Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 44)
Мы былі цяпер так блізка ад страшэннага вадаспада, што больш не чулі нязмоўчнага настойлівага выцця ўздоўж усяго рыфа. Цяпер мы чулі толькі асобныя грамавыя раскаты кожны раз, калі бліжэйшы бурун з грукатам налятаў на скалы.
Усе стаялі напагатове; кожны моцна ўхапіўся за вяроўку, якую ён лічыў самай моцнай. Толькі Эрык у апошні момант палез у каюту; ён не паспеў яшчэ выканаць аднаго пункта праграмы — ён не знайшоў сваіх чаравікаў!
Ніхто не стаяў на карме, бо якраз кармой плыт павінен быў ударыцца аб рыф. Не былі надзейнымі і два трывалыя штагі, што ішлі ад верхавіны мачты да кармы; калі мачта абваліцца, то тыя, хто будзе трымацца за іх, павіснуць за плытом над рыфам. Герман, Бенгт і Тарстэйн залезлі на скрыні, што былі прывязаны перад сцяною каюты; Герман учапіўся за адцяжкі ад вільчака даху, а два другія трымаліся за шкоты, з дапамогай якіх мы калісьці ставілі парус.
Кнут і я палічылі за лепшае трымацца за штаг, які ішоў ад носа да верхавіны мачты; калі нават мачта, каюта і ўсё астатняе паляціць за борт, думалі мы, усё-такі вяроўка, што ідзе ад носа, застанецца на плыце, паколькі мы былі павернуты цяпер носам да хваль.
Калі мы зразумелі, што цалкам падуладны хвалям, мы абрэзалі якарны канат, і нас панесла. Хваля ўзнялася проста пад намі, і мы адчулі, як «Кон-Цікі» ўзлятае ў паветра. Настаў рашаючы момант; мы імчаліся на грэбені хвалі з хуткасцю, ад якой займала дух, і наша расхістанае судна рыпела і стагнала, трасучыся пад нагамі. Ад узбуджэння ў нас бурліла кроў. Я памятаю, што, не прыдумаўшы нічога лепшага, я махаў рукой і на ўсё горла гарланіў «ура». Гэта давала нейкую палёгку і, ва ўсякім разе, не шкодзіла. Мае таварышы, вядома, думалі, што я звар’яцеў, але і яны ўсе ззялі радаснымі ўсмешкамі. Мы ляцелі наперад разам з шалёна-імклівай хваляй; гэта было баявое хрышчэнне «Кон-Цікі»; усё павінна быць у парадку і будзе ў парадку.
Але наш прыўзняты настрой неўзабаве знік. Ззаду, нібы бліскучая сцяна з зялёнага шкла, высока ўзнялася новая хваля; калі плыт апускаўся, яна ўжо накочвалася на нас, і ў той самы момант, як я ўбачыў яе высока над сабой, я адчуў моцны ўдар, і патокі вады закрылі мяне з галавой.
Я адчуваў, як усё маё цела з такой вялізнай сілай засмоктвае ў вір, што вымушаны быў напружыць кожны мускул і ўвесь час думаць аб адным — трымацца, трымацца! Мне здаецца, што ў такім роспачным становішчы хутчэй рукі адарвуцца ад плячэй, чым мозг падасць каманду разняць пальцы, нават калі вынік такой упартасці быў зусім відавочны. Потым я адчуў, што гара вады пачала спадаць, і маё цела вызвалілася ад страшэнных абдымкаў. Калі ўся гара, аглушальна равучы і грукочучы, пракацілася далей, я зноў убачыў Кнута, які, учапіўшыся ў вяроўку і скурчыўшыся, вісеў побач са мной. Ззаду вялікая хваля здавалася амаль плоскай і шэрай; у сваім палёце наперад яна перакацілася цераз вільчак даху каюты, што тырчаў над вадой; там мы ўбачылі трох нашых таварышаў, яны віселі, прыціснутыя да даху хваляй, што прайшла над імі.
Мы ўсё яшчэ трымаліся на вадзе.
Я расслабіў на момант мускулы, а потым зноў абхапіў рукамі і нагамі моцную вяроўку. Кнут саслізнуў уніз і, скочыўшы, як тыгр, далучыўся да тых, хто стаяў на скрынях пад аховай каюты. Я пачуў іх крыкі, якімі яны падбадзёрвалі мяне, але ў тую ж хвіліну ўбачыў новую зялёную сцяну, што паўстала з акіяна і, высока ўзнімаючыся, рухалася на нас. Я закрычаў, каб папярэдзіць сяброў, і, павісшы на вяроўцы, сцяўся ў як мага меншы і цвярдзейшы камячок. А ў наступную секунду над намі зноў было пекла, і «Кон-Цікі» зусім знік пад тоўшчай вады. Хваля цягнула і штурхала мяне, усёй сваёй сілай навальваючыся на няшчасны камячок чалавечага цела. Другая хваля прамчалася над намі, а потым трэцяя — гэткая самая.
Тут я пачуў радасны крык Кнута, які цяпер вісеў на вяровачных лесках:
— Зірніце на плыт, ён трымаецца!
Пасля трох хваль толькі падвойная мачта і каюта крыху пакасіліся набок. Зноў нас ахапіла пачуццё перавагі над стыхіямі, і ўзбуджэнне ад перамогі надало нам новыя сілы.
Потым я ўбачыў наступную хвалю, якая, узнімаючыся вышэй за ўсе іншыя, рухалася на нас, і, зноў крыкнуўшы, папярэдзіў астатніх, а сам хутчэй залез як мага вышэй на штаг і моцна павіс на ім. Потым мяне аднесла некуды ўбок, і я знік сярод зялёнай сцяны, што высока ўзвышалася над намі; таварышы — яны знаходзіліся крыху далей да кармы і бачылі, як я знік першым, — вызначылі, што хваля мела ў вышыню амаль восем метраў, а ўспенены грэбень ляцеў на пяць метраў вышэй, чым тая частка вадзяной сцяны, у якой знік я. Потым вялізны вал дагнаў і іх, і ва ўсіх нас была адна думка — трымацца, трымацца, трымацца!
На гэты раз мы, мабыць, ударыліся аб рыф. Сам я адчуваў толькі, як напінаўся штаг; ён, здавалася, то рэзка выгінаўся, то раптам слабеў. Але паколькі я вісеў на ім, я не мог вызначыць, адкуль далятаў грукат удараў — зверху ці знізу. Мы знаходзіліся пад вадой усяго некалькі секунд, але яны патрабавалі ад нас такой сілы, якою ў звычайных умовах наша цела не валодае. У чалавечым арганізме ёсць сіла куды большая за сілу адных толькі мускулаў. Я парашыў, што калі мне суджана памерці, то я памру ў гэтым становішчы, павісшы, нібы вузел, на штагу. Хваля з грукатам наляцела, прамчалася над намі і пакацілася далей, і калі яе выццё чулася ўжо дзесьці побач, мы ўбачылі жахлівае відовішча. «Кон-Цікі» зусім змяніўся, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Таго судна, якое мы ведалі ў акіяне на працягу тыдняў і месяцаў, больш не існавала; за некалькі секунд наш утульны дом быў разбіты ўшчэнт, ператварыўся ў руіны.
На плыце я бачыў толькі аднаго чалавека. Ён ляжаў ніцма ўпоперак вільчака даху каюты, выцягнуўшы рукі ў бакі; сама каюта была паламана і сплюшчана, як картачны домік, і ссунулася да кармы і правага борта. Гэтым нерухомым чалавекам быў Герман. Ніякіх іншых адзнак жыцця я не заўважыў, а горы вады, равучы, усё імчаліся і імчаліся побач цераз рыф. Цяжкая правая мачта была зламана, нібы запалка, і верхняя частка яе, падаючы, праціснула дах каюты так, што цяпер мачта з усімі снасцямі нізка навісла над рыфам з правага боку. На карме рулявую калоду павярнула ўздоўж, а ранжыну зламала; рулявое вясло разбілася на кавалкі. На носе фальшборт быў зламаны, нібы скрынкі з-пад цыгар, а ўся палуба сарвана і, быццам мокрая папера, прыціснута разам са скрынямі, бітонамі, брызентам і іншым грузам да пярэдняй сцяны каюты. Усюды тырчалі бамбукавыя палкі і абрыўкі вяровак, і ўсё гэта разам стварала ўражанне поўнага хаосу.
Я ўвесь пахаладзеў ад жаху. Якая карысць з таго, што я вытрымаў? Калі я страчу хоць аднаго з таварышаў тут, ля самай мэты, усё пойдзе прахам; а зараз, пасля апошняй сутычкі з хвалямі, я бачыў толькі аднаго чалавека. У гэты момант за бортам плыта паказалася скурчаная фігура Тарстэйна. Ён вісеў, як малпа, на снасцях мачты; яму ўдалося зноў узлезці на бярвенні і паўзком ускарабкацца на кучу абломкаў перад каютай. Цяпер і Герман павярнуў галаву і прымусіў сябе ўсміхнуцца, каб супакоіць мяне; але ён не рухаўся. Я моцна закрычаў, мала спадзеючыся выявіць, дзе знаходзяцца астатнія, і п.ачуў спакойны голас Бенгта, які адказаў, што ўся каманда на борце. Яны ляжалі, трымаючыся за вяроўкі, за барыкадай з пругкага насцілу палубы, які пераплёўся самым неверагодным чынам.
Усё гэта адбылося на працягу некалькіх секунд, калі «Кон-Цікі» зваротнай плынню выносіла назад з гэтага пекла. Новая хваля насоўвалася на плыт. У апошні момант я крыкнуў на ўсё горла, стараючыся перакрычаць грукат: «Чапляйцеся!» — і гэта было ўсё, што заставалася рабіць і мне; я павіс на вяроўцы і знік пад масай вады, якая нахлынула і прамчалася за дзве — тры секунды, якім, здавалася, не будзе канца. Я адчуваў, што мае сілы канчаюцца. Я бачыў, як канцы бярвенняў з шумам удараліся аб востры выступ каралавага рыфа, але не маглі перабрацца цераз яго. Потым нас зноў вынесла назад. Я бачыў таксама двух чалавек, якія ляжалі. распасцёршыся ўпоперак вільчака даху каюты, але ніхто з нас больш не ўсміхаўся. Я пачуў, як за хаатычнай кучай бамбуку спакойны голас прамовіў:
— Нічога не будзе.
Я і сам адчуваў сябе збітым з панталыку. Паколькі верхавіна мачты ўсё больш і больш нахілялася над правым бортам, я вісеў ужо за плытом на слаба напятай вяроўцы. Насоўвалася наступная хваля. Калі яна прайшла, я адчуў сябе страшэнна стомленым, і ў мяне было адно жаданне: залезці на бярвенні і легчы за барыкадай. Калі зваротная хваля адкацілася, я першы раз убачыў аголены зубчасты чырвоны рыф пад намі і заўважыў, што Тарстэйн, сагнуўшыся папалам, стаіць на бліскучых чырвоных каралах і трымаецца за пучок абарваных вяровак, што звісалі з мачты. Кнут, які стаяў на карме, збіраўся таксама саскочыць на рыф. Я закрычаў, што ўсе павінны заставацца на бярвеннях, і Тарстэйн, якога змыла за борт напорам вады, спрытна, нібы кот, скочыў назад на плыт.
Яшчэ дзве ці тры хвалі пракаціліся над намі, але яны былі не такія вялікія. Што тады адбывалася, я не ведаю; я памятаю толькі, што вада, пенячыся, налятала і адступала, а я сам апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй да чырвонага рыфа, на якім мы заселі. Потым да нас пачалі далятаць толькі насычаныя салёнымі пырскамі вірлівыя грабяні пены, і я здолеў нават ускарабкацца на плыт; там мы ўсе перайшлі на кармавы канец бярвенняў, які вышэй, чым астатнія, тырчаў над рыфам.