реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 31)

18

…A Грынь павярнуўся і ўбачыў y дзвярах Міхала Кагута, a за яго спіною твары Кандрата і Андрэя. Усе глядзелі проста на распрасцёртую постаць. Толькі Міхал глядзеў змрочна, a блізнюкі – здзіўлена.

Грынь устаў насустрач, ледзь не выпхнуў ix i зачыніў за сабою дзверы. Ён злаваў на сябе: варон лавіў, старая макітра, a пялёхканне млына прыглушыла колы завознікаў.

– Ну? – змрочна спытаў Грынь.

– У нашым завозна, – сказаў Міхал. – Дык мы да цябе.

– Хадзем.

Увесь час, пакуль цягнуўся памол, завознікі і млынар не абмовіліся і словам, моўчкі цягалі мяхі, моўчкі засыпалі, моўчкі пускалі ваду.

Грукат, значна больш гучны, чым раней, даляцеў і ў імшанік і супакоіў Корчака: значыць, не па яго.

A людзі ля млына не глядзелі адзін на аднаго. Ды і што было Кагутам да млынара? Млынар як млынар. Значна цікавейшы быў старадаўні млын, вузкая стужка адзінай дарожкі, якая вяла да яго і якой яны прыехалі, невялічкі ставок з лілеямі і драмучыя лясныя нетры вакол яго.

Як не цікавіцца? Ставок такі цікавы, раўнюткі. Страха млына зялёная ад моху. I латок увесь аксамітна-зялёны. I шкельцы зялёныя. A ствалы баравых дрэў зусім мядзяныя, бо сонца схіляецца. Зусім мядзяныя, быццам тысячы велічэзных змеяў-мядзянак сталі на хвасты. A над стаўком таўчэ мак камашня, таксама зусім залатая ад сонца. Вось і глядзі сабе, чалавеча. I нічога ты не бачыў, і нічога ты не чуў… Еш боршч з грыбамі, a язык трымай за зубамі… Хто моўча, y таго дума не воўча… М-ня… Вось яно, значыцца, і так, ці ведаеце вы…

I толькі калі Міхал ужо адсыпаў Паківачу належныя гарцы, a дзеці адышлі да воза, млынар ціха спытаў y Кагута:

– Бачыў?

– Не бачыў, – змрочна сказаў Міхал. – I дзеці не бачылі.

Дзікаватыя светла-сінія і бурштыновыя, як y коршака, вочы сустрэліся на хвіліну і зноў разышліся. Але Паківачу гэтага было мала. Яму трэба было ведаць, ці правільна зрабіў ён, Паківач.

– A каб y каго другога ўбачыў?

– I ўхваляў бы, і не ўхваляў, – з мужыцкай хітрасцю сказаў Кагут. – Я, брат, ніколі нікому нічога ніякага…

– …Ну, a калі што якое?

– Ну, a калі што якое, дык што ж тут такое, яно ўжо…

– Ну, a калі што якое? – настойваў Паківач.

– Ды яно ж, тым часам, і ў другіх не бачыў, і ў цябе. Я чалавек рахманы. Ды і бацька мой, a іхні дзед, таксама не абы-што, і ўсім, вядома, можна, калі ўжо так, і сказаць. Вось яно, тым часам, і так.

– Данясеш? – на чыстату спытаў Паківач. – Дзеці не данясуць, яны простыя душы. A ты?

Міхал паглядзеў проста ў вочы Паківачу.

– Не, – сказаў ён. – Не данясу.

Калі завознікі паехалі, млынар, трошкі супакоены, пайшоў да імшаніка. Перад дзвярыма спыніўся, думаючы аб тым, што трэба будзе ўсё ж перанесці параненага ў будан ля бортнага ўрочышча. I не таму, што Кагут данясе. Ведаючы дзеда Данілу, гэтага можна было не апасацца. Проста далей ад граху. A раптам нехта налезе. Розныя бываюць людзі. Прыйдзе, калі цябе няма, і давай шныпарыць…

З гэтымі думкамі ён адчыніў дзверы. Марта сядзела над параненым.

– Непрытомны, – ціха сказала яна.

Корчак не быў непрытомны. Проста яму трэба было застацца са сваімі думкамі, і ён не хацеў адгукацца.

Так, для яго больш не было роднай хаты і роднай дзяжы. Таму што яго аднаго гналі, таму што адной ягонай крыві хацелі за падзеі ў Півошчах. A хіба яго трэба судзіць? Хіба гэта ён страляў? Не, пачаў страляць Кроер. Скончыў той паручнік з рысінымі вачыма.

Корчак быў спакойны. Ён проста разважаў.

Караць павінны ix, a караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны – чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не… мне? Чаму сапраўды?

Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак.

Так ён і зробіць. Суд дык суд. I ўсім, хто страляў y крыжы, не пайсці жывымі. Ён заступіцца за свайго Хрыста. Усе яны адкажуць перад праўдай. Таму што яны не дапамагалі хлебу расці, не дапамагалі зямлі-маці раджаць. Яны толькі глумілі яе, і таму праўды ў іх не было, і яны былі ваўкі. A з ваўкамі – па-воўчы…

ХII

Выйшлі з двара надвячоркам, калі ўздоўж вуліцы наскрозь ружавеў ад сонца ўзняты каровамі пыл. Мэкалі авечкі, непаразумела штурхаючыся ля варот, і адусюль даляталі лісліва-абыякавыя галасы гаспадынь:

– Шу-шу-шу.

– Красуля, Красуля… Ах, каб ты здарова была…

Чуліся рыпенне, шумныя ўздыхі, звонкія жаночыя галасы і добрыя плескачы па крыжах жывёл – гукі звычайнай вячэрняй сумятні.

Але нават у неспакоі быў спакой, таму што быў вечар. І, нібы падкрэсліваючы гэтую стому і спакой, сярэдзінай вуліцы ішоў на вячэру ў чарговы дом азярышчанскі пастух Данька, ляніва, ад няма чаго рабіць, прыкладаючы часам да вуснаў даўгую берасцяную трубу.

Гукі былі чыстыя і гучныя: Данька мог круціць трубы, як ніхто іншы. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў, так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Дай бог быць на вялікдзень папом, узімку катом, а ўлетку пастухом. Дай бог! Бо нічога няма лепшага за гэты вечар, чыстыя гукі трубы і патаемныя позіркі дзевак на гожага пастуха.

Падышоўшы да дзяцей, Данька, які зусім і не глядзеў на іх, нечакана паднёс раструб берасцянкі да вуха Кандрату і раўнуў так, што хлопец аж падскочыў.

– Да-нька, каб на цябе!

– А чаго, чаго ты пасярэдзіне вуліцы ідзеш? – усміхнуўся роўнымі зубамі Данька.

– Ты, Данька, кінь, – сказала Янька. – Няможна.

Яна сядзела на закарках у Андрэя: пабойвалася кароў. Глядзела на Даньку з асуджэннем і павагай. Такі гарэзнік, а кароў не баіцца.

– Не буду, Янечка, – сказаў Данька, усміхаючыся. – Дальбог, не буду, гаспадынечка. А хто ж мяне тады вячэраю накорміць, як не ты.

Ён гэты тыдзень харчаваўся ў Кагутоў і быў здаволены: есці давалі добра.

Кожная гаспадыня ўлешчвае пастуха.

– Чакайце, хлопцы, – сказаў Данька. – Бярыце вось.

Ён палез за пазуху і пачаў даставаць дзічкі, зеленаватыя, з карычнева-ляжалымі плямамі: кожнаму па жмені.

– Буйныя якія дзічкі, – сказаў Паўлюк, набіваючы рот.

– М-гу, – сказаў Данька, сакавіта чамкаючы вялікай дзічкай. – То ж посеркі[46]. Гэтыя есці мо-ожна.

Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Дзеўка глядзела на яго ўмольна, не ведаючы, што рабіць.

– Кінь, Янечка, – сказаў гаспадарлівы Паўлюк. – Злазь з карка, тут кароў няма. Ну вось… А цяпер глядзі.

Ён палез у Данькаву запазуху і там падчапіў далонню, як каўшом, цэлую горку дзічак.

– На ў прыполік. І не глядзі на гэтага антыхрыста.

– Дык чаго гэта Кагуты сёння такія кагуцістыя? – спытаў Данька. – Толькі пяра аднаго ў Кагутоў няма. І куды ідуць такія прыбраныя Кагуты?

– Пастуха сустракаць, – сказаў Кандрат. – Дарагога госця.

– Ну, гэта яшчэ нічога, – сказаў Данька. – Ад азярышчанцаў можна чакаць і горшага.

Ён быў вывазень з другой вёскі і таму заўсёды трошкі кпіў з Азярышча.

– Вы людзі ветлівыя. Вы не толькі пастуха, вы сена калісь званамі сустракалі. Думалі – губернатар, бо губернатараў вам, па мужыцкай вашай цемнаце, бачыць не даводзілася, а Мінка-салдат казаў: “У-га! Губернатар! Губернатар, браткі, важны, як, не раўнуючы, воз з сенам”. Дык вы ўцямілі. Здагадаліся, сустрэлі.

– Кінь, – сказаў спакойна Андрэй. – Брахня ўсё.

– А я хіба кажу: праўда? Куды вы?

– Да Загорскага ў госці, – апусціў вочы Андрэй. – Паклікаў.

– Да дзядзькаванага паніча? Д-добра. Вы ж там глядзіце, хлопцы. Не накідвайцеся на розныя дабраны-смакаваны, як Лапатаў кныр на панскі мэляс. Гонару трымайцеся. Не ў іх адных ён ёсць.

– А мы ведаем, – сказаў Паўлюк. – Мы не з пустымі рукамі ідзём. Мы во лузанцы нясём, гарэхі, мёд.

– Ды нешта позна ідзяце? – спытаў Данька.