Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 48)
– Едзеш? Напэўна, рад?
– Дзядуля… – з дакорам сказаў унук.
– Едзеш толькі на некалькі дзён… Вядома, бацькі… Але за навукай тваёй буду сачыць я. Прынамсі, год-два, пакуль мне не стане цяжка. І калі я захачу цябе бачыць – па першаму ж майму слову ты павінен ляцець сюды і жыць столькі, колькі я захачу.
– Я зраблю гэта… – сказаў унук.
Алесь папрасіў дзеда даць яму з сабою часопіс, каб паказаць аповесць маці.
– Тут усё тваё, – змрочна сказаў стары. – Зрабі ласку ніколі не пытацца.
…У Загоршчыне хлопца сустрэлі радасна, нават з гордасцю, што ён змог заваяваць сэрца старога. Сінія вочы бацькі ззялі цеплынёй, маці ўсміхалася сыну пяшчотна і сумна, як заўсёды.
Маці прачытала аповесць і засмуцілася. Потым яна сядзела ў загоршчынскім архіве і нешта шукала па “Прывілею”, “Аксамітнай кнізе”, “Срэбнай кнізе Загорскіх” і па граматах і з'явілася на вячэру трошкі заспакоеная, быццам зразумеўшы нешта…
– Загубілі генія, – сказала яна.
Алесь маўчаў.
– Нават калі вернецца, дык вернецца знявечаны, - сказала матуля. – Што ж гэта за подлы век?! Чалавек такой уражлівасці – хіба ён вытрымае?
Яна адышла да балюстрады і пачада глядзець у цёмны парк.
– Загубілі не толькі генія, – сказала яна ўрэшце, – загубілі чалавека адной крыві з намі і нашага далёкага сваяка.
– Сваяка? – Алесь ускінуўся. – Як сваяка? Усе казалі, што ён сын лекара.
– 3 нашых, – сказала маці. – Род стары, але вельмі заняпалы. Я думала, і не асталося з іх нікога. Аж ёсць. Іхні маёрат – Дастоева пад Пінскам, і яны кінулі яго, збяднеўшы, год сто назад. Яны – ад “сына кахання” аднаго з Загорскіх, малодшая, бакавая галіна наша. А герб іхні – “Радван”.
– Не можа быць.
– Глядзі, – маці разгарнула аркуш з выпіскамі. - Занадта знаёмае прозвішча. Глядзі: шаснаццатае стагоддзе, адгалінаванне “Радвана”. Глядзі: 1607 год – працэс Марыны Дастаеўскай-Карловіч… Глядзі: вось яе брат Яраш сядзіць у Мазыры. 1630 – Дастоева мае ўжо трох гаспадароў. У тым самым годзе суддзя Пятро Дастаеўскі разбірае справу аб чарадзействе. 1649 – селянін на копным судзе прызнаўся ў рабунку, учыненым над маентнасцю Рамана Дастаеўскага. А вось сакавік тысяча шэсцьсот шасцідзесятага года, справа аб прапажы рэчаў, закапаных у зямлю падчас нашэсця ворага. Падпісаўся Ян Дастаеўскі. Першы і адзіны подпіс па-польску…
– Ал-ле, – сказаў Алесь.
– Значыць, канец “Радвана”. Абсёкся род. Колькі ўжо іх, адсечаных галін. Ды хіба сякера шкадуе? А малады чалавек быў бы светач людскі.
…Спакой у Загоршчыне перарваўся толькі вяселлем старэйшага сына Кагутоў, Стафана. Маці за два дні да вяселля адпусціла Алеся ў Азярышча.
Весялосці было – хоць захлыніся. Усе былі рады Алесю. Зноў жартаваў Кандрат, зноў ласкавымі, трошкі жаноцкімі вачыма глядзеў Андрэй. Міхал і Марыля дыхнуць баяліся на хлопца. Паўлюк, гаспадарлівы Паўлюк, паказаў яму ўсё, што ён прыдбаў за той час, калі яны не бачыліся: сапраўдную скураную прашчу, ласіны чэрап з рагамі і пячору, якую ён адшукаў у яры, на беразе Дняпра. Яня хацела сядзець толькі на ягоных каленях. Юрась паказаў яму дзве найлепшыя грыбныя мясціны.
Гэта была простая, непатрабавальная любоў. I ён акунуўся ў яе, сам плацячы тым самым, як акунуўся з удзячнасцю ў песні, якім яго пачаў вучыць дзед Даніла Кагут. Таксама Даніла, як і той. Ды і ў чым, урэшце, розніца? Гэты дзед не родны, але блізкі і просты. А песні ягоныя – дзіва! I мова ягоная – лёгкая, звыклая. Стары Вежа часам гаварыў па-мужыцку, але як складана гэта было! А тут было проста, як дымная асець, проста, як зоркі праз дзіравую страху адрыны.
