реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 76)

18

– Дав-вайце, маладыя людзі, будзьце як дома, – гасцінна запрашаў Кіркор, робячы, магчыма, занадта выразныя pyxi маленькай зграбнай рукой.

Відаць было, што ён – не без славалюбства – ганарыцца i гэтым зборышчам, i гасцёўняй, i людзьмi, сабранымі ў ёй, i атмасферай дасціпнасці, лёгкай ігры мазгавых звілін, спрэчак i ўсяго іншага.

На вялікае сваё засмучэнне, хлопцы амаль адразу ўбачылі аднакласніка, графа Ігнацыя Лізагуба. Ён стаяў з нейкім хударлявым, сухотным на выгляд чалавекам і ледзь адказаў на прывітанне. У чорным бездакорным сурдуце, вельмі стрыманы, вельмі выхаваны. Ён гаварыў i ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Нібы не семнаццаць яму, а ўсе пяцьдзесят, такі карэктны.

– Вам пашанцавала, маладыя людзі, – мякка сакатаў Кіркор. – Сёння ў мяне якраз найбольш цікавыя госці. Рэдка бывае так, каб у кожнага знайшоўся вольны вечар. Але сёння вы ўбачыце цвет новай віленскай грамады. Прашу быць як дома.

І пабег да іншых людскіх колцаў, улагоджваць, змешваць людскія плыні, там кінуць досціп, там іранічны сказ, нібы вядро вады на занадта зыркае полымя. Хлопцы асталіся адны.

– А ты ведаеш, – сказаў Алесь, – мне ён не падабаецца.

– Нешта праўды тут ёсць, – пакруціў цяжкай галавою Грыма. – Хоча, каб усе былі адзін у адзін: святыя ды божыя. Бач, унь Ходзька Ігнацый сядзіць. Паэтаў цёзка па прозвішчы. Багатыр! 3 ім ён аб залатым веку пагаворыць. А той – граф Тышкевіч, чалавек добры, адукаваны. Археалагічныя раскопкі вядзе. 3 гэтым пагамоніць аб тым, як цяжка было жыць нашым продкам. 3 Ходзькам, з Тызенгаўзам.

– А што тут Лізагуб робіць?

– Правае крыло суполкі змену сабе рыхтуе.

– Каго ты яшчэ ведаеш?

– Унь той, бычыш? З нервовым, тонкім абліччам?

У кутку, асобна ад ycix, сядзеў худы высакалобы чалавек у бутэлечнага колеру сурдуце і шырокім белым гальштуку. Рукі з доўгімі пальцамі нервова гулялі брэлокамі гадзінніка, перабіралі ix, як ружанец. Калі спрэчка выбухала раптам пагрубелымі ад запалу галасамі – чалавек моршчыўся, як моршчыцца меламан з абсалютным слыхам, пачуўшы скрогат цагліны аб цагліну. Мяккае, вельмі беларускае аблічча чалавека было тонкае i жоўчнае. Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна i засяроджана. I буйнымі добрымі хвалямі падалі на плечы русыя валасы.

– Хто такі? – спытаў Алесь.

– Сыракомля. Паэт.

– Па-польску піша?

– I па-беларуску таксама.

– А той? – Алесь паказаў на невялічкага чалавека, які піў каву ля кутняга століка i, здаецца, быў заклапочаны больш за ўсё тым, каб не паказаць сваёй ніякавасці перад yciмi гэтымі людзьмі, каб узяць i паставіць кубачак з належнай годнасцю. Занадта інтэлігенцкі шыракаваты твар з добрымі, відаць, блізарукімі, вачыма. Такому б сядзець у хаце, такому б замест сурдута, нават тут, больш пасаваў бы шлафрок.

– Чакай, – сказаў Алесь. – Гэтага я даволі часта бачу на вуліцы. Ён што, таксама жыве недзе на Нямецкай?

– У доме на рагу Нямецкай i Дамініканскай. Не, у другім ад рога. А на рагу Сыракомля жыве.

– Ён хто?

– Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус.

– I прозвішча не ведаеш?

– Яно табе нічога не скажа. Манюшка.

Алесь усміхнуўся.

– Сапраўды, смешнае прозвішча… Нібыта маленькі манюка.

I раптам усплыла ў памяці размова дзвюх жанчын, якую выпадкова пачуў на вуліцы краёчкам вуха. Жанчыны былі ў глыбокай жалобе, i гэта – а таксама іхнія заплаканыя вочы, i маладосць, i пекната – прымусіла Алеся прыслухацца i запыніць.

– Грыма, – сказаў Алесь, – я чуў аднойчы, як святаянскага арганіста назвалі богам.

– Пэўна, касцельныя дэвоткі,- буркнуў Грыма.

– Ну, не кажы. Кожны горад гэта, брат, горад казак. Iдзe артылерыйскі паручнік, а ў патэнцыі ён – Напалеон. Памipae ў багадзельні стары, выкідаюць з-пад ягонага сенніка спісаную паперу. Потым частка гэтых паперак, разам з газетамі, трапляе між дзвярыма i цыратай, якою ix абабілі. А праз сто год мяняюць цырату i выпадкова знаходзяць паперкі, i тады выяўляецца, што ў багадзельні памёр найвялікшы паэт часу. Прырода любіць хаваць брыльянты i золата ў тленны глей i смешную абалонку.

– Разышоўся, – буркнуў Грыма.

– А можа, і сапраўды ў Святога Яна грае сам бог. Трэ было б схадзіць.

– А з гімназіі паляцець хочаш? За хаджэнне на каталіцкія набажэнствы?

А гаспадар тым часам ужо каціўся да ix.

– Нелюдні! Нелюдні! Сугнеі! Не могуць caмi пайсці туды, дзе iм цікава. То хадзем.

