Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 143)
– А ім не скажаш? – спытаў Брона.
– Ім не скажу, – проста кінуў Раўбіч. – Яны расамахі. Падлай харчуюцца. Кроў не па іх. – І, памаўчаўшы, сказаў: – Дабівайце, ці што.
Брона глядзеў на Яраша са спакойнай варожасцю і павагай.
– Т-так, – сказаў Корчак. – І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш?
– Але.
– Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду.
– Не трэба яму тваёй падзякі, – спакойна сказаў Брона. – Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго.
Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю.
– Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна.
– Я не баюся.
Брона пабег па штуцэр і прынёс яго.
– Ух-х, які, – усміхаўся ён. – Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер…
Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку.
– Ну, дзякуй… Ты – нічога!… Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, – спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: – Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там?
– Я разумею, – проста сказаў Раўбіч.
– Вядзіце коней, хлопцы, – сказаў Корчак. – Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. – І усміхнуўся: – Мо і для мяне нешта знойдзеш?
Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой.
– Ды я жартую, – сказаў Корчак.
Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства.
Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма.
– Маліся, – сказаў Корчак.
Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў-латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць.
Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню.
– “ Воіны бога прыйшлі па мяне”, – спакойна чытаў Раўбіч.
Корчак адышоў да коней.
– “Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі – і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі – і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў…
…Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны”.
Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка-далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога…
– “Як чорны агонь былі вочы іх… Як сухая трава ў агні былі валасы іх… Як вежы ў пажар былі крылы іх… Як расплаўненая сталь былі мячы іх.
…І разверзлася неба – і пажар быў за спінамі іх.
Але не трапятала душа мая”.
Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два.
– Што такое? – спытаў Корчак.
– Вялікі атрад, – сказаў нехта.
– Войска, – мармытнуў Юстын. – Наўцёкі, хлопцы!
– Ці-ха! – сказаў Корчак.
Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была.
– І праўда до, – сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. – Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй.
Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу.
Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча.
– “Бо не баяўся я смерці дзяцей – ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…”
Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.
Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.
…Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома – у іх білі сякерамі, – зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека.
Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла.
І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер – коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню.
Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам.
– Пан Яраш! Пан Яраш!
…Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці.
– Нічога, – рэзка сказаў ён. – Дзе салдаты?
– Якія салдаты? Я адзін.
У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў.
– Няўдача, – сказаў Корчак. – Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў.
Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў:
– Нічога. Аднаго такі каюкнулі.
Брона паціснуў плячыма.
– Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы.
– Ты што?
– Часу не было. Калі я ўдарыў яго – мне здалося… корд напаткаў жалеза.
– Бран-за-лет, – пахаладзеў Корчак.
Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым.
“Воіны бога прыйшлі па мяне”.
Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.
Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы.
– А салдаты?