реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 73)

18

– Цяпер зноў дваранін, – сказаў Кастусь.

– Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?

– Пры такім урадзе, як наш, усё можна, – зрабіў Кастусь першы выпад. – Сёння чалавек – смецце, заўтра – дваранін, паслязаўтра – зноў смецце.

Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.

– Гм… Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?

– Магу!

Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.

– У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.

– І няблага зрабіў, – сказаў Вежа.

– Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.

– Як жа клікалі яго высакароднасць?

– Мацеем… А далей пачалі жыць так. Што праўда – у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць “справу”, але з голаду здыхаць – таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю “справу”. Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: “споспешествовал промыслам в крае”. Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.

Вежа слухаў гэтую сумную гісторыю пакутнай бітвы за дабрабыт, кавалак хлеба і незалежнасць без усмешкі. Вочы яго былі ласкавыя і сумныя.

– Пяўся, як вол у баразне, – казаў далей Кастусь. – Дзіва што! Такая сям’я. Трэба было ўсё павялічваць колькасць варштатаў. Узбіваўся ўжо на пятнаццаты, а тут ледзь не крах. Палатніна пачала выходзіць з моды.

– Вядома, – зноў вяртаючыся да ўлюбёнай іроніі, сказаў Вежа. – Куда ўжо нашым дарабковічам на палатняных абрусах есці, пад палатнянай прасціной спаць, палатнянай сурвэткай выціраць вусны… А што, палатніну выраблялі простую?

– І простую, і чынаватую, і клятчастую. Але ўсё ледзь не пайшло макам. Выручыла лібаўская філія данцыгскай фірмы “Ленке і Берг”. У іх на палатніну заўсёды попыт, а ў нашым пасведчанні сказана, што нашы сурвэткі і абрусы не горшыя, а чынаватае палатно лепшае за замежнае.

– Спадобіўся пан Сымон, – сказаў Вежа.

– Спадобіўся, ды не дужа, – сказаў Кастусь. – Бо якраз памерла маці.

– Ты яе памятаеш? – спытаў Алесь.

– Дрэнна, – адказаў Каліноўскі. – Амаль не памятаю. Ведаю толькі: прыгожая была. Часам сустрэнеш жанчыну з добрым гожым абліччам – і шукаеш у яе рысах матчыны. Мо такая была. А мо і не такая. Не помню. Ведаю толькі: маладая была надзвычай прыгожая.

– Якога роду? – спытаў Вежа.

– Вераніка з Рыбінскіх.

– Н-не ведаю, – на гэты раз ужо ўсур’ёз сказаў стары.

– Я дрэнна яе памятаю. Толькі рукі. І яшчэ вочы. Ды песню, якую спявала. Захварэла задоўга да смерці. Расказвалі, якраз калі хрысцілі мяне. Прывезлі ў Ялаўскі касцёл. Быў позні вечар. Пакуль на бабінцы рыхтаваліся, купель ставілі, пакуль тое – матуля з кумою ды мной пайшлі па цвінтары прайсціся. Цвінтар там вялікі. Падышлі да магілы Леакадзіі Купчэўскай, швагеркі ялаўскага пана (яна маладая памерла, і ўсе казалі, што матуля чымсьці на яе падобная была, толькі прыгажэйшая, і таму маці заўсёды там спынялася). Стаяць. А з-за помніка, з-за барэльефа пані Ліёшкі – раптам морда. Ды страхалюдная, зарослая.

Пакуль зразумелі, што гэта мясцовы юрод, Якубка Кот, – ногі ў абедзвюх самлелі. А той ідзе за імі да касцёла, вытанцоўвае ды кажа нешта накшталт: “Кумы дзіця хрысцілі, горла крапілі, у кажушаны рукаў паклалі, па дарозе згубілі… Ляжыць дзіця на марозе, свечачкі вакол. Пальчыкам варухне – перуны смаляць, кулачок сцісне – грамніцы б’юць. У “чорнага”! У “чорнага”! Маці крок паскарае, а той плача: “Падбярыце дзіця, добрыя людзі. Ці доўга яму, халоднаму, пальчыкам варушыць? А людцы міма ідуць, а грамнічкі слабнуць. Вох-вох!!!” Юрода, вядома, пагналі. Ледзь пачалі хрысціць – грымоты за цвінтаром. А гэта сусед, Цыпрук Лазарэвіч, сабраў хлопцаў і кажа: “Пагрымім на шчасце кугакалу”. Ну, і стралялі ў неба. А ўсім спачатку здалося – грымоты. Пасля юродавых слоў жанчыны аж абамлелі: грымоты ўзімку. Хросная казала: з гэтага дня ў маці і пачалося. Пачала марнець, чэзнуць. Работы шмат. Дзяцей адных дванаццаць чалавек. А яшчэ маладая. Мяне чамусьці вельмі шкадавала.

“Чым жа вы багатыя, панове? – успомніў дзед. – Дзецьмі, ды смехам, ды дняпровай вадой”.

А Кастусь расказваў далей:

– Памерла. Бацьку трэба было думаць, як з дзецьмі. Без маці не кінеш. А ў таго Цыпрука Лазарэвіча, што на маіх хрэсьбінах у неба страляў, – сваячка. Трохі з тых гадоў выйшла, калі сваты ля варот аціраюцца, і прыгажосці не першай, але добрая баба. Так і з’явілася ў мяне мачыха Ізабела, ды яшчэ сем братоў і сёстраў. Дзевятнаццаць было б усіх, але двое памерла.

Кастусь памаўчаў.

