реклама
Бургер менюБургер меню

Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 27)

18

— Не, — гыркнуў Вулф. Ён зірнуў на насценны гадзіннік, а потым абвёў позіркам твары прысутных. — Я, безумоўна, паведамлю місіс Міён, — сказаў ён, звяртаючыся да іх, — што вы не імкнуліся ўтойваць факты.

— А што яшчэ? — пацікавіўся Арнольд.

— Не ведаю. Паглядзім.

Гэта ім не спадабалася. Не думаю, каб хто-небудзь змог вызначыць пытанне, па якім усе шасцёра змаглі б прыйсці да адзінадушнай згоды, і ўсё ж Вулф здолеў акрэсліць яго некалькімі словамі. Ім трэба было ведаць канчатковае рашэнне, калі не яго, дык думку, ну, а калі і не яе, дык хоць бы намёк.

Адэль Бослі была сама ўпартасць. Руперт Тлушч выказаў сваё абурэнне віскам, а суддзя Арнольд ледзь стрымліваўся. Вулф па-ранейшаму валодаў сабой, але нарэшце ўстаў і пажадаў ім добрай ночы.

Усё скончылася на такой ноце, што, адыходзячы, ніхто не выціснуў з сябе ніводнага слова ўдзячнасці за пачастункі, нават Адэль, эксперт па адносінах з грамадскасцю, ці доктар Лойд, які фактычна адзін апаражніў бутэльку віскі.

Зачыніўшы на ноч парадныя дзверы на засаўку, я вярнуўся ў кабінет. На маё здзіўленне, Вулф усё яшчэ быў на нагах, стоячы каля кніжнай шафы і ўтаропіўшыся ў расстаўленыя на паліцах кнігі.

— Не спіцца? — спытаў я пачціва.

— Хачу выпіць яшчэ бутэльку піва, — настойліва запатрабаваў, павярнуўшыся ў мой бок, Вулф.

— Вы пэўна звар'яцелі. І так пяць бутэлек ужо выпілі пасля вячэры. — Усё гэта я гаварыў без асаблівых эмоцый, бо справа была звычайная. Ён сам вызначыў норму ў пяць бутэлек, якія выпіваў паміж вячэрай і перад тым, як класціся спаць, і звычайна прытрымліваўся гэтай колькасці, але калі з той ці іншай прычыны быў вельмі не ў гуморы, то лічыў за лепшае зняць з сябе адказнасць, каб такім чынам мець магчымасць спагнаць злосць на мне.

Але гэта была ўсяго толькі частка маіх службовых абавязкаў.

— Нічога не атрымаецца, — цвёрда сказаў я. — Я палічыў. Пяць. Што за справы такія, вечар прабавілі, а забойцы ўсё няма?

— Яшчэ чаго! — сказаў, сцяўшы вусны, Вулф. — Справа не ў тым. Калі б толькі гэта, мы маглі б завяршыць усё яшчэ да таго, як ляжам спаць. Справа ў гэтым чортавым рэвальверы з крыламі. — Ён пільна глянуў у мой бок прыжмуранымі вачыма, быццам падазраючы, што ў мяне таксама ёсць крылы. — Я мог бы, вядома, не звярнуць на гэта ўвагі — але не. Не, бо, улічваючы той стан, у якім знаходзяцца нашы кліенты, гэта было б неразумна. Мы павінны гэта высветліць. Іншага выйсця няма.

— Шкада. Магу чым-небудзь дапамагчы?

— Можаш. Патэлефануй містэру Крэймеру і зрабі гэта неадкладна, заўтра ж раніцай. Папрасі яго быць тут у адзінаццаць гадзін.

Мае бровы палезлі ўгору ад здзіўлення.

— Але ж яго цікавяць толькі забойствы. Павінен я паведаміць, што ў нас ёсць якраз такая справа і мы хацелі б з ёю пазнаёміць?

— Не. Скажы, я гарантую, што патурбавацца варта. — Вулф зрабіў крок наперад. — Арчы.

— Так, сэр.

— У мяне быў цяжкі вечар, і я вып'ю яшчэ адну бутэльку.

— Не. Ні ў якім разе. — У кабінет зайшоў Фрыц, і мы пачалі наводзіць парадак. — Ужо за поўнач, да таго ж вы нам перашкаджаеце. Кладзіцеся спаць.

— Адна не пашкодзіць, — прамармытаў Фрыц.

— Бач ты, памагаты знайшоўся, — сказаў я рэзка. — Папярэджваю вас абодвух, у мяне ў кішэні рэвальвер. Ну, што за людзі ў гэтым доме!

На працягу дзевяці месяцаў містэр Крэймер, інспектар па справах аб забойствах, мужчына высокага росту і шырокі ў плячах, з валасамі, кранутымі сівізной, выглядаў, можна сказаць, малайцом. Улетку ад спёкі яго твар так моцна чырванеў, што інспектар выглядаў крыху гратэскава. Яму было гэта вядома і непрыемна, а ў выніку з ім цяжэй мець справу ў жніўні, чым у студзені. Калі мне трэба будзе здзейсніць забойства на Манхэтане, я спадзяюся, што гэта здарыцца зімой.

У аўторак, апоўдні, ён сядзеў у чырвоным скураным крэсле і пазіраў на Вулфа без асаблівай сардэчнасці. Затрымаўшыся ў сувязі з іншай, раней дамоўленай сустрэчай, ён не змог прыйсці ў адзінаццаць гадзін, калі Вулф звычайна заканчвае візіты да сваіх архідэй у аранжарэях на даху.

У Вулфа таксама быў не вельмі радасны выгляд, а я з нецярпеннем чакаў пачатку прадстаўлення. Дый мне цікава было ўбачыць, як будзе выкручвацца Вулф, стараючыся выцягнуць з Крэймера інфармацыю пра забойства, не прызнаючыся, аднак, што забойства здарылася, бо Крэймера ні ў якім разе нельга было назваць прастаком.

— Мне трэба пад'ехаць тут у адно месца, — прабурчаў Крэймер, — у мяне мала часу.

Відавочна, гэта была непрыкрытая хлусня. Ён проста не мог пагадзіцца з думкай, што інспектар нью-йоркскага дэпартамента паліцыі мог вось так прыйсці з візітам да прыватнага дэтэктыва па запрашэнні, нават калі гэта быў Ніра Вулф і нават калі я паведаміў, што ў нас ёсць нешта сапраўды цікавае.

— Ну, што тут у вас, — працягваў бурчаць Крэймер, — што-небудзь звязанае з Дыкінсанам? Хто далучыў вас да гэтай справы?

— Не, дзякуй Богу, не гэта. Гэта датычыцца забойства Альберта Міёна.

Я здзіўлена глянуў на Вулфа. Гэта было за межамі майго разумення. Ён адразу ж спусціў сабак і якраз тады, калі, на маю думку, уся справа была ў тым, каб рабіць выгляд, што ніякіх сабак не магло быць.

— Міён? — перапыніў без усякай цікавасці Крэймер. — Гэта не мой.

— Хутка будзе ваш. Альберт Міён, вядомы оперны спявак. Чатыры месяцы назад, дзевятнаццатага красавіка. У яго ў студыі на Іст-Энд авеню. Смерць ад кулі.

— А! — кіўнуў галавой Крэймер. — Так, прыпамінаю. Але вы крыху выходзіце за межы. Гэта было самагубства, відавочнае і простае.

— Не, гэта было наўмыснае забойства.

Крэймер на некалькі імгненняў спыніў позірк на Вулфе. Потым, не спяшаючыся, узяў з кішэні сігару, уважліва агледзеў яе і сунуў у рот. Праз момант выцягнуў яе адтуль.

— Я заўсёды ведаў, — заўважыў ён, — што калі трэба знайсці затлум галаве, то можна смела разлічваць на вас. Хто сказаў, што гэта забойства?

— Я прыйшоў да такой высновы.

— Ну тады ўсё ясна. — Сарказм Крэймера заўсёды быў больш чым трэба з'едлівы. — А вы паклапаціліся, каб сабраць доказы?

— У мяне іх няма.

— Выдатна. Факты проста крычаць, што гэта было забойства. — Крэймер зноў засунуў сігару ў рот і выбухнуў: — З якога часу вы пачалі гаварыць чорт ведае якімі рванымі сказамі? Працягвайце і гаварыце нармальна!

— Ну, — сказаў, крыху падумаўшы, Вулф. — Справа крыху складаная. Вы, відаць, незнаёмы з падрабязнасцямі, паколькі гэта адбылося ўжо даўно і было зарэгістравана як самазабойства.

— Я памятаю гэтую справу дастаткова добра. Як вы сказалі, ён быў вядомая асоба. Так што працягвайце.

Вулф адкінуўся ў крэсле і заплюшчыў вочы.

— Перапыняйце мяне, калі трэба. Учора вечарам у мяне тут на гутарцы было шэсць чалавек. — Ён пералічыў прозвішчы і паведаміў, што гэта былі за асобы. — Пяцёра прысутнічалі на гутарцы ў студыі Міёна, якая закончылася за дзве гадзіны да таго, як яго знайшлі мёртвым. Шостая асоба, міс Джэймс, грукала ў дзверы студыі ў пятнаццаць хвілін на сёмую і не пачула адказу, відаць, таму што Міён быў ужо мёртвы. Я прыйшоў да высновы, што Міён быў забіты, толькі на падставе таго, што пачуў ад іх. Я не збіраюся паўтараць усё тое, што яны мне пераказалі — бо на гэта спатрэбіцца занадта шмат часу, адразу ж узнікне пытанне наконт акцэнтаў і розных інтэрпрэтацый, да таго ж вы ўжо іх чулі.

— Учора ўвечары мяне тут не было, — суха сказаў Крэймер.

— Так, вас тут не было. Замест вас трэба было б сказаць «паліцэйскі дэпартамент». Усё гэта павінна быць падшыта ў дасье. Іх усіх дапытвалі тады, калі гэта здарылася, і яны расказвалі кожны сваю гісторыю, іх жа яны паведамілі і мне. Вы можаце гэта там знайсці. Вы калі-небудзь чулі, каб я быў вымушаны браць свае словы назад?

— Я быў сведкам выпадкаў, калі мне хацелася запіхнуць іх назад у вашу глотку.

— Але вы ніколі гэтага не зрабілі. Вось яшчэ тры словы, якія я не вазьму назад: Міён быў забіты. Я не скажу вам цяпер, як дайшоў да гэтае высновы: павывучайце вашы дасье.

Крэймер стараўся стрымліваць сябе.

— Мне не трэба вывучаць іх, — заявіў ён, — з-за адной дробнай дэталі — якім чынам ён скончыў жыццё. Вы хочаце сказаць, што націснуў на курок ён сам, але зрабіць гэта яго прымусілі?

— Не. На курок націснуў забойца.

— Забойца, відаць, быў не просты. Паспрабуйце дамагчыся, каб ахвяра разявіла рот, запіхнуць туды дула рэвальвера і каб пры гэтым вас яшчэ не пакусалі. Можа, вы і прозвішча забойцы паведаміце?

— Я яшчэ не настолькі далёка зайшоў у сваім расследаванні. Але непакоіць мяне не ваш контраргумент — справа гэта вырашальная. Тут ёсць нешта іншае. — Вулф нахіліўся ўперад і загаварыў вельмі сур'ёзным тонам: — Я б, вядома, мог самастойна завяршыць усю справу, перадаць вам дадзеныя пра забойцу і ўсе доказы, а потым лопаць крыламі і радасна кукарэкаць. Але, па-першае, у мяне не столькі амбіцыі, каб выстаўляць вас дурнямі, бо вы не такія, а па-другое, мне патрэбна ваша дапамога. Я не гатовы пакуль да таго, каб даказваць, што Міёна забілі, я магу толькі запэўніваць, што гэта было менавіта так, паўтараць, што мне не давядзецца забіраць свае словы назад — таксама як і вам. Няўжо гэтага недастаткова, каб выклікаць вашу зацікаўленасць?

Крэймер перастаў смактаць сігару. Дарэчы, ён так і не запаліў яе.

— Вядома, так, — адказаў ён хмурна. — Так, каб яго чорт узяў, я зацікаўлены. Яшчэ адзін першастацейны затлум галавы. Я вельмі ўсцешаны тым, што вы шукаеце маёй дапамогі. Як я магу дапамагчы?