Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 24)
Крабы, быццам мухі, абляпілі намоклыя какосавыя арэхі, якія лопаліся ад браджэння ўнутры, або жывіліся выкінутым хвалямі на плыт планктонам. А планктон, гэтыя найдрабнейшыя марскія арганізмы, з’яўляўся някепскай ежай нават для нас, веліканаў, калі мы навучыліся здабываць яго па столькі зараз, каб хапіла на ніштаваты глыток.
Гэтыя амаль нябачныя планктонныя арганізмы, што ў незлічонай колькасці плаваюць па акіянах па волі плыняў, з’яўляюцца, бясспрэчна, вельмі пажыўнай ежай. Калі некаторыя рыбы і марскія птушкі самі не ядуць планктону, то ў такім выпадку яны жывуць за кошт іншых рыб або марскіх жывёл, якія, незалежна ад сваіх памераў, часам вельмі вялікіх, харчуюцца ім. Планктон — гэта агульная назва для тысячы відаў бачных і нябачных воку дробных арганізмаў, якія плаваюць у акіяне ля самай паверхні. Некаторыя з іх з’яўляюцца раслінамі (фітапланктон), а астатнія — рыбінымі ікрынкамі, што плаваюць незалежна адна ад адной, або малюсенькімі жывёламі (заапланктон). Жывёльны планктон харчуецца раслінным планктонам, а раслінны планктон жыве за кошт аміячных, азоцістакіслых і азотнакіслых злучэнняў, якія ўтвараюцца пры распадзе мёртвага жывёльнага планктону. Служачы ежай адзін для аднаго, гэтыя два віды планктонных арганізмаў з’яўляюцца ў той жа час харчам для ўсіх, хто рухаецца ў вадзе і над вадой. Праўда, планктонныя арганізмы вельмі малюсенькія па велічыні, але затое па колькасці іх вельмі многа. У шклянцы багатай на планктон вады іх налічваецца тысячы. Не адзін раз людзі паміралі ў моры ад голаду, таму што ім не трапляліся рыбы такой велічыні, каб іх можна было біць восцямі, лавіць сеткай або на кручок. У такіх вьнпадках часта здаралася, што людзі плылі літаральна ў моцна разбаўленай юшцы з сырой рыбы. Калі б да кручкоў і сетак, што былі ў іх, яны мелі прыладу для працэджвання юшкі, сярод якой плылі, яны маглі б атрымаць пажыўную гушчу — планктон. Калі-небудзь у будучым людзі пачнуць, напэўна, думаць аб тым, каб збіраць планктон у моры ў вялікіх маштабах, як калісьці, даўным-даўно, ім прыйшла ў галаву думка збіраць зярняты на зямлі. Ад аднаго зярняці карысці няма, але ў вялікай колькасці яны даюць хлеб.
Адзін вучоны-гідрабіёлаг падзяліўся з намі гэтай ідэяй і прыслаў нам рыбалоўную сетку, якая адпавядала тым стварэнням, што мы збіраліюя лавіць. «Сетка» гэтая была сплецена з шаўковых нітак і мела прыкладна пяцьсот ячэек на квадратны сантыметр. Яна была сшыта ў форме лейкі, шырокі канец якой быў замацаваны вакол жалезнага кальца дыяметрам 45 міліметраў. Сетка плыла на вяроўцы за плытом. Як і пры іншых відах рыбнай лоўлі, уловы бывалі розныя ў залежнасці ад часу і месца. Уловы змяншаліся па меры таго, як вада ў акіяне, далей на захад, рабілася цяплейшай; самыя лепшыя вынікі ў нас бывалі ўночы, паколькі шмат якія віды планктонных арганізмаў пры сонечным святле, відаць, апускаюцца глыбей у ваду.
Калі б у нас не было іншых спосабаў бавіць час на плыце, мы маглі б цэлымі днямі ляжаць, уткнуўшыся носам у планктонную сетку. Не таму, што ад яе ішоў прыемны пах, — наадварот, ён быў досыць-такі непрыемны. I не таму таксама, што гэта было апетытнае відовішча, бо юшка мела, праўду кажучы, агідны выгляд. А таму, што, раскладваючы ўлоў на палубе і разглядаючы няўзброеным вокам кожную з гэтых найдрабнейшых істот паасобку, мы маглі любавацца бясконцай разнастайнасцю фантастычных форм і колераў.
Часцей за ўсё гэта былі падобныя на малюсенькіх гарнелей ракападобныя (капеподы) або асобныя ікрынкі рыб, але трапляліся таксама лічынкі рыб і малюскі, пацешныя мініяцюрныя крабы ўсіх колераў, мядузы і мноства разнастайных дробных стварэнняў, якія, можна было падумаць, з’явіліся з «Фантазіі» Уолта Дзіснея. Адны з іх нагадвалі лятучыя махрыстыя здані, выразаныя з цэлафану, другія былі падобны на малюсенькіх чырванадзюбых птушачак з цвёрдай ракавінай замест пер’яў. У свеце планктону шчодрая на выдумку прырода, здавалася, не ведала межаў; убачыўшы гэтае відовішча, любы мастак-сюррэаліст[31] прызнаў бы сябе пераможаным.
Калі халодная плынь Гумбольдта крыху на поўдзень ад экватара павярнула на захад, мы маглі праз кожныя некалькі гадзін даставаць з сеткі па аднаму — два кілаграмы планктоннай кашкі. Планктон, які збіраўся ў сетцы, нагадваў торт сваімі каляровымі слаямі — бурымі, чырвонымі, шэрымі і зялёнымі — у залежнасці ад таго, па якіх планктонных палях мы праплывалі. Уночы, калі вада вакол нас фасфарэсцыравала, нам здавалася, што мы перабіраем у мяшку зіхатлівыя каштоўныя каменні. Але варта было нам узяць іх у рукі, і скарбы піратаў ператвараліся ў мільёны найдрабнейшых зіхатлівых гарнелей і святлівых рыбіных лічынак, якія ззялі ў цемры, нібы куча распаленых вугольчыкаў. А калі мы перакідвалі іх у вядро, спрасаваная мешаніна расплывалася, нібы цудоўная каша са светлячкоў. Наш начны ўлоў, такі прыгожы здалёк, зблізку меў агідны выгляд. Але хоць ад яго вельмі непрыемна пахла, на смак ён быў параўнальна нішто, калі ў вас хапала мужнасці ўзяць у рот лыжку гэтага фосфару. Калі ўлоў складаўся з карлікавых гарнелей, ён па смаку нагадваў амара, краба або паштэт з крэветак. А калі ў асноўным гэта былі ікрынкі глыбакаводных рыб, дык іх смак нагадваў чорную ікру, іншы раз вустрыц. Непрыгодны для яды раслінны планктон часцей за ўсё складаўся з такіх дробных часцінак, што яны разам з вадой праходзілі праз ячэйкі сеткі, або яны былі такія буйныя, што мы маглі лавіць іх пальцамі. «Шкодным дамешкам» у гэтай страве былі падобныя на шкляныя шарыкі студзяністыя кішэчнаполасцевыя, якія сустракаліся адзінкамі, і медузы велічынёю з сантыметр. Яны былі горкія, і іх прыходзілася выкідваць. Усё астатняе можна было есці або ў натуральным выглядзе, або зварыўшы ў прэснай вадзе нібы кашу ці суп. Густы бываюць розныя. Двое з нас лічылі, што планктон вельмі смачны, двое лічылі, што ён нішто сабе, а для дваіх аднаго яго выгляду было больш чым дастаткова, каб адбіць ахвоту да яды. Па пажыўнасці планктон не ўступае буйным малюскам; прыпраўлены і як след прыгатаваны, ён, бясспрэчна, можа быць першакласнай стравай для ўсіх аматараў марскога харчу.
Тое, што гэтыя маленькія арганізмы маюць у сабе дастаткова калорый, даказана блакітнымі кітамі, якія з’яўляюцца самымі вялікімі ў свеце жывёламі, а харчуюцца планктонам. Наш спосаб лоўлі з дапамогай маленькай сеткі, якую мы часта даставалі з вады пажаванай галоднымі рыбамі, здаваўся нам страшэнна прымітыўным, асабліва пасля таго, як аднаго разу, седзячы на палубе, мы ўбачылі кіта, які, праплываючы непадалёку ад нас, выкідваў каскады вады, проста працэджваючы планктон праз свае цэлулоідныя вусы. А аднойчы ўся наша сетка прапала ў акіяне.
— Чаму б вам, планктонаедам, не рабіць так, як ён? — пагардліва спыталі Тарстэйн і Бенгт у астатніх, паказваючы на кіта, які пускаў фантаны. — Набірайце проста ў рот і выдзімайце ваду праз вусы!
Мне даводзілася бачыць кітоў здалёк з параходаў, і я разглядаў іх чучалы ў музеі, але ніколі ў мяне не ўзнікала адчування, што гэтая гіганцкая туша з’яўляецца такой жа сапраўднай цеплакроўнай жывёлай, як, напрыклад, конь або слон. Вядома, як біёлаг, я прызнаваў, што кіт сапраўднае млекакормячае. Але сам па сабе ён уяўляўся мне з усіх пунктаў погляду вялікай халоднай рыбай. Цяпер жа, калі вялізныя кіты імчаліся да нашага плыта і плылі побач з ім, наша ўражанне было зусім іншым. Аднойчы мы, як звычайна, сядзелі за абедам ля самага краю плыта, так блізка ад вады, што, для таго каб спаласнуць кубкі, нам дастаткова было нахіліцца назад; раптам усе мы ўздрыгнулі ад нечаканасці, калі ззаду ў нас хтосьці цяжка засоп, нібы конь, плывучы па вадзе, і на паверхні з’явіўся вялікі кіт. Ён глядзеў на нас і быў так блізка, што мы бачылі яго дыхала, якое блішчала, нібы наглянцаваны бот. Было так дзіўна чуць сапраўднае дыханне сярод акіяна, дзе ўсе жывыя істоты не маюць лёгкіх і, бясшумна звіваючыся, варушаць сваімі шчэлепамі, што мы сапраўды адчувалі цёплае сяброўскае пачуццё да нашага старажытнага далёкага родзіча — кіта, які, гэтак жа як і мы, забраўся так далёка ў акіян. Замест халоднай, жабападобнай кітовай акулы, у якой не хапала розуму нават на тое, каб высунуць нос і пады́хаць свежым паветрам, на гэты раз нас наведаў хтосьці, хто нагадваў адкормленага вясёлага бегемота з заалагічнага саду, і зрабіў некалькі ўдыхаў і выдыхаў (мне гэта спадабалася больш чым што), перш чым апусціцца пад ваду і знікнуць.
Кіты наведвалі нас шмат разоў. Часцей за ўсё гэта былімаленькія марскія свінні і зубатыя кіты; яны вялікімі чародамі гулялі вакол нас на паверхні вады; але час-ад-часу сустракаліся і вялікія кашалоты або іншыя гіганцкія кіты, якія плавалі па адным або чародамі па некалькі штук. Іншы раз яны праплывалі, быццам караблі, на небасхіле, сюд-туд выкідваючы ў паветра фантаны вады, але часам яны накіроўваліся проста на нас. Першы раз, калі вялікі кіт змяніў курс і яўна знарок рушыў проста да плыта, мы падрыхтаваліся да небяспечнай сутычкі. Па меры таго як кіт набліжаўся, кожны раз, калі ён высоўваў галаву з вады, мы ўсё больш выразна чулі, як цяжка і рэдка пыхкае ён дыхаючы. Здавалася, што ў вадзе насілу рухаецца вялізная, таўстаскурая, нязграбная сухапутная жывёліна, гэтак жа не падобная на рыбу, як кажан не падобны на птушку. Кіт падплыў да левага борта, дзе мы ўсе сабраліся ля самага краю плыта; адзін з нас сядзеў на самым версе мачты і крычаў, што бачыць яшчэ сем ці восем кітоў, якія плывуць да нас.