Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 17)
— Калі такі кепскі пачатак, дык канец затое павінен быць добрым, — сказаў Герман. — Хутчэй бы кончылася гэтая валтузня: ад такой трасяніны плыт можа кожную хвіліну разваліцца.
«Гуардзіян Рыас» вёў нас на буксіры ўсю ноч; мы плылі павольна і амаль без затрымак. Яхты даўно развіталіся з намі, апошнія берагавыя агні зніклі ў нас за кармой. Зрэдку ў цемры праплывалі агні караблёў, што перасякалі нашу дарогу. Мы падзялілі ноч на вахты, каб сачыць за буксірным канатам, і ўсім удалося някепска выспацца. Назаўтра раніцай, калі пачало днець, густы туман вісеў над берагам Перу, між тым як перад намі на захадзе было зусім чыстае блакітнае неба. Па акіяну каціліся доўгія спакойныя хвалі з невялікімі грабянямі; наша адзенне, бярвенні і ўсё, за што мы ні браліся, намокла ад расы. Было халаднавата, і зялёная вада вакол нас была на дзіва сцюдзёнай для 12° паўднёвай шырыні. Мы знаходзіліся ў плыні Гумбольдта, якая несла халодныя масы вады з Антарктыкі на поўнач уздоўж берагоў Перу, а потым паварочвала на захад і перасякала акіян, ідучы пад самым экватарам. Якраз у гэтых водах Пісара[25], Сараце[26] і іншыя старажытныя іспанцы ўпершыню сустрэлі вялікія парусныя плыты індзейцаў-інкаў, якія заплывалі звычайна на 50 — 60 міль ад берага для лоўлі тунцоў і залатой макрэлі ў самой плыні Гумбольдта. Увесь дзень тут дзьмуў вецер з берага, але пад вечар ён пачынаў дзьмуць у працілеглы бок і дапамагаў рыбакам вярнуцца дамоў, калі яны гэтага хацелі.
Буксір стаяў зусім побач з намі, і мы ўсяляк стараліся ўтрымаць плыт як мага далей ад яго носа, пакуль спускалі на ваду маленькую гумавую лодку. Яна плавала на хвалях, як футбольны мяч, і, танцуючы, наблізілася да «Гуардзіян Рыас»; Эрык, Бенгт і я ўхапіліся за вяровачны трап і ўскарабкаліся на борт.
З дапамогай Бенгта, які быў нашым перакладчыкам, нам паказалі на нашай карце дакладнае месцазнаходжанне плыта. Мы былі за 50 марскіх міль ад берага на паўночны захад ад Кальяо; для таго каб нас не патапілі кабатажныя судны, мы павінны будзем на працягу некалькіх першых начэй запальваць агні. Далей мы не сустрэнем ніводнага судна, бо ў гэтай частцы Ціхага акіяна не праходзіць ні адна параходная лінія.
Мы ўрачыста развіталіся з усімі, хто быў на борце буксіра; нейкімі дзіўнымі позіркамі праводзілі нас, калі мы спускаліся ў нашу лодачку і, пагойдваючыся на хвалях, плылі назад да «Кон-Цікі». Потым буксірны канат адвязалі, і плыт быў пакінуты на волю лёсу. Трыццаць пяць чалавек на «Гуардзіян Рыас» выстраіліся ўздоўж борта і махалі нам да таго часу, пакуль мы маглі распазнаваць іх абрысы. А шэсць чалавек сядзелі на скрынях на плыце і праводзілі буксір вачыма, пакуль ён не схаваўся ўдалечыні. Толькі пасля таго, як чорны слуп дыму развеяўся і знік за небасхілам, мы паківалі галавой і зірнулі адзін на аднаго.
— Да пабачэння, да пабачэння, — сказаў Тарстэйн. — Цяпер, хлопцы, пара пускаць у ход нашу машыну!
Мы засмяяліся і, наслініўшы пальцы, пачалі вызначаць напрамак ветру. Дзьмуў даволі лёгкі брыз, які мяняўся з паўднёвага на паўднёва-ўсходні. Мы паднялі бамбукавую рэю з вялікім прамавугольным парусам. Ён расслаблена звісаў, і гэта надавала твару Кон-Цікі зморшчаны, нездаволены выгляд.
— Старому не падабаецца, — прамовіў Эрык, — калі ён быў маладым, вятры дзьмулі мацней.
— Ага, здорава мы імчымся, — сказаў Герман і кінуў кавалак бальзавага дрэва ў ваду ля носа плыта.
— Адзін, два, тры... трыццаць дзевяць, сорак, сорак адзін.
Кавалак дрэва ўсё яшчэ спакойна ляжаў у вадзе побач з плытом; ён не прайшоў і палавіны шляху ўздоўж борта.
— Цудоўна! — сказаў Тарстэйн. — Чаго добрага, гэтая трэска будзе суправаджаць нас усю дарогу.
— Спадзяюся, што вячэрнім брызам нас не аднясе назад, —сказаў Бенгт. — Развітанне з Кальяо было вельмі вясёлым, але я не хацеў бы, каб нас віталі там з такім хуткім зваротам!
Але вось кавалак дрэва мінуў канец плыта. Мы крыкнулі «ўра» і пачалі ўкладваць і замацоўваць усё, што было скінута на палубу ў апошнюю хвіліну. Бенгт распаліў прымус унутры пустой скрыні, і неўзабаве мы смакавалі гарачае какава з галетамі і прабівалі дзіркі ў свежых какосавых арэхах. Бананы, як выявілася, былі яшчэ не зусім спелыя.
— Адносна аднаго цяпер можна сказаць, што ўсё ў парадку, — здаволена смеючыся, прамовіў Эрык.
У шырокіх штанах з авечай шкуры, у высокай індзейскай шапцы на галаве, з папугаем на плячы, ён пахаджваў па палубе.
— Толькі вось адно мне не падабаецца, — дадаў Эрык, — калі мы будзем і надалей нерухома тырчаць тут, дык усе гэтыя маладаследаваныя сустрэчныя плыні могуць аднесці нас якраз да ўзбярэжных скал.
Мы пагаварылі аб тым, ці не ўзяцца нам за вёслы, але вырашылі пачакаць ветру.
I вецер узняўся. Ён падзьмуў з паўднёвага ўсходу роўна і моцна. Неўзабаве наш парус выпнуўся наперад, нібы грудзі пры магутным уздыху, а твар Кон-Цікі весела заззяў. I «Кон-Цікі» пачаў рухацца.
— Эгэй! — радасна закрычалі мы, павярнуўшыся на захад, і ўзяліся падцягваць штагі і ванты. Рулявое вясло было апушчана ў ваду, і расклад вахт набыў сілу. Мы кідалі папяровыя шарыкі і трэскі за борт ля носа плыта і перабягалі на карму, адлічваючы з гадзіннікам у руках:
— Раз, два, тры... восемнаццаць, дзевятнаццаць — ёсць!
Паперкі і трэсачкі праплывалі міма рулявога вясла і неўзабаве выстройваліся, нібы нанізаныя на нітку пацеркі, пагойдваючыся ўверх і ўніз сярод хваль, за кармой. Мы плылі наперад метр за метрам. «Кон-Цікі» не разразаў ваду, як вастраносыя гоначныя яхты. Нязграбны і шырокі, цяжкі і грувасткі, ён спаважна рухаўся наперад, перавальваючыся з хвалі на хвалю. Ён не спяшаўся, але, рушыўшы з месца, упарта і настойліва плыў усё далей і далей.
Цяпер уся наша ўвага была звернута на рулявое прыстасаванне. Плыт быў пабудаваны дакладна так, як яго апісвалі іспанцы, але ў наш час сярод жывых не засталося нікога, хто б мог даць нам практычны ўрок кіравання індзейскім плытом. Гэтае пытанне мы падрабязна абмяркоўвалі на беразе са спецыялістамі, але вынікі былі зусім нездавальняючыя. Спецыялісты ведалі не больш за нас. Як толькі паўднёва-ўсходні вецер узмацніўся, мы павінны былі ўтрымліваць плыт у такім становішчы, каб вецер надзімаў парус з боку кармы. Калі плыт занадта многа паварочваўся бокам да ветру, парус адразу ж пачынаў паласкацца і біў па грузу, па людзях і бамбукавай каюце, а ўвесь плыт паварочваўся і плыў далей кармою наперад. Гэта было цяжкае змаганне; тры з нас ваявалі з парусам, а астатнія тры з усяе сілы навальваліся на доўгае рулявое вясло, каб павярнуць нос драўлянага плыта і адвесці яго ад ветру. А пасля таго як нам удавалася павярнуць плыт, рулявы павінен быў пільна сачыць, каб праз хвіліну не паўтарылася ўсё спачатку.
Рулявое вясло даўжынёю шэсць метраў свабодна ляжала паміж шпянькамі-ўключынамі, што былі ўбіты ў вялізную калоду, прымацаваную да кармы. Гэта было тое самае рулявое вясло, якім карысталіся нашы туземныя сябры, калі мы сплаўлялі бярвенні ўніз па рацэ Паленке ў Эквадоры. Доўгая жэрдка з мангравага дрэва была моцная, як сталь, але такая цяжкая, што адразу ж патанула б, калі б мы ўпусцілі яе за борт. Да канца жэрдкі была прывязана вяроўкамі вялікая лопасць з сасны. Патрабавалася ўся наша сіла, каб нерухома ўтрымліваць доўгае рулявое вясло, калі хвалі ўдаралі ў яго. Нашы пальцы вельмі хутка таміліся, бо мы вымушаны былі сюд-туд сутаргава сціскаць вясло, каб павярнуць яго і надаць яму такое становішча, пры якім лопасць стаяла б у вадзе зусім прама. Тут нас выручыла тое, што мы здагадаліся прывязаць да дзяржальна рулявога вясла папярочны брусок, які служыў нам цяпер рычагом. А тым часам вецер мацнеў.
А другой палове дня пасат дзьмуў ужо на ўсю сілу. Акіян хутка пакрыўся раўлівымі хвалямі, якія набягалі на нас ззаду. Цяпер мы ўпершыню па-сапраўднаму зразумелі, што знаходзімся ў палоне ў самога акіяна. Цяпер ён з’яўляўся суровай рэчаіснасцю; сувязі са светам, у якім мы жылі дагэтуль, больш не было. Шчасліва ўсё абыдзецца ці не, будзе цяпер цалкам залежаць ад мараходных якасцей бальзавага плыта ў адкрытым акіяне. Мы ведалі, што з гэтага часу няма ніякай надзеі на сустрэчны вецер, ніякіх шанцаў вярнуцца назад. Мы ўвайшлі ў сапраўдны пасат, і з кожным днём нас будзе гнаць усё далей і далей у акіян. Нам заставалася толькі плыць наперад з надзьмутым ветрам парусам; калі мы паспрабуем павярнуць назад, нас усё роўна панясе далей у мора кармой наперад. Перад намі быў толькі адзін выхад — плыць з ветрам, кіруючы нос плыта у той бок, дзе заходзіць сонца. Але ж гэта і з’яўлялася якраз мэтай нашага падарожжа — плыць па шляху сонца, так, як гэта рабіў, паводле нашых меркаванняў, Кон-Цікі са сваімі старажытнымі сонцапаклоннікамі, калі іх выгналі з Перу за акіян.
З радасцю і палёгкай мы ўбачылі, як наш драўляны плыт падняўся на першы грозны грэбень хвалі, які, пенячыся, накаціўся на нас. Але рулявы зусім не меў сілы ўтрымліваць вясло ў нерухомым становішчы, калі раўлівыя хвалі накочваліся на вясло і ледзь не вырывалі яго з уключын або адносілі яго ўбок, і рулявы, бездапаможна павісшы на ім, круціўся, як акрабат. Нават удвух не ўдавалася ўтрымаць вясла, калі хвалі ўзнімаліся побач і навальваліся на рулявых, якія стаялі на карме. Нам прыйшла ў галаву думка працягнуць вяроўкі ад лопасці вясла да абодвух бартоў плыта і з дапамогай іншых вяровак замацаваць вясло на месцы ва ўключынах так, каб яно было абмежавана ў сваім руху і магло супраціўляцца нават найвялікшым хвалям, пакуль мы самі будзем у стане трымацца.