реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 50)

18

“Паглядзі, чалавек. Бачыш сухі палын на дальняй мяжы? Дык да яго роўна паўтары вярсты. А тое, шэранькае, бачыш? Ну, там, дзе яшчэ рыжыя коні на ржышчы? Такія рыжыя-рыжыя на жоўтым-жоўтым. Дык гэта Вітахмо. Ніколі ты яго не ўбачыш, акрамя гэтага дня, які я шчодра даў табе. Глядзі. Дыхай!”

…У адзін з такіх дзён Алесь прачнуўся, убачыў цёплы туман за акном, парадзелую лістоту італьянскай таполі і зразумеў, што сёння паляванне будзе абавязкова. Хто будзе сядзець у такі дзень дома?

І праўда, не паспеў ён апрануцца, як бацька прайшоў калідорам да паляўнічага пакоя, грукнуў у Алесевы дзверы і пайшоў далей, спяваючы свежым пасля сну голасам:

Та-та-ці, та-та-ці, Рог спявае на пуці, Ра-ным ра-на Збор ля ракіты, Саквы зваляны, Карбачы падвіты, Падві-ты, Падві-i-ты.

Гэта было, сапраўды, так падобна на спеў рога, дураслівы спеў бадзёрага рога ў тумане, што Алесь засмяяўся.

У кожнага паляўнічага былі такія прыпеўкі, пад спеў рога і на кожны выпадак паляўнічага шчасця. Хто век цэлы вершаў не бачыў, і той павінен быў прыдумваць такое для сябе, блага ці добра. А астатняе залежала ўжо ад здольнасці і страсці. У бацькі прыпеўкі былі добрыя. Трэба было яшчэ і сабе прыдумаць… Значыць, мяркуючы па песні, сёння за ўзятую стрэльбу будуць біць, а то яшчэ і зламаюць зброю, каб не ўчыняў ганьбы і не ламаў звычаю. Толькі псы і карбачы, падвітыя на канцы свінцом… Добра. Божа, які доўгі і шчаслівы чакае дзень! Яшчэ толькі пяць гадзін раніцы!

…Выехалі з двара “малым паляваннем”: толькі бацька, Алесь, непарушны даўгазубы Крэбс, а са слуг – спакойны Логвін, змрачнаваты старэйшы даязджачы Карп, карычневы і абкураны, як пенкавая люлька, пяць псароў ды Халімон Кірдун.

Алесь быў на Урзе, Крэбс – на Б’янцы (вы?ехаў выганяць яе), пан Юры на грудастым і лёгкім вогненным Дубе, псары – на розных конях.

З сабою ўзялі двох хартоў, якіх моцна трымалі на шворцы, пакуль не выедуць на вялікія роўныя палі, – звер зацяты, можа і разбіцца; ды пяцёх ганчакоў: Знайду, Сціная, Анчара, Стрэлку і Змейку. На трох астатніх псароў былі тры сабакі – п’яўкі, калі, можа, выганяць з Банадыковых Крыніц адзінца[62].

Кірдуну не далі нічога – абы толькі з каня не ўпаў.

Ехалі ў ранішнім тумане, маўчалі. Не бразгала падагнаная збруя, толькі конь часам трапляў капытом у вымачыну, і тады аддавалася, адразу глохнучы ў тумане, гучнае чвяканне. Коннікі здаваліся ў тумане велізарнымі, кожны ледзь не з дрэва ростам.

Алесь ехаў побач з Логвінам, амаль стрэмя ў стрэмя, бачыў спіну Карпа, абцягнутую зялёнай, бляклай ад імглы, венгеркай, бачыў рулю стрэльбы – зброю ўсё ж узялі, меліся заўтра, пасля начлегу ў нейкага суседа, паспрабаваць абкласці аленя, а падчас сённяшняга палявання пакінуць яе недзе пад стогам і пад доглядам Кірдуна.

Бацька азірнуўся – Алесь убачыў ягоныя вочы, вельмі сінія і прастадушна-хітрыя.

– Крэбс замест карбача лёсачку ўзяў, – шапнуў ён. – Толькі воўк на яго, а ён яго лёсачкай па зяпе – плясь-плясь. “О но, містэр воўк. Но-но! Англічан нельга”.

– Но, – зусім нечакана сказаў Крэбс (а ехаў жа, здаецца, далёка). – Англічан можна. Нельга глюпых і злых жартаўнікоў, якія лічаць англічан дур-ны-мі. Ад іх у ваўка бр-рум у жываце.

Бацька жартам уцягнуў галаву ў плечы.

– Заспелі, брат, нас з табою ў гароху, – сказаў ён.

