Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 33)
Яны ўзнялі вочы да акна і ўбачылі, што сіні агеньчык згас. На яго месцы цяпер цямнеў правал акна. Звычайны мёртвы правал. Больш нічога.
І хлопцы адразу адчулі, як жах саступіў месца расчараванню. Агонь быў так блізка, такі высокі і сіні. Хто ведае, якія дзівосы ён асвятляў. І вось яны, дурні, пакінулі яго, дачакаліся, пакуль ён згас.
– Ёлупы, – сказаў Кандрат. – Боўдуры.
Гэта сапраўды было горка, калі ўжо забыцца на страх. Столькі разоў бачыць іскру над шатамі парку, наважыцца, нарэшце, ісці сюды, нацярпецца жаху, убачыць агонь зблізку, такі зменлівы і сіні. І ўсё зглуміць.
– Пайшлі, – сказаў Андрэй.
Зноў сцежка, на гэты раз з уступу, у абход невялікай падковы возера. Зноў пах грыбніцы і стылая раса.
Хлопцы ішлі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Было халодна і няўтульна пад шатамі дрэў. Добра, што хаця Янька не плакала, бо ёй было ўсё адно, так яна хацела спаць. Андрэй зняў з сябе світку, і яны падвязалі дзяўчынку на спіне Кандрата, зрабіўшы нешта накшталт мяшка, у якім было цёпла і ўтульна. Кандрат цяпер мог вызваліць рукі, яму стала лягчэй.
– Прыйдзем яшчэ сюды? – ціха спытаў ён у Андрэя.
– Прыйдзем, – падумаўшы, адказаў Андрэй. – Трэба прыйсці.
– Каго ж яны ўсё-ткі выклікалі? – спытаў Кандрат.
Андрэй не адказаў. Ды і што можна было адказаць?
Цемра. Глухія крокі. Сонныя пасопванні Янькі на спіне ў Кандрата. Пачынае прабіраць холад, той санлівы холад, калі сківіцы раздзірае пазяханне і чалавек марыць, як аб вышэйшым шчасці, аб ахапку сена, у які можна зашыцца.
Мужны дух прадпрымальнасці і прыгод заўсёды церпіць ад такіх акалічнасцей.
Яны мінулі возера, з якога патыхала вільготным халадком і рыбнай сырасцю. Парк зноў зрабіўся густы, – не парк, а нейкія нетры з лаўжамі і ветрабоем, з рэдкімі глухімі сцяжынкамі.
Па адной з такіх сцяжынак яны ішлі даволі доўга; ішлі і амаль не спадзяваліся, што калі-небудь ёй будзе канец. Але сцежка ўлілася ў папярочную сцежку, што была шырэйшая і нагадвала хутчэй вузкую дарогу, па якой ледзьве можа праехаць воз. Дарожка гэтая была як тунель, так спляталіся над ёю галіны дрэў, з левага боку яна праз нейкіх пяць сажняў улівалася ў невялічкую паляну. І палянка была таксама цёмная, бо над ёю схіляліся, засцячы неба і ўтвараючы над ёю шацёр, верхнія галіны магутных, вычварна-каржакаватых дрэў. А пад шатром, займаючы амаль усю палянку, стаяла самая дзівосная будыніна, якую ім давялося бачыць у сваім каратусенькім жыцці.
Будыніну абкружаў частакол з завостраных бярвенняў. Над частаколам уздымаліся толькі два-тры вянцы сцен ды трох’ярусны дах з грубай замшэлай шчапы. На вільчаку верхняга яруса нерухома ўзвышаўся “балотны чорт”, вычварная карчага, якой вятры і гнілая вада часам надаюць падабенства з пачварным ідалам.
У вянцах сцен там-сям цьмяна блішчалі маленечкія сляпыя акенцы з разьблёнымі ліштвамі. Такая ж разьблёная брама разрывала ў адным месцы частакол. Палі яго вянчалі пабеленыя непагодай конскія чарапы з цёмнымі праваламі вачэй.
