18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 23)

18

Старажытныя індзейцы добра ведалі, як можна праганяць смагу, калі няма прэснай вады. Іх спосабам часта карысталіся ахвяры караблекрушэнняў у час апошняй сусветнай вайны, высмоктваючы вільгаць з сырой рыбы. Можна таксама выціскаць сок, загарнуўшы кавалак рыбы ў якую-небудзь анучку, а калі рыбіна вялікая, то прасцей за ўсё выразаць у яе тулаве некалькі ямачак і пачакаць, пакуль яны хутка напоўняцца вадкасцю, якую выдзяляюць лімфатычныя залозы рыбы. На смак гэты напітак не дужа прыемны — калі ў вас ёсць што-небудзь лепшае, — але солі ў ім так мала, што смага праганяецца.

Нам значна менш хацелася піць, калі мы рэгулярна купаліся, а потым мокрыя ляжалі ў засені каюты. Калі ж вакол нас велічна патрулявала акула, не даючы нам магчымасці пакупацца па-сапраўднаму ў акіяне, то дастаткова было проста легчы на карме на бярвенні і моцна трымацца за вяроўкі пальцамі рук і ног. I тады мы прымалі ванны ў празрыстай вадзе Ціхага акіяна, якая перакочвалася цераз нас праз кожныя некалькі секунд.

Калі чалавек пакутуе ў спёку ад смагі, ён звычайна думае, што яго арганізм патрабуе вадкасці, і гэта часта можа прывесці да празмернага выдаткавання запасу вады без ніякай карысці. У сапраўды спякотныя дні ў тропіках можна выпіць столькі цеплаватай вады, што яна пачне падступаць вам да горла, а смага ўсё ж не прападзе. У такіх выпадках арганізм патрабуе не вадкасці, а, як гэта ні дзіўна, солі. У спецыяльныя рацыёны, якія мы мелі з сабой, ўваходзілі таблеткі солі для рэгулярнага прыёму іх у вельмі спякотныя дні, паколькі разам з потам арганізм выдзяляе соль. Нам было асабліва горача, калі вецер зусім сціхаў, а сонца пякло бязлітасна. Мы спрабавалі ўліваць у сябе столькі вады, што яна пачынала хлюпаць у нас у жываце, а нашы глоткі прагна патрабавалі яшчэ і яшчэ. У такія дні мы дабаўлялі да нашага рацыёну прэснай вады ад 20 да 40 працэнтаў горка-салёнай марской вады і, на вялікае здзіўленне, пераконваліся, што гэтая саланаватая вада праганяе смагу. Мы доўга адчувалі ў роце смак марской вады, але ніколі нам не рабілася ад яе моташна; і тым самым мы адначасова павялічвалі свой рацыён вады.

Аднойчы раніцай, калі мы сядзелі за снеданнем, хваля выпадкова плюхнула ў кашу і зусім бясплатна навучыла нас, што аўсянкай у значнай ступені можна перабіць непрыемны смак марской вады.

Старыя палінезійцы захавалі ў памяці цікавыя паданні, паводле якіх іхнія старажытныя продкі, плывучы цераз акіян, мелі з сабой лісце нейкай расліны, якую яны жавалі, каб праганяць смагу. Другая ўласцівасць гэтай расліны заключалася ў тым, што, паклаўшы кавалачак яе ў рот, можна было піць, не адчуваючы агіды, чыстую марскую ваду. На астравах Паўднёвага мора такіх раслін няма; яны, відаць, раслі на радзіме іх продкаў. Палінезійскія гісторыкі настойліва сцвярджалі, што гэта праўдзівыя факты; сучасныя вучоныя зацікавіліся імі і прыйшлі да вываду, што адзінай вядомай раслінай, якая мае такія ўласцівасці, з’яўляецца кока, а расце яна толькі ў Перу. А як даказалі археалагічныя раскопкі, у дагістарычным Перу гэтая самая расліна кока, якая мае ў сабе какаін, заўсёды ўжывалася і інкамі і іх знікшымі папярэднікамі. Выбіраючыся ў цяжкае падарожжа па гарах або ў плаванне па акіяну, яны бралі з сабой пачкі гэтага лісця і шмат дзён запар жавалі яго, каб не адчуваць смагі і стомленасці. Гэта дазваляла ім на працягу пэўнага часу нават без шкоды для сябе піць марскую ваду.

На «Кон-Цікі» нам не давялося пакаштаваць лісцяў кока; у нас на пярэдняй частцы палубы былі вялікія плеценыя кашы, поўныя іншых раслін, якія паклалі глыбокі адбітак на ўсё жыццё астравоў Паўднёвага мора. Моцна прывязаныя кашы стаялі пад аховай сцяны каюты, і, па меры таго як ішоў час, з іх усё вышэй і вышэй падымаліся жоўтыя парасткі і зялёнае лісце. Гэта нагадвала маленькі трапічны сад на драўляным плыце. Калі першыя еўрапейцы з’явіліся на астравах Ціхага акіяна, яны ўбачылі вялікія плантацыі салодкай бульбы на востраве Пасхі, на Гавайскіх астравах і ў Новай Зеландыі; той жа самы батат вырошчвалі таксама на іншых астравах, але толькі ў межах Палінезіі. У тых краінах, што знаходзіліся далей на захад, яго зусім не ведалі. Салодкая бульба з’яўлялася адной з самых важных раслін, якія вырошчвалі на гэтых далёкіх астравах, дзе людзі без яе вымушаны былі б харчавацца галоўным чынам рыбай. З гэтай раслінай звязана шмат палінезійскіх легенд. Паводле падання, яе прывёз не хто іншы, як сам Цікі, калі разам з жонкай Пані з’явіўся з першапачатковай радзімы іх продкаў, дзе салодкая бульба была важным прадуктам харчавання. Новазеландскія легенды расказваюць, што салодкую бульбу прывезлі з-за акіяна на суднах, якія былі не чаўнамі, а «бярвеннямі, звязанымі між сабой вяроўкамі».

Добра вядома, што Амерыка, калі не лічыць Палінезіі, — адзінае месца на зямлі, дзе салодкая бульба расла да таго, як там з’явіліся еўрапейцы.

А салодкая бульба Ipomaea batatas, што прывёз Цікі на астравы, гэта тая самая бульба, якую са старажытных часоў вырошчвалі ў Перу індзейцы.

Сушаная салодкая бульба была самым галоўным прадуктам харчавання ў час падарожжаў і ў індзейцаў старажытнага Перу і ў палінезійцаў. На астравах Паўднёвага мора бататы растуць толькі пры старанным доглядзе, і паколькі яны баяцца марской вады, спроба растлумачыць іх шырокае распаўсюджанне на гэтых ізаляваных астравах тым, што іх магло прынесці з Перу, гэта значыць больш чым за 4 тысячы марскіх міль, акіянскай плынню, зусім беспадстаўная. Гэтая спроба абвергнуць такі важны довад тым больш марная, што, як устаноўлена філолагамі, на ўсіх раскіданых на вялікай прасторы астравах Паўднёвага мора салодкую бульбу называюць «кумара», а пад гэтай самай назвай «кумара» салодкая бульба была вядома ў старажытных індзейцаў у Перу. Назва паплыла ўслед за бататам цераз акіян.

Другой вельмі важнай раслінай, якую вырошчваюць у Палінезіі і якую мы везлі з сабой на «Кон-Цікі», быў гарбуз у форме бутэлькі — Lagenaria vulgaris. Не менш важнае значэнне, чым сам плод, мела абалонка гарбуза — палінезійцы высушвалі яе над агнём і карысталіся потым як пасудзінай для вады. Гэтая тыпічная агародная расліна, якая зноў-такі не магла сама пераплыць акіян і распаўсюдзіцца ў дзікім выглядзе на астравах, была вядома і старажытным палінезійцам і першым жыхарам Перу. Такія гарбузы ў форме бутэлек, ператвораныя ў пасудзіну для вады, мы знаходзім у закінутых дагістарычных магілах на берагах Перу; імі карысталіся там рыбакі за шмат стагоддзяў да таго, як на астравах Ціхага акіяна з’явіліся першыя людзі. Палінезійская назва гэтага гарбуза, «кімі», сустракаецца і сярод індзейцаў Цэнтральнай Амерыкі, адкуль бярэ свой пачатак культура Перу.

У дадатак да рознай паўднёвай садавіны, што была з’едзена намі за некалькі тыдняў, перш чым яна паспела згніць, мы мелі з сабой трэцюю расліну, якая, гэтак жа як і салодкая бульба, адыграла найбольшую ролю ў гісторыі Ціхага акіяна. У нас было дзвесце какосавых арэхаў, якія давалі работу нашым зубам і забяспечвалі нас асвяжальным напіткам. Некаторыя арэхі неўзабаве пачалі прарастаць, і роўна праз дзесяць тыдняў пасля таго, як мы адплылі ад берагоў Перу, у нас з’явіўся паўтузін малюсенькіх пальмаў вышынёй 30 сантыметраў, парасткі якіх ужо распусціліся, утварыўшы тоўстыя зялёныя лісцікі. Какосавая пальма яшчэ ў дакалумбаўскую эпоху расла і на Панамскім перашыйку і ў Паўднёвай Амерыцы. Аўтар гістарычных хронік Аўеда[30] піша, што какосавыя пальмы раслі ў вялікай колькасці на ціхаакіянскім узбярэжжы Перу, калі там з’явіліся іспанцы. К таму часу какосавыя пальмы даўно ўжо зелянелі на ўсіх астравах Ціхага акіяна. Батанікі пакуль што не маюць пэўных звестак адносна таго, якім шляхам яны распаўсюджваліся па Ціхім акіяне. Але адно зараз ужо ўстаноўлена. Нават какосавы арэх з яго славутай шкарлупінай не можа перабрацца цераз акіян без дапамогі чалавека. Арэхі, якія ляжалі ў нас на палубе ў кашах, заставаліся прыгоднымі для ўжывання і не трацілі здольнасці прарастаць на працягу ўсяго нашага падарожжа ў Палінезію. Але прыкладна столькі ж арэхаў мы палажылі сярод каробак з прадуктамі пад палубай, дзе вакол іх увесь час плюскацелі хвалі. Гэтыя арэхі ўсе да аднаго былі папсаваны марской вадой. А як вядома, ніводзін арэх не можа плыць па акія-не хутчэй, чым бальзавы плыт, які падганяецца ветрам. Пачыналася з таго, што вочкі арэха ўбіралі ў сябе ваду і рабіліся мяккімі, а потым праз іх марская вада пранікала ўсярэдзіну. Апрача гэтага, цэлая армія зборшчыкаў смецця сачыла па ўсім акіяне за тым, каб ніводзін плывучы прыдатны да ежы прадмет не мог перабрацца з адной часткі свету ў другую.

Іншы раз у ціхія дні сярод сіняга акіяна далёка ад усякіх берагоў мы бачылі побач з нашым плытом белае пяро птушкі. Адзінокія буравеснікі і іншыя марскія птушкі, якія могуць спаць на вадзе, сустракаліся нам за тысячы міль ад самай блізкай зямлі. Калі, падплыўшы да маленькага пяра, мы пачыналі яго ўважліва разглядаць, мы бачылі на ім двух — трох пасажыраў, якія з усімі выгодамі плылі туды, куды гнаў іх вецер. Як толькі «Кон-Цікі», нібы нейкі Галіаф, апярэджваў іх, пасажыры, убачыўшы новае судна, што рухалася шпарчэй і было значна большым, пакідалі свае месцы і як мага хутчэй перабіраліся па вадзе на плыт, а пяро плыло далей ужо ў адзіноце. Неўзабаве «Кон-Цікі» кішэў безбілетнымі пасажырамі. Гэта былі маленькія марскія крабы. Велічынёй з пазногаць пальца, а часам і куды большыя, яны з’яўляліся вельмі смачным ласункам для веліканаў на плыце, калі нам удавалася злавіць іх. Маленькія крабы выконвалі ролю паліцэйскіх на паверхні акіяна; яны доўга не думалі, калі бачылі што-небудзь спажыўнае. Варта было коку не заўважыць лятучую рыбу, што ляжала між бярвеннямі, як назаўтра на ёй ужо сядзелі восем або дзесяць маленькіх крабаў і частаваліся, жвава працуючы клюшнямі. Пры набліжэнні каго-небудзь з нас яны часцей за ўсё палохаліся, хутка ўцякалі і хаваліся, але на карме ў маленькай дзірцы ля калоды для рулявога вясла пасяліўся адзін краб — мы назвалі яго Юханесам, — які быў зусім свойскім. Разам з папугаем, нашым агульным любімцам, краб Юханес таксама быў членам нашай кампаніі на плыце. Калі вахтавы, седзячы ў сонечны дзень за рулём спінай да каюты, не бачыў побач з сабой Юханеса, ён адчуваў сябе вельмі адзінокім сярод бязмежнага прастору сіняга акіяна. У той час як іншыя маленькія крабы спалохана ўцякалі і хаваліся, як прусакі на звычайным караблі, Юханес смела сядзеў перад сваімі дзвярыма і, вылупіўшы вочы, чакаў змены вахты. Кожны з нас, выходзячы на вахту, прыносіў крошкі галет або кавалачак рыбы для Юханеса, і дастаткова было нагнуцца над яго нарою, як ён адразу ж з’яўляўся на парозе і працягваў лапкі. Ён клюшнямі збіраў крошкі з нашых пальцаў, бег назад у нюрку і, седзячы ўнізе ля выхаду, перажоўваў яду, нібы школьнік, які напхаў сабе поўны рот.