реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 75)

18

– То i дурань. Падзарабіў бы. А то будзеш сядзець на каве з хлебам.

Мускулы на шчоках у Кастуся абцягнуўся скурай.

– Кaвa i хлеб, – сказаў ён. – Вада i хлеб. Кроў i хлеб.

– Ну, гэтай дарогай мала каму дадзена icцi.

Кастусь упарта паматаў галавою.

– А калі дадзена, дык нельга збочваць. Народ наш без багацця, без зямлі, без мовы… I таму варта жыць і сутыкацца з ворагам. Хутчэй.

– Што ж, – сказаў Вежа. – Бадай што, маеш рацыю…

Вежа пайшоў. Хлопцы ляжалі i моўчкі слухалі свежы шолах паркавай лістоты. Спаць не хацелася. Быў самы лепшы час для размовы.

– Кастусь, што ты такімі вачыма сёння на Галінку Кахнову глядзеў?

– Прыгожая, – пасля паўзы адказаў Каліноўскі.

– Закахаўся, бядак?

Кастусь маўчаў. Потым уздыхнуў.

– Не. Я-то ўлюбчывы. Я нават вельмі ўлюбчывы. Але я, відаць, не маю права. Жыццё не маё.

– Як гэта не тваё?

– А так. Звычайна ў людзей так. Першае – гэта я, другое – сям'я, родны дом, трэцяе – родны горад, чацвёртае – родная краіна, пятае – родная Зямля, роднае Чалавецтва. І кожны любіць сам сябе, амаль усе -

сям'ю, большасць – родны горад, частка – радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах…

Ён сеў i абхапіў мускулістымі рукамі калені.

– Мы нават да любові да радзімы ў большасці не дараслі. I таму тут больш за ўсё патрэбны людзі, якія прайшлі ўсе ступені. Бываюць такія, багатыя любоўю i нянавісцю. У ix увесь свет узарваны i перакулены. Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам – больш за caмix сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё i дом i ўсё – для краіны i чалавецтва.

– I ты хочаш быць такім?

– Буду вельмі старацца… Што ж, самога сябе я аддам. А каго я маю права аддаць, акрамя сябе? Жонку? Дзяцей?

У цемры блішчалі ягоныя вочы.

– Не, калі аддаваць, то толькі сябе. Брат Віктар кажа: каханне не павіннa вісець у нас на нагах… Наш народ спявучы, таленавіты, горды. I вось яго ўвесь час дзякуюць за дабрыню, седзячы на ягонай спіне.

Стукнуў сябе кулаком у грудзі.

– Песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу… А я ўсё гэта люблю…

Шапацела лістота. Быццам тысячы тысяч уздыхаў ляцелі ў адчыненае акно.

– Нельга больш. Нельга больш. Нельга больш цярпець, іначай страцім апошняе: душу сваю жывую.

– Я таксама даўно пра гэта думаю, – сказаў Алесь. – Зброяй трэба нарадзіць павагу да сябе i да мужыка. I волю нарадзіць таксама – зброяй. Я гаварыў пра гэта з сябрамі.

– 3 Мсціславам?

– I з iм.

– Мсціслаў – харошы хлопец. Ён мне спадабаўся. I Майка твая мне спадабалася. Але як табе з ёю быць, калі справа дойдзе да зброі?

– Не ведаю.

– А хто яшчэ?

– У нас у гімназіі ёсць суполка. “Братэрства шыпшыны i чартапалоху”. Праўда, амаль дзіцячая яшчэ выдумка. Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Усяслаў Грыма, Мацей Біскуповіч i я.

– Знойдуцца, відаць, i іншыя, – стрымана сказаў Кастусь.

– За апошні час мы трохі сцішэлі, – Алесь таксама сеў. – Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць.

– Лухта! – сказаў Кастусь. – Лягчэй стала жыць! На гэта мне нядаўна даў адказ Алекс дэ Таквіль.

– Француз гэты? Гісторык?

– Але. Віктар аднекуль дастаў выпіскі з ягонай новай, ненадрукаванай яшчэ кнігі. Пастараюся прыпомніць больш дакладна… Ага: “…не заўсёды прыводзіць да рэвалюцыі пераход ад дрэннага становішча да горшага. Часцей здараецца, што народ, які цярпеў без скарг i больш страшныя ўмовы, сілком скідае з сябе іхняе ярмо, менавіта тады, калі яно робіцца лягчэйшае. Стан рэчаў, які выклікае рэвалюцыю, бывае амаль заўсёды лепшы за той, які быў непасрэдна да яго, i вопыт вучыць, што для дрэннага ўрада найбольш пагрозлівая тая хвіліна, калі ён, урад, пачынае трохі выпраўляцца. Зло, якое цярпліва выносілі, як штосьці непазбежнае, робіцца нясцерпным пры думцы, што можна ад яго вызваліцца… “

Кастусь стаў на калені i, гаворачы, глядзеў у парк, дзе білася i тужліва ўздыхала лістота.

