Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 42)
Было палова на адзінаццатую. Бенгт спусціўся з хісткай мачты, І яго павінен быў змяніць наступны. Раптам мы ўсе ўздрыгнулі. У ахутаным цемрай акіяне мы выразна пачулі галасы. Вось зноў. Гаварылі па-палінезійску. На ўсю сілу сваіх лёгкіх мы закрычалі ў чорную ноч. Пачуўся крык у адказ; сярод іншых галасоў мы распазналі голас Кнута! Мы ледзь не звар’яцелі ад радасці; стомленасці як не было; у нас быццам гара з плячэй звалілася. Што з таго, што нас аднесла ад Ангатау? У акіяне ёсць і іншыя астравы. Цяпер, калі мы ўсе ўшасцёх зноў сабраліся на плыце, дзевяць бальзавых бярвенняў, што так палюбілі падарожнічаць, могуць плыць, куды яны хочуць.
Тры пірогі з балансірам, слізгаючы на хвалях, вынырнулі з цемры, і Кнут першы скочыў на палубу добрага старога «Кон-Цікі», а ўслед за ім шэсць карычневых мужчын. Доўга гаварыць не было калі; астраўляне павінны атрымаць падарункі і як мага хутчэй рушыць назад, у небяспечную дарогу да востраза. Агню на беразе не было відаць, на небе амаль ніводнай зоркі; ім давядзецца ў цемры веславаць супроць ветру і хваль, пакуль яны не ўбачаць святло вогнішча Мы шчодра надзялілі іх прадуктамі, цыгарэтамі і іншымі падарункамі, і кожны з іх на развітанне горача паціснуў нам руку.
Астраўляне яўна непакоіліся за нас; яны паказвалі на захад, даючы нам зразумець, што мы рухаемся ў бок небяспечных рыфаў. Важак са слязьмі на вачах пяшчотна пацалаваў мяне ў падбародак, і я з удзячнасцю падумаў аб сваёй барадзе, якая адгадавалася за час падарожжа. Потым яны паселі ў пірогі, а мы ўшасцёх засталіся на плыце зноў разам і зноў адны.
Мы аддаліся на волю хваль і ветру і пачалі слухаць расказ Кнута.
Думаючы, што ён выконвае маё даручэнне, Кнут плыў у лодцы да берага разам з важаком астраўлян. Той, працуючы маленькімі вёсламі, кіраваў да праходу ў рыфе. Раптам Кнут са здзіўленнем убачыў светавыя сігналы з «Кон-Цікі», якія гаварылі, што трэба вярнуцца назад. Ён знакамі даў зразумець гэта свайму весляру, але той не паслухаўся; тады Кнут сам схапіўся за вёслы, але важак вырваў іх; вакол ужо грукаталі буруны, і распачынаць барацьбу не мела сэнсу. Лодка праскочыла праз праход у рыфе і паплыла з таго боку яго, пакуль хваля не вынесла яе на вялікую глыбу каралаў на самім востраве. Натоўп палінезійцаў схапіў гумавую лодку і выцягнуў яе высока на бераг, а Кнут стаяў пад пальмамі, акружаны вялікім натоўпам жыхароў вострава, якія гаманілі на нейкай незразумелай мове. Карычневыя, з голымі нагамі мужчыны, жанчыны і дзеці ўсіх узростаў абступілі яго і абмацвалі матэрыял, з якога былі пашыты яго кашуля і штаны. Самі яны былі апрануты ў старыя пашарпаныя касцюмы еўрапейскага фасону, але белых людзей на востраве не было.
Кнут выбраў некалькі самых спрытных і дужых з выгляду хлопцаў і знакамі прапанаваў паплыць разам з ім у гумавай лодцы. Але тут, перавальваючыся, падышоў нейкі вялікі тоўсты мужчына, Кнут вырашыў, што гэта правадыр, бо ён насіў старую форменную шапку і гаварыў гучна і аўтарытэтна. Усе расступіліся перад ім. Кнут растлумачыў па-нарвежску і па-англійску, што яму патрэбны людзі, каб вярнуцца на плыт, пакуль яго не знесла ветрам і хвалямі. Правадыр расплываўся ва ўсмешцы, але нічога не зразумеў, і ўвесь натоўп з крыкамі пацягнуў Кнута, не зважаючы на яго самыя гарачыя пратэсты, у вёску. Там яго сустрэлі сабакі і свінні; прыгожанькія дзяўчаты Паўднёвага мора прынеслі яму свежай садавіны. Кнут здагадаўся, што астраўляне гатовы зрабіць усё, каб яму было на востраве як мага лепш, але ён не паддаваўся спакусе. Кнут з сумам думаў аб плыце, які плыў усё далей і далей кудысьці на захад.
Намеры астраўлян былі відавочны. Яны вельмі хацелі, каб мы пабылі з імі, і яны ведалі, што звычайна на судне белых людзей заўсёды ёсць куча добрых рэчаў. Калі б ім удалося ўтрымаць Кнута на беразе, дык і астатні экіпаж дзіўнага судна, вядома, таксама з’явіўся б сюды. Ні адзін карабель не пакіне белага чалавека на востраве, які знаходзіцца ў баку ад марскіх шляхоў.
Пасля некалькіх смешных эпізодаў Кнуту ўдалося вырвацца, і, акружаны паклоннікамі і паклонніцамі, ён падаўся хутчэй да сваёй лодкі. Яго словы на ўсіх вядомых яму мовах і жэсты былі зусім недвухсэнсавы; астраўляне зразумелі, што Кнут павінен вярнуцца і вернецца на знікшае дзесьці сярод ночы дзіўнае судна, якое так спяшалася, што павінна было без затрымкі рухацца далей.
Тады жыхары вострава пайшлі на хітрыкі: яны знакамі растлумачылі Кнуту, што астатнія яго таварышы прычалілі да вострава з другога боку мыса. Некалькі хвілін Кнут не ведаў, што рабіць, але тут на беразе, дзе жанчыны і дзеці не давалі пагаснуць вогнішчу, пачуліся гучныя галасы. Гэта вярнуліся тры пірогі, і весляры прынеслі Кнуту запіску. Ён апынуўся, здавалася, у бязвыхадным становішчы. У запісцы быў загад не выходзіць у акіян аднаму, а ўсе астраўляне рашуча адмаўляліся плыць з ім.
Сярод палінезійцаў пачалася гарачая спрэчка. Тыя, хто быў на пірогах і бачыў плыт, добра разумелі, што затрымліваць Кнута, спадзеючыся гэтым самым прымусіць сысці на бераг і астатніх, зусім бескарысна. Закончылася тым, што абяцанні і пагрозы Кнута, для выказвання якіх ён карыстаўся агульназразумелай мовай жэстаў, прымусілі экіпаж трох пірог згадзіцца плыць з ім у акіян наўздагон за «Кон-Цікі». I яны рушылі ў ахутаны трапічнай ноччу акіян, ведучы на буксіры гумавую лодку, а жыхары вострава нерухома стаялі ля згасаючага вогнішча і глядзелі ўслед свайму новаму бяляваму сябру, які гэтак жа хутка знік, як і з’явіўся.
Калі пірогі ўзнімаліся на хвалях, Кнут і яго спадарожнікі бачылі далёка ў акіяне цьмяныя светавыя сіпналы з плыта. Доўгія вузкія палінезійскія пірогі, з вострымі балансірамі для ўстойлівасці, рэзалі ваду, як нажы, але Кнуту здавалася, што мінула цэлая вечнасць, перш чым ён зноў адчуў пад нагамі тоўстыя круглыя бярвенні «Кон-Цікі».
— Добра правялі час на беразе? — з зайздрасцю спытаў Тарстэйн.
— О, каб вы толькі бачылі, якія дзяўчаты на востраве! — паддражніў яго Кнут.
Не падымаючы паруса і не апускаючы вясла за борт, мы ўсе ўшасцёх залезлі ў бамбукавую каюту і спалі, як глыбы каралаў на беразе Ангатау. Тры дні мы плылі па акіяне, не бачачы ні’якай зямлі.
Нас несла проста да злавесных рыфаў, якія акружалі астравы Такуме і Рароіа і на 40—50 міль перагароджвалі акіян наперадзе нас. Мы прыкладвалі ўсе намаганні, каб пазбегнуць сустрэчы з гэтымі небяспечнымі рыфамі і абмінуць іх з поўначы; усё ішло як быццам добра, пакуль аднаго разу ўночы вахтавы не прыбег у каюту і не паклікаў нас усіх на палубу.
Вецер змяніўся. Нас несла проста на рыф Такуме. Пачаўся дождж, і было вельмі кепска відаць, што робіцца наперадзе. Да рыфа заставалася недалёка.
Сярод ночы мы сабралі ваенны савет. Цяпер справа ішла аб выратаванні жыцця. Абмінуць рыф з поўначы не было ўжо ніякай надзеі, мы павінны паспрабаваць прайсці з паўднёвага боку. Мы падцягнулі парус, павярнулі рулявое вясло і рушылі ў небяспечнае плаванне, маючы за кармой няўстойлівы паўночны вецер. Калі ўсходні вецер зноў падзьме да таго, як мы паспеем мінуць увесь доўгі пяцідзесяцімільны бар’ер рыфаў, мы апынемся сярод бурунаў цалкам у іх уладзе.
Мы дамовіліся аб усім, што трэба будзе рабіць, калі аварыя стане непазбежнай. Чаго б гэта ні каштавала мы павінны заставацца на борце «Кон-Цікі». Мы не павінны залазіць на мачту, адтуль мы будзем сыпацца, як пераспелыя грушы, а павінны моцна трымацца за шкоты і ванты мачты, калі хвалі будуць перакочвацца цераз нас. Мы паклалі на палубу нічым не замацаваны гумавы плыт і прывязалі да яго маленькі воданепранікальны радыёперадатчык, невялікі запас прадуктаў, бутлі з вадой і запас медыкаментаў. Гумавы плыт прыб’е да берага незалежна ад нас, і ён вельмі спатрэбіцца, калі нам самім удасца шчасліва, але з пустымі рукамі перабрацца цераз рыф. На карме «Кон-Цікі» мы прывязалі доўгую вяроўку з буем, які таксама будзе прыбіты да берага: пры дапамозе яе мы будзем мець магчымасць паспрабаваць падцягнуць драўляны плыт, калі ён засядзе на рыфе. Пасля гэтага мы ляглі спаць.
Пакуль дзьмуў паўночны вецер, мы павольна, але няўхільна плылі ўздоўж бар’ера каралавых рыфаў, што прытаіліся ў засадзе за небасхілам. Але вось неяк пасля паўдня вецер сціх, а калі ён аднавіўся, то дзьмуў ужо з усходу. Паводле вызначэнняў Эрыка, мы ў гэты час забраліся ўжо так далёка на поўдзень, што была сякая-такая надзея мінуць самы паўднёвы край рыфа Рароіа. Мы павінны паспрабаваць абмінуць яго і схавацца за ім, перш чым рухацца далей да наступных рыфаў.
Калі настаў вечар, споўнілася сто дзён нашага плавання па акіяне. Позна ўночы я прачнуўся з нейкім дзіўным трывожным пачуццём. Было штосьці незвычайнае ў руху хваляў. «Кон-Цікі» рухаўся зусім не так, як ён павінен быў бы плыць у гэтых умовах. Мы зрабіліся вельмі адчувальнымі да змен у рытме руху бярвенняў. Я адразу ж падумаў аб з’явах зваротнага руху вады ад берага, да якога мы набліжаліся, і сюд-туд выходзіў на палубу і залазіў на мачту. Нічога не было відаць, апрача акіяна. Але я не мог спакойна спаць. Час ішоў.
На досвітку, а шостай гадзіне, Тарстэйн паспешліва спусціўся з верхавіны мачты. Далёка наперадзе ён убачыў цэлы рад маленькіх, зарослых пальмамі астравоў. Перш за ўсё мы павярнулі рулявое вясло так, каб нос плыта глядзеў як мага больш на поўдзень. Тое, што бачыў Тарстэйн, былі, напэўна, маленькія каралавыя астравы, якія, нібы нанізаныя на нітку пацеркі, ляжаць за рыфам Рароіа. Відаць, нас падхапіла плынь, што ішла на поўнач.