Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 31)
Урэшце, калі супаставіць усе даныя, то таямніца вострава Пасхі, бадай што, не з’яўляецца невырашальнай; ключом да гэтай загадкі могуць быць людзі з Перу, што прыплылі на плытах. На гэтым востраве старажытная цывілізацыя пакінула такія сляды, якія не мог сцерці сам час. Востраў Пасхі з’яўляецца вяршыняй старажытнага патухшага вулкана. Брукаваныя дарогі, пракладзеныя старажытнымі цывілізаванымі жыхарамі, вядуць да месцаў высадкі на ўзбярэжжы, якія добра захаваліся, і гэта даказвае, што глыбіня вады вакол вострава не змянілася да нашых дзён. Гэта не рэшткі мацерыка, які апусціўся ў ваду, а малюсенькі закінуты востраў, які быў такім жа маленькім і адзінокім і тады, калі ён з’яўляўся культурным цэнтрам Ціхага акіяна.
Пасярод конусападобнага астраўка знаходзіцца кратэр патухшага вулкана, а на дне кратэра размешчаны незвычайныя каменяломні і скульптурная майстэрня. Яна засталася такою ж, якою стагоддзі назад яе пакінулі старажытныя скульптары і архітэктары, калі яны паспешліва кінуліся да ўсходняга мыса вострава, дзе, як гаворыць паданне, чужынцы перабілі ўсіх дарослых мужчын-астраўлян. Паколькі работа мастакоў была раптоўна перапынена, мы можам зараз яскрава ўявіць сабе звычайны рабочы дзень у кратэры вострава Пасхі. Каменныя сякеры скульптараў, цвёрдыя, як крэмень, ляжаць, кінутыя ля рабочых месц, і сведчаць аб тым, што гэты культурны народ не ведаў жалеза, як не ведалі яго скульптары Кон-Цікі, калі яны ўцяклі з Перу, пакінуўшы пасля сябе такія ж гіганцкія каменныя статуі на плато ў Андах. I тут і там знаходзяць каменяломні ў тых мясцінах, дзе легендарныя белыя барадатыя людзі высякалі проста са схілу гары каменныя глыбы даўжынёю дзевяць — дванаццаць метраў, карыстаючыся сякерамі з яшчэ больш цвёрдага каменя. I тут і там гіганцкія глыбы, якія важылі шмат тон, пераносіліся за многа кіламетраў па няроўнай мясцовасці, перш чым іх устанаўлівалі стаўма ў выглядзе вялізных чалавечых фігур абоставілі адну на адну, ствараючы таямнічыя тэрасы і сцены.
Шмат вялікіх незакончаных статуй да гэтага часу ляжыць там, дзе іх пачалі рабіць, — у заглыбінах у сцяне кратэра на востраве Пасхі; яны паказваюць, як ішла работа на розных этапах. Самая вялікая чалавечая фігура, якая была амаль гатова, калі скульптары вымушаны былі ўцякаць, мела ў даўжыню 22 метры; калі б яна была закончана і ўстаноўлена, галава гэтага каменнага гіганта знаходзілася б на адным узроўні з дахам васьміпавярховага будынка. Кожная асобная статуя была высечана з адной суцэльнай глыбы, а рабочыя нішы для скульптараў вакол ляжачай каменнай фігуры сведчаць, што над статуяй адначасова працавала ўсяго некалькі чалавек. Статуі на востраве Пасхі ляжалі на спіне з сагнутымі ў локцях рукамі, з кісцямі рук на жываце, вельмі падобныя на каменных калосаў у Перу. Статуі апрацоўваліся ў майстэрні да самых найдрабнейшых дэталей, і толькі потым іх выносілі і дастаўлялі на месца прызначэння. На апошнім этапе работы ў каменяломні гіганцкая фігура заставалася прымацаванай да скалы толькі вузкай каменнай перамычкай, што знаходзілася пад спінаю; потым, загадзя падклаўшы пад статую валуны, каб яна не скацілася, адсякалі і перамычку.
Вялікая колькасць такіх статуй была ўжо спушчана ўніз, на дно кратэра; там яны стаялі, прыпёртыя да схілу. Але многа самых вялізных калосаў было выцягнута наверх і дастаўлена за шмат кіламетраў па цяжкапраходнай мясцовасці; там іх ставілі на каменную пліту, а на галаву ўскладвалі яшчэ адну гіганцкую глыбу з чырвонай лавы. Толькі адну гэтую пераноску можна лічыць сапраўдным цудам, але адмаўляць гэты факт немагчыма, як нельга адмаўляць таго, што знікшыя з Перу скульптары пакінулі ў Андах каменных гігантаў такой жа велічыні — сведчанне іх дасканалага майстэрства. Больш за ўсё маналітаў, пры гэтым самых буйных, было знойдзена на востраве Пасхі, дзе скульптары выпрацавалі свой уласны стыль; аднак прадстаўнікі той самай знікшай цывілізацыі паставілі такія ж гіганцкія чалавечыя фігуры на шмат якіх іншых, больш блізкіх да Амерыкі, ціхаакіянскіх астравах, і ўсюды маналіты дастаўляліся да свяшчэннага месца з далёкіх каменяломняў. На Маркізскіх астравах я чуў легенды аб тым, якім спосабам перацягвалі каменных гігантаў; паколькі гэтыя легенды дакладна паўтараюць расказы мясцовых жыхароў аб пераносцы каменных калон да вялізнага партала на востраве Тангатабу, то можна меркаваць, што той самы народ карыстаўся тым самым метадам і для пераноскі статуй на востраве Пасхі.
Работа скульптараў у каменным кар’еры патрабавала шмат часу, але выконвалі яе толькі некалькі спецыялістаў. Работа па дастаўцы закончаных статуй праводзілася хутчэй, але затое для яе патрэбна была вялікая колькасць людзей. У той час, пра які ідзе гаворка, маленькі востраў Пасхі быў багаты на рыбу, а вялікія плантацыі перуанскай салодкай бульбы старанна апрацоўваліся. Спецыялісты лічаць, што ў тыя добрыя часы востраў мог пракарміць 7 ці 8 тысяч чалавек насельніцтва. Для таго каб падняць вялізныя статуі ўгору па крутым схіле кратэра, зусім дастаткова было тысячы чалавек, і 500 чалавек маглі справіцца з далейшай пераноскай іх па востраве.
З лубу і валокнаў раслін плялі надзвычай трывалыя канаты, і, замацаваўшы каменнага гіганта на драўляных рамах, натоўп цягнуў яго на зробленых з бярвенняў і невялікіх валуноў катках, якія, для таго каб рамы лепш слізгалі, націраліся карэннямі тара.
Аб тым, што старажытныя цывілізаваныя людзі па-майстэрску выраблялі вяроўкі і канаты, пераканаўча сведчаць знаходкі на астравах Паўднёвага мора і — з яшчэ большай несумненнасцю — у Перу, дзе першыя еўрапейцы ўбачылі вісячыя масты даўжынёю ў сотню метраў, перакінутыя цераз бурныя патокі і цясніны і зробленыя з плеценых канатаў таўшчынёю з талію дарослага мужчыны.
Калі каменнага калоса прыцягвалі на вызначанае яму месца, узнікала новае пытанне: як яго паставіць. Група астраўлян будавала з каменняў і пяску спецыяльны насып са спадзістым схілам з аднаго боку і з крутым працілеглым схілам. Па спадзістай паверхні гіганцкую фігуру ўсцягвалі наверх, нагамі ўперад. Калі статуя дасягала вяршыні насыпу, яна перавальвалася цераз востры край і саслізгвала проста ўніз так, што яе ногі траплялі ў загадзя выкапаную яму. Патыліца гіганта была ўпоравень з вяршыняй насыпу, па ім ускочвалі яшчэ адну цыліндрычную каменную глыбу і ўстанаўлівалі на галаве статуі, і толькі пасля гэтага насып разбуралі. Такія гатовыя насыпы стаяць у некалькіх месцах на востраве Пасхі, чакаючы вялізных статуй, якія ніколі не з’явяцца. Уся гэтая тэхніка была дзівоснай, але ў ёй няма нічога таямнічага, калі толькі мы адмовімся ад недаацэнкі разумовых здольнасцей людзей старажытнасці і возьмем пад увагу тое, што яны мелі ў сваім распараджэнні шмат часу і вялікую колькасць рабочай сілы.
Але навошта яны рабілі гэтыя статуі? I чаму трэба было абавязкова ісці ў другую каменяломню, за сем кіламетраў ад майстэрні ў кратэры, і здабываць там чырвоны камень спецыяльнага гатунку, каб класці яго на галовы фігур? I ў Паўднёвай Амерыцы і на Маркізскіх астравах часта ўся статуя была зроблена з гэтага чырвонага каменя, па які прыходзілася хадзіць вельмі далёка. Чырвоныя галаўныя ўборы ў людзей вышэйшага саслоўя былі характэрнай адзнакай і ў Палінезіі і ў Перу.
Пастараемся спачатку высветліць, чый вобраз увасаблялі статуі. Калі першыя еўрапейцы наведалі востраў Пасхі, яны ўбачылі на беразе таямнічых «белых людзей»; і, што было зусім незвычайна для гэтых плямён, сярод іх сустракаліся мужчыны з доўгімі рыжымі бародамі — патомкі жанчын і дзяцей, якія належалі да першых жыхароў вострава і над якімі злітаваліся захопнікі. Самі астраўляне сцвярджалі, што некаторыя з іх продкаў былі белымі, між тым як астатнія мелі карычневую скуру. Яны дакладна вылічвалі, што з таго часу, як з нейкіх іншых палінезійскіх астравоў прыплылі тыя, у якіх была карычневая скура, мінула дваццаць два пакаленні, у той час як беласкурыя з’явіліся на вялікіх суднах з усходу ажно за пяцьдзесят сем пакаленняў (гэта значыць прыблізна паміж 400 і 500 годам нашай эры). Людзей, што прыйшлі з усходу, называлі «даўгавухімі», бо яны штучна рабілі больш доўгімі свае вушы, падвешваючы да мочак якія-небудзь цяжкія рэчы; таму вушы звісалі ў іх да плеч. Гэтыя таямнічыя «даўгавухія» бЫлі перабіты, калі на востраў з’явіліся «караткавухія»; але ўсе каменныя статуі на востраве Пасхі мелі доўгія, аж да плячэй вушы, як і самі скульптары.
А легенды інкаў у Перу расказваюць, што сонца-кароль Кон-Цікі быў уладаром белых людзей з бародамі, якіх інкі называлі «вялікавухімі», бо яны штучна рабілі больш доўгімі свае вушы, якія выцягваліся ў іх да плячэй. Інкі падкрэслівалі, што забытыя ўсімі гіганцкія статуі ў Андах былі пастаўлены іменна «вялікавухімі» людзьмі Кон-Цікі, да таго як у баі на востраве возера Ціцікака самі інкі часткова перабілі іх, а астатніх прымусілі ўцячы з краіны.
Такім чынам выходзіць, што белыя «вялікавухія» людзі Кон-Цікі, якія зніклі з Перу і паплылі кудысьці на захад, мелі багаты вопыт па стварэнню гіганцкіх каменных статуй, а белыя «даўгавухія» людзі Цікі прыйшлі на востраў Пасхі з усходу і добра разбіраліся ў гэтай самай справе, у якой яны адразу пасля свайго з’яўлення на востраве паказалі сябе закончанымі майстрамі, паколькі на востраве Пасхі нельга знайсці аніякіх слядоў паступовага развіцця гэтага майстэрства.