Владимир Бутромеев – Страсці па Аўдзею (страница 9)
Аўдзей. Сам бачыў, што хацела! Бацька ўсё!
Андрэй. I бацька быў не супраць мяне!
Аўдзей. Як гэта не супраць?
Андрэй. Я з ім размаўляў тыдзень назад!
Аўдзей. З Зуйком? Сам? Без мяне?!
Андрэй. Я як бы гэтак… Вам я даўней гаварыў, калі б вы што супраць, то я б і нічога. А то… Я сена вазіў, а ён з лесу ішоў. Я яму і кажу: «Добрыя ў вас, дзядзька Пятрок, дзеўкі, хоць на базар вывозь». А ён: «Гэтакі тавар нікому не патрэбен, няма сэнсу на базар вазіць, не прадасі». А я: «А калі б знайшоўся пакупнік і на гэтакі тавар?» А ён і гаворыць: «Гэтакаму пакупніку я б яшчэ і прыплаціў, асабліва калі хлопец талковы, гэткі, як ты, то нядрэнна б і прыплаціў, не пашкадаваў бы, не глядзі, што не багата жыву, а дачку выдам па-людску, так што пакупнік той пакрыўджаны не застанецца». Значыць, не супраць ён быў! Не супраць!
Аўдзей. Ты ж чуў сваімі вушамі!
Андрэй. Не можа гэтага быць! Мо перабіў хто?
Аўдзей. Дык што ж рабіць?
Андрэй. Верка пойдзе за мяне!
Аўдзей. Як гэта пойдзе, калі бацька не пускае?
Андрэй. Скажу — і пойдзе. Пражывём без пасагу!
Аўдзей. Пасаг там не багаты, сам ведаеш. За дзеўкай пасаг — рукі ды розум, каб не толькі ў валасах, ды каб гаспадыняй была. Хаця, калі ёсць што ўзяць, яно нічога не лішняе, у гаспадарцы спатрэбіцца. Ды як жа без бацькі. Без бацькі нельга.
Андрэй. Яна ні за каго другога не пойдзе!
Аўдзей. Дзеўку хто возьме, за таго яна і пойдзе.
Верка!
Верка. Андрэй!
Аўдзей. Э-э, ты што ета, дзеўка?
Верка. Дзядзечка Аўдзей, не праганяйце! Утаплюся!
Аўдзей. Вось табе і на!
Верка. Не праганяйце! Дахаты назад не вярнуся. Утаплюся!
Аўдзей. Без бацькі… Гэтак нельга…
Ну-ну-ну… бач ты іх! Потым бяды не абярэшся. Варвара, пакладзі яе разам з дзеўкамі. Заўтра паглядзім. З бацькам усё роўна размаўляць прыйдзецца.
Андрэй. Што ты?!
Аўдзей. Можа, Зуёк што западозрыў ды раззлаваўся, таму гэтак усё і атрымалася?
Андрэй. Калі б гэткае западозрыў, то з хаты б не гнаў.
Аўдзей. I то праўда. Сам бы следам віўся.
Андрэй. Не хоча ён, ну дык і не трэба, а мы пажэнімся, нам жыць, не яму.
Аўдзей. Ну-ну! Бач ты яго! Ад бацькі адмахнуцца хочаш!
Варвара. Дзеўка нядрэнная, уважыцельная.
Аўдзей. I ты ўжо — баба за бабу. Тут справа не жарт, зусім не жарт!
Варвара. I маці яе не супраць.
Аўдзей. Маці ў хаце слова не мае. Не проста ета ўсё. Паглядзім заўтра — нехта ж прыйдзе следам за ёй.
Сват. Добры вечар, сваты. Іду, гляджу, вароты не зачынены, у хаце святло, дай, думаю, зайду.
Аўдзей. Праходзь, сват.
Што гэта ты пры аружжы?
Сват. Ат, хадзіў да нашых. Забраў у сына. Малады, яшчэ што з дуру, мала які выпадак…
Аўдзей. Які выпадак?
Сват. Цяпер кожны дзень выпадак. Не тое, дык гэта. А ты што, нічога не чуў?
Аўдзей. А што мне чуць?
Сват. Засяданні…
Аўдзей. Ад засяданняў хлеб не вырасце. Мяне засяданні не цікавяць. Каму трэба, хай сабе…
Сват. Хлеб-то не вырасце… Толькі засяданні гэтыя, ведаеш пра што? Пра кулакоў…
Аўдзей. Мяне гэта не цікавіць.
Сват. Затое іх цікавіць.
Аўдзей. Хто?
Сват. Той, у каго гаспадарка спраўная. А таму абрэз у сына і забраў. Сунуцца — а ён, хто яго ведае, а за зброю не адмолішся потым, і ў калгасе не выратуешся. У Сібір… Лепш гэты абрэз у рэчку выкінуць, далей ад бяды. А ты б пацікавіўся, не лішне…
Аўдзей. Пра што?
Сват. Пра засяданні… Там у іх спіскі…
Аўдзей. Мне да гэтага справы няма…
Сват. Яно-то так. Толькі людзі кажуць… Чуткі розныя, быццам, разумееш…
Аўдзей. Якія чуткі?
Сват. Кажуць… Хто іх ведае, ці праўда…
Аўдзей. Што ты цягнеш, кажы!
Сват. Быццам ты ў етых спісках…