Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 22)
Інфармацыя, якую Фрэд і Пегі атрымалі з чужых слоў, сведчыла аб тым, што размова часам была даволі гарачая, атмасфера падагрэлася з самага пачатку, калі Міён узяў з бюста Каруза рэвальвер і паклаў яго на стол побач з локцем. Аб падрабязнасцях таго, як праходзіла сустрэча, яны мелі даволі агульнае ўяўленне, бо самі ў ёй не ўдзельнічалі, але ва ўсякім разе ў час сустрэчы з рэвальвера не стралялі.
Акрамя таго, было дастаткова доказаў таму, што Міён заставаўся жывым і здаровым, калі не лічыць пашкоджанай гартані, пасля таго як удзельнікі сустрэчы разышліся. Пасля размовы, што адбылася ў час сустрэчы, ён двойчы гаварыў па тэлефоне — са сваім цырульнікам і з адной багатай опернай мецэнаткай; крыху пазней яму патэлефанаваў імпрэсарыо Руперт Гроўв; а прыкладна а палове шостай ён патэлефанаваў пакаёўцы, каб тая прынесла наверх бутэльку вермуту і мёд, і яна зрабіла ўсё, што было загадана. Калі пакаёўка зайшла з падносам у студыю, Міён быў жывы і здаровы.
Я старанна запісаў усе прозвішчы ў блакнот, пераправерыўшы іх напісанне, бо, як мне здавалася, адно з іх прыйдзецца выкарыстаць у сувязі з забойствам; асабліва ўважліва я паставіўся да прозвішча, што было названа апошнім: Клары Джэймс — дачкі Джыфарда.
Існавалі тры прычыны, каб звярнуць на яе асаблівую ўвагу. Па-першае, Джэймс ударыў Міёна, бо ведаў ці падазраваў — Фрэд і Пегі не маглі сказаць дакладна, — што Міён парушыў адпаведныя межы ў адносінах да дачкі Джыфарда Джэймса.
Па-другое, яе прозвішча было ў канцы спіса асоб, якія заходзілі ў дом у другой палове таго дня, спіса, які Фрэд атрымаў ад швейцара і ліфцёра. Тыя паведамілі, што яна прыйшла прыкладна ў шэсць гадзін пятнаццаць хвілін, выйшла з ліфта на паверсе, дзе знаходзіцца студыя, а значыць — на трынаццатым, а крыху пазней, можа, хвілін праз дзесяць, выклікала ліфт на дванаццаты паверх і паехала ўніз.
На трэцюю прычыну звярнула ўвагу Пегі, якая нейкі час заставалася ў парку, пасля таго, як Фрэд выйшаў з будынка, а потым рушыла дадому і зайшла ў кватэру каля пяці гадзін. Яна не падымалася ў студыю і не бачылася з мужам. Недзе пасля шасці гадзін, на яе думку, а палове сёмай, яна, пачуўшы званок, сама пайшла адчыняць дзверы, бо пакаёўка з кухарам былі на кухні.
На парозе стаяла Клара Джэймс. Яна была бледная і напружаная, але трэба сказаць, што яна заўсёды была такая. Клара сказала, што хоча бачыць Альберта, і Пегі адказала, што, здаецца, ён у студыі. Клара ж паведаміла, што яго там няма, але гэта не важна. Калі Клара націснула кнопку ліфта, Пегі зачыніла дзверы, жадаючы пабыць адной, без каго б там ні было, тым больш без Клары Джэймс.
Праз паўтары гадзіны з'явіўся Фрэд, яны разам падняліся ў студыю і ўбачылі, што Альберт усё-такі быў там, але ўжо мёртвы.
Пасля выразнай выявы дня ў пакой прыйшла ноч, поўная загадак, але Вулф засяродзіў увагу толькі на тым, што было, на яго думку, істотным. Ужо трэцюю гадзіну ішла размова, і я пачаў трэці блакнот. Вулф цалкам праігнараваў некаторыя моманты, якія трэба было высветліць: напрыклад, ці была ў Альберта звычка пераходзіць дазволеныя межы ў адносінах да яшчэ чыіх-небудзь дачок ці жонак, і калі так, то трэба было запісаць прозвішчы. З расказу Фрэда і Пегі я прыйшоў да высновы, што ў Альберта быў вольны погляд наконт чужых жонак, але, відаць, гэта не цікавіла Вулфа.
