Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 29)
Таямніца была разгадана пры наступных абставінах. Дзьмуў роўны вецер, і акіян зноў супакоіўся, так што на працягу некалькіх дзён нам не трэба было нават дакранацца да прывязанага рулявога вясла, для таго каб трымаць «Кон-Цікі» ў патрэбным напрамку. Мы засунулі вылаўлены кіль у шчыліну на карме, і ў той жа момант «Кон-Цікі» змяніў курс на некалькі градусаў з захаду на паўночны захад, а потым зноў паплыў спакойна і роўна па новаму курсу. Калі мы выцягнулі кіль назад, плыт павярнуў на ранейшы курс. А варта было нам выцягнуць дошку толькі напалавіну, як і плыт таксама паварочваў на стары курс толькі напалавіну. Проста падымаючы і апускаючы кіль, мы маглі змяняць курс і трымацца яго, не дакранаючыся да рулявога вясла. У гэтым і заключалася дасціпная выдумка інкаў. Яны распрацавалі нескладаную сістэму рычагоў, у якой, паколькі вецер ціснуў на парус, мачта з’яўлялася нерухомым пунктам. Плячыма рычага былі часткі плыта спераду ад мачты і ззаду ад яе. Калі агульная паверхня кіляў спераду была большая, нос плыта лёгка паварочваўся ў бок ветру, а калі паверхня кіляў ззаду была большая, у бок ветру паварочвалася карма. Уплыў бліжэйшых да мачты кіляў — у адпаведнасці з законам аб суадносінах паміж даўжынёй пляча і сілай — быў самым слабым. Калі вецер дзьмуў з кармы, выстаўныя кілі пераставалі дзейнічаць; тады, для таго каб плыт ішоў роўна, неабходна было ўвесь час працаваць рулявым вяслом. У такім выпадку плыт ішоў проста туды, куды гнаў яго вецер; апрача таго, выяўлялася, што плыт крыху даўжэўшы, чым гэта трэба, для таго каб лёгка слізгаць па хвалях. А паколькі дзверы каюты і месца, дзе мы абедалі, знаходзіліся з правага боку, мы заўсёды стараліся, каб хвалі набягалі на плыт ззаду пад вуглом злева.
Вядома, у далейшым рулявы мог стаяць ля кіля, падымаючы і апускаючы яго ў шчыліны, замест таго каб цягнуць то ў адзін, то ў другі бок вяроўкі рулявога вясла; але мы ўжо так прывыклі да вясла, што лічылі за лепшае кіраваць ім, устанавіўшы з дапамогай кіляў толькі агульны курс.
Наступная знамянальная веха на нашым шляху была такая ж нябачная, як і водмель, што існавала толькі на карце.
Гэта адбылося на сорак пяты дзень нашага падарожжа па акіяну; мы прайшлі ад 78° заходняй даўжыні да 108° і знаходзіліся роўна на паўдарозе да бліжэйшых астравоў наперадзе. Між намі і Паўднёвай Амерыкай на ўсходзе было больш за 2 тысячы міль, і такая ж адлегласць аддзяляла нас ад Палінезіі на захадзе. Самай блізкай сушай былі астравы Галапагос на ўсход-паўночны ўсход і востраў Пасхі на поўдзень, але і да іх больш чым на 500 міль распасціраўся бязмежны акіян. Мы не бачылі, ды і не маглі ўбачыць ніводнага карабля, бо па гэтай частцы Ціхага акіяна не пралягалі звычайныя параходныя шляхі.
Але, шчыра кажучы, мы не адчувалі гэтых вялізных адлегласцей; гарызонт непрыкметна рухаўся разам з намі, і наш плывучы свет заставаўся ўвесь час нязменным — абмежаваны небасхілам круг, што ўзнімаўся да неба, плыт у цэнтры круга і ўсё тыя ж зоркі, якія ноч пры ночы павольна рухаліся над намі.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
ПА ЦІXІМ АКІЯНЕ. ІІ
Пацешнае судна. — У гумавай лодцы сярод акіяна. — Небяспечная неасцярожнасць. — Бязмежная сінь. — Сярод акіяна ў бамбукавай хаціне. — На мерыдыяне вострава Пасхі. — Таямніца вострава Пасхі. — Каменныя гіганты. — Парыкі з чырвонага каменя. — «Даўгавухія». — Цікі — сувязное звяно. — Шматзначныя геаграфічныя назвы. — Мы ловім акулу рукамі. — Папугай. — Пазыўныя 12В. — Плаванне па зорках. — Тры хвалі. — Шторм. — Крывавая лазня ў акіяне, крывавая лазня на плыце. — Чалавек за бортам. — Яшчэ адзін шторм. — «Кон-Цікі» дажывае свой век. — Вестуны з Палінезіі.
Калі мора бывала не надта бурным, мы часта выязджалі на маленькай гумавай лодцы і рабілі здымкі. Я ніколі не забуду нашай першай спробы. Акіян быў такі спакойны, што дваім з нас захацелася спусціць на ваду маленькую лодку, падобную на паветраны шар, і крыху папрацаваць вёсламі. Толькі яны адплылі ад плыта, як адразу ж пакінулі веславаць і пачалі рагатаць на ўсё горла. Іх адносіла ўсё далей, яны то знікалі між хвалямі, то зноў паказваліся, і кожны раз, варта было ім толькі кінуць позірк на нас, як яны зноў так гучна смяяліся, што іх галасы звінелі над пустэльным акіянам. Нічога не разумеючы, мы азіраліся навакол і не бачылі нічога камічнага, калі не лічыць нашых уласных кудлатых галоў і барадатых твараў; але паколькі два таварышы, што знаходзіліся ў лодцы, павінны былі ўжо да гэтага прывыкнуць, у нас закралася думка, што яны раптам звар’яцелі. Магчыма, сонечны ўдар. Абодва хлопцы, зусім абяссілеўшы ад смеху, насілу вылезлі з лодкі назад на «Кон-Цікі» і, цяжка дыхаючы, са слязьмі на вачах пачалі ўгаворваць нас праехацца і паглядзець самім.
Я і яшчэ адзін спадарожнік скочылі ў гумавую лодку, якая танцавала на вадзе побач з нашым суднам; хваля падхапіла лодку і аднесла яе ад плыта. Мы адразу ж плюхнуліся на сядзенні лодкі і дзіка зарагаталі. Нам прыйшлося як мага хутчэй караскацца назад на плыт і супакойваць тых, хто не паспеў яшчэ пабыць у лодцы, бо яны думалі, што мы абодва з’ехалі з глузду. Гэта мы самі і наш горды карабель зрабілі на нас такое неймавернае, як у недарэчным сне, уражанне, калі мы ўпершыню глянулі на ўсё здалёк. Да таго часу нам ні разу не даводзілася бачыць плыт у адкрытым акіяне збоку. Бярвенні знікалі нават за самымі маленькімі хвалямі, і мы бачылі — калі нам наогул удавалася штонебудзь убачыць — толькі нізкую каюту з шырокімі дзвярыма і натапыраным дахам з лісця, які падскакваў сярод хваль. Плыт нагадваў сабой старэнькую, мілую сэрцу нарвежскую пуню, дзе складваюць сена на зіму; пуня гэтая, пахіліўшыся набок, бездапаможна плыла ў адкрытым акіяне, куды гналі яе хвалі, а ў ёй знайшлі сабе прытулак загарэлыя барадатыя бадзягі. Такі ж міжвольны смех ахапіў бы нас, калі б мы ўбачылі, што хтосьці плыве за намі па акіяне ў ночвах. Нават звычайная хваля, калі яна перакочвалася цераз край плыта, залівала да палавіны адлегласць паміж бортам і сцяной каюты, і здавалася, вось-вось яна рынецца ў шырока расчыненыя дзверы, за якімі, пазяхаючы, ляжалі кудлатыя барадачы. Потым недарэч ная пуня зноў з’яўлялася на паверхні, і бадзягі ў каюце па-ранейшаму ляжалі такія ж сухія, валасатыя, жывыя і здаровыя, як і дагэтуль. Калі набягала больш высокая хваля, то каюта, і парус, і ўся мачта маглі знікнуць за гарою вады, але ў наступную хвіліну каюта з бадзягамі была, вядома, зноў тут як тут.
