реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 141)

18

– Князь… князь… Супакойцеся.

– Вось так, – саромеючыся прыпадку гневу, сказаў Алесь. – Гэта маё вам, пан губернатар, слова. І не вінавацьце нашых людзей у пасіўнасці. Яны проста грэбуюць гандлем, таму што гандаль таксама зрабілі разбоем. І яшчэ імя гэтай пасіўнасці – няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежала ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Ну іх да д’ябла.

Калі малады Загорскі пайшоў – губернатара доўга яшчэ нібы вадзіла. Чорт! Манеры ледзь не версальскія, мова мужыцкая, вопратка разбойніцкая, думкі – якабінскія…

Але не якабінскімі былі думкі Алеся. Балела душа, бо ўсюду было адно банкруцтва. Палі, зарослыя пырнікам, бо не было капеек на жалезную барану, варварская падсочка дрэў, знішчаная адкідамі ватнай фабрыкі рыба ў Пуцейне, бярозавыя прысады і абсады якраз на вапенніках і пясчаных землях, дзе так патрэбна вада, бязглузда асушаныя балоты – ад рэзкага зніжэння вадзянога слою пасохлі навакольныя лясы.

Страты, страты, страты… Грошы, пушчаныя на вецер.

– Лепей бы вы імі печы палілі, галовы яловыя!

Вёска галадуе, жыве ў цемры, зямля знясілена. Прамысловасць – саматужная, гандлю няма. І спяць, спяць усе, як учадзелыя, не ведаючы, што сон учадзеламу – смерць. І злуюцца, калі будзяць.

То цягні, цягні іх гвалтам з чаднай хаты. Няхай кусаюцца – цягні!

Вясна пазнілася. На пачатку красавіка яшчэ ляжаў снег, і было золка і дрыготка, а ноччу марозіла. У адзін з вечароў Алесь абыходзіў конскі завод. Коней трэба бало перавесці ў запасныя стайні, каб зрабіць генеральную прыборку, пабелку, чыстку. Гэта збіраліся рабіць сёння ж.

Пераводзіць было даволі лёгка. Звыклыя да вольнага выпасу ўлетку, коні і за зіму не адвыклі слухацца табуннага важака і верхавода, вогненнага жарабца Дуба. Куды ён – туды і табун. Дуб раптам здурэе і пагоніць напрасткі – і астатнія за ім.

Алесь адпусціў людзей вячэраць, а сам апошні раз аглядаў новыя стайні, а потым пайшоў па старых, каб пасля Зміцёр, Логвін і іншыя ўпраўляліся ўжо без яго. Ён хацеў памыцца, пагаварыць з маці і потым ехаць у сухадольскую зборню. Майка паведаміла, што браты і Наталя сёння гасцююць у Клейнаў, бацька астаўся дома, і яна будзе ў зборні толькі з маці, а магчыма – і адна.

Алесь сумаваў без яе. І таму спяшаўся, хацеў сёння рашуча пагаварыць з Міхалінай і неяк рассекчы нерат, у якім яны так даўно блыталіся.

Дуб быў ацяжэлы ўжо, але ўсё яшчэ магутны і грузлаваты дзікун. Касіў крывавым вокам і палохаў, задзіраў верхнюю губу, паказваючы зубы.

Алесь якраз частаваў Дуба падсоленым жытнім сухаром, калі за сцяной, на праварыне, прагучаў і рэзка абарваўся шалёны пошчак капытоў.

Дуб сваволіў і не хацеў браць. Устрывожаны Алесь кінуў яго і пайшоў быў да выхада, але ў гэты момант у стайню ўварваўся чырвоны ад ветру і хвалявання Паўлюк Кагут.

Сэрца Алеся ўпала.

– Што? – спытаў ён.

Паўлюк хапаў ротам паветра, нібы бег ён, а не конь. Нарэшце вымавіў:

– Раўбіча пайшлі граміць!…

– Хто?!

– Людзі Корчака.

– Ты што, здурэў?

– Але… Але… Забіваць будуць.

– Ды няма яго за што!

Паўлюк не мог ведаць аб размове ў чаўнах, калі Кандрат, пакутуючы за дзядзькаванага брата, навёў людзей людзей Корчака на Раўбічаў маёнтак. Ён ні аб чым не здагадваўся. Нават аб вялікім плане нападу, што песціў у душы былы півошчынскі мужык. Але ён, пястун Янькі і адзіны, з якім яна была да канца шчырая, дазнаўся ад яе, што ў “нашага Алеські з Раўбічавай паненкай зноў, здаецца, ладзіцца справа…”

Ні Кандрат, ні Андрэй нічога аб патаемным міры між Алесем і Міхалінай не ведалі.

А здарылася так. Корчаку вельмі была патрэбна зброя. І яму, як і прадбачыў бялявы Іван Лапата, ніяк не ўдавалася ўзняць вялікую колькасць людзей. Чуткі аб блізкай волі прымушалі кожнага чакаць як мыш пад венікам. Не варта было ламаць шыю, калі ўсё адно вось-вось зваліцца прыгон.

Корчак здавольваўся ўсе гэтыя гады рабункам паштовых карэт, пагрозлівымі знакамі (чалавек у масцы, стрэльба і труна) на бяросце, якія клалі на ганак арандатарам-пасрэднікам, ды зрэдку стрэлам у падатковага чыноўніка (аднаго падранілі, астатнія абышліся лёгкім перапудам).

Большасць мужыкоў ад яго пайшла ў двары, былі дома, хоць і памагалі – “на ўсякі выпадак, а можа, спатрэбіцца”. З чатырма дзесяткамі верных людзей ён адседжваўся ў пушчах.

Пра яго пачалі казаць: нястрашны. Яму конча была патрэбна зброя.

Бо Чорны Багдан Война, сустрэўшы аднойчы на лясной сцежцы ўсю гурму, здзекліва паехаў проста на яе, толькі паклаўшы руку на пісталет і свідруючы людзей падазронымі вачыма. Багдана баяліся: “Як сам чорт яму памагае. Няйначай, пярэварацень”, – і саступілі з дарогі.

А Багдан з’едліва ўсміхнуўся, выцягнуў пісталет і кінуў:

– На, атаман. Вазьмі. На беднасць.

Такога Корчак стрываць не мог. Гэты адзін ходзіць столькі год. І месяца не пройдзе, каб погаласка не пайшла: “Напаў адзін на паліцэйскі пост… Застрэліў… Коней адбіў і раздаў…”

І Корчак, памятаючы словы Кандрата, вырашыў: “Раўбіч – будучы сваяк Хаданскіх… Не сцеражэцца… Будзе зброя… Ухвала і падтрымка з боку Кагутоў, а значыць – і азярышчанцаў”.

На Кроера ісці – было не па зубах: у таго ўсё яшчэ сядзелі чаркесы, ці што… Вялікага паходу распачаць таксама нельга: войска паўсюль. А Раўбіч не сцярогся.

Корчак сяк і так картаваў карты. Выпадала адно: ісці на Раўбіча.

…Нічога гэтага не ведалі Алесь і Паўлюк. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне.

– Адкуль ведаеш?

Паўлюк, відаць не падумаўшы, ляпнуў:

– Стаю з Кахновай Галінкай ля плота… Подаўна ўжо…

– Што? З Кахновай?

Паўлюк заліўся чырванню.

– Як жа гэта ты так?… Ва ўласных братоў?… Ты як ім цяпер у вочы глядзець будзеш?

І тут Паўлюк раззлаваўся:

– А што?! Самі вінаваты. Адзін аднаму дарогу саступаюць. Яна мне сказала: “Абрыдлі мне яны, Павёлка…” І потым, любая яна мне…

І тут гумар сітуацыі дайшоў да Алеся. Загорскі зарагатаў.

– “І ўстаў брат на братоў, а племя на племя…” Нічога, горшага б не было.

Сурова кунуў:

– Далей. Стаіш ты, значыць, з Кахновай Галінкай…

– Кінь… Дык вось, стаю я, значыцца… Тфу!… І чую, ідуць людзі. А насустрач ім чалавек стаў на грэблі…

Паўлюк змоўчаў, што стаў насустрач людзям Пятрок, улюблёны Галінчын брат.

– “Прасачылі, – кажа. – Раўбіч большасць людзей на фэст адпусціў. З ім у маёнтку чалавек восем”. – “Добра, – кажа адзін з тых. – Рушым”. – “Хлопцы, – кажа гэты, што ўстаў, – вы хаця душ жывых не губіце. Самі душы маеце”. – “Змоўч, не зацінайся”. Дый рушылі.

– Даўно пайшлі? – бледны, спытаў Алесь.

– Подаўна. Больш за гадзіну.

Майка магла яшчэ быць там. Майка магла не паспець ад’ехаць… І яшчэ ён успомніў вочы Яраша, цёмныя вочы без райка, якія выпрабоўвалі… Гэта бацька Майкі. Гэта проста – Чалавек, жывы, і слабы, і моцны. Адно неўтаймаванае жаданне расло зараз у душы. Хутчэй, хутчэй ратаваць.

– Што ж рабіць? – мармытаў ён. – Што ж рабіць?

І раптам зразумеў, што рабіць. Зняў са сцяны вартаўнікову дубальтоўку, патранташ.

– Зараз ты дапаможаш мне, а потым… клікнеш людзей тут і паскачаш на Чакан. Раткевіч цяпер на хутары. Падымай усіх. Скажы – Раўбічы гінуць.

Стаў выводзіць, брытаючы на хаду, вогненнага Дуба.

– Адвальвай дзверы. Усе адвальвай.

– Ты што задумаў?

– Потым будзеш пытаць. Адвальвай.

Дзверы рыпелі, адлятаючы ад вушакоў, ляскалі ў сцены. Са стайні ляцела гігатанне.