У канцы размовы ён зноў загаварыў пра рэвальвер і, не пачуўшы ад суразмоўцаў нічога новага, зрабіўся пахмурным і з'едлівым. Калі яны ў каторы ўжо раз паўтарылі тое самае, ён нарэшце са злосцю зірнуў у іх бок і спытаў:
— Хто з вас хлусіць?
Здавалася, што гэта іх пакрыўдзіла.
— Так у вас нічога не атрымаецца, — з горыччу сказаў Фрэд Уэплер. — І ў нас таксама.
— Было б недарэчным, — запярэчыла Пегі Міён, — прыйсці сюды, даць вам гэты чэк і хлусіць. Ну, ці не так?
— Значыць, вы недарэчныя, — холадна адказаў Вулф. Ён ткнуў пальцам у бок Пегі. — Паслухайце, ва ўсё гэта можна было б паверыць, нічога з пачутага не здаецца неверагодным, акрамя адной рэчы. Хто паклаў рэвальвер на падлогу побач з целам? Калі вы абое першы раз зайшлі ў студыю, яго там не было, вы абое гатовы прысягнуць, і я веру вам. Вы выйшлі са студыі і пайшлі ўніз; вы, місіс Міён, упалі, і ён аднёс вас у ваш пакой. Вы былі непрытомная. Так?
— Не, — адказала Пегі, не адводзячы вачэй ад пільнага позірку Вулфа. — Я магла б дайсці сама, але ён — ён хацеў мяне аднесці на руках.
— Не сумняваюся. Ён так і зрабіў. Вы засталіся ў сваім пакоі. Фрэд спусціўся на першы паверх, каб скласці спіс тых, каго можна было западозрыць у забойстве, — між іншым, прадэманстраваўшы тым самым вартую захаплення прадбачлівасць, — вярнуўся, патэлефанаваў у паліцыю, потым доктару, які прыйшоў адразу, бо жыве ў гэтым самым доме. Прайшло не болей пятнаццаці хвілін паміж тым, як вы і містэр Уэплер выйшлі са студыі, і тым, як туды зайшлі ён і доктар.
У дзвярах, што вядуць са студыі ў агульны калідор, умацаваны замок, які аўтаматычна зашчоўкваецца, калі дзверы зачыняюцца, і дзверы гэтыя былі зачынены. Туды ніхто не мог зайсці на працягу тых пятнаццаці хвілін. Вы кажаце, што ўсталі з ложка і пайшлі ў залу і што ніхто не змог бы прайсці тым шляхам, не заўважаны вамі. Пакаёўка і кухар былі на кухні, не ведаючы, што адбываецца ў доме. Такім чынам, ніхто не заходзіў у студыю, і ніхто не клаў рэвальвера на падлогу.
— Нехта гэта зрабіў, — запярэчыў Фрэд.
— Мы не ведаем, у каго быў ключ, — настойвала на сваім Пегі.
— Вы ўжо гэта гаварылі, — перайшоў у атаку Вулф. — Нават калі ўсе мелі ключы, я гэтаму не веру і ніхто гэтаму не паверыць. — Ён перавёў позірк у мой бок. — Арчы, вы паверыце?
— Такое можа быць толькі ў кіно, — прызнаўся я.
— Бачыце, — звярнуўся Вулф да Пегі і Фрэда. — Містэр Гудвін не ставіцца да вас прадузята — наадварот. Ён гатовы за вас пайсці ў агонь: паглядзіце — ён не паспявае рабіць свае запісы, бо з замілаваннем сочыць, як вы пазіраеце адно на аднаго. Але ён згодны са мной, што вы хлусіце. Калі ніхто іншы не мог пакласці рэвальвер на падлогу, гэта зрабіў адзін з вас. Мне трэба гэта ведаць. Абставіны прымусілі вас гэта зрабіць альбо вы палічылі, што яны вас вымушаюць.
Вулф зірнуў на Фрэда.
— Скажам, вы выцягнулі шуфлядку туалетнага століка, шукаючы нюхальную соль, а там — рэвальвер, і па паху з дула зразумелі, што з яго нядаўна стралялі, а потым паклалі ў шуфлядку, як вы адразу сцямілі, каб выклікаць падазрэнне да яе. І што б вы зрабілі? Якраз тое, што вы і зрабілі на самай справе: аднеслі рэвальвер наверх, паклалі каля цела, не сказаўшы ёй пра гэта ні слова. Альбо…
— Лухта, — рэзка перапыніў яго Фрэд. — Абсалютная лухта.
Вулф зірнуў у бок Пегі.
— Альбо рэвальвер у сваёй спальні знайшлі вы, пасля таго як ён пайшоў уніз. Зразумела, вы…
— Гэта абсурдна, — рашуча перабіла его Пегі. — Як рэвальвер мог з'явіцца ў маёй спальні, калі толькі я сама яго там не паклала? Мой муж быў жывы а палове шостай, я прыйшла дадому яшчэ раней і была толькі ў зале і ў спальні, пакуль у сем гадзін не прыйшоў Фрэд. Так што, калі толькі вы не лічыце, што…
— Добра, — пагадзіўся Вулф. — Не ў спальні. Можа, у іншым месцы. Я не змагу працягваць расследаванне, пакуль не дазнаюся пра гэта ад вас. Не мог жа рэвальвер, каб яго чорт узяў, пераляцець з аднаго месца на другое. Я прадбачу шмат хлусні ад іншых, урэшце ад некага аднаго, але ад вас хачу пачуць праўду.
— Вы яе пачулі, — заявіў Фрэд.
— Не. Я яе не пачуў.
— Тады, значыць, мы зайшлі ў тупік, — сказаў Фрэд і падняўся. — Ну, што, Пегі?
Яны глянулі адно на аднаго, і перад іх вачыма зноў прамільгнула ўсё, што адбылося. Калі падышла чарга да слоў у сцэнарыі: «Цудоўна павінна быць заўсёды», — Фрэд зноў сеў у крэсла.
Вулф, не маючы ролі ў сцэнарыі спектакля, уварваўся туды без запрашэння.
— Я лічу, — заўважыў ён суха, — што ў выпадку тупіка ўсякая гульня спыняецца.
Карацей кажучы, усё цяпер залежала ад мяне. Калі Вулф дэманстратыўна адмаўляўся ад гульні, нічога не магло яго зварушыць. Я ўстаў, узяў з яго стала той самы прыгожы чэк ружовага колеру, паклаў на свой стол, прыціснуў яго прэс-пап'е, сеў у крэсла і ўсміхнуўся, гледзячы на Вулфа.
— Дапусцім, што праўда на вашым баку, Вулф, — заўважыў я, — што само па сабе не з'яўляецца тым, што вы называеце ападыктычным, калі-небудзь нам варта скласці спіс кліентаў, якія сядзелі вось тут і хлусілі нам. Напрыклад, Майк Уолш, і Каліда Фротс, і той тып з кафетэрыя, Прат, — ды такіх набяруцца дзесяткі. Але грошы плацілі добрыя, і я не настолькі затрымаўся ў запісах, каб не здолець нагнаць. Няўжо ўсё, што я зрабіў, было дарэмна?
— Наконт гэтых запісаў, — цвёрда заўважыў Фрэд Уэплер, — я хачу ўдакладніць адну рэч.
Вулф глянуў у яго бок. Іх позіркі сустрэліся.
— Мы прыйшлі сюды, — сказаў ён, — каб канфідэнцыяльна расказаць аб сваёй праблеме і прапанаваць вам яе вырашыць. Паколькі нас абвінавачваюць у хлусні, я засумняваўся, ці варта працягваць нашу размову, і толькі калі місіс Міён пажадае, я згодны весці гаворку далей. Але кажу вам адкрыта, калі раструбіце тое, што мы расказалі, альбо паведаміце паліцыі ці каму-небудзь яшчэ, што, згодна з нашымі словамі, рэвальвера ў студыі, калі мы туды ўвайшлі, не было, мы ад гэтых слоў адмовімся, нягледзячы на ўсе вашы чортавы запісы. Мы будзем адмаўляць, не адступаючы ні на крок! — Ён зірнуў на спадарожніцу. — Менавіта так, Пегі! Згодная?