Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 19)
Кнут паправіўся пасля пакутлівай марской хваробы; ён і Тарстэйн залезлі на хісткую верхавіну мачты і распачалі эксперыменты з нейкімі таямнічымі антэнамі, якія яны пускалі ўгору, прывязваючы да паветранага шара або змея. Раптам адзін з іх крыкнуў з радыёрубкі, што ён чуе марскую радыёстанцыю Лімы, якая выклікае нас. Нам паведамілі, што самалёт амерыканскага пасольства вылецеў з узбярэжжа, каб перадаць нам апошняе развітальнае прывітанне і паглядзець, які выгляд мы маем сярод акіяна. Неўзабаве мы наладзілі прамую сувязь з радыстам самалёта, а потым зусім нечакана для ўсіх нас нам удалося пагутарыць з сакратаром экспедыцыі Герд Волд, якая знаходзілася на борце самалёта. Мы дакладна, як толькі маглі вызначыць, перадалі каардынаты свайго месцазнаходжання і на працягу некалькіх гадзін падавалі радыёпеленгацыйныя сігналы. Голас з эфіру гучаў то мацней, то слабей, адпаведна таму, набліжаўся ці аддаляўся АРМІ-119, які, у пошуках нашага плыта, апісваў кругі над акіянам. Але мы так і не пачулі гулу матораў і не ўбачылі самога самалёта. Не так лёгка было заўважыць нізкі плыт унізе сярод хваляў, а з плыта бачнасць была вельмі абмежаваная. Нарэшце самалёт адмовіўся ад пошукаў і вярнуўся на бераг. Гэта была апошняя спроба адшукаць нас.
У наступныя дні мора было бурным, але шумлівыя хвалі беглі з паўднёвага ўсходу з роўнымі інтэрваламі, і кіраваць плытом было куды лягчэй. Вецер і хвалі ўдаралі ў плыт з левай задняй чвэрці, так што рулявога менш залівалі хвалі, а плыт трымаўся на вадзе больш устойліва і не круціўся. Мы з трывогай прыкмячалі, што паўднёва-ўсходні пасат і плынь Гумбольдта з кожным днём адносяць плыт якраз у той бок, дзе нас падпільноўваюць сустрэчныя плыні, што агінаюць астравы Галапагос. Мы рухаліся на паўночны захад так шпарка, што ў сярэднім праплывалі ў тыя дні па 55—60 марскіх міль, а рэкордная хуткасць дасягнула ажно 71 мілі.
— А як на астравах Галапагос, нішто жывецца? — заклапочана спытаў аднойчы Кнут і паглядзеў на карту, дзе ланцужок кружочкаў, што абазначалі месцазнаходжанне нашага плыта ў розны час, нагадваў палец, які злавесна паказваў у бок праклятых астравоў Галапагос.
— Наўрад, — адказаў я. — Расказваюць, што інка Тупак
Юпанкі незадоўга да эпохі Калумба адплыў з Эквадора і дасягнуў астравоў Галапагос, але ні ён сам і ніхто з яго спадарожнікаў не пасяліліся там, бо там няма вады.
— О’кэй, — сказаў Кнут. — Дык якога д’ябла нам плыць туды! Спадзяюся, мы туды і не трапім.
Цяпер мы так прывыклі бачыць вакол сябе танцуючыя хвалі, што перасталі звяртаць на іх увагу. Якая нам справа да таго, што мы крышачку патанцуем, маючы пад сабой тысячы метраў вады, калі мы і плыт увесь час трымаемся на паверхні? Няцяжка было заўважыць, што бальзавыя бярвенні ўбіраюць у сябе ваду. Горш за ўсё было з кармавымі ранжынамі; засунуўшы кончык пальца ў іх размоклую драўніну, можна было пачуць, як пад ім хлюпала вада. Нічога не кажучы спадарожнікам, я адламаў кавалак намоклага дрэва і кінуў яго за борт. Ён спакойна апусціўся ў ваду і павольна знік у глыбіні. Пазней мне давялося бачыць, як некаторыя з маіх таварышаў рабілі тое ж самае, выбраўшы для гэтага час, калі ім здавалася, што на іх ніхто не глядзіць. Яны стаялі, засяроджана назіраючы за тым, як набраклы вадой кавалак драўніны паступова знікаў у глыбіні зялёнай вады. Перад адплыццём мы адзначылі асадку плыта, але пры неспакойным моры было немагчыма ўстанавіць, як глыбока ён сядзеў цяпер, бо бярвенні то на нейкі момант узнімаліся з вады, то зноў глыбока апускаліся ў яе. Але калі мы ўтыкалі ў бервяно нож, то з вялікай радасцю пераконваліся, што на глыбіні прыблізна 25 міліметраў ад паверхні дрэва было сухое. Мы падлічылі, што ў выпадку, калі вада будзе пранікаць у бярвенні такімі ж тэмпамі і надалей, то да таго часу, як мы пачнем, паводле нашых меркаванняў, набліжацца да зямлі, плыт ужо не здолее трымацца на вадзе. Але мы спадзяваліся, што ў больш глыбокіх слаях, бліжэй да асяродка, драўнінны сок будзе выконваць ролю засцерагальнага ад прамочвання саставу і не дасць бярвенням набрыняць яшчэ больш.
Было і яшчэ адно, што непакоіла нас на працягу першых тыдняў, — гэта вяроўкі. Удзень мы былі так заняты, што мала думалі аб іх; але з надыходам ночы, калі мы залазілі ў спальныя мяшкі на падлозе каюты, у нас было больш часу на тое, каб думаць, адчуваць і прыслухоўвацца. Лежачы там, кожны на сваім саламяным сенніку, мы адчувалі, як плеценыя цыноўкі пад намі прыўзнімаюцца разам з бярвеннямі. Не толькі ўвесь плыт няспынна пагойдваўся, але і ўсе дзевяць бярвенняў змянялі сваё становішча ў адносінах адно да аднаго. Калі адно прыўзнімалася, другое апускалася, і гэтыя лёгкія хістальныя рухі не спыняліся ні на хвіліну. Яны былі не дужа моцныя, але ўсё ж чалавек адчуваў сябе так, нібы ён ляжаў на спіне вялізнай цяжка дыхаючай жывёліны, і мы лічылі за лепшае лажыцца ўздоўж бярвенняў. Мацней чым калі гэтае пагойдванне адчувалася ў першыя дзве ночы, але тады мы былі занадта стомленыя, каб звяртаць на яго ўвагу. Потым вяроўкі крыху набрынялі ў вадзе, і бярвенні пачалі паводзіць сябе больш спакойна. Але ўсё ж бярвенні, якія з’яўляліся касцяком плыта, ніколі не ўтваралі роўнай паверхні, ніколі не былі зусім нерухомымі ў адносінах адно да аднаго. А паколькі гэтыя бярвенні рухаліся ўгору і ўніз і паварочваліся на кожным стыку, дык і ўсё рухалася разам з імі. Бамбукавая палуба, падвойная мачта, чатыры плеценыя сцяны каюты і дах з планак і лісця былі замацаваны канатамі і ўсё-такі пагойдваліся, прыўзнімаючыся ў адным месцы і апускаючыся ў другім. Гэта быў ледзь прыкметны рух, але ўсё ж мы добра бачылі яго. Калі адзін вугал каюты ўзнімаўся, другі апускаўся, калі бамбукавыя жэрдкі на адной палавіне даху выгіналіся ў адзін бок, то на другой палавіне яны выгіналіся ў працілеглы бок. А калі мы глядзелі з каюты праз адкрытую сцяну, усё здавалася нам яшчэ больш рухомым і няўстойлівым, бо купал неба апісваў павольныя кругі над намі, а хвалі высока падскаквалі яму насустрач.
На вяроўкі прыпадала ўся нагрузка. Цэлымі начамі мы чулі, як яны рыпелі, стагналі, цёрліся аб бярвенні і шасталі. У цемры ўсе гэтыя гукі зліваліся ў адну жаласную сімфонію, у якой кожная вяроўка цягнула асобную ноту, у залежнасці ад сваёй таўшчыні і ад таго, як моцна яна была напята. Кожную раніцу мы старанна аглядалі вяроўкі. Хто-небудзь з нас лажыўся нават на край плыта, звешваў галаву ў ваду і, пакуль два таварышы моцна трымалі яго за ногі, стараўся разгледзець, ці ў парадку вяроўкі на падводнай частцы плыта.
Але вяроўкі трымаліся. Два тыдні, казалі нам маракі, потым усе вяроўкі ператруцца. I ўсё ж, насуперак гэтай агульнай думцы, мы пакуль што не знаходзілі ніякіх адзнак перацірання. I толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы зразумелі, у чым справа. Бальзавая драўніна была такая мяккая, што вяроўкі паступова ўрэзваліся ў дрэва, і бярвенні ахоўвалі іх, замест таго каб пераціраць.
Пасля таго як мінуў прыкладна тыдзень, акіян паспакайнеў, і мы заўважылі, што ён быў сіні, а не зялёны. Мы цяпер плылі на захад-паўночны захад, а не на паўночны захад і палічылі гэта за першую нясмелую адзнаку таго, што мы выбраліся з берагавой плыні і з гэтага часу будзем рухацца ў бок адкрытага акіяна.
У першы ж дзень, як мы засталіся адны сярод акіяна, мы заўважылі вакол плыта рыб, але тады мы былі занадта заняты рулявым вяслом, каб думаць пра рыбную лоўлю. На другі дзень мы натрапілі на цэлы касяк сардын, а крыху пазней з’явілася двухмятровая блакітная акула і, сюд-туд паварочваючыся сваім белым брухам угору, паплыла за самай кармой плыта, дзе Герман і Бенгт, стоячы басанож у вадзе, працавалі рулявым вяслом. Нейкі час яна гуляла вакол нас, але знікла, як толькі мы ўзброіліся ручным гарпуном.
Назаўтра нас наведалі тунцы, баніты[27] і залатыя макрэлі; а калі буйная лятучая рыбіна пляснулася на палубу плыта, мы скарысталі яе замест прынады і адразу ж выцягнулі дзве вялізныя залатыя макрэлі вагой па 10 і 15 кілаграмаў. Гэта быў правіянт на некалькі дзён. Стоячы на вахце ля руля, мы часта бачылі зусім незнаёмых нам рыб, а аднойчы сустрэлі чараду дэльфінаў, якая, здавалася, не мела канца. Чорныя спіны, што тырчалі з вады адна ля адной каля самага плыта, куляліся і падскаквалі тут і там; з верхавіны мачты мы ўбачылі, што ўвесь акіян, як згледзець вокам, быў пакрыты імі. Чым больш набліжаліся мы да экватара і чым далей адплывалі ад берага, тым часцей пачалі з’яўляцца лятучыя рыбы. Калі мы, нарэшце, увайшлі ў сінюю ваду, дзе велічна перакочваліся залітыя сонцам спакойныя хвалі, пакрытыя рабізной ад парываў ветру, лятучыя рыбы праносіліся перад намі, як град снарадаў; яны выскаквалі з вады, ляцелі па прамой лініі і зноў знікалі пад вадой, калі энергія палёту канчалася.
Варта было нам выставіць уночы маленькі парафінавы ліхтар, як яго святло адразу ж прыцягвала да сябе лятучых рыб, вялікіх і маленькіх, і яны пераляталі цераз плыт. Даволі часта яны стукаліся аб бамбукавую каюту або аб парус і бездапаможна падалі на палубу. Адпіхнуцца ад яе, як яны адпіхваюцца на хаду ад вады, рыбы не маглі і заставаліся ляжаць, бездапаможна звіваючыся, падобныя на лупатых селядцоў з вялікімі груднымі плаўнікамі. Часам нам даводзілася чуць лаянку, калі халодная лятучая рыба, несучыся з даволі вялікай хуткасцю, ударала па твары каго-небудзь на палубе. Яны заўсёды ляцелі шпарка, галавой уперад, і калі яны ўдаралі проста ў твар, то ён пачынаў гарэць, як ад добрай аплявухі. Але пацярпеўшы хутка забываў гэтую несправакаваную агрэсію; пры ўсіх сваіх недахопах гэта была марская краіна цудаў, дзе рыбныя стравы-далікатэсы са свістам прыляталі да нас па паветры. Звычайна мы смажылі лятучых рыб на снеданне, і — залежала гэта ад рыбы, ці ад кухара, ці ад нашага апетыту — яны нагадвалі нам, калі мы саскрабалі з іх луску, смажаную фарэль.