– Так, відаць, i ў нашым становішчы. Тым больш што царок нічога вялікага не робіць, а так, нібы мёдам злёгку па вуснах мажа. Усё, як раней. Дзяржава – паліцэйскі ўчастак. Дзяржава – турма.

На твары ў Кастуся зноў з'явілася нешта пакутлівае, цень нязвыклай i, па маладосці год, страшнай, непажаданай думкі.

– Ты раптам зрабіўся падобны на Раўбіча. Толькі маладзейшы.

– Мне ніякавата, – уздыхнуў Кастусь. – І мне вельмі страшна. Здаецца, я беспаваротна вырашыў. Іншай дapoгi для мяне няма.

Алесь развёў рукамі:

– Каб жа ж можна было хоць што зрабіць! Школы на сваёй мове, паступовае вызваленне – тады яшчэ сяк-так. Але ж не даюць. Не паўстанеш – будзеш жыць, як усе: жэрці, напівацца, паляваць, ацірацца ля спадніц. Сумленне страціш. А паўстанеш – таксама страшна. Гэта, магчыма, i плаха.

Голас ягоны сарваўся:

– Галоўнае, мала нас, мала! Адзінкі!

Кастусь лёг на спіну. Доўгі час маўчаў, глядзеў у цемру бліскучымі вачыма. Пасля сказаў глухім, але цвёрдым голасам, нібы канчаткова вырашыў усё:

– Не трэба тысячы, каб пачаць. І не трэба ста, каб пачаць. I не трэба… дваіх, каб пачаць…

XXIX

Алесь і Усяслаў Грыма ішлі Дамініканскай вуліцай да Святаянскіх муроў. Абодва пераапрануліся з гімназічнай формы ў цывільнае i старалася трымацца далей ад ліхтароў. Хаця гімназістам старэйшага класа i дазвалялася не вельмі пільнавацца гадзіны, пасля якой вучні павінны сядзець дома, але яны iшлi ў дом, наведванне якога магло не спадабацца начальству. Ды i прагулкі без формы не заахвочваліся. А іначай было нельга. Будуць глядзець, як на шчанюкоў.

Ішлі да Адама-Ганорыя Кіркора, рэдактара “Кур'ера Віленскага”. У яго збіралася цікавае таварыства, i можна было гаварыць аб жыцці Бывала i музыка, а ўжо спрэчкі – заўсёды. Гаспадар быў з ліберальных, асветнік i не больш, ды яшчэ з памяркоўных. Нехта з дэмакратаў у запале спрэчкі назваў яго аднойчы нават “калабарацыяністам”, але гэтага не падтрымалі нават злоснікі. Проста жыў па прынцыпу “абы цixa было”, часам запабягаў перад уладамі і імем імператара, але сяды-тады і яго прарывала злосцю. Ён дазваляў збірацца ў сваёй кватэры самым розным людзям, нават з крайнімі naлiтычнымі поглядамі.

Пачатак сакавіка плакаў капяжамі i ўначы. 3 дахаў раз-пораз спаўзаў i ляскаўся цяжкі падталы снег. Святло ліхтароў весела гуляла на сотнях ледзякоў.

Вёў Алеся знаёміць з людзьмі Усяслаў Грыма.

– Пакрычаць там сёння, – сказаў Грыма.

– Усе крычаць, – сказаў Алесь.

Увесь люты ішоў у Парыжы міжнародны кангрэс, які прыляпіў на чало імперыі ярлык слабасці i непатрэбства i завяршыў, урэшце, ганебную разгромную вайну не менш ганебным мірам.

– Haбiлi морду, – бурчаў цельпукаваты Грыма. – Вось вам. На вазах харч вязуць, гарматы разрываюцца. Ваяваць развучыліся. Шпіцрутэны – гэта мы ўмеем.

Кіркор жыў у будынку былога універсітэта. Хлопцы азірнуліся. Паглядзелі ў бок губернатарскага палаца, цікнулі вокам у цёмную арку двара Сарбевіуса. Наглядчык Цэзар Георгіевіч, па класнай мянушцы Цэрбер Гаргонавіч, мог трапіцца паўсюль.

Яны перабеглі вуліцу i нырнулі ў пад'езд. Падняліся па сходах, пастукалі ў дзверы. Сустрэла ix пакаёўка, узяла паліто. Праз шчыліну дзвярэй даляталі галасы.

… Гаспадар, убачыўшы Грыму, развёў pyкi, быццам хацеў абняць. Азызлы, усё яшчэ загарэлы, дарма што зiмa прайшла, твар яго бы пацяплеў ад усмешкі.

– Змена маладая! Надзея мілай радзімы! То што, Усяслаў, гэта i ёсць твой князь?

– Але. Толькі ён не мой, а свой.

– Ухваляю, ухваляю, князь. Рэферат ваш аб народных песнях упадабаў. Выключна. Верце слову бітага этнографа. Прашу, прашу да мяне.

У невялічкай гасцёўні з мяккай мэбляю i ciнiмi сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі i ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Курылі, пiлi каву ля кутняга століка, спрачаліся. Раздаваліся выгукі, смех, воплескі – відаць, узнагарода камусьці за трапнае слова. Змешваліся польская, французская, беларуская мовы.