Алесь засмяяўся. Зноў цішыня, глухія крокі ды зрэдку, бадзёрае ў свежым тумане, пырханне каня.

…Ехалі садам. Наплывалі нечакана і знікалі за спіной вільготныя яблыні. Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Заўважыў суровы позірк Карпа, працягнуў палавінку яму.

– Не трэба, паніч, – сказаў Карп сваім звонкім і трошкі сіпаватым даязджачым голасам. – Ешце ўжо на здароўечка. Гэта – не бульба.

Яблыка было сцюдзёнае, у халодных дажджавых кроплях, і ён адкусіў з хрумстам і праглынуў, як самое здароўе праглынуў.

Вёска адкрылася за садам верхавінамі вочапаў, якія плавалі над туманам і часам знікалі ў ім, каб зноў вынырнуць, з глухім бразганнем нябачнага ў тумане вядра.

– Панскае паляванне, – сказаў нечы нерэальны, бы праз дрымоту, голас. – Вала з’ядуць, а зайцам закусяць.

Потым нешта насунулася з абодвух бакоў: па грыбным водары прэлай лістоты можна было здагадацца – лес. Вільготным здаровым холадам прабірала да касцей.

Над сцежкай віселі чырвоныя плахты рабін.

Лес стаў радзець. Травы, галіны, свежыя распасцёртыя хмызы плакалі чыстай росіцай. І колеры ўсяго вакол – мухамораў, пунсовых клёнаў і барвяных маладых асін – былі няяркія ў тумане, але затое больш глыбокія, ад вільгаці.

А калі яны пакінулі лес і ўз’ехалі на вяршыню грады – перад іхнімі вачыма, уся ў белым малочным сонцы, адкрылася зямля.

Яна ляжала як сягнуць вокам, яшчэ няяркая, але пакрысе быццам набіралася ад сонца фарбаў, колераў, адценняў. Ружовай рабілася раса, вясёлкавым – верас. І ў небе, яшчэ бялёсым, як сабранае малако, усё яснеў празрысты блакітны колер.

І тут нечакана заспяваў Карпаў рог:

Сон-ца, сон-ца, Уста-вай,ставай, З донца, з дон-ца, з дон-ца Тум-ман выл-лівай. Звяроў, Звя-роў давай, Ваў-коў, Дзі-коў Да-а-вай.

Гэта быў сігнал пераставіць карабіны шворак “на рыўца”, калі зграя вызваляецца адным рухам рукі. Звер мог ускінуцца ледзь не з-пад самых капытоў.

Рушылі далей, па шорсткім іржышчы. А дзень усё блакітнеў, і сонца, ужо трошкі цёплае, пачало зіхацець на ствалах. І Алесю раптам стала так радасна, што ён няголасна, і таксама на матыў і голас рога, сам сабою праспяваў:

Гуськом яны едуць у ранняй імгле, І сонца гуляе на кожным ствале.

Бацька падазрона паглядзеў на яго.

– Што гэта такое добрае? – спытаў ён.

Алесь засаромеўся.

– Ану, дай рог, – сказаў бацька.

Прыклаў новы срэбны рог Алеся да вуснаў, апрабаваў, перабраўшы некалькі гукаў, і раптам, як падарыў халоднаму святлу празрыстую трэль:

Та-дры-цці-тта!

І, упэўнена цяпер, падарыў беламу сонцу ўсю срэбную мелодыю:

Гусько-ом яны е-едуць у ра-анняй імгле, І со-онца гуля-ае на ко-ожным ствале, Та-ці-ці-та, та-та-ці-ці-та-а-а.

– Хораша, – сказаў ён. – Словы ж не самае галоўнае. Галоўнае, каб клалася на рог і настрой… Гэта ты сам?

– Сам, – прызнаўся Алесь.

– Ну вось бачыш, нічога цяжкага. Вось і твая першая прыпеўка… Гэта калі радасна ехаць на паляванне.

– На паляванне, па-мойму, заўсёды радасна ехаць.

– Не кажы, браток, – сказаў бацька. – Часам так цяжка – месца сабе не знаходзіш. Шчасце тваё, што сёння едзем на драпежніка і першым у тваім сэрцы збудзіцца азарт, а не шкадаванне. Азарт гэты – душа палявання. Сапраўдны паляўнічы не прап’ецца, у карты не прагуляецца – яму гэта непатрэбна. Карцёжнікі гэтыя, вартыя жалю, не ведаюць, які ён, сапраўдны азарт…

Дзень быў сапраўды цудоўны. Апошні туман знік з бясконцых іржышчаў і лугоў, і свет ляжаў цалкам блакітны і празрысты.