– У мачыхі знайшліся сякія-такія грошы, бацька наскроб, i купілі мы фальварак, а пры ім дзве сотні трыццаць дзесяцін зямлі. Па трынаццаць дзесяцін на чалавека. Фабрыку перавезлі, жыць стала як адной купай – дык i не дрэнна. Ну i што? Падзеліш – зноў бязглуздзіцца. Горш за іншых сялян. Бацька старэйшых сыноў – вучыцца, на свой хлеб. I, карыстаючыся, што зямля ёсць, – парогі абіваць. “Куку ў руку” даваць. І вось у гэтым годзе, урэшце, уганорылі, далі сенацкую пастанову: лічыць уладара фальварка Якушоўка, Сымона Стафанава Каліноўскага, год шасцідзесяці аднаго, веравызнання рымска-каталіцкага, як i нашчадкаў ягоных, дваранінам. Дваццаць чатыры гады спатрэбілася на прысуд. Пачаў дабівацца малады, у трыццаць пяць год, маці была маладая, здаровая, а дабіўся – руінай. Ненавіджу я ўсё гэта.

На сківіцах у Кастуся хадзілі ўпартыя жаўлакі. Гарэлі на шчоках дзве чырвоныя плямы.

– Нішто, брат, – сказаў Вежа. – Вывучышся вось, галава ў цябе добрая, дойдзеш да вялікіх начальнікаў – толькі перайка з “меншых” ды з “малодшых” братоў паляціць.

– А што, – усміхнуўся Кастусь. – I тарыф над галавою павешу, як зэльвенскі пісар: за подпіс тры рублі ды пірог з вязігай, за пацвярджэнне дваранскай годнасці – тысячу рублёў ды жонцы сем аршынаў аксаміту. А я сам – у сенаце шышка дужа вялікая. Заходзіць гасудар імператар выпадкова: “Гнаць, – кажа, – яго за такую таксу”.

– Правільна, – буркнуў Вежа. – “Бо ён нам усім цану збівае, – скажа імператар. – Мне унь за канцэсію на пабудову чыгункі колькі плацяць, ды і то мала. А тут… пі-рог з вязігай. У дурня і песня дурная”[72].

Лілося праз вокны ў пакой святло месяца i змешвалася з ружовым святлом свечак.

– Ты што, Кастусь, – спытаў Вежа, – ты, значыцца, паляк?

– Не, я тутэйшы, – асцярожна сказаў Каліноўскі.

– Ён беларус, дзеду, – сказаў Алесь.

– А гэта што такое? – непаразумела спытаў дзед.

І тoлькі тут упершыню заўважыў, як малады чалавек напружыўся, нібы яго ўдарылі, зірнуў на Вежу змрочнымі вачыма.

– Ён жа вам казаў, пан Вежа, – сказаў Каліноўскі.

– Я казаў табе, – сказаў Алесь.

– А, – нібыта ўспомніў Вежа, – прыпамінаю. I вы верыце ў гэтыя жарты?

Тут успыхнуў i Алесь. I Вежа зразумеў, што зайшоў далекавата. Але бес усё яшчэ сядзеў у iм.

– Як жа не паляк, – сказаў ён. – Хрысцілі цябе ў касцёле. Веравызнання ты – рымскага.

– Ну i што, – цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў Кастусь. – Прашу прабачэння, заўтра я ахрышчу вас у касцёле – i вы не станеце з гэтай прычыны палякам. А я перайду ў магаметанства i не стану туркам. Будзе беларус магаметанскага веравызнання і беларус веравызнання каталіцкага.

– Нядрэнна для пачатку, – сказаў дзед.

– I для канца нядрэнна. Тым больш што ваш малодшы ўнук – каталік. Па вашаму загаду.

Вежа ажно вохнуў. Чарцяня біла проста пад дыхала.

– Але ж мясцовасць, адкуль ты родам, гэта Польшча?

– Магчыма, – сказаў Кастусь. – Але цяпер гэта Гродзенская губерня.

А заўтра наш… гм… Аўгуст… далучыць да Гродзенскай губерні Варшаву.

– А жыхары, якія называюць сябе ліцвінамі, а свой край Літвою?

Размова i падабалася i не падабалася Вежы. Падабалася, бо чарцяня ведала, чаго хоча. Не падабася, бо гэтыя веды пагражалі і ўнуку i самому чарцяняці небяспекай.

– А ты ўмееш гаварыць па-літоўску? – з усмешкай спытаў ён. – Гэта ж, здаецца, не славянска мова?

– Я маю на ўвазе не Літву-жмудзь, – упарта, кусаючы вусны, сказаў юнак. – Я маю на ўвазе Літву-Беларусь… I потым, вы ж добра ведаеце, адкуль вырасла тая памылка.

– Я-то ведаю, а вось адкуль ведаеш ты?

– У мяне брат гісторык. I потым – я не глухі. Семнаццаць год я чую слова “Літва”. А да мяне яго ўжывалі яшчэ трыста год.

I тут Вежа зрабіў апошнюю спробу павярнуць варацідла, на якім ткалля-парка ткала лёс гэтых юнакоў. Нанёс апошні i па-сапраўднаму страшны ўдар.

Вонкава гэта выглядала як мілы жарт. Дзед наліў сабе яшчэ кубак кавы.

– I ўсё ж ніякі ты, хлопча, не беларус. Ты – паляк. Праўдзівей кажучы, мазур.

Каліноўскі ўстрывожыўся.

– Бо твой Амброзі Самойлаў сын Каліноўскі быў з Візенскай зямлі… “Мечнік Візскай зямлі. Сын мечніка Візскай зямлі. Унук мечніка Візскай зямлі…” А Візская зямля – гэта Мазовія.