реклама
Бургер менюБургер меню

Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 25)

18

— Лічу, — улез у размову суддзя Арнольд, — што я павінен гаварыць ад імя кліента. Вы згодны, Джыф?

— Давайце, — прамармытаў барытон.

Арнольд менавіта так і зрабіў, ён прагаварыў амаль гадзіну з тых трох, на працягу якіх адбывалася размова. Мяне здзівіла, што Вулф не спыніў яго, і ўрэшце я прыйшоў да высновы, што ён даў магчымасць яму трашчаць толькі таму, каб яшчэ раз пацвердзіць свае даўнія адносіны да адвакатаў. Калі так, дык гэта яму з поспехам удалося.

Арнольд нічога не абмінуў. У яго было шмат чаго сказаць наконт дэлінквентаў з экскурсам у больш чым двухсотгадовы гістарычны перыяд, робячы асаблівы націск на псіхічны стан дэлінквента. Другім фактарам, на якім ён падрабязна спыніўся, было паняцце непасрэднай матывіроўкі. Ён сапраўды пераканаўча разважаў наконт гэтай самай непасрэднай матывіроўкі, але ўсё гэта было настолькі складана, што ўрэшце я збіўся з логікі яго разважанняў.

Тым не меней часам ён меў рацыю. На адпаведным этапе разважанняў ён сказаў:

— Ідэя папярэдняй кампенсацыі, як яе тут назвалі, была, безумоўна, недапушчальная. Нельга спадзявацца на тое, што нехта, нават у выпадку прызнання абавязацельства, згодзіцца заплаціць па ім, перш чым будзе дасягнута згода наконт агульнай сумы выплаты ці дакладнага метаду яе падліку.

У другім выпадку ён адзначыў:

— Патрабаванне такой вялікай сумы можна, між іншым, з усёй падставай кваліфікаваць як шантаж. Ім было вядома, што, калі абмеркаванне вышэйназванага дзеяння будзе перададзена ў суд і калі мы паведамім, што штуршком да ўчынку майго кліента з'явілася веданне ім пра абняслаўленне яго дачкі, суд прысяжных наўрад ці вынес бы прыгавор аб выплаце кампенсацыі. Але ім таксама вядома, што мы не вельмі хацелі звяртацца па дапамогу ў суд.

— Не веданне, — запярэчыў Вулф. — Толькі думка. Дачка сцвярджае, што няправільна яго інфармавала.

— Мы б маглі даказаць гэта, — настойваў Арнольд.

Я здзіўлена зірнуў на Клару. Тое, што цяпер гаварылася, поўнасцю не супадала з храналагічным парадкам яе як хлуслівых, так і праўдзівых заяў, але ні яна, ні яе бацька не звярталі ўвагі на сэнс сказанага ці не хацелі зноў пачынаць пра гэта гаворку.

Яшчэ на нейкім этапе свайго маналога Арнольд сказаў наступнае:

— Нават калі ўчынак майго кліента быў дэліктны і была б устаноўлена абавязковасць выплаты кампенсацыі, сума не магла быць узгоднена да вызначэння аб'ёму прычыненай шкоды. Мы прапанавалі, захоўваючы за сабой усе правы, дваццаць тысяч даляраў з мэтай поўнага ўрэгулявання справы і адмаўлення з іх боку ад усіх прэтэнзій. Яны не згадзіліся з гэтай прапановай, запатрабавалі неадкладнай выплаты ў лік належнай сумы. Мы прынцыпова адмовіліся ад гэтага. Урэшце была дасягнута згода толькі ў адным: трэба прыкласці ўсе намаганні, каб вызначыць агульную суму прычыненай шкоды. Зразумела, менавіта з гэтай мэтаю там знаходзіўся доктар Лойд. Яго спыталі наконт прагнозу, і ён заявіў, што — але навошта вам гэта чуць з чужых слоў. Ён тут прысутнічае — і вы можаце атрымаць інфармацыю з першых рук.

— Калі вы будзеце так ласкавы, доктар! — звярнуўся да доктара Лойда Вулф, кіўнуўшы галавой у знак згоды з прапановай Арнольда Гроўва.

«Божа мой, — падумаў я, — вось вам яшчэ адзін эксперт».

Але Лойд злітаваўся над намі. Ён тлумачыў усё на нашым узроўні разумення праблемы і нават не думаў займаць на гэта гадзіну. Перш чым загаварыць, ён прыклаўся да шклянкі, куды паспеў ужо разы тры падліць віскі з мятнай вадою, ад гэтага расправіліся некаторыя зморшчыны на яго прыгожым твары, а ў вачах часткова знікла трывога.

— Пастараюся прыпомніць, — паволі сказаў ён, — дакладна ўсё тое, што я ім паведаміў. Спачатку я кваліфікаваў траўму, атрыманую ад удару. Моцна пашкоджанымі аказаліся шчытападобная залоза і чарпалападобныя храсткі з левага боку і ў меншай меры — персценяпадобны храсток. — Ён усміхнуўся — усмешка была ганарлівая, але не пагардлівая. — Я пачакаў два тыдні, праводзячы прызначанае лячэнне, спадзеючыся, што хірургічнага ўмяшання не спатрэбіцца, але яно аказалася неабходным. Калі ў час аперацыі я дайшоў да пашкоджаных месцаў, то супакоіўся: усё было не так дрэнна, як я думаў. Аперацыя была простая, і ён надзіва хутка пачаў папраўляцца. Я б не вельмі рызыкнуў у той дзень, калі б запэўніў, што яго голас будзе такі, як і раней, праз два — найболей праз тры — месяцы; але гартань — надзвычай далікатны інструмент, і такі голас, як у Міёна, уяўляе сабой адметную з'яву, таму я быў дастаткова асцярожны і толькі сказаў, што быў бы здзіўлены і расчараваны, калі б ён не паправіўся і не быў поўнасцю гатовы да адкрыцця наступнага опернага сезона, гэта значыць праз сем месяцаў з таго дня. Я дадаў, што мае надзеі і спадзяванні былі фактычна яшчэ больш аптымістычныя.

Лойд сціснуў вусны.

— Здаецца, гэта і ўсё, што я тады паведаміў. Тым не меней я падтрымаў прапанову, каб мой прагноз быў пераправераны Рэнтнерам. Відавочна, прагноз быў бы галоўным фактарам пры вызначэнні сумы, якую належала заплаціць за шкоду, і я не хацеў браць на сябе ўсю адказнасць.

— Рэнтнер? Хто гэта? — спытаў Вулф.

— Доктар Абрахам Рэнтнер са шпіталя «Гара Сінай», — адказаў Лойд тонам, якім бы я адказаў на пытанне, хто такі Мікі Мантл. — Я патэлефанаваў Рэнтнеру і дамовіўся аб сустрэчы раніцай наступнага дня.

— Я настаяў на гэтым, — з важным выглядам сказаў Руперт Тлушч. — Міён меў права атрымаць кампенсацыю не калі-небудзь у аддаленым будучым, а там жа і адразу. Яны адмаўляліся плаціць, пакуль не будзе ўзгоднена агульная сума, і калі мы павінны былі вызначыць гэтую суму, я мусіў быць упэўнены на ўсе сто адсоткаў, што яна будзе дастатковай. Не забывайце, што ў той дзень Міён не мог прапець ніводнай ноты.

— А спяваць піянісіма ён змог бы не раней чым праз два месяцы, — пацвердзіў Лойд. — І я сказаў, што гэта як мінімум.

— Здаецца, — умяшаўся суддзя Арнольд, — прагучаў намёк на тое, што мы былі супраць прапановы забяспечыць яшчэ адно прафесійнае заключэнне. Я вымушаны заявіць пратэст…

— Вы былі супраць! — завішчаў Гроўв.

— Не! — раўнуў Джыфард Джэймс. — Мы проста…

Усе трое ўступілі ў спрэчку, кідаючыся адзін на аднаго са злоснымі выразамі на тварах. Раней мне здавалася, што яны павінны былі прыберагчы ўсю сваю энергію для высвятлення галоўнага пытання — ці падлягае выплаце місіс Міён якая-небудзь сума, і калі так, то якая. Але я памыліўся наконт гэтых жэўжыкаў. Галоўным іх клопатам было пазбегнуць нават самай нязначнай рызыкі дасягнуць згоды хоць па якім-небудзь пытанні.

Вулф цярпліва дазволіў ім рухацца ў жаданым для іх кірунку, а гэта значыць — нікуды, а потым запрасіў уступіць у размову яшчэ аднаго госця.

— Міс Бослі, — звярнуўся ён да Адэлі, — вы нічога пакуль не сказалі. На чыім баку былі вы?

Адэль Бослі ўвесь час уважліва сачыла за тым, што адбывалася, папіваючы ром «Колінз» — ужо другую шклянку, — і здавалася мне вельмі разумнай. Хоць была сярэдзіна жніўня, толькі яна адна была па-сапраўднаму загарэлая. Яе адносіны як інфармацыйнага агента з сонцам былі выдатныя.

— Я не была ні на чыім баку, містэр Вулф, — сказала яна, пакруціўшы галавой. — Мой інтарэс абмяжоўваўся інтарэсам майго наймальніка — Асацыяцыі «Метраполітэн-оперы». Зразумела, мы хацелі ўрэгуляваць усё канфідэнцыяльна, без скандалу. У мяне не было аніякай думкі па пытанні, што абмяркоўвалася.

— І ніякай думкі вы не выказалі?

— Не. Я проста заклікала іх, калі гэта магчыма, паспрабаваць урэгуляваць праблему.

— Шчыра, нічога не скажаш! — выпаліла Клара Джэймс. Было відаць, што яна кпіла. — Вы маглі б крыху дапамагчы бацьку, бо гэта ён уладкаваў вас на працу. Ці вы…

— Супакойся, Клара! — уладна спыніў яе Джэймс.

Але тая не звярнула на яго ўвагі і працягвала:

— Ці вы ўжо цалкам расплаціліся за гэта?

Суддзя Арнольд, здавалася, пакрыўдзіўся. Руперт Тлушч захіхікаў. Доктар Лойд глынуў віскі з вадой.

Паколькі я пачынаў ужо ў нейкай ступені па-сяброўску ставіцца да Адэлі, то, вядома, спадзяваўся, што тая шпурне што-небудзь у гэту вытанчаную і бліскучую міс Джэймс, але яна абмежавалася зваротам да яе бацькі:

— Няўжо ты не можаш справіцца з немаўлём, Джыф?

Потым, не чакаючы адказу, звярнулася да Вулфа:

— Міс Джэймс — схільная да фантазій. Тое, на што яна намякала, нідзе не зафіксавана. І нікім.

— Ва ўсякім разе, яно не будзе зафіксавана сёння, — згодна кіўнуў Вулф. Ён скрывіў грымасу і сказаў: — Вяртаючыся да пытанняў, якія дарэчы ці недарэчы, я хацеў спытаць, калі скончылася гутарка?

— Ну што ж — містэр Джэймс і суддзя Арнольд пайшлі першымі недзе а палове пятай. Неўзабаве за імі пайшоў доктар Лойд. Я пабыла яшчэ некалькі хвілін з Міёнам і містэрам Гроўвам, а потым таксама пайшла.

— Куды вы пайшлі?

— У сваю кантору на Брадвеі.

— Колькі часу вы прабылі ў сваёй канторы?

Гэтае пытанне, здаецца, яе здзівіла.

— Не ведаю… зрэшты… так… ну, канечне. Я пайшла адтуль пасля сямі гадзін. Мне трэба было тое-сёе зрабіць, апрача таго, я надрукавала на машынцы канфідэнцыяльны запіс гутаркі ў Міёна.

— Вы сустракаліся з Міёнам яшчэ, перад яго смерцю? Ці тэлефанавалі?

— Сустракалася? — яшчэ больш здзівілася Адэль. — Як я магла. Хіба вы не ведаеце, што яго знайшлі мёртвым у сем гадзін? Значыць, да таго, як я выйшла з канторы.

— Вы тэлефаніравалі яму? Паміж паловай пятай і сёмай гадзінамі?

— Не, — Адэль выглядала збянтэжанай і крыху раззлаванай.