реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 34)

18

Цяпер у яго словах гучала наіўная, але цвёрдая гордасць.

– І вось яно жыве. Яны думаюць, што задушылі яго, а яно жыве, дваццаць год гучаць яго стрэлы. Які яшчэ мяцеж трымаўся так доўга?! Таму я і сплю адным вокам, таму сцерагуся. Яно павінна жыць доўга… аж пакуль не падстрэляць мяне. Мне нельга спыняцца. Іначай атрымаецца, што я дарэмна жыў.

Уздыхнуў.

– Часам мне цяжка. Я гляджу здалёк на твайго Стася. Гляджу на тваю Наталлю. На Франса. На Майку… Я люблю дзяцей. Часам думаеш, што супраціўленне ні да чаго не вядзе. Можна кінуць усё і жыць… Але потым я ўспамінаю, як мітусяцца яны ўсе, пачынаючы з Мусатава. Я ўспамінаю, што кожны мой стрэл – гэта поўха тым, з пустымі вачыма… І вось таму мне з табой не па дарозе. Я не магу чакаць.

– Добра, – сказаў Раўбіч. – Я пайду, бо ты зусім засынаеш… Спі спакойна, кум.

– Чаму ж не спаць? Буду спаць. Інсургент спіць, а інсурэкцыя[49]  ідзе.

ХIII

Калі першая птушка ціўкнула ў хмызах – ёй ніхто не азваўся. І гэта азначала, што быў жнівень і птушкі сталі больш лянотнымі.

Такая, мусіць, халодная раса! Так не хочацца кідаць гняздоўя! Хто гэта там азваўся? Ах, ён няўрымста!… Хоць бы яшчэ хвіліну! Хві-лі-начку!

Раса сапраўды была халодная. Лісцікі бэзу, густа пакрытыя ёю, здаваліся шэрымі. Шэрае, туманнае прабівалася праз лістоту святло.

Страсяні галіну карычкі – сцюдзёны і нават балючы, як шрот, дождж прамочыць з галавы да ног.

У першым святле вывелі коней на цёмны ад расы жвір. Логвін, пазяхаючы, глядзеў, як Кандрат і Андрэй запрагаюць у маленькую лялечную брычку двох шатландскіх поні. А тыя запрагалі і не пераставалі здзіўляцца жывёлам. У поні былі чубкі і вочы, такія рахманыя.

Худы, падабраны Логвін быў усцешаны тым, што не давядзецца ехаць. Ён вось пастаіць-пастаіць, а потым і пойдзе і даспіць гадзінку-другую. Хай сабе едуць адны. Хто пакрыўдзіць дзяцей? Дзеці – усмешка божая. Іх крыўдзіць нельга.

І таму Логвін здаволена ўсміхнуўся. Разбудзілі “дам”, кінуўшы жменю пяску ў акно першага паверха. Яны апрануліся хутка і, праз капрыз Майкі, вылезлі праз акно і, вядома, адразу ж прамоклі. Таму іх, пад агульны рогат, давялося з месца садзіць у брычку і захутваць вярблюджай папонай. Так яны і сядзелі, як двайняткі. І прыемна было глядзець на ганарлівы твар Майкі і свежанькае пыска Яні.

Жвавы, як цвыркун, Мсціслаў адразу ж забраўся ў брычку, на месца фурмана, каб быць бліжэй да дзяўчатак. Логвін, гледзячы на гэта, толькі галавою круціў: “Спрытны, чорт, як артуць. Такі ўжо татарын. Проста дзівуешся”.

Алесю падалі Ургу, Андрэю – мышастую Касюньку, Кандрату і Паўлюку – спакойных дарашаватых кабылак.

Алесь агледзеў кавалькаду – усё было гатова. І ён зноў адчуў у сэрцы тое шчасце, якім жыў ужо другі дзень.

…Маці ў гэтыя дні трошкі прыхварэла і не выходзіла да іх. У яе якраз пачынаўся той настрой асаблівай уражлівасці, якога пан Юры заўсёды пабойваўся і які цягнуўся звычайна толькі некалькі дзён на год.

Пачыналася гэта з першымі жоўтымі лісцікамі на бярозе, за Іллёю, які, як вядома, скінуў з кожнага дрэва па два лісты. Дрэвам яшчэ бясконца доўга было зелянець, але няўлоўны сум, які разліваўся з гэтага часу ў прыродзе, няўлоўныя для вока першыя прыкметы памірання быццам адразу забівалі сумную і слабую жыццярадаснасць маці, і яна замыкалася ў сабе.

Паскараў усё гэта дзень, калі пан Юры збіраўся на першае сапраўднае паляванне. Учарашнія хлапунцы ўзняліся на крыло. Крыжныя яшчэ не пачыналі ліняць. Набліжаўся дзень вялікай птушынай крыві.

Звечара пачыналі рыхтавацца. І адразу ў матулі пачынала балець галава, а вочы сумнелі. Ведаючы, што нічога не паможа, што добры і мяккі пан Юры робіцца, як толькі дойдзе да палявання, сапраўдным убоіскам і нізавошта не паслухаецца яе, яна ўсё ж распачынала вартыя жалю спробы ўтрымаць яго.

– Як вы можаце гэта, Georges?

Жорж маўчаў, утаропіўшыся ў талерку.

– Філёмон (так яна называла Халімона) казаў, што ўчора бачыў, як качка вяла хлапунцоў. Іх яшчэ многа. Яны ва ўсіх качак, у якіх ліса разбурыла першае гняздо.

