павырываліся са сваіх гнёздаў. Толькі праз некаторы час злучэнні замкнуліся, прапускаючы ток.
— Ёсць,— коратка далажыў Віця, наводзячы тэлекамеру на сценку бібліятэкі.
Нябачныя праменні праніклі праз сталёвыя дзверы, забегалі па адсеку.
— Ён! — узрадаваўся Віця.
Павел нерухома ляжаў на падлозе, раскінуўшы рукі.
Да болю ў вачах углядаліся Бурмакоў і Віця ў экран, спадзеючыся заўважыць хоць якія-небудзь прыкметы жыцця на Паўлавым твары, і не заўважалі іх.
II
Каб раней хто сказаў Бурмакову, што ён зможа больш за шэсць сутак — сто пяцьдзесят гадзін — не спаць, ён не паверыў бы. Нават тады, лятаючы на Месяц, калі сам космас быў яму навіной, ён спаў. А цяпер вось гэтулькі часу на нагах, не прымаючы ніякіх штучных узбуджальнікаў. Віця той вунь глядзеў-глядзеў на экран тэлевізара і заснуў. Ён яшчэ малы, дарма, што галава разумная. Любыя нягоды ў пятнаццаць год лягчэй пераносіць, чым у сорак пяць. А ён цяпер пэўна не супакоіцца ўжо, калі з Паўлам што здарылася дрэннае. I больш за ўсё крыўдна, што не маеш права рызыкаваць караблём, лёсам экспедыцыі, што сябра за паўметра ад цябе, а ты павінен яшчэ чакаць, чакаць…
Што здарылася з Паўлам? Магло проста аглушыць чалавека… Скафандр на ім цэлы, а ў скафандры можна не адны суткі чакаць дапамогі нават у гэткім страшэнным холадзе. Трэба спяшацца на выручку.
Бурмакоў адняў рукі ад твару. Зялёная стрэлка індыкатараў, што паказвала хуткасць «Набата», дрыжэла блізка ля нуля. Бурмакоў з жалем паглядзеў на схуднелага Віцю і дакрануўся да яго пляча:
— Уставай, Віця, будзем выходзіць.
Віця вінавата заміргаў вейкамі.
— Нічога, добра што адпачыў. Мне больш паможаш. Я пайду адзін. Ну-у, не крыўдуй. Карабель без людзей нельга пакідаць. А раптам што са мной здарыцца, хто выратуе? Хто верне «Набат» на Зямлю? Зразумеў?
Захапіўшы інструменты, металічны пластыр, каб заплавіць прабоіну, Бурмакоў накіраваўся ў пераходную дэзакамеру. Віця сачыў за ім па тэлеэкране, і яму здавалася, што Сцяпан Васільевіч занадта марудзіць. А той цяжкім крокам падышоў да вонкавага люка, адчыніў яго. Лябёдка закруцілася, спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру. Бурмакоў быў ужо на корпусе і, сагнуўшыся, падбіраўся да прабоіны. Са спрытам прафесіянала-бляхара акадэмік пачаў латаць дзірку.
Нарэшце работа зроблена...
— Вяртаюся,— сказаў Бурмакоў,— сачы, Віця, за прыборамі.
Бурмакоў паспеў ужо вярнуцца, распрануцца, а дзверы ў бібліятэку не адчыняліся.
— Надзень скафандр,— загадаў Бурмакоў.— Будзем рэзаць замкі.
Павел ляжаў у ранейшай позе. Паветра ў бібліятэцы мела павышаную радыёактыўнасць, і таму аўтаматы не адчынялі дзверы.
I вось, нарэшце… Зняты запоры.
Паўла перанеслі ў спальню, распранулі. Неўзабаве Павел апрытомнеў. Траўма была не сур’ёзная, і праз два дні ён перастаў лічыць сябе хворым.
Прамая траса карабля была пракладзена так, што па дарозе да Плутона яны павінны былі прайсці на адлегласці каля мільёна кіламетраў ад уяўляемай паверхні Юпітэра. Павел папрасіў зрабіць «невялікі» абход у сорак мільёнаў кіламетраў, каб пабываць блізка ля Сатурна, але Бурмакоў катэгарычна забараніў.
— Досыць з мяне і тых метэарытаў,— адказаў ён,— адно сатурнава кальцо, напэўна, сабрала іх столькі, колькі ўсе астатнія планеты.
Павел згадзіўся.
«Набат» імчаўся з падвойным паскарэннем. Яго хуткасць кожную секунду павялічвалася і неўзабаве дасягнула астранамічнай лічбы — блізка мільёна кіламетраў у гадзіну. Упершыню за час палёту астранаўты адчулі, што такое працяглая перагрузка. Ад яе было цяжка дыхаць, рухацца, хацелася спаць. А вахты штодня рабіліся цікавейшыя.
Бліскучы дыск Юпітэра, што нагадваў спачатку размаляваную сервізную талерку, не змяшчаўся ўжо ў ілюмінатары. I чым больш ён рос, тым больш мяняўся ягоны шар. Аміякавая і метанавая атмасфера гіганцкай планеты, успыхваючы цьмяным полымем і патухаючы, пульсавала.
— Здалёк даволі бяскрыўдная і нават прыгожая планета,— глянуўшы ў тэлескоп, задумліва сказаў Бурмакоў.— Баюся, што мы блізка ад яе ідзём.
— Мільён кіламетраў. Гэта блізка? — здзівіўся Віця.