Падвёў ix да купкі людзей.

– Знаёмцеся. Пан Грыма, князь Загорскі.

У сярэдзіне колца сядзелі на канапе два чалавекі. Адзін, мужыкаваты, дзіклівы, яшчэ малады, глядзеў на хлопцаў з некаторым выклікам, нібы менавіта ад яго залежала, прыняць навічкоў у размову ці не.

Але галоўным у размове быў, відавочна, не ён.

На краёчку канапы, у кутку, сядзеў, зручна ўціснуўшыся мяккую падушку, нібы патануўшы ў ёй круглаватай фігуркай, маленькі дабрадушны гарбун. Горб у яго быў невялічкі і нагадваў бы лёгкую сутуласць, калі б толькі правае плячо не было вышэй за левае. Гэтая акалічнасць не зрабіла, відаць, ніякага дрэннага ўплыву на псіхічны склад гарбуна. На круглым мяккім абліччы блукала ўседаравальная, расчуленая ўсмешка. Гарбуну было год сорак пяць, але праставатыя блакітныя вочы, светла-русыя валасы, у якіх цяжка было заўважыць сівізну, румяны ўсмешлівы рот надавалі ягонаму абліччу добры, наіўны, у нечым дзяціны выраз.

Зірнуўшы на яго, нельга было не сказаць: “Ах, які добры чалавек!”

– А ото нашы два Вінцукі, – знаёміў гаспадар. – Абодва паэты. Абодва добрыя грамадзяне. Абодва добрыя мужы.

– Ну, проста хоць ікону з мяне пішы, – буркнуў мужыкаваты.

– Абодва добрыя патрыёты. Любяць радзіму. Любяць. Знаёмцеся.

– Каратынскі, – зноў жа з выклікам працягнуў Алесю руку мужыкаваты.

I Алесь падумаў, што гэты падкрэслены выклік – ад неабходнасці сцвярджаць сваю годнасць. Відаць, худародны. Можа, нават з сялян.

– Дунін-Марцінкевіч, – падаючы пульхную руку, мяккім голасам сказаў гарбун. – Прашу не блытаць з Марцінкевiчамi-Асановічамі i Марцінкевічамі-Мустафамі. Я пакуль што не татарын. Хаця? – I ён засмяяўся. – Татарынам тутэйшым быць, дальбог, нядрэнна. Мова – адна. “Кітаб” нічым не горшы за блажэннага Аўгустына. І жонак можна аж сем мець.

Ягонае кругленькае цела калыхалася ад дабрадушнага смеху.

– Ды ён яшчэ i вальтэр'янец, – заўважыў з карэктным гумарам Ходзька. – Будзеце адказваць на тым свеце, пане Вінцук.

– I не буду. I зусім не буду, – калыхаўся гарбун. – У жартах граху няма. І што ж, што татарын. Усякае дыханне хваліць пана бога.

Кіркору, відаць, было замала рэкамендацый, хаця для Алеся абодва паэты, як людзі, было ўжо зразумелыя.

– Абодва на гаворцы пішуць. На літоўска-мужыцкай.

Алесь звёў бровы:

– Па-беларуску, значыць?

Ходзька нахмурыўся. А вочы Марцінкевіча раптам, на адно імгненне, перасталі быць усмешлівыя, зірнулі на хлопца добразычліва, цвёрда.

“Эге, – падумаў Алесь. – Не такі ты, відаць, прасцячок, не такая божая душа. Ты, брат, дзе трэба, i характар можаш паказаць”. I супакоіўся, што знайшоў зразумелага i блізкага чалавека.

– Бачыце, – сказаў Ходзька. – Вось ён, першы плён вашай працы. 3'явіўся ўжо беларус, ды яшчэ i князь. Глядзіце, каб хутка не з'явілася яшчэ, замест мужыцкай гаворкі, нейкая беларуская мова.

– Я не чытаў твораў пана Марцінкевіча, – сказаў Алесь. – Але існаванне беларускай мовы не залежыць ад нашых з вамі жаданняў, пане Ходзька. Як яе ні называй, яна проста – icнye.

Непачцівы Грыма, як заўсёды, рэзнуў проста ў Ходзькавы вочы:

– Разважаеце вы, шаноўны пане, з багатай магнацкай званіцы. Гэтыя словы аб “гаворцы” нам у зубах навязлі. Вы тутэйшы, але, прабачце, чым тады гэтыя вашы разважанні адрозніваюцца ад разважанняў нябожчыка імператара?

Кіркор азірнуўся. Зyciм непрыкметна для іншых. I адразу супакоіўся, заўважыўшы, што ніхто не звярнуў yвaгi, што ўсе свае, што ўсе з цікавасцю чакаюць працягу спрэчкі.

Ходзька холадна сказаў:

– Я – паляк беларускага паходжання. Памятаючы гэта, вы не можаце ўпікнуць мяне ў чужой крыві, у нелюбові да зямлі, на якой я нарадзіўся, у няведанні гаворкі, на якой гавораць яе мужыкі. Я павінен яе ведаць, бо як тады іначай весцi гаспадарку. Выйдзе нешта накшталт непрыемнасці з вaвiлонскай вежай. Але, я лічу, гэтая гаворка зжыла сябе, як зжыла сябе яшчэ некалькі стагоддзяў назад беларуская ідэя. Нічога не зрабілі, акрамя войнаў i звад…

– Толькі Біблію адны з першых надрукавалі, – сказаў Алесь. – Першыя сярод усходніх славян.

У вачах Марцінкевіча Алесь заўважыў пыльную цікавасць.

– Можа, вы не будзеце мяне перабіваць? – сказаў Ходзька.