Дзеці не ведалі, што гэта была лазня Раўбіча, пабудаваная ў “казачным” стылі, але, дрыжучы, адчувалі гэта казачнае і страшнае. Відаць, сюды, да гэтай брамы, павінны былі прыязджаць, каб загінуць: увечары – светлы дзень, а перад світаннем – чорная ноч.
З цёмнага тунеля дарогі даляцеў стомлены, рэдкі стук капытоў, а потым з’явілася сама ноч, як гэта ёй належыць – на чорным кані і ў чорным плашчы.
Конь ішоў мернай ступою, а коннік сядзеў на ім, схіліўшы галаву, і доўгі чорны плашч, падобны на абвіслыя вялізныя крылы, прыкрываў рэпіцу жывёлы.
– Вось каго выклікалі, – шапнуў Кандрату Андрэй.
Хлопцы не здзівіліся, пазнаўшы ноч у твар, пазнаўшы гэтыя доўгія вусы, гэтую рукаяць пісталета, што выглядала з сакваў.
Коннік пад’ехаў да частакола і з хвіліну пастаяў перад ім. Потым, не ўздымаючы галавы, павольна ўзняў стрэльбу і тройчы, з вялікімі перапынкамі, стукнуў руляй у дошкі варот.
…Не чакаючы больш ні хвіліны, баючыся невядома чаго, дзеці кінуліся бегчы так, як не беглі ніколі ў жыцці.
Яны не памяталі і не ведалі дарогі, не звярталі ўвагі на стому, ад якой рэзала ў грудзях, не памяталі, дзе пералезлі агароджу. А можа, яе і зусім не было? Яны беглі і апамяталіся толькі на знаёмым раздарожжы, ад якога да Загоршчыны было не больш як дзве вярсты.
Было цёмна. Пахла бярозавымі венікамі. Пасля ўспыхнуў агеньчык. Рука, упрыгожаная на запясці жалезным узорным бранзалетам, паднесла сярнічку да васковай тоўстай свечкі. Потым да другой. Да трэцяй.
І тады другая рука, загарэлая аж да гарчычнага адцення, зняла са стала ўпрыгожаны срэбнымі насечкамі пісталет. Схавала пад стол.
– Баішся? – іранічна спытаў Раўбіч, скідаючы на лаву плашч.
– Сцерагуся, – сказаў Война.
Раўбіч выняў з-пад плашча кошык і паставіў на стол.
– Падсілкуйся.
Спаласаваны і зрэзаны страшнымі шнарамі твар усміхаўся.
– “Правда ль, что Бомарше кого-то отравил?” – спытаў Война.
І гаспадар лазні адказаў у тон яму:
– “Гений и злодейство две вещи несовместимые”.
– Ведаеш класіку, – сказаў Война.
Яны сядзелі за адным сталом. Война еў, скоса паглядаючы на субяседніка насцярожанымі і бязлітаснымі вачыма. Яго чорныя бровы былі нахмураныя.
А Раўбіч сядзеў насупраць, і яго твар ажыўляла іранічная ўсмешка. Вялікія, зусім без райка, цёмныя вочы спакойна назіралі, як пальцы Войны ламалі курыную нагу.
– Згаладаўся ты, браток.
Вычварна зламаныя, пагардлівыя бровы Раўбіча дрыжалі.
– І так дваццаць год, – сказаў ён. – Божа мой, колькі пакут! І, галоўнае, дарэмна. Увесь час спаць адным вокам. Увесь час недаядаць.
– Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.
– Намёк? – спытаў Раўбіч.
– Ты што? – сказаў Война. – Не, кум, цябе гэта не тычыцца. Ты таксама не ціхая горлінка, таксама “хищный вран” над гэтай напаўжывой падлай. Гэта не пра цябе. Гэта пра тых, што зажэрліся, што забылі.