– Да мы, матухна, хлапунцоў не страляем, – бараніўся пан Юры. – Што ў нас, разумення няма? Мы сёння на бакасоў едзем.

– Яшчэ горш. За што такіх маленькіх?

Пан Юры маўчаў. Што ён мог зрабіць, калі з лугоў і балот ляцеў такі прызыўны кліч?

І пані Антаніда разумела, што яна нічога не зробіць.

Тады яна замыкалася ў сваіх пакоях, не пускаючы на вока нікога. Нават малы Вацлаў у гэтыя дні пераходзіў на рукі мамак. Што ж, калі ў яго кволыя ружовыя пальчыкі? Яны таксама будуць трымаць стрэльбу.

Гэта было нейкае сумнае непаразуменне перад пачаткам забойства, які жыў у душах многіх.

Пан Юры, сустракаючы сына, казаў яму:

– Ты, брат, не лезь да яе. У яе, ці ведаеш, не тое, што ў нас…

Пакоі маці былі цёмныя, як і яе думкі.

Затое з панам Юрыем дзецям было лёгка і проста. Ён сядаў за стол і перш за ўсё пытаўся ў дзяцей грубым голасам:

– Што, дзеці, ці лілі вы алей у бульбу, ці не лілі?

І пытаў другім голасам:

– Чаго ты цілікаеш?

І зноў адказваў першым голасам, толькі вінаватым:

– Я не цілікаю. Я пытаю.

Дзеці рагаталі. А ў бацькі хоць бы ўсмешка, зусім сур’ёзны, нават змрочны. Толькі ў вачах таіліся вясёлыя чорцікі.

І дзеці яшчэ больш палюбілі яго, калі ён згадзіўся адпусціць іх адных агледзець старое загорскае гарадзішча з руінамі камяніцы.

Госці пайшлі спаць. Бацька з сынам і герам Фельдбаўхам абмяркоўвалі гэтае пытанне ўтрох. І калі немец па сваёй ахвоце вырашыў далучыцца да дзяцей, бацька разважліва зазначыў яму на шматлікія невыгоды, якія давядзецца цярпець усяму наваколлю ад легкаважнага імкнення пана Фельдбаўха да забаў.

– Я б і рад, пан Фельдбаўх. Але я толькі падумаў, што вы, напэўна, забылі…

– Was?

– Вы, напэўна, забылі, што Хаданскія рыхтуюць феерверк, каб здзівіць гэтых выскачак з Магілёва. Яны прасілі, каб гер Фельдбаўх прыгледзеў, бо ўсім вядомыя яго поспехі ў піратэхніцы, якіх ён дабіўся, удзельнічаючы ў падрыхтоўцы традыцыйнага студэнцкага феерверку яшчэ ў Гецінгене…

Гувернёр схапіўся за галаву. І сапраўды забыў. Было б няўдзячнасцю… Ды яшчэ феерверк, шум, выбухі.

Ён паспешна пайшоў збірацца, каб назаўтра раней выехаць да Хаданскіх. Бацька і сын засталіся ў курыльні. Пан Юры задумліва пускаў дым сігары.

– Бацька, – сказаў Алесь, – у мяне да цябе справа.

– Ну?

– Адпусці Кагутоў на волю.

Бацька зірнуў на сына са здзіўленнем. Той сядзеў у крэсле, і шэрыя вочы глядзелі непрымірыма.

– Мне сорам глядзець ім у вочы. Я хачу, каб яны прыходзілі да мяне самі, а не тады, калі я іх паклічу. Ім трэба даць волю і… вучыць таго з дзяцей, хто гэтага захоча. Магчыма, Паўлюка, яму якраз час.

Бацька не раззлаваўся.

– А ты падумаў, ці захочуць яны гэтага? Уся адказнасць адразу падае на плечы вольнага. Адказнасць за неўраджай, за магчымую пошасць…

Пан Юры з павагай паглядзеў на сына.

“Дарослы, – падумаў ён. – Умее нават разважаць. І мае перакананні”.

І, хутчэй ад замілавання гэтай нечаканай даросласцю, чым ад усведамлення неабходнасці волі для кагосьці з Кагутоў, бацька сказаў:

– Добра. Праз два тыдні я паеду ў Сухадол і аформлю вольную. А ты не баішся, што, вольныя, яны пакінуць цябе?

– Іхняе права, – сказаў сын. – Ды толькі яны не пакінуць.

– Добра, сын. Я зраблю гэта для цябе.

– Для сябе, – сказаў сын.

– Ну, для сябе. Што яшчэ?

– Вучыць іх трэба.

Бацька памаўчаў.

– А ты падумаў, сыне, ці вядзе гэта да шчасця?… Зараз у іх простыя думкі і пачуцці, упэўненасць у тым, што карысная іхняя праца і яны самі. Чым ты хочаш гэта замяніць? Ты ведаеш, якія бяздонні, адна за адну страшнейшыя, расчыняюцца перад вачыма дасведчанага? Якія бяздонні жаху і холаду? Сам я не так далёка пайшоў – і то часам адчуваю. Ледзяны холад і ледзяная самота. З кожным пытаннем усё менш разумееш. Просты бачыць толькі зладжаны крок чалавечых кагорт. Мудры чуе тупат чарады, якая бяжыць да прорвы. Ён бачыць, што тыя, хто яе вядуць, ненавідзяць чараду і адзін аднаго. Ён бачыць, што ўвесь наш хвалёны свет – рота, якая крочыць не ў нагу і ў якой толькі паручнікі, толькі ўрады імперый крочаць у нагу… Каб давесці людзей да агульнай пагібелі.