Гналі і настойвалі “тройчы дзевяць”[60], варылі піва, збіралі грыбы на вясельны квасны боршч. Янька хадзіла ўся ў муцэ і папраўляла хустачку тыльным бокам далоні, як маці. Кандрат лізнуў яшчэ цёплага піва і рабіў выгляд, што ён такі п'яны – проста жах, не ведае, дзе ў яго што, і ўсё хацеў сесці на галаву, як гэта робяць зусім дурныя шчанюкі.
Напярэдадні вяселля вырашылі паехаць на рыбу, каб і рыба была на вясельным стале. Юрась і Паўлюк павінны былі лавіць вудамі, блізнюкі – пазычанай у Лапатаў таптухай, Алесь і Стафан – крыгай.
Душагубак напазычалі ў суседзяў аж пяць штук (Паўлюк і Юрась павінны былі ехаць у адной) і адправіліся лавіць у зарожак ля Лысай Гары.
Гэта была воля!
I хіба ён сам, Алесь, не быў усе гэтыя дні вольны сярод вольных? Хіба не мог ён адказаць такой самай песняй на песню, якую спяваў нехта ў лугах, на беразе старыцы? Хіба не было і ў ім нечага ад гэтай ракі, ад палёту буслоў?
Думка была такая нечаканая, і ён – як вырас, нарадзіўшы яе.
…Чаўны плылі пад самым берагам. А на беразе стаялі дзяўчаты. Не, не ўсе дзяўчаты: у адной на галаве паверх хусткі быў жаночы белы нагалоўнік, што ляжыць цюрбанам і спускаецца на плечы і шыю, пакідаючы вольным толькi аблічча.
Алесь нечакана здзівіўся, такія яны ўсе былі гожыя і чамусьці не такія, як заўсёды. Сёння ён не мог бы запхнуць камусьці з іх хрушча за каўнер, каб паслухаць, як вішчыць. Ён бачыў іх нейкімі новьмі вачыма. Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія… тулавы.
Паўлюк, які веславаў з Алесем, сказаў ціха:
– Азярышчанская толькі адна. А то вітахмоўскія. Відаць, на фэст ідуць у Мілае. А то з імі Уладзька, салдацкая ўдава. Пэўна, да парома не хочуць ісці.
Дзяўчаты сапраўды махалі рукамі.
– Дзядзечкі, перавязіце!
Кандрат, які веславаў першы, пачаў аграбацца, прапускаючы наперад Стафана. Зубы ў вясёлага блізнюка ззялі: прадчуваў жарты.
– Нельга, дзеўкі, – сказаў Стафан. – Бачыце, душагубкi.
Салдацкая удава хмыкнула:
– А можа, я і хацела б з табою душу загубіць, саколік?
– Раней бы… – сказаў Стафан. – Цяпер… позна.
– Ну і сокал ты. Позна яму, гаротнаму.
– А дзядзечкі, перавязіце. Ці ж нам пад кручай начаваць?
– Утопімся, дзеўкі, – разважліва сказаў Стафан.
– Не ўтопіцца, хто вісець маець, – сказала ўдава.
Няспрытны на язык Стафан толькі галавою пакруціў.
– А то перавёз бы, – сказала Уладзька. – Пад дубам пасядзелі б… Жолуд адшукалі.
– Што я, свіння? – знайшоўся Стафан.
– Свіння не свіння, а так, падсвінак, – сказала ўдава.
– Насвінак, – сунуў свае тры грошы Кандрат.
– Ты ўжо маўчы, – адказала Уладзька. – Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.
На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.
– А якія ж усе ўдалыя хлопцы… Бацькавічы… Асабліва гэты, з падковай на лобе…
– Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б'ецеся, – скаліў зубы Кандрат.
– Дужа ты каму патрэбен, Копша[61].
– Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.
– Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, – сказала Уладзька. – Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы…
– Ласкавы бог, ды табе не памог. Са мною звёў. Добрая пара: ён гол, як біч, ды васцёр, як меч, а ў яе вочы па яблыку, а галава з арэх.
Дзяўчаты ўбачылі, што хлопцы зацяліся.
– Кінь ты, Уладзька, няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не глядзіць.
Ды і пайшлі на ўзгорак. Іхнія каляровыя цені гайдаліся ў вадзе ля самых чаўноў.
– Дык не перавязеце, мужыкі? – спытала Уладзька.
– Не. Сама бачыш, – сказаў ужо здалёк Стафан.
Уладзька раззлавалася.
– Эх вы! Дык спаймаць вам таго язя, што кудысь лазе.
Ніхто нічога не зразумеў, акрамя старэйшых. Затое Кандрат зарагатаў так, што адкінуўся ўбок. I тут – душагубка вільнула і cтала дагары дном, а Кандрат юкнуў пад яе, проста галавою ў ваду.
Хлопцы рагаталі цяпер усе. Рагатаў і Кандрат, вынырнуўшы. Рагаталі дзеўкі на адхоне… Мокрага Кандрата пасадзілі зноў у доўбленку, паплылі далей.