Яны глядзелі адзін на аднаго. Прылазнік, асветлены спакойнымі язычкамі свечак, быў някепскай дэкарацыяй: вышараваныя да жаўцізны бярвенні сцен, пучкі мяты пад столлю, шырокія лавы пад мяккімі чырвонымі налаўнікамі, стол, на стале ежа і паліваны збан з чорным півам, а ля стала два насцярожаныя чалавекі.
– Урэшце, хто мяне выручыў, параненага, – сказаў Война, канчаючы есці, – хто падабраў у яры? Хто выхадзіў? Каму ж можа больш верыць Чорны Война.
– А ты не ганарыся, Багдане, – жорстка сказаў Раўбіч. – Я тады не ведаў, што ты Чорны Война. Проста бачыў тваю перастрэлку з земскай паліцыяй. А ў мяне, кумок, з гэтай публікай свае рахункі. Дый, потым… калі шасцёх нападаюць на аднаго – праўда не на іх баку.
– Лыцар, – сказаў Война. – Ты ж глядзі, лыцар, не забудзь папярэдзіць “блакітных”, што мяне бачылі ў наваколлі.
– Папярэджу, – спакойна сказаў Раўбіч. – У мяне таксама ёсць тое, чаго нельга ставіць на карту.
Война скручваў з грубага тытуню цыгарку. Знявечаныя пальцы рухаліся няспрытна.
– Дай я, – сказаў Раўбіч.
– Не трэба. Ва ўсякім разе, адзін палец у мяне здаровы… Той, што кладзецца на курок.
– Война, – сказаў Раўбіч. – Не рызыкуй сабой, Война. Пачакай трошкі. Час надыходзіць. А ты можаш не дажыць. Ты будзеш патрэбен жывы, а не мёртвы. Перасядзі год-два. Месца я табе знайду. Адпачні. А потым я паклічу.
Цень Войнавай галавы адмоўна хіснуўся на сцяне.
– Ты нядрэнны чалавек. Але я кажу – не. Таму, што ты шукаеш сяброў. А сябры прададуць. Чалавек – быдла. У атрадзе з трох – адзін здраднік. І, потым, мне няма часу. Старыя салдаты жывуць, пакуль ідуць. Калі я прысяду – я не ўстану, такая стома ў маіх касцях. Я падаю табе знак і прыходжу сюды, калі ўжо зусім немагчыма. Я сплю тут як чалавек, але потым мне зноў цяжка звыкаць да насцярожаных вачэй, да дажджу, да свайго берлагу… як дваццаць год таму.
Ён апусціў павекі.
– Сёння я раскажу табе нешта, – не вельмі ахвотна сказаў ён. – Ты памятаеш бунт у трыццатым годзе?
– Але. Толькі тады я быў іншы і не разумеў яго.
– А я разумеў. Мне тады было дзевятнаццаць, і я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзі яму не здрадзяць. Веру я ў гэта цяпер або не – мая справа. Золата самы брудны метал, але з яго робяць шапку, і яе гаспадар з мазгамі каптэнармуса атрымлівае права сядзець на чалавечай пірамідзе, мучыць людзей, якіх ён мазаля не варты. Гарнастай – подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх.
Война паклаў на стол цяжкую далонь.
– Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што я любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі[48]. Дыктатар паўстання. Напалеончык… Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху… Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі. Але я верыў. Праз год я прыйшоў да некаторых сяброў і сказаў, што час пачынаць спачатку. І ўбачыў, што адзін разводзіць капусту, а другі служыць столаначальнікам. Убачыў пустыя ад жаху вочы… А яны ж былі зусім як я. І я зразумеў: яны спыніліся ў нянавісці. Што мне было рабіць? Начальнікі здрадзілі. Сябры дрыжалі. Народ пакорліва цягнуў ярмо. Усё, у што я верыў, было, значыцца, як байка для дурных дзяцей, а мая мара – паламаная цацка.
Ён усміхнуўся.
– Я быў малады і гарачы. Адзін дык адзін. І я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда!