реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 27)

18

Але потым пачаліся свавольствы ўжо зусім небяспечныя. Пан Кроер прыбавіў трэці дзень. A калі некаторыя паспрабавалі бурчаць – іх адлупцавалі на стайні. Тады нехта падпаліў Кроераву адрыну. У адказ на гэта Кроер завёў ваўкарэзаў і прывёз са Смілавіч дзесятак татар-вартаўнікоў. Гэта было ўжо зусім нечакана…

Кроер зацяўся. Са злоснай гарэзлівасці павялічыў бабскі прынос палатна ў царкву на адну гібу[43], быццам святая царква жабрачка, a сам ён кавалачнік нейкі. Суседзі ездзілі ўразоньваць яго, але чхаць яму было на іхнюю думку. Што яму маглі зрабіць? Прымаць перастануць? Дык яму сына не жаніць, a дачку не вывозіць y свет.

Можа, нічога і не было б, але нашкодзіў год.

Рунь з восені добра пайшла пад снег, добра выйшла ўвесну з-пад снегавой коўдры і на Юр'я вырасла ўжо такая высокая, што не толькі варона магла ў ёй схавацца, a i вадзяны бугай, каб пала яму ў галаву такая дурынa: кідаць дзеля палёў свае сітнягі. I тут па ўсім наваколлі выпаў страшэнны град, захапіўшы паласу ад Магілёва і ледзь не да Гомеля. Градабой быў такі, што цэлыя кавалкі лёду падалі на беднае жыта, і яно палягло ўшчэнт.

Улетку давялося туга, і, можа, людзей нават зусім чакаў бы страшны зімовы голад, каб не добрая гародніна і неблагая ярына.

Нядрэнна было ў Загорскіх, y Вежы, y Раўбіча, яшчэ ў трох-чатырох гаспадароў, дзе зямля не была спустошаная. Мужыкам іншых паноў магло хапіць летняга ўраджаю хіба што да пятага тыдня вялікага посту.

I вось Кроер учыніў півошчынцам агульны згон, бо гарачая пара не чакала. За тры дні жыта на яго нівах стаяла ў мэндліках, a частку нават звезлі да панскіх гумнаў, пачаўшы складаць сцірты. Людзі ішлі на працу ахвотна, бо сям'я з пяцёх чалавек – сваю работу скончылі – магла зарабіць за гэтыя дні сама меней тры рублі, a гэта азначала – як на галодны год – восем з паловай пудоў жыта, – можна неяк перабіцца да шчаўя, да “грыба бедных” – смарчка, да першай рыбы, як толькі спадзе весняя палавень.

…Надвячоркам трэцяга, пасля пачатку згону, дня Кроераў аконам аб'явіў людзям, што згон не будзе аплачаны, што за яго не будуць плаціць і надалей.

Людзі стаялі на вясковай плошчы, пад абшчынным дубам і слухалі яго.

У кожнага стаяў перад вачыма той месяц з лішнім, які цяпер не было як пражыць. Мужыкам бачылася Бэркава карчма, дзе трэба было нішчымна, толькі каб уцячы ад міжвольных хатніх папрокаў, сядзець усе гэтыя дні, бабам – прагныя і вечныя, як лёс, чалеснікі-печкі, якая кожную раніцу патрабавала ахвяр.

Але ўсе маўчалі.

Збянтэжаны гэтай акалічнасцю аконам (пан загадаў, y выпадку чаго, пайсці на маленькія ўступкі) прапанаваў пяць капеек на дзень. I тут Янка Губа, самы стары дзед на сяле, выступіў з натоўпу:

– Мы не жабракі, каб нам замазвалі глотку шасцю фунтамі ў дзень. Мы не па дварах просім, мы просім сваё, спрадвеку ўсталяванае.

Вочы яго былі, як y пакрыўджанага спакойнага дзіцяці.

– Ён пакрыўдзіць нас надумаўся… Што ж, хай падавіцца нашым хлебам… A за сіроцкія слёзы здохнуць яму без пакаяння… A раней таго няхай ведае – не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, – ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, a згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам.

Аконам быў чалавек неразумны і ўзгарэўся:

– Тады хрэна вам замест хлеба. Жарыце зямлю… Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто?! Халуі бязмозглыя! Вы ж бачыце, які цяжкі год. Хіба не пан дае вам пазыкі?! Хіба не ён за вашы нядоімкі перад дзяржавай адказвае сваімі грашыма?!

– За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.

– Пад зброяй пойдзеце, – кінуў пагрозу аконам.

I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям'я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.

– Не пагражай, аконам. Бог за пагрозы нявіннаму не даруе.

Стаяў перад аконамам бялявы, як лён, глядзеў чорнымі дрымучымі вачыма.

– A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.

– Зачыншчыкі! – сказаў аконам. – Ясна.

I дастаў з кішэні кніжку і аловак.

– Не дамо пісаць! Не дамо! – захваляваўся натоўп. – Чорт яго ведае што ён там напіша… A потым пячаць ляпнуць – і прападай душа.

Абураныя людзі купчыліся вакол старога Губы.

Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:

– Ды што ж гэта такое?! За што?! За нашу крыўду ды яшчэ і пісаць.

– Нядобра робіш, аконам, – сказаў Корчак. – Глядзі, каб не рыгнулася.

– Дык вось як? – пыхнуў аконам. – Добра. Яшчэ і пагрозы. Гля-дзіце, мужыкі. Усё гэта вам прыпомняць. I ад згону адмову, і абразу пану, і… тое, што іконы святыя закласці іудзеям сабраліся… Кубло гадзючае! A табе, Губа, як завадатару, не мінуць і Сібіры.

Губа здзекліва глядзеў на яго.

– Чаго мне баяцца? Мне ўсяго жыцця з вераб'іныя нагавіцы. Ну і Сібір. Няхай. Ці не ўсё адно, адкуль да прабацькі Абрама на піва выпраўляцца…

– Ён яшчэ і блюзнерыць, ёмашнік стары… Патрэбен ты Абраму, парахня смярдзючая, – сказаў аконам.

Са старым Губой ніхто так не размаўляў. Абрам Абрамам, a павага патрэбна старому нават тады, калі ён скончыў зямныя справы. I таму пакрыўджаны Губа аскароміўся.

Аконам убачыў ледзь не пад самым сваім носам парэпаную цёмную дулю, нейкую вельмі доўгую і таму асабліва здзеклівую. I тады ён размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай на спіне.

I тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і ён сам не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівы і амаль спакойны. A рукі ў гэты час тарганулі з зямлі гaблі[44] і шпурнулі іх y аконама.

Вілы прасвісталі ў паветры і, дрыжучы, упіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. Аконам збялеў.

A на яго ўжо насоўваўся натоўп.

– Гані адсюль!

– Паражняк адмяніў, поскудзь!

– Трэ-э-эці дзень!!!

– Плаці за згон!

– Рунь канямі топча, конаўка дурная!

Крык ап'яніў людзей, асабліва калі яны ўбачылі, што аконам ускінуўся ў сядло і прыпусціў уздоўж вясковай вуліцы. За весніцамі аконам кінуўся ўбок і паскакаў проста пожняй, без дарогі.

A ўзбуджэнне ўсё нарастала ў душах, і над натоўпам стаяў смех, ганарлівыя выгукі, свіст. Нясытае было лета, галодная будзе вясна – чорт з ёю! Чорт з ёю, абы на хвіліну прыйшлі ў душу патоля і гонар.

– Як гэта ты наважыўся, Корчак?! A каб пацэліў?

– Каб захацеў, дык пацэліў бы, – збянтэжана і трошкі горда пасмейваўся Корчак. – Што я, турак, каб y жывога хрысціяніна цаляць?

– Ды які ён хрысціянін?! Падла ён! Як жа… Згон дарма рабілі. A цяпер голад!

I гэта зноў звярнула думкі на крыўду.

– Слё-озачкі, – загаласіла нейкая баба. – Што ж ім спатрэбілася, зяпам ненаедным?!

– У старца кій адабралі!

– У дзяцей галодных кавалак з рота вырвалі!

Загаласілі і другія бабы. I з нарастаннем іхняга галошання нейкі цьмяны, лютаваты агеньчык загарэўся ў вачах y мужыкоў.

Нарастала нясцерпна балесная, ледзь не да слёз, крыўда. Яна патрабавала неадкладнага выхаду. I таму натоўп радасна выбухнуў, калі нехта кінуў:

– Спаліць Кроеравы сцірты… Хай ведае.

Натоўп зароў. Спадабалася ўсім.

– Не нам, дык і не яму!

– Палі!

З самаробнымі паходнямі рушылі знішчаць сцірты. Моладзь аддзялілася і пайшла паліць мэндлікі. Дзень пачаў захлынацца ў дыме… I дзіўна – ніхто не ўзяў ані снапа. Відаць, таму, што гэта быў не рабунак, a помста.

– Хай ведае!

– Носам наторкаць!…

…Спаліўшы збожжа, людзі вярнуліся ў вёску і сталі чакаць, што з гэтага будзе.

…Чакаць давялося нядоўга. Сонца яшчэ стаяла даволі высока, калі хлопец на верхавіне абшчыннага дуба заўважыў на дарозе з Кроераўшчыны пыл. Хацелі былі кінуцца ўпрочкі, але Корчак пераканаў, што няварта. Адзін чалавек – што ён такое без іншых? A калі тыя, што ішлі, наблізіліся, усім стала нават сорамна за свае думкі аб уцёках.

Ішлі дзесяць чалавек, a з імі ехаў коннік. A калі гэтыя дзесяць чалавек наблізіліся – людзі пазналі ў іх татар-вартаўнікоў, a ў конніку – паручніка Мусатава.