— Не забывай, што ў аб’ёме Юпітэра месціцца тысяча трыста зямных шароў. I хоць сярэдняя шчыльнасць яго раўняецца 1,34, ён мае вялікую сілу прыцягнення. Уяві сабе на імгненне, што чалавек у сваім звычайным касцюме ступіў на паверхню Юпітэра. Ведаеш, што з такім смельчаком здарыцца? Яго сплюшчыць, як блін. Вось які Юпітэр.
Апасенні Бурмакова мелі падставу. Не прайшло і двух дзён пасля гэтай размовы, як хуткасць карабля раптам пачала зніжацца. Рухавікі нібы працавалі на тармажэнне. Яшчэ праз дзень прыборы адзначылі адхіленне ад курса. Юпітэр, як кажуць, злаваўся. Ягоныя шчупальцы-пратуберанцы высоўваліся на дзесяткі тысяч кіламетраў, нібы цэлячыся ўхапіць карабель з дзёрзкімі людзьмі, якія асмеліліся завітаць у яго ўладанні. Потым гэтыя шчупальцы знікалі, пакідаючы воблачкі. Прыборы-пасткі, што бесперастанна аналізавалі склад касмічнага рэчыва, пачалі ўлоўліваць атрутныя сумесі, характэрныя для атмасферы Юпітэра.
Каб адолець гэтыя капрызы, прыйшлося пусціць атамныя рухавікі на самую поўную магутнасць. Становішча паступова пачало выпраўляцца, стрэлка, якая сачыла за паскарэннем, зрушыла з нуля. Астранаўты ўздыхнулі лягчэй, але раптам здарылася непрадбачанае: прарвала залатаны пластыр на дзюзе, прабітай метэарытам. «Набат» амаль страціў кіраванне і клаўся на арбіту-эліпсоід, якая з часам павінна была закончыцца недзе з другога боку Юпітэра якраз у цэнтры. Гэта за некалькі секунд вылічылі электронныя машыны.
— Колькі ў нас засталося часу? — Бурмакоў быў на дзіва спакойны.
Нескладаны разлік машыны зрабілі імгненна. Павел падаў камандзіру стужку.
— Ого! Цэлы тыдзень. Ну, скажам, шэсць, нават пяць дзён. За гэты час мы павінны адрамантаваць або замяніць дзюзу. Тады мы яшчэ здолеем паспрачацца з нашым сярдзітым богам.
— На хаду дзюзу не заменіш, — усміхнуўся Павел.
— Але іншага выйсця няма.
— Ёсць, трэба зноў пакласці пластыр. На гэта спатрэбіцца менш часу. 3 усімі адключэннямі і ачысткамі — сорак-пяцьдзесят гадзін.
— А што гарантуе ад новага разрыву?
— У нас будзе ў запасе некалькі сутак, і мы можам не ўключаць адрамантаваную дзюзу на поўную магутнасць.
Бурмакоў згадзіўся не адразу. Тройчы задаваў ён работу машынам, пакуль прыняў рашэнне.
III
3 дзённіка Віці Асадчага
31 сакавіка, паводле зямнога вылічэння. А ў нас пераблыталіся ўсе дні. Неяк не шанцуе нам пасля Марса. Прырода нібы помсціць, што мы зазірнулі ў адну з яе самых глыбокіх таямніц. Мы, канешне, даб’емся мэты, не адступім. Але бачу, як гэта цяжка. Быў паранены П. К. і напружана працаваў С. В. І калі, нарэшце, можна было б адпачыць — новая бяда. Яна лягла на плечы С. В. і П. К., які — няхай не падманвае нас — і так не ачуняў яшчэ. Я стараюся памагаць чым магу, аднак мне мала што даручаюць. Дзівакі, прыдумваюць розныя прычыны, абы толькі зрабіць мне палёгку. Быццам я сапраўды такі ўжо малы. А пра сябе не дбаюць. Я сёння наўмысля прагледзеў кінастужкі, зробленыя незадоўга да нашага вылету. I магу прама сказаць, што С. В. і П. К. выглядаюць цяпер на дзесяць гадоў старэй. А як яны схуднелі — проста скура ды косці. Каторую ноч ужо не спяць, асабліва С. В. Ды што зробіш. Становішча наша вельмі небяспечнае. Мы бадай ці вырвемся з абдымкаў Юпітэра. Мне пра гэта не гавораць, утойваюць, быццам я сам не разумею. Хай думаюць, што я нічога не ведаю, калі ім лягчэй ад гэтага.
Адрамантаваць пашкоджаную дзюзу амаль немагчыма. Вельмі ўжо зараджана ўсё навокал радыёактыўнымі часцінкамі, якія выпраменьвае другі рухавік. Нашы касцюмы, у якіх мы выходзілі на Марс, сказаў С. В., не надзейныя. С. В. і П. К., калі выходзяць цяпер на паверхню, апранаюць іншыя, спецыяльна зробленыя для такіх выхадаў. Вы паглядзелі б на іх у тых касцюмах. Сапраўдныя маларухомыя механічныя робаты. У скафандрах не толькі працаваць, павярнуцца нязручна, не гаворачы ўжо аб тым, якіх намаганняў каштуе, напрыклад, падняць руку. Нашы спецыяльныя скафандры, зробленыя са свінцовых сплаваў, напэўна, лёгкія, я іх не апранаў яшчэ. Але ў месцах злучэння, якія адпавядаюць суставам чалавека, яны так дакладна падагнаны, што адна частка нібы прыліпае да другой.