Усё гэта мела неважнецкі выгляд, і нам даволі цяжка было зразумець, чаму ўсё ішло так шчасліва на борце нашага своеасаблівага судна.
У наступны раз, калі мы адплылі ў лодцы, каб як след пасмяяцца з сябе, ледзь не здарылася няшчасце. Вецер і хвалі былі, як выявілася, мацнейшымі, чым мы меркавалі, і «Кон-Цікі» пракладваў сабе дарогу сярод хваль з куды большай хуткасцю, чым мы маглі думаць. Ратуючы сваё жыццё, мы вымушаны былі веславаць з усяе сілы, стараючыся дагнаць незгаворлівы плыт, які не мог ні спыніцца і пачакаць, ні павярнуць назад. Нават тады, калі нашы таварышы на борце «Кон-Цікі» спусцілі парус, вецер так дзьмуў у бамбуковую каюту, што бальзавы плыт несла на захад з такою ж хуткасцю, якую мы маглі развіць з дапамогай маленькіх цацачных вёсел у нашай круглай гумавай лодцы, што скакала на хвалях. У кожнага была толькі адна думка: любою цаною мы павінны зноў быць р.азам. Мы правялі ў акіяне жахлівыя хвіліны, перш чым нам удалося дагнаць плыт і, залезшы на яго, апынуцца зноў дома, сярод таварышаў.
З гэтага дня было строга забаронена адплываць у гумавай лодцы, не прывязаўшы яе загадзя доўгай вяроўкай да плыта, каб тыя, што заставаліся на борце, маглі, калі гэта спатрэбіцца, падцягнуць лодку. Таму мы ніколі не адплывалі далёка ад плыта, за выключэннем тых выпадкаў, калі вецер дзьмуў вельмі слаба і акіян быў пакрыты толькі лёгкім зыбам. Калі плыт знаходзіўся на паўдарозе да Палінезіі, стаяў якраз такі штыль, і велічны акіян, выгінаючыся вакол зямнога шара, прасціраўся ва ўсе бакі гарызонта. Цяпер мы маглі спакойна пакідаць «Кон-Цікі» і плыць у сіні прастор між небам і акіянам. Часам у нас закрадвалася пачуццё адзіноты, калі мы бачылі, як сілуэт нашага судна, аддаляючыся, рабіўся ўсё меншым і меншым, а вялікі парус урэшце ператвараўся ў чорны квадрат, ледзь прыкметны на небасхіле. Акіян прасціраўся ўдалячынь, сіні пад сінім небам, і там, дзе вада і неба сустракаліся, сінь злівалася і мяжа між імі знікала. У нас бывала такое адчуванне, быццам мы віселі ў прасторы; вакол нас быў пусты сіні свет; не існавала нічога, на чым можна было б спыніць свой позірк, апрача трапічнага сонца, залатога і гарачага, якое пякло нам шыю. Потым далёкі парус адзінокага плыта на небасхіле прыцягваў нас да сябе, нібы магніт. Мы веславалі назад, узлазілі на плыт і адчувалі, што вярнуліся дадому, у наш уласны свет, на плыт, які здаваўся нам цвёрдай, надзейнай зямлёй. А ўсярэдзіне бамбукавай каюты нас чакаў цянёк і водар бамбуку і завялага пальмавага лісця. Залітай сонцам нічым незаплямленай сіні, якую мы бачылі праз адкрытую сцяну каюты, цяпер было для нас зусім дастаткова. Да гэтага відовішча мы прывыклі, і яно задавальняла нас да таго часу, пакуль бязмежная ясная сінь зноў не спакушала нас пакінуць плыт.