Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 25)
У гэты момант яна здалася яму такой дурніцай, што ён зарагатаў. Гэта, здавалася, збянтэжыла яе. Ужо значна менш упэўнена, але ўсё яшчэ з гонарам яна сказала:
– Je n’aime pas le gros rire[37].
– Я таксама не люблю, – зусім спакойна і зноў па-французску сказаў ён і дадаў: – Я думаю, нам лепей за ўсё вярнуцца.
– Мне не хочацца, – паціснула плячыма яна.
– A мне не хочацца заставацца тут. I я не магу тут пакінуць вас адну…
– То што? – спытала яна.
– То я завяду вас сілком.
– Ого, паспрабуйце.
I, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок і, як каза, узбегла па нахіленым ствале старой вярбы, стала ў яе галінах, невыразна бялеючы над цёмнай вадой.
– Сыдзіде адтуль, – сказаў ён. – Вярба крохкая.
– I не падумаю.
– Я вам сур’ёзна кажу.
Замест адказу яна здзекліва заспявала французскую песеньку пра медзведзяня, якое спаймалі ў лесе і аддалі на вывучку жанглёрам. Яго імкнуліся навучыць, але ў жанглёраў усё адно нічога не выйшла: занадта яно было тупое і няспрытнае. Яно так і не навучылася скакаць, a калі спявала, то спявала, як y лесе, і нават жанглёры затыкалі вушы.
Стоячы на дрэве, яна гайдалася ў такт смешнай песеньцы і здзекліва спявала, з асаблівым захапленнем выводзячы прыпеў:
Les choses n’iront pas!
Les choses n’iront pas![38]
Гэта было нават не вельмі складна. Бог ведае, на колькіх мясцовых вуснах пабывала смешная дзіцячая песня, пакуль не абцерлася да такога.
A таму Алесь сумна паківаў галавою:
– Я думаў, вы зусім іншая. A вы проста злое і вельмі дрэнна выхаванае дзяўчо.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і спакойна пайшоў прэч ад вярбы.
I раптам за яго спіною пачулася выразнае “крэк” і ўслед за тым ускрык. Вярба сапраўды была крохкая.
Ён азірнуўся. Тоўсты сук надламаўся і цяпер, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. A на ім, – паспела-такі зачапіцца, – трымаючыся адной рукой за яго, a другой за ствол, вісела Майка.
Ён кінуўся да вярбы, узбег па ствале і, моцна абняўшы левай рукой тоўстую разгаліну, правую падаў Майцы.
– Трымайся.
Яна ўхапілася. Ён цягнуў яе, але адной рукой нічога не мог зрабіць. I тады ён сеў, абхапіўшы нагамі ствол, і пацягнуў дзяўчынку абедзвюма рукамі. Ён доўга біўся, пакуль яму ўдалося ўсцягнуць яе на вярбу.
Яны пачалі спускацца. Ужо на беразе ён акінуў яе позіркам і ўбачыў, што яна нават не падрала сукенкі. Быццам нічога не здарылася, яна памахала рукой.
– Я ж кажу: мядзведзь. Хапае за руку, як за сук.
– Даскакалася?
Ён адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб адколіну сука.
– A хто вас прасіў? – спытала яна. – Лезеце тут…
Тады ён не вытрымаў. Дрыжучы ад злосці, схапіў яе левай рукой за плячо, a правай даў плескача па тым месцы, дзе спіна перастае называцца спіной…
Пасля ён моўчкі зрабіў рукой знак, каб яна пайшла.
Яна не ішла. Стаяла і глядзела на яго.
– Мяне ніколі не білі, – хутчэй з непаразуменнем, чым з крыўдай, сказала яна.
Ён маўчаў.
– Дальбог, ніколі…
Тут ён азваўся:
– I дарэмна. Ідзі адсюль.
Яна вагалася. Нават уздыхнула ў цемры. I тут ён пачуў нешта такое…
– Можа, і ёсцека тут праўда… – амаль з вясковым прыдыханнем сказала яна. Зусім чыста па-мужыцку…
– Ты што ж… I гаварыць можаш? – спытаў ён. – Чаго ж прыкідвалася?
– Бацька са мною, калі не пры гасцях, заўсёды так гаворыць, – уздыхнула яна. – A прыкідвалася… так проста.
– Ну і брыда, – са злосцю сказаў ён. – Ідзі адсюль. Ну, чаго стаіш? Ідзі, кажу.
– Я ніколі больш не буду спяваць песню пра медзведзяня, – сказала яна.
Ён размяк. Узяў яе далонямі за галаву.
– Ты… не плач, – сказаў ён. – Не трэба.
Майка парывіста прытулілася да яго.
– О, прабач, прабач, Алесь, – уздыхнула, як усхліпнула, яна. – Я ніколі больш не буду так.
Алесь баяўся, што яна расплачацца. Магчыма, так і здарылася б, каб яна краем вока не заўважыла кропляў крыві на яго запясці.
– Што гэта?
– А, глупства.
– О, прабач, Алесь… Што ж цяпер рабіць? Ага, ведаю. Я завяжу табе руку паловай гэтай мантыльі. I кроў цячы не будзе, і ніхто не даведаецца, што ты параніўся. Падумаюць, што я проста дала табе павязку, як y песнях.
I, перш чым ён паспеў сказаць нешта, яна прыўзняла ў тонкіх руках белы вэлюм, павяла вострымі локцікамі ў бакі, і ў цемры прагучаў рэзкі гук.
– I на цябе не будуць сварыцца, што падзерла? – спытаў Алесь.
– На мяне ніколі не сварацца, – сказала яна.
Яна зрабіла павязку з бантам, як шалік. Ніхто б і не здагадаўся, што гэта павязка. A потым яны пайшлі да палаца, адкуль ужо далятала музыка: пайшлі спярша па спляценні ценю і святла ад каганцоў, потым па каляровых плямах ад ліхтарыкаў.
Каля самага ганка яна павярнулася і, гледзячы яму ў вочы, сказала:
– Я ніколі не буду… Толькі і ты… паменш танцуй з Ядзечкай… Добра?
– Добра, – паабяцаў ён.
…А потым свісталі, імкнуліся кудысь над цёмнымі верхавінамі палымяныя змеі, зменлівае святло бегла па тварах людзей на тэрасе, a італьянскія таполі здаваліся то срэбнымі, то зусім чырвонымі, як кроў. Шалёна круціліся агнявыя колы, гучна лопаліся шматкаляровыя буракі, гарэлі ў небе літары “A” i “З”, і Майка міжвольна ўздрыгвала, калі новы барвяны дракон ляцеў y неба.
Калі садзіліся за стол і Майка села побач з Aлeceм, y Ядзечкі сталі такія вочы, што Алесь сумеўся: няўжо каму-небудзь магло быць не так весела, як яму. I тады Майка прыцягнула “ляльку” за руку і пасадзіла таксама побач з Алесем, толькі з другога, правага боку, і загаварыла з ёй, і Ядзі таксама зрабілася весела, тым больш што і Франс сеў з ёю, a Мсціслаў, з месца насупраць, жартаваў так, што ўсе аж трэсліся ад смеху.
A потым госці асталіся за сталамі, a дзеці пайшлі датанцоўваць. Але танцаваць ужо не так хацелася, і Алесь, Ядзя, Майка, Мсціслаў, Янка і Франс распачалі вясёлую гульню: падчас танцаў хто-небудзь знікаў, тады астатнія, спахапіўшыся, пачыналі яго шукаць y напаўцёмных i зусім цёмных сумежных пакоях.
I вось калі Алесю выпала шукаць, ён выпадкова стаў сведкам незразумелай і таму трошкі непрыемнай сцэны.
Ён абышоў ужо тры ці чатыры пакоі і нячутна крочыў авальным пакоем, дзе ў нішах стаяў такі моцны і прыемны водар кветак – зусім бы ў трапічным лесе – і дзе ў адной, самай вялікай, нішы паплюхваў фантанчык. I вось y гэтай самай нішы ён раптам пачуў мужчынскі голас і спыніўся. Там было два галасы: бацькаў і графа Ісленьева.
Разумеючы, што падслухваць нядобра, Алесь на дыбачках павольна пачаў пасоўвацца